wd wp Пошук:

Пячатка

Пячаць г. Познань з гербам, XIV ст.

Пяча́тка[1], або пяча́ць[2] — прадмет з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-небудзь дакументу верагоднасць і юрыдычную сілу. Пячаткі вывучае сфрагістыка.

Пячаткі выдомыя з 4 тысячагоддзя да н.э. ў краінах Старажытнага Усходу. У Старажытнай Грэцыі і Рыме пячаткі рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, якія як узоры мастацтва вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама пячаткамі-пярсцёнкамі. З канца IV ст. ў Рыме былі віслыя пячаткі — булы, якія адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў.

У канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найбольшая колькасць віслых пячатак знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых пячатак для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р. Буг (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы).

Беларусь

Пячатка Ефрасінні Полацкай з Ноўгарада
Аверс адбітка пячаткі Ізяслава Уладзіміравіча (986—1001)
Мельнскі дагавор, да якога з боку Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага да было прывешана каля 120 віслых пячатак

Знойдзены полацкія пячаткі князя Ізяслава Уладзіміравіча канца 10 ст., Ефрасінні Полацкай і яе Маці Сафіі, епіскапаў Дыянісія і Міны 12 ст. Пячаткі і з выявамі расквітнеўшага крыжа і Святога Глеба належала менскаму князю Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена пячатка кіеўскага мітрапаліта Кірылы 13 ст. У першай палове 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14-15 стст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя пячаткі. Паводле тыпаў пячатак 14-15 стст. былі княжацкія, епіскапскія, гарадскія, баярскія і ішн.

У Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у 15-18 стст. ужываліся асабістыя пячаткі-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14-17 стст. многія беларускія гарады мелі пячаткі з выявамі гербаў. Старажытныя адбіткі пячатак падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчуковыя штэмпелі і спецыяльная масціка, каб рабіць адбітак на паперы.

У Рэспубліцы Беларусь існуюць гербавыя і простыя пячаткі. На гербавай назва дзяржаўнай арганізацыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. На простых пячатках няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арганізацыі, недзяржаўныя прадпрыемствы і асобы (напрыклад, урачы). Адзін з відаў простай пячаткі — вуглавы і іншыя штампы.

Зноскі

  1. Паводле ТСБМ: пячатка, -і, ДМ -тцы; родны склон множны лік -так; жаночы род – Тое, што і пячаць; невялікая пячаць.
  2. Паводле ТСБМ: пячаць, -і, жаночы род – Прылада з выразанымі знакамі для адціскання іх (на паперы, сургучы і пад.). Адбітак гэтых знакаў, які служыць для сведчання чаго-н.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Сфрагістыка