wd wp Пошук:

Корпус аховы памежжа

Ко́рпус ахо́вы паме́жжа (скарочана: КАП, польск.: Korpus Ochrony Pogranicza (KOP)) — вайсковае фармаванне Войска Польскага, створанае для аховы савецка-польскай дзяржаўнай мяжы, якое дзейнічала ў 1924—1939 гадах на тэрыторыях Заходняй Беларусі і Украіны.

З’явілася ў 1924 годзе пасля нападу на Стоўбцы па ініцыятыве генерала Уладзіслава Сікорскага дзеля «змагання з бальшавіцкімі бандамі на ўсходнім памежжы». У выпадку пачатка ваенных дзеянняў дзейнасць Корпуса аховы памежжа спынялася, а яе падраздзяленні, у адпаведнасці з мабілізацыйным планам, павінны былі ўзмацніць падраздзяленні і часткі польскіх узброеных сілаў. У ходзе пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну Корпус аховы памежжа падвергся нападу з боку савецкіх войскаў, і пасля непрацяглага супраціву быў знішчаны.

Гісторыя

Стварэнне

Пасля Рыжскай мірнай дамовы, падпісанай у 1921 годзе, на савецка-польскай мяжы адбываліся канфлікты. Сталы бандытызм быў моцна распаўсюджаны як на тэрыторыях Заходняй Беларусі, так і на населенай у большай меры ўкраінцамі Валыні, колькасць арганізаваных дыверсійных нападаў з тэрыторыі СССР і Літвы ўвесь час расло[1].

Дзеля змагання са злачыннасцю ў 1923 годзе ахова мяжы была перададзена дзяржаўнай паліцыі, аднак гэта не прывяло да поспеху. Самым гучным інцыдэнтам на польска-савецкім памежжы стаў напад на Стоўбцы, падчас якога дыверсійная банда са 100—150 чалавек пад камандаваннем афіцэраў Чырвонай Арміі напала на горад і разбурыла дзяржаўныя ўстановы. У выніку загінула 10 чалавек. Рэакцыяй на гэты і іншыя выпадкі стала скліканне польскай Рады міністраў з удзелам прэзідэнта Станіслава Вайцяхоўскага 21-22 жніўня 1924 года. 12 верасня Міністэрства ваенных спраў пад кіраўніцтвам Уладзіслава Сікорскага выдала загад аб стварэнні КАП, а ў інструкцыі ад 17 верасня, распрацаванай Генеральным штабам пад кіраўніцтвам генерала Станіслава Галера, была распісана вайсковая структура падраздзялення[2].

У яго склад уваходзілі камандаванне, штаб, адмысловыя службы, брыгады аховы мяжы, а таксама асобныя роты і стражніцы (заставы). Пытаннямі, звязанымі з навучаннем кадраў, займаліся падафіцэрскія школы: кадравых падафіцэраў пяхоты, кадравых падафіцэраў кавалерыі, дрэсіроўкі службовых сабак, а таксама рота навучання падафіцэраў мытнай службы. Камандаванне Корпуса аховы памежжа размешчана ў Варшаве, у будынку на вуліцы Халубінскага[2].

Дзейнасць у 1924—1929 гадах

Корпус аховы памежа быў падпарадкаваны двум органам: Міністэрству ваенных спраў (у кадравым, арганізацыйным, аператыўным пытаннях і навучанні), а таксама Міністэрству ўнутраных спраў (у пытаннях аховы мяжы, бяспекі ў памежнай паласе і бюджэту). Ад мая 1938 года ў пытаннях выведкі, а таксама падрыхтоўцы ваенных заданняў КАП падпарадкоўваўся таксама і Генеральнай інспекцыі ўзброеных сілаў[2]. Складзеная паміж міністрамі ўнутраных і ваенных спраў дамова прадугледжвала арганізацыю КАП у тры этапы: першы — з 1 лістапада 1924 гады, другі — да 1 сакавіка 1925 гады і трэці — да 11 сакавіка 1926 гады. Корпус аховы памежжа, хаця і адносіўся да падраздзяленняў МУС, з’яўляўся складовай часткай узброеных сіл II Рэчы Паспалітай. Ён павінен быў абараняць усходнюю мяжу краіны.

Жаўнеры Корпуса аховы памежжа на службе

У яго задачы ўваходзіла:

Толькі да канца 1924 года служачыя КАП затрымалі каля 5 тысяч чалавек, якія спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу ў СССР ці ў Польшчу, адбілі 89 нападаў розных бандыцкіх груповак, знішчылі 51 банду. У баях страты КАП склалі 70 чалавек забітымі і параненымі. Фармаванне корпуса, які атрымаў структуру вайсковай часткі, было скончана ў снежні 1927 года, хаця на працягу ўсяго перыяду яго існавання часта праводзіліся розныя структурныя змены. На чале Корпуса было камандаванне, якому падпарадкоўваліся 6 брыгад, у склад якіх уваходзілі батальёны пяхоты і эскадроны кавалерыі. Найменшым падраздзяленнем была стражніца (застава), якая налічвала ў мірны час адзін узвод пяхоты. Стражніцаў налічвалася 357 адзінак[3].

Рэарганізацыя 1929 года

18 мая 1929 года новым камандзірам КАП быў прызначаны брыгадны генерал Станіслаў Цясара. У ліпені 1929 года была праведзена рэарганізацыя Корпуса аховы памежжа пад кодавай назвай «R.1», якая датыкнулася як унутранай арганізацыі, так і месцаў дыслакавання. Дадаткова былі створаны шэсць камандаванняў палкоў і новыя батальёны. Усе падраздзяленні, ад заставы і да брыгады, атрымалі назвы ад населенага пункта ці геаграфічнага рэгіёна, у якіх месцаваліся іх штабы. Частка падраздзяленняў была перафармавана, дадаткова створаны некалькі новых. У выніку рэформы ўтварыліся падраздзяленні сапёраў і артылерыі[4].

Брыгады атрымалі наступныя найменні: «Гродна», «Вільна», «Навагрудак», «Палессе», «Валынь», «Падолле»[5][6]. Палкам, у сваю чаргу, былі прысвоены адпаведныя іх месцазнаходжанню назвы: «Глыбокае», «Вілейка», «Валожын», «Сарны», «Чарткіў». Батальёны і эскадроны атрымалі нумары, якія пазначаліся арабскімі лічбамі, а таксама дадатковую назву ў адпаведнасці з назвай месца іх дыслакавання. Адначасова, у дакументах і мемуарах з’яўляюцца нефармальныя назвы, напрыклад, 3-я памежная брыгада атрымала мянушку «Віленская» ці «Вілейская»[7].

У 1931 годзе адбылася рэарганізацыя Корпуса аховы памежжа пад кодавай назвай «R.2». У гэты раз нумарацыя падраздзяленняў была ліквідавана, пакінуты толькі назвы месцаў іх дыслакавання.

Мадэрнізацыя і пашырэнне

Польскі памежны слуп 1920-х—30-х гадоў

У другой палове 1937 года пачалося стварэнне артылерыі Корпуса аховы памежжа. У верасні 1937 года былі створаны дывізіён лёгкай артылерыі «Чарткіў» і Батарэя]] артылерыйская батарэя «Клецк», а ў кастрычніку 1937 года — дывізіён лёгкай артылерыі КАП «Асавец». Пяхота павялічылася на адзін батальён, які быў створаны ў палку «Сноў» і атрымаў найменне рэзервовага батальёна «Сноў».

У снежні 1938 года для аховы паўднёвай мяжы з Румыніяй распачалося фармаванне палка КАП «Карпаты». Адной з прычынаў гэтага быў той факт, што памежная варта перадала Корпусу аховы памежжа сваю частку мяжы з Румыніяй, з-за чаго з лютага 1939 года ўся польска-румынская мяжа ахоўвалася КАП. На пачатку 1938 года з’явіліся таксама праекты стварэння заходняга Корпуса аховы мяжы з Трэцім рэйхам[8].

1938 год быў апошнім, падчас якога корпус існаваў і дзейнічаў у адпаведнасці са структурай мірнага часу. Далейшае яго развіццё прыйшлося ўжо на 1939 год. Тады былі створаны 1-ы пяхотны полк «Карпаты» з батальёнамі «Сколэ» і «Дзяляцін» і 2-і пяхотны полк «Карпаты» з батальёнамі «Каманча» і «Дукла». У мабілізацыйным плане падраздзяленні КАП прызначаліся для задач арганізацыі заслонаў і стварэння на іх аснове дывізій рэзерву. Падрыхтаваны з пачатку трыццатых гадоў і прыняты ў 1939 годзе мабілізацыйны план «W» ставіў перад Корпусам шэраг новых задач. У рамках іх рэалізацыі, з вясны 1939 года пачалося, адначасова з правядзеннем частковай мабілізацыі 23 сакавіка 1939 года, перасоўванне батальёнаў і іх падраздзяленняў у розныя рэгіёны краіны і іх падначаленне аператыўным часткам. Такім чынам, корпус перайшоў у становішча ваенных падрыхтовак[9].

У сакавіку 1939 года, у сувязі з узрастаннем пагрозы на паўднёвай мяжы, туды былі сцягнуты 4 батальёны пяхоты («Беразвечча», «Жыцін», «Сноў I» і «Сноў II»), а да заходняй мяжы пасланы тры сапёрныя роты («Вілейка», ««Столін», «Гошча»). Акрамя таго, 23 сакавіка быў выдадзены загад пра стварэнне ўдарнага палка кавалерыі ў складзе 6 лінейных і аднаго кулямётнага эскадрона. Пад ахову палка «Карпаты» паступіла польска-вугорская мяжа, створаная пасля распаду Чэхаславакіі.

15 ліпеня 1939 года быў выдадзены арганізацыйны загад пра арганізацыю яшчэ аднаго палка «Карпаты», для аховы мяжы са Славакіяй. З моманту яго арганізацыі абодва палкі атрымалі нумарацыю — 1-ы пяхотны полк «Карпаты» і 2-і пяхотны полк «Карпаты». У адпаведнасці з планам «Z» (Захад), у выпадку вайны з Нямеччынай, частка сіл КАП павінна была стаць базай для арганізацыі падраздзяленняў Войска Польскага. Створаныя такім чынам армейскія падраздзяленні атрымлівалі ад Корпуса вялікую частку кадравых афіцэраў, салдат і амуніцыі. Уся артылерыя павінна была перайсці ў новаствораныя падраздзяленні. У красавіку 1939 г. на паўднёвую мяжу былі пасланы два чарговых батальёна («Вілейка» і «Валожын»), а таксама адзін — у Аўгустаў («Слабодка»). У маі на Хельскую касу былі накіраваны: з батальёна «Сінкевічы» — рэзервовая і кулямётная рота, з палка «Сарны» — рэзервовая рота. З гэтых падраздзяленняў утварыўся 4-ы батальён «Хель»[10].

Міністэрства ваенных спраў арганізавала штабы ўчасткаў «Сухая», «Новы Сонч» і «Санак», пераназваныя пазней у горныя брыгады. 25 жніўня 1939 года яны былі ўключаны ў арганізацыйную структуру Корпуса аховы памежжа. Адзіная горная брыгада, якая была створана на базе падраздзяленняў КАП — 1-я горная брыгада (участак «Сухая»), якая была сфармавана на базе 1-га і 2-га пяхотных палкоў. Адначасова з нарастаннем пагрозы з боку Нямеччыны, КАП дэлегаваў на захад свае чарговыя падраздзяленні. Вялікая частка з іх была потым раскідана па іншых частках. Гэтыя падраздзяленні характарызаваліся вялікім адсоткам жаўнераў не польскага паходжання. Таксама, яны былі дрэнна навучаны і ўзброены. Мяжа непасрэднай службовай дзейнасці гэтага памежнага фарміравання у 1939 годзе пачыналася ад сутыку межаў Польшчы, Літвы і Усходняй Прусіі на поўначы і цягнулася па памежных лініях з Літвой, Латвіяй, Савецкім Саюзам, Румыніяй, Вугоршчынай і Славакіяй аж да Віслокі[11].

Мабілізацыя і ўдзел у абарончай вайне

Памежнікі батальёна «Давыд-Гарадок», 1931 г.

На аснове загада камандавання ад 30 жніўня 1939 года аб пераходзе Корпуса аховы памежжа на ваеннае становішча, адбылося правядзенне рэарганізацыі арганізацыйнай структуры. На базе адпаведных падраздзяленняў сфармаваліся пяхотныя дывізіі рэзерву, якія былі падпарадкаваны мясцовым аператыўным злучэнням. Камандаванне, у сваю чаргу, сфармавала штаб аператыўнай групы генерала Крушэўскага. Камандуючым стаў колішні першы намеснік галоўнакамандуючага корпуса — брыгадны генерал Вільгельм Орлік-Рукеман.

На 1 верасня 1939 года Корпус аховы памежжа складаўся са штаба, адзінай брыгады «Палессе» і сямі палкоў. Агульная колькасць асабовага склада была ўсяго каля 20 тысяч чалавек. Вельмі малая была колькасць кадравых афіцэраў і навучаных салдатаў, вялікая частка рэзервістаў паходзіла з беларусаў, украінцаў і немцаў. Пасля пачатку вайны штаб Корпуса аховы памежжа эвакуяваўся з Варшавы ў Пінск.

2—3 верасня 1939 г. 151-я рота «Вэнгерска Гурка» пад камандаваннем капітана Тадэвуша Сёмухі абараняла фарты ў Вэнгерскай Гурцы. Калі 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перасекла сіламі двух франтоў — Беларускага і Ўкраінскага (усяго 750 тысяч салдатаў) — усходнюю мяжу Польшчы, на адзін батальён КАП прыходзіўся адзін савецкі корпус. Часткі і падраздзяленні КАП правялі шэраг баёў і боесутыкненняў з савецкімі войскамі. Недахоп амуніцыі і боепрыпасаў, а таксама вялікія страты ў жывой сіле прывялі да таго, што камандуючы корпусам генерал Вільгельм Орлік-Рукеман вызваліў салдат ад прысягі і распусціў 3-тысячную групу. Аднак частка з іх перайшла ў аператыўную групу «Палессе» і брала ўдзел у апошніх баях Войска Польскага[12].

Мундзір жаўнера Корпуса аховы памежжа

На працягу 29—30 верасня 1939 г. у баі пад Шацкам 4-тысячная група КАП пад камандаваннем Орлік-Рукемана нанесла цяжкія страты 52-й стралковай дывізіі савецкага войска. Баі за Шацк пачалі польскія сілы. Мястэчка было абстраляная артылерыяй, а затым у выніку штурму і нападу да поўдзеня была ўзята. Змешчаныя ў Шацку харчовыя запасы і рыштунак палепшылі сітуацыю сярод стомленых маральна і фізічна польскіх салдатаў. Пасля поўдня былі заняты яшчэ некалькі навакольных сёлаў. Пераслед пабітай 52-й дывізіі працягваўся да вечара, але савецкім часткам атрымалася сысці ў паўночна-усходнім кірунку ў Маларыту. На працягу наступнага дня польскія часткі разбілі сілы яшчэ адной дывізіі, а затым адышлі ў кірунку Буга. У баях загінула каля 350 польскіх жаўнераў, а яшчэ 900 было паранена. КАП страціў таксама шмат рыштунка, галоўным чынам артылерыйскага.

30 верасня 1939 г. памежнікі накіраваліся ў кірунак Парчава, каб там далучыцца да асобнай аператыўнай групы «Палессе» генерала Клееберга. Пры спробе перасекчы шашу УладаваЛюблін у раёне Вытычна адбылася бітва з танкавымі групамі чырвонаармейцаў, што надыходзілі з боку Уладавы. Рэшткі падраздзяленняў КАП былі пабіты ў баі пад Вытычна 1 кастрычніка. З-за вялікай перавагі ў сілах суперніка камандзір загадаў адыходзіць і распусціў групу. Атрады дробнымі групкамі прабіраліся ў лясы для працягу падпольнай барацьбы. Вялікая колькасць ваяроў КАП загінулі ў Катыні (сярод іх капітан Станіслаў Звойшчык і генэрал Генрык Мінкевіч) і Харкаве (у тым ліку капітан Рудольф Шрайбер). Прайграная абарончая вайна, такім чынам, спыніла існаванне Корпуса аховы памежжа[13].

Абмундзіраванне

Абмундзіраванне жаўнераў Корпуса аховы памежжа не моцна адрознівалася ад формы іншых салдатаў Войска Польскага. Адрозненнем было тое, што яны насілі круглыя шапкі і гэтым разам з шэвалежэрамі складалі выключэнне ў сухапутных войсках. Шапкі, названыя ў інструкцыях шапкамі «англійскага ўзору», вырабляліся з габардыну агульнавайсковага колеру, са светла-зялёнай аблямоўкай уздоўж краю донца і гранатавым асяроддзем, былі дапоўнены чорным брылём, аблямаваным срэбным металічным аколышкам. Арлы на шапках былі такія ж, як і ў сухапутных войсках. Донцы шапак былі мяккія, як на канфедэратках у астатнім войску да рэформы абмундзіравання ў 1936 годзе, калі донцы канфедэратак былі дапоўнены драцяной падтрымкай. Пятліцы (лапкі) на мундзірах памежнікаў былі гранатавага колеру, са светла-зялёнай ашалёўкай, упрыгожаныя тыпавым галуном[14].

Кавалерыя КАП, як і іншыя конныя часткі, насіла на мундзірах нашыўкі колераў падраздзялення: гранатавы і светла-зялёны. Гранатавы колер, як агульнавайсковы ў колерах Корпусу, сімвалізаваў сувязь падраздзялення з астатнім войскам, светла-зялёны колер звычайна расшыфроўваўся як знак аднаго з прызначэнняў корпуса: ахова дзяржаўнай мяжы. Жаўнеры фармавання выкарыстоўвалі ў баявых умовах каскі французскага тыпу, аднак часта выкарыстоўваліся палявыя шапкі. Палявыя галаўныя ўборы (фуражкі, палявыя шапкі) ў гэтым падраздзяленні не былі распаўсюджаны, як і ў паваенным Войску Аховы Мяжы[14].

Арганізацыйная структура

Брыгада Гады існавання Палкі Батальёны Роты Кавалерыйскія эскадроны Іншыя падраздзяленні
«Валынь» 1924—1937 «Гошча», «Дзедзяркалы», «Астрог», «Жыцін» «Галычоўка», «Корац», «Сапожын», «Малінаў», «Быкаўцы», «Ланаўцы», «Белазірка», «Курганы», «Глубочак», «Новамалін» «Дзедзяркалы», «Мізач», «Няміраў» Школа ўнтэр-афіцэраў кавалерыі
Рота сапёраў «Гошча»
«Навагрудак» 1924—1937 «Валожын», «Сноў» «Стоўбцы», «Клецк», «Сноў» «Засулле», «Сейлавічы», «Коласава», «Мікалаеўшчына», «Рубяжэвічы», «Стасеўшчына», «Смолічы», «Любянец», «Хомінка» «Стоўбцы», «Клецк» Школа падрыхтоўкі выведвальна-следчых сабак
Рота сапёраў «Стоўбцы»
«Вілейка» 1924—1929 «Вілейка» «Будслаў», «Івянец», «Краснае», «Падсвілле», «Валожын» «Альковічы», «Гняздзілава», «Даўгінава», «Докшыцы», «Жаброўшчына», «Ракаў», «Дубрава», «Брыцкі», «Малыя Бакшты», «Крыжоўка», «Празарокі», «Дзіўнікі» «Будслаў», «Івянец», «Краснае» Школа кавалерыйскіх унтэр-афіцэраў
Паліцэйскі ўзвод
«Падолле» 1925—1939 «Чарткіў» «Скалат», «Капынчыцы», «Баршчоў», «Чарткіў» «Калагарыўка», «Асавік», «Токі», «Підвалачыск», «Тоўстэ», «Гусятын», «Кацюбінчыкі», «Барышкіўцы», «Турыльчы», «Кудрынцы», «Каралёўка» «Гніліцы Вялікія», Чарткіў», «Залешчыкі» Дывізіён лёгкай артылерыі «Чарткіў»
Станцыя паштовых галубоў «Бучач»
Рота сапёраў «Чарткіў»
«Палессе» 1925—1939 «Сарны» «Людвікова», «Сінкевічы», «Давыд-Гарадок» «Высілак», «Раховічы», «Гаўрыльчыцы», «Грабаў», «Ленін», «Пясчанікі», «Альгомель», «Хутары Мярлінскія», «Колкі» «Ганцавічы», «Быстрыцы» Рота сапёраў «Столін»
«Гродна» 1927—1939 «Араны», «Сейны», «Сувалкі» «Араны», «Друскенікі», «Марцінканцы», «Войтава», «Алькенікі», «Парэчча», «Віжайны», «Голны Вольмера», «Калеты», «Пуньск» «Алькенікі» Цэнтр падрыхтоўкі сапёраў
1-я выведвальная пляцоўка «Сувалкі»
«Вільна» 1926—1937 «Вільна», «Глыбокае» «Слабодка», «Новыя Свянцяны», «Немянчын», «Трокі» «Мяжаны», «Дундзеры», «Друя», «Дукшты», «Казачызна», «Калтыняны», «Арняны», «Шрубішкі», «Мейшагола», «Рудзішкі», «Рыконты», «Ляндварова» «Друя», «Новыя Свянцяны» Рота сапёраў «Вільна»

Зноскі

  1. Obchody 80 rocznicy powołania Korpusu Ochrony Pogranicza(недаступная спасылка)
  2. 1 2 3 Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939 Архівавана 4 сакавіка 2016.
  3. Komunikat dyslokacyjny jednostek KOP, część I, L.dz. 7000/O de B/27, 5 grudnia 1927, Archiwum Straży Granicznej, Zespół KOP, 541.1065.
  4. Prochwicz, 2003, с. 39
  5. Reorganizacja Baonów i Centralnej Szkoły Podoficerskiej, L.dz. 4160/tj/Og.Org./31, 21 sierpnia 1931, Archiwum Straży Granicznej, Zespół KOP, 541.1106.
  6. Komunikat dyslokacyjny jednostek KOP, część I, L.dz. 3000/Tjn./O de B, 1 grudnia 1929, Archiwum Straży Granicznej, Zespół KOP.
  7. Prochwicz, 1994, с. 154
  8. Studium planu strategicznego Polski przeciwko Niemcom Kutrzeby i Mossora, opracował Marek Jabłonowski i Piotr Stawecki, Warszawa 1987, s. 132 i 155.
  9. Jabłonowski, Jankowski, Polak, Prochwicz, 2001, с. 10
  10. Mijakowski, Rozdżestwieński, 2013, с. 17
  11. Jabłonowski, Jankowski, Polak, Prochwicz, 2001, с. 11
  12. Dominiczak, 1992, с. 244—245
  13. Dominiczak, 1992, с. 247—248
  14. 1 2 Ochał, 2010, с. 35

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Войска Польскай Рэспублікі (1918—1939)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Корпус аховы памежжа
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1924 годзе