wd wp Пошук:

Дакота

Дако́та (саманазва: Dakȟóta, літаральна “аб’яднанне”), таксама вядомыя як паўночныя сіў (англ.: Northern Sioux) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША і Канады. Падзяляюцца на ўсходнюю і заходнюю галіны. Агульная колькасць (2017 г.) - 118 200 чал.[1]

Гісторыя

Згодна запісам еўрапейскіх даследчыкаў, у XVII - першай палове XVIII стст. продкі дакота жылі на тэрыторыі Мінесоты, прычым возера Міль-Лак называлася іх галоўным сакральным цэнтрам. Сталыя кантакты з французскімі гандлярамі і місіянерамі пачаліся з 1659 г. У 1730 - 1750 гг. землі дакота падвергліся экспансіі ўзброеных агнястрэльнай зброяй аджыбвэ[2], што прывяло да частковага зыходу дакота на захад і ўсход, а таксама ды вылучэння лакота.

Дакота актыўна ўдзельнічалі ў футравым гандлі з французскімі, а потым брытанскімі і амерыканскімі гандлярамі. У 1851 г. яны заключылі шэраг дагавораў з ЗША, якія прадугледжвалі перадачу часткі зямель белым пасяленцам, наўзамен атрымалі 3 750 000 долараў[3]. У 1858 г. правадыры дакота наведалі Вашынгтон, дзе сустрэліся з прэзідэнтам Дж. Б’юкененам.

Аднак дагаворы прывялі да згубы значных паляўнічых тэрыторый. Грошы, што перадаваў амерыканскі ўрад, хутка траціліся. У выніку, калі ўрадавыя выплаты скончыліся, многія дакота мелі запазычанасці перад гандлярамі. У 1862 г. неўраджай, што пачаўся з-за распаўсюджання фітафтароза, выклікаў голад, але індзейцы не атрымалі дапамогі. Улетку ўзброеныя воіны на чале правадыра Малога Крумкача (Taoyateduta) пачалі напады на фермераў уздоўж ракі Мінесота. Яны спалілі ваеннае ўмацаванне Нью-Ульм і няўдала спрабавалі захапіць Форт-Рыджлі. Забойствы мірнага насельніцтва прывялі да бегства белых пасяленцаў. 23 верасня адбылася бітва з амерыканскімі ваеннымі каля Вуд-Лэйк. Хаця абодвы бакі панеслі істотныя страты, і пераможца не вызначыўся, Маленькі Крумкач пакінуў сваё войска і збёг на племянныя тэрыторыі.

5 лістапада 1862 г. амерыканскі ваенна-палявы суд прысудзіў да пакарання смерцю 303 палонных дакота, якія абвінавачваліся ў гвалце і забойствах. Прэзідэнт Аўраам Лінкальн замяніў смяротнае пакаранне для 284 воінаў турэмным зняволеннем[4]. Былі канчаткова спынены ўрадавыя выплаты і дапамога. Чальцы сямей зняволеных пакідалі свае землі, пераязджалі на індзейскія тэрыторыі на паўднёвым захадзе або ў Канаду.

Пасля задушэння паўстання 1862 г. дакота былі расселены ў межах некалькіх рэзервацый у Мінесоце, Мантане, Небраске, Паўночнай Дакоце і Паўднёвай Дакоце. У нашы дні іх насельніцтва вызначаецца як аўтаномныя нацыі. Дакота лічацца “першаснай нацыяй” у Канадзе.

Культура

Тыпі

Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі дакота з’яўляліся паляванне, збіральніцтва, земляробства, рыбалоўства. Паляванне і рыбалоўства лічыліся мужчынскімі справамі. Палявалі на бізонаў, аленяў, ласёў, мядзведзяў, птушак з дапамогай розных пастак, лука і стрэл, тамагаўка[5]. У XVII - XVIII стст. здабыча футравых звяроў набыла камерцыйны характар. У канцы XVIII ст. пачалі трымаць канёў, што палегчыла паляванне на бізонаў. Конныя паляўнічыя часам дасягалі Елаўстона. Рыбалоўства мела дадатковы характар. Рыбу здабывалі з дапамогай пастак або лёсак з кручкамі.

Збіральніцтва і земляробства ўскладаліся на жанчын. Асабліва важную ролю адыгрываў сезонны збор дзікага рысу. Зямлю апрацоўвалі ўручную. Палеткі ладзілі каля летніх жытлаў, ахоўвалі іх з дапамогай драўляных вежаў[6]. Вырошчвалі кукурузу, бабовыя, гарбузы, кабачкі. З XIX ст. шырока распаўсюджана завезеная еўрапейцамі бульба.

Дакота вялі паўвандроўны лад жыцця, сезонна перамяшчаліся з месца на месца, таму сталых вёсак не мелі. Асноўным відам жытла з’яўляліся разборныя тыпі[7]. Вопратку шылі са скур. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся пацеркамі, фарбавалі твар і іншыя часткі цела.

Сацыяльная сістэма дакота вызначаецца вучонымі як адкрытая, паколькі дапушчае змены ў залежнасці ад трансфармацыі жыццёвага ладу[8]. У XIX ст. большасць сем’яў ужо былі малымі нуклеарнымі з ясным дамінаваннем мужчыны. Аднак захоўвалася больш старажытная сістэма падзелу на вялікія пашыраныя сем’і, што аб’ядноўваліся ў вандроўныя групы, а тыя — у роды. У канцы XIX ст. вылучалася 19 буйных аб’яднанняў розных родаў[9]. Супольнае кіраванне здзяйснялі абраныя правадыры. Прычым, існавалі правадыры-кіраўнікі родаў і ваенныя правадыры. Толькі ў некаторых выпадках іх ролі супадалі. Дзеянні ваенных правадыроў залежыла ад меркавання воінаў, іх улада не была безумоўнай.

Эрык Эрыксан, які працаваў у адной з амерыканскіх рэзервацый дакота ў 1930-я гг., заўважаў, што, нягледзячы на тое, што ў гэты час асноўным заняткам было земляробства, індзейцы працягвалі выхоўваць дзяцей як паляўнічых. Захоўваліся шчыльныя сувязі паміж братамі і сёстрамі, унукамі і бабулямі, жорсткія адносіны ў дачыненні да маладых жанчын. Традыцыі не назапашваць маёмасць і рабіць падарункі супляменнікам для падвышэння статусу заміналі сацыялізацыі дакота ў белым грамадстве.

Дакота маюць багаты фальклорміфы, казкі, гістарычныя паданні. Музыка і танцы пераважна рытуальныя. Найбольш распаўсюджаны музычны інструмент — барабан, пад акампанімент якога выконваюцца спевы.

Мова

Мова дакота адносіцца да сіўанскай групы моў. Падзяляецца на некалькі рэгіянальных дыялектаў. У XIX ст. намаганнямі місіянераў быў створаны алфавіт на аснове лацінкі, на якім выдаваліся 2 газеты, была перакладзена Біблія[10]. Пасля задушэння паўстання 1862 г. доўгі час праводзілася палітыка ўкаранення англійскай мовы. У нашы дні робяцца захады для адраджэння гутарковай мовы дакота.

Рэлігія

Звычайна традыцыйная рэлігія дакота вызначаецца як анімізм[11]. Амерыканскі антраполаг Джэймс Уолкер сцвярджае, што сіўполітэісты. Яны маюць 4 катэгорыі багоў[12]:

У дакота вылучаюцца шаманы, што захоўваюць традыцыі і займаюцца лекаваннем. Важную ролю адыгрываюць супольныя цырымоніі, якія суправаджаюцца танцамі, у тым ліку танцам сонца.

З XIX ст. распаўсюджана хрысціянства.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Dakota
  2. Thomas Ivan Dahlheimer, A History Of The Dakota People In Minnesota
  3. 1851 Dakota Land Cession Treaties
  4. 1862 Dakota Conflict Архівавана 20 мая 2017.
  5. Hunting The Dakota Way
  6. American Indian Gardening and Gathering (Ojibwe & Dakota)
  7. Sioux Tribe
  8. Vernon D. Malan, The Social System of the Dakota Indians
  9. THE SOCIAL ORGANIZATION OF THE SIOUAN TRIBES
  10. Status of Dakota language
  11. All about the Sioux : Lifestyle, culture, language, religion…
  12. Kevin L. Callahan, An Introduction to Dakota Culture and History Архівавана 14 снежня 2016.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Сіў
Катэгорыя·Народы Канады