wd wp Пошук:

Вайна Аўгсбургскай лігі

Вайна Аўгсбургскай лігі, вядомая таксама як вайна Вялікага альянсу, вайна за Пфальцкую спадчыну, вайна за Англійскую спадчыну, Арлеанская вайна і Дзевяцігадовая вайна — вайна паміж Францыяй і Аўгсбургскай лігай у 16881697 гадах.

Вайна ішла не толькі ў кантынентальнай Еўропе, але і ў Паўночнай Амерыцы (Вайна караля Вільгельма), а таксама ў Ірландыі (Вайна двух каралёў), Шатландыі (Якабіцкае паўстанне ў 1689—1690 гадах) і Гвінеі (сутычкі французаў з галандцамі і брандэнбуржцамі).

Перадгісторыя

У 1685 годзе памёр пфальцкі курфюрст Карл II з дынастыі Вітэльсбахаў. Яго сястра Лізелота была ў шлюбе з герцагам Арлеанскім, братам французскага караля Людовіка XIV. Людовік XIV, паспяхова скончыўшы ў 1679 годзе Німвегенскім мірам Галандскую вайну, стаў яшчэ больш магутным; гэтую магутнасць ён працягваў накіроўваць на ўзмацненне Францыі на шкоду суседнім дзяржавам. Смерць курфюрста дала падставу Францыі прэтэндаваць на большую частку Курпфальца, хоць у свой час, пры заключэнні шлюбнага кантракту, Лізелота адмовілася ад прэтэнзій на гэтыя землі.

Пад маркай абароны інтарэсаў жонкі свайго брата Людовік загадаў дафіну з 80 000 арміяй перайсці Рэйн. Гэты крок падвяргаў небяспекі нямецкія землі і прыводзіў да ўзмацнення Францыі ў Цэнтральнай Еўропе, таму прынц Вільгельм Аранскі, непрымірымы і найбольш магутны праціўнік Людовіка, утварыў 9 ліпеня 1686 года Аўгсбургскую лігу, да якой далучыліся імператар і найважнейшыя нямецкія князі і вобласці, а таксама Швецыя і Італія. Саюзнікі патрабавалі перадаць курфюрства наступнаму па старшынстве пфальцграфу з ліку Вітэльсбахаў — Філіпу Вільгельму Нойбургскаму.

Тым часам Людовік, жадаючы нанесці ўдар першым, умяшаўся ў спрэчкі, якія ўзніклі пры выбары кёльнскага архібіскупа, і, без абвяшчэння вайны, пачаў ваенныя дзеянні.

Ход вайны

Удзельнікі вайны Аўгсбургскай лігі. Сінім колерам паказаны члены Аўгсбургскай лігі, зялёным — Францыя

У верасні 1688 года Людовік XIV вырашыў увесці свае войскі ў Пфальц. Слабы корпус Буфлера без сур’ёзнага супраціўлення заняў у верасні 1688 года Кайзерслаўтэрн і Шпаер, у кастрычніку — Нойштат, Кройцнах, Вормс, Опенгайм, Бінген, Майнц, Трыр, Бон, Нойс і Кайзерсверт. Толькі Кобленц і Эрэнбрайтштайн аказалі супраціўленне, і Буфлеру прыйшлося абмежавацца іх бамбардзіраваннем. Дафін з 30 000 чалавек 5 кастрычніка 1688 года з’явіўся перад Філіпсбургам і 29 кастрычніка заняў яго. Гайдэльберг здаўся 24 кастрычніка, Мангейм 11 лістапада. Лятучыя французскія атрады даходзілі да Штутгарта і Аўгсбурга.

На Нідэрландскім тэатры, дзе амаль не было іспанскіх войскаў, Людовік абмежаваўся слабым корпусам маршала Юм’ера, які павінен быў авалодаць крэпасцямі на Маасе — Дзінанам і Юі. Усе астатнія французскія сілы, па плане Людовіка і яго ваеннага міністра Лувуа, меркавалася накіраваць для нанясення галоўнага ўдару ў Германіі. Аднак, хутка стала зразумела, што гэты план памылковы, таму што галандскі штатгальтар Вільгельм III Аранскі атрымаў магчымасць бесперашкодна высадзіцца з галандскай арміяй у Англіі для звяржэння з прастола караля Якава II, якога падтрымліваў Людовік. Пасля высадкі Вільгельма ў Англіі 15 лістапада 1688 года Якаў бег да Людовіка, які ў сувязі з гэтым і пачаў баявыя дзеянні супраць Англіі і Галандыі.

Пачынаючы баявыя дзеянні, кароль-сонца рабіў стаўку на тое, што аўстрыйцы ўгразлі ў Вялікай Турэцкай вайне, а Вільгельм Аранскі вышэй за ўсяго заклапочаны звяржэннем Сцюартаў з англійскага прастола. Аднак яго разлік не апраўдаўся — пасля перамогі пры Мохачы Габсбургі хутка завяршылі баявыя дзеянні на ўсходзе і сталі перакідваць свае сілы на захад, а Славутая рэвалюцыя бяскроўна прынесла Вільгельму англійскую і шатландскія кароны.

У 1689 годзе, дзякуючы старанням прынца Аранскага, ланцуг варожых дзяржаў, што акружала Людовіка XIV, стала яшчэ паўнешай. Еўрапейскія дзяржавы, акрамя Расіі, Рэчы Паспалітай, Партугаліі і Турцыі, далучыліся да лігі, таму апошняя атрымала назву Вялікага Саюза. Тым не менш, Людовік не падаў духам і выставіў 3 арміі: на правым флангу, на Рэйне, абапіраючыся на Філіпсбург і Майнц; на Мозелі і Маасе, абапіраючыся на Мон-Раяль і Люксембург, стаяў Буфлер; на левым флангу ў Фландрыі — Юм’ер і рэзервовы корпус Бюсі ў Латарынгіі павінен быў падтрымліваць далейшыя аперацыі.

Саюзнікі супрацьпаставілі Людовіку таксама 3 арміі: на правым флангу ў Нідэрландах — прынц Вальдэн з галандскімі, іспанскімі і нямецкімі войскамі, якія былі на ўтрыманні ў галандцаў; у цэнтры, на ніжнім Рэйне, курфюрст Фрыдрых III Брандэнбургскі з брандэнбургскімі, мюнстэрскімі і галандскімі войскамі, з мэтай выцесніць непрыяцеля з ніжняга Рэйна; на левым флангу, на верхнім Рэйне, курфюрст баварскі Максіміліян II і герцаг Карл V Латарынгскі з імператарскімі і імперскімі войскамі, з мэтай прыкрыць Швабію і Франконію і для авалодання заваяванымі французамі гарадамі, асабліва Майнцам.

Лувуа лічыў, што спусташэнне шырокай прыгранічнай паласы з’яўляецца лепшай абаронай супраць нападу, і французскія генералы атрымалі адпаведныя ўказанні для спусташэння Пфальца. Гэтыя варварствы павялічылі раздражненне саюзнікаў. 14 лютага адбылося абвяшчэнне вайны. Войскі саюза накіраваліся да Рэйна і вымусілі французаў пакінуць правы бераг, заняўшы Кёльн, Трыр і Лютых і разбіўшы маршала Юм’ера каля Валькура; герцаг Латарынгскі авалодаў Майнцам і Бонам. У красавіку пачатку ваенныя дзеянні Іспанія, у чэрвені — Англія. Тым не менш, французскі флот у ліпені атрымаў перамогу над англа-галандскім, а 1 ліпеня маршал Люксембург разбіў армію саюзнікаў пры Флёрусе.

Вільгельм Аранскі тым часам быў заняты ўціхамірваннем паўстання ў Ірландыі і спрэчкамі з галандскімі генеральнымі штатамі. Францыя арганізавала экспедыцыю ў Ірландыю для падтрымкі антыанглійскага паўстання, аднак бітва на рацэ Бойн (1690) хутка развеяла ілюзіі французаў наконт магчымасці англійскага нейтралітэту ў кантынентальнай кампаніі. Разам з тым спусташэнні і бясчынствы, учыненыя французамі ў Пфальцы, перапалохалі дробных нямецкіх князёў, якія рашылі, што іх вобласці стануць наступнай мішэнню французаў.

1690 год прайшоў на Рэйне і ў Германіі параўнальна спакойна. У канцы года Вільгельм склікаў у Гаазе кангрэс упаўнаважаных усіх дзяржаў, што ўваходзілі ў Вялікі Саюз. Вырашана было выставіць супраць Францыі яшчэ 220 тысяч. Але перш чым яны былі сабраны, маршал Буфлер аблажыў Монс. Вільгельм выступіў для яго вызвалення, але Монс паў у красавіку 1691 года. Крыху пазней французы намерваліся авалодаць Лютыхам; Вільгельм хоць і перашкодзіў гэтаму, але не змог вымусіць іх прыняць бітву, і кампанія скончылася малаважнай сутычкай пры Лезэ, у якой быў разбіты ар’ергард саюзнікаў, прынца Вальдэкскага. Што ж тычыцца дзеянняў на Рэйне, нямецкія войскі, узначаленыя, пасля смерці герцага Латарынгскага, курфюрстамі Баварскім і Саксонскім, бяздзейнічалі і не былі нават у стане перашкодзіць французам ізноў спустошыць Пфальц і спаліць Гайдэльберг.

Баявыя дзеянні ў Іспанскіх Нідэрландах і на поўначы Італіі насілі выматвальны характар і складаліся са знясільваючых манеўраў, разведзеных зацяжнымі, старанна падрыхтаванымі аблогамі. У чэрвені 1692 года маршалы Люксембург і Вабан авалодалі Намюрам і атрымалі 3 жніўня перамогу пры Стэнкерку, на поўнач ад Монса. У гэтых умовах найважнейшая роля належала не столькі палкаводцам, колькі мастацтву ваенных інжынераў накшталт Вабана і Кухарна. Адначасова французскі флот, хоць ён і быў большы за аб’ядны флот Англіі і Галандыі, панёс шэраг адчувальных паражэнняў (у тым ліку каля мыса Барфлёр 29 мая 1692 года).

У пачатку 1693 года вяліся толькі марскія аперацыі, удалыя для Францыі, што ж тычыцца сухапутных, то Вільгельм 29 ліпеня прайграў важную бітву пры Неервіндэне, не змог уварвацца ў Фландрыю і паспеў толькі ўзяць Юі. На Рэйне, з прычыны недахопу грашовых сродкаў і нязгоды германскіх князёў, працягвалася ранейшая бяздзейнасць.

У 1694 год пачаліся мірныя перамовы, але беспаспяхова, пасля чаго Вільгельм злічыў неабходным аслабіць Людовіка для аднаўлення спакою ў Заходняй Еўропе. Французскія каперы, якія распачалі сваю дзейнасць у 1691 годзе пад начальствам Жана Бара, працягвалі шкодзіць галандскаму гандлю. Сухапутныя дзеянні ішлі млява. У Германіі маркграф Бадэнскі Людвіг Вільгельм быў вымушаны перайсці да абароны; хоць французы і не змаглі авалодаць яго пазіцыямі, але і саюзнікі не былі ў стане трывала замацавацца ў Эльзасе. Галоўныя сілы абодвух бакоў знаходзіліся ў Нідэрландах, дзе французскімі войскамі камандавалі дафін Людовік і Люксембург, а саюзнымі — Вільгельм Аранскі; апошні сабраў войскі на рацэ Дзіль і намерваўся накіраваць удар на французаў, якія ўмацаваліся паміж Шэльдай і Лісам, з мэтай затым рушыць для аблогі Дзюнкерка; аднак, перамяшчэнні французскіх войскаў парушылі планы Вільгельма.

У 1695 годзе Вільгельм узяў Намюр на вачах у французскай арміі Буфлера, але апошні авалодаў Дзінанам і бамбардзіраваў Брусель. Англа-галандскі флот адказаў бамбардзіраваннем некалькіх французскіх портаў. Найбольш здольны з французскіх палкаводцаў, Люксембург, памёр, яго месца заняў Вільруа. Людовік быў стомлены вайною, якая заставалася безвыніковай, фінансы вычарпаліся, лепшыя генералы памерлі, у тым ліку Лувуа (1691 год); ён другі раз прапанаваў мір, але безвынікова. Ваенныя дзеянні ў Нідэрландах і на Рэйне працягваліся ў 1696 і 1697 гадах, але вяліся так млява, што, акрамя захопаў магазінаў, не было ніводнага сур’ёзнага прадпрыемства. Саюзныя флоты спусташалі берагі Францыі, каперы апошняй шкодзілі гандлю саюзнікаў.

Дзеянні ў Паўночнай Італіі

Больш паспяхова французы вялі ваенныя дзеянні ў Італіі і на граніцах Іспаніі. У Італіі маршал Каціна камандаваў слабымі французскімі сіламі (18 000 чалавек), з прычыны чаго герцаг Савойскі Віктар Амадэй II, карыстаючыся перасечанай мясцовасцю П’емонта і выгоднымі абарончымі пазіцыямі, мог спадзявацца тут на поспех. Не маючы ні вопыту, ні ваенных здольнасцей, герцаг тым не менш вырашыў дзейнічаць наступальна. Рушыўшы ў 1690 годзе ад Турына да рацэ По, ён перайшоў яе і ўступіў з французамі ў бой пры манастыры Стафардзе. Каціна атрымаў поўную перамогу, авалодаў крэпасцю Сузаю і заняў Савою.

У 1691 годзе маршал Каціна аблажыў крэпасці Вілафранку, Ніцу, Кані і інш., але прынц Яўген прыбыў на дапамогу да герцага Савойскага і вымусіў французаў адступіць за раку По.

У 1692 годзе герцаг Савойскі, узмацніўшы армію саюзнікамі да 50 000, уварваўся ў французскую вобласць Дафінэ, узяў Амбрэн, спаліў некалькі гарадоў і перайшоў назад за Альпы.

У 1693 годзе ён аблажыў горад Піньероль, але прыбыццё маршала Каціны вымусіла яго адступіць. Пры Марсальі ён быў вымушаны ўступіць у бой. Каціна атакаваў яго спачатку з фронту, а затым ударам у левы фланг вырашыў зыход бітвы на сваю карысць. Пасля гэтага ў Італіі да канца вайны не адбылося нічога важнага. Страціўшы надзею на перамогу ў вырашальнай бітве, Людовік адкрыў сепаратныя перамовы з савойцамі, якія завяршыліся ў чэрвені 1696 года мірным дагаворам.

Дзеянні ў Іспаніі

У Іспаніі, — у Каталоніі і ў Пірэнеях, — хоць ваенныя дзеянні таксама не адрозніваліся рашучасцю, але ішлі на карысць французаў. Нарэшце, агульная знямога падштурхнула абодва бакі сабрацца на кангрэс у Рэйсвейку. Людовік задаволіў Нідэрланды саступкаю некалькіх крэпасцей; Англію — абяцаннем прызнаць Вільгельма яе каралём, імператара Леапольда — вяртаннем Фрайбурга і Брызаха, замест Страсбура, а для застрашвання Іспаніі загадаў герцагу Вандома дзейнічаць больш рашуча ў Каталоніі. Вандом аблажыў Барселону, разбіў іспанцаў, якія прыбылі на яе вызваленне, і 27 жніўня заняў горад. Карл II паспешна пагадзіцца на ўсе патрабаванні Людовіка.

Паўночнаамерыканскі фронт

Асноўны артыкул: Вайна караля Вільгельма На тэрыторыі Паўночнай Амерыкі ваенныя дзеянні вяліся ў 1689—1697 гадах паміж Англіяй, якой у той час кіраваў кароль Вільгельм III Аранскі, і Францыяй. У англамоўнай літаратуры амерыканская частка Вайны за пфальцкую спадчыну атрымала назву Вайны караля Вільгельма (у гонар караля Вільгельма III Аранскага, які кіраваў у той час).

У баявыя дзеянні былі ўцягнуты французскія пасяленцы Канады і брытанскія каланісты Новай Англіі, а таксама іх індзейскія саюзнікі. Індзейцы ў цэлым падтрымлівалі французаў. Вайна складалася з кровапралітных і маларэзультатыўных рэйдаў французскіх і англійскіх каланістаў, якія змагаліся галоўным чынам за кантроль над пушным гандлем з індзейцамі і раёнамі рыбалоўства вакол Акадыі (цяпер Новая Шатландыя) і Ньюфаўндленда.

Англічане захапілі Порт-Роял у Акадыі, але ім не ўдалося ўзяць Квебек. Французы пад камандаваннем графа Франтэнка паспяхова дзейнічалі ў бітве пры Скенектады каля Нью-Ёрка, але не змаглі авалодаць Бостанам.

Зыход

Карта Еўропы паводле Рэйсвейкскага мірнага дагавора. Такія граніцы захоўваліся да Вайны за іспанскую спадчыну (1701—1714)

Пасля выхаду з вайны савойцаў астатнія члены Вялікага альянсу пагадзіліся сесці за стол перамоў. У верасні 1697 года быў падпісаны Рэйсвейкскі мірны дагавор. Паводле яго ўмоў Людовік XIV захоўваў за сабой Ніжні Эльзас і Страсбур, якія пераходзілі ў вечнае валоданне Францыі замест 20 гадоў, якія былі пастаўлены Рэгенсбургскім мірам 1684 г. Таксама каралю Францыі вярталіся Пандычэры і Акадыя, Сан-Дамінга было прызнана афіцыйна яго ўладаннем. Вярнуўшы Латарынгію яе законнаму ўладальніку, кароль Францыі захаваў за сабой крэпасці Лангві і Саарлуі, а таксама права праходу для сваіх войскаў. Францыя вяртала імперыі Філіпсбург, Кёль і Брыз, а таксама прызнала Вільгельма III каралём Англіі. Францыя атрымала піраву перамогу, і баланс 1697 года застаўся станоўчым для яе. Разам з тым пытанне аб успадкоўванні іспанскага прастола не быў вырашаны. Усяго праз 4 гады баявыя дзеянні паміж старымі праціўнікамі аднавіліся ў форме Вайны за іспанскую спадчыну.

Высновы

Дадзеная вайна адлюстроўвае ў сабе асаблівасці тагачаснага ваеннага мастацтва і поглядаў на вядзенне вайны, што панавалі тады. Магазінная сістэма забеспячэння войскаў, якая злучала ініцыятыву і свабоду дзеянняў палкаводца, не давала магчымасці імкнуцца да знішчэння жывой сілы непрыяцеля; неабходным следствам новай сістэмы харчу стала нязначнасць задач і абмежаванасць мэт, што зводзіліся да заняцця памежных абласцей, да захопу непрыяцельскіх магазінаў і да авалодання крэпасцямі. Вайна зводзілася да манеўраў. Не імкнучыся да рашучых дзеянняў, не дасягалі і рашучых вынікаў; войны цягнуліся гадамі, бескарысна вычэрпваючы сродкі краіны.

Зноскі

  1. Даты прыведзены па Грыгарыянскім календары. У Англіі, Шатландыі, Ірландыі і брытанскіх калоніях да 1752 года выкарыстоўваўся Юліянскі каляндар.
  2. гл. Якабіцкае паўстанне ў Шатландыі (1689—1690)
  3. гл. Вялікая Турэцкая вайна
  4. Агульная колькасць англійскага і галандскага флотаў, у т.л. 100 англійскіх і 69 галандскіх лінейных караблёў (Паркер і інш.: Кембрыджская ілюстраваная гісторыя войнаў, стар. 128.).
  5. Намінальная колькасць. У рэчаіснасці агульная колькасць французскіх войскаў трохі перавышала 350 тыс. чал. (Дзюпуі: Энцыклапедыя ваеннай гісторыі Колінза, 4-е выд. стар. 580.).
  6. Максімальная колькасць французскага флоту ў 1693 годзе, у т.л. 93 лінейных карабля (Паркер і інш.: Кембрыджская ілюстраваная гісторыя войнаў, стар. 128.).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Войны за спадчыны
Катэгорыя·Войны Свяшчэннай Рымскай імперыі
Катэгорыя·Войны Францыі
Катэгорыя·Войны Англіі
Катэгорыя·Войны XVII стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы без спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Войны Людовіка XIV
Катэгорыя·Войны Аўстрыі
Катэгорыя·Войны Швецыі
Катэгорыя·Войны Іспаніі