wd wp Пошук:

Уладас Дрэма

Ула́дас Дрэ́ма (літ.: Vladas Drėma; 10 снежня 1910, Рыга4 студзеня 1995, Вільнюс) — літоўскі мастак і музейны супрацоўнік, мастацтвазнаўца, гісторык культуры, педагог. Лаўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы (1992), ганаровы доктар Вільнюскай мастацкай акадэміі, першы ганаровы грамадзянін Вільнюса.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Рызе ў сям’і сялянаў з беларускіх Гервятаў. Рана асірацеў, жыў пад апекай бацькоўскіх сваякоў у Гервятах. Гервяцкі ксёндз, пабачыўшы ягоныя малюнкі, у 1920 годзе адправіў хлопца ў Вільню і ўладкаваў яго ў прытулак на Буфалавай гары[2]. З 1921 года Дрэма жыў у Вільні і вучыўся ў гімназіі імя Вітаўта Вялікага. У 1926—1931 гадах наведваў мастацкую студыю Вітаўтаса Кайрукшціса. Па заканчэнні гімназіі ў 1931 годзе, працягнуў вучобу ва ўніверсітэце. У 1936 годзе скончыў факультэт прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя (вучыўся ў мастака Людаміра Слядзінскага).

Быў адным з заснавальнікаў «Віленскай групы» мастакоў, у якую ўвайшлі жывапісцы розных нацыянальнасцяў Вільні. Выкладалі малюнак і рысаванне ў віленскіх школах і гімназіях. У 1937—1938 гадах удасканальваў веды і ўменні ў Варшаве. У часе Другой сусветнай вайны працаваў у Беларускім музеі ў Вільні (1941—1944). У гэты час пачаў збіраць матэрыял для гісторыі рукапіснай і друкаванай кнігі Вялікага Княства Літоўскага, планаваў выдаць працу к 1947 году, калі спаўнялася 400-годдзе першай літоўскай кнігі, таму Дрэма лічыцца адным з першых даследнікаў кніжнай спадчыны Літвы[3].

Пасля вайны быў дырэктарам Этнаграфічнага музея (1945—1946), пасля загадчыкам аддзелам выяўленчага мастацтва ў Мастацкім музеі (1946—1961). Выкладаў у Мастацкім інстытуце (1946—1950, 1957—1970) і Вільнюскім універсітэце (1956—1958). З 1970 года працаваў у Інстытуце кансервавання помнікаў. У апошнія гады жыцця моцна хварэў, але не перапыняў навуковую дзейнасць.

У 1992 годзе ўзнагароджаны Нацыянальнай прэміяй Літвы ў галіне культуры і мастацтва, а таксама атрымаў званне ганаровага доктара Вільнюскай мастацкай акадэміі і ганаровага грамадзяніна Вільнюса[4]. У 1999 годзе імем Уладаса Дрэмы была названая адна з вуліц Вільнюса ў раёне Веркі[2].

Творчасць

Удзельнічаў у выстаўках з 1931 года. Творчасць Дрэмы спачатку была блізкая да кубізму і канструктывізму, пазней стала больш рэалістычным, аднак з тэндэнцыяй да абагуленасці і арнаментальнасці. Значнае месца ў ягонай творчасці займалі матывы Вільні. Сярод іншага стварыў футурыстычнае палатно «Вільня ў 2000-м годзе» (1928). У часе вучобы ва ўніверсітэце меў уплыў неакласіцызму.

Пісаў акварэлі. З 1930-х гадоў працаваў пераважна ў графіцы. Стварыў некалькі стылізаваных нацюрмортаў у тэхніцы каляровай лінагравюры. У тэхніцы гравюры на медзі ствараў найчасцей віды Старога горада. Пейзажы Дрэмы рэалістычныя, з прамалёўкай дэталяў і рамантычным настроем.

У 1936—1938 гадах афармляў кнігі літоўскіх паэтаў (Ёзаса Кектаса, Оны Міцюце, Альбінаса Жукаўскаса) і іншыя выданні. Аўтар плакатаў, экслібрысаў, тэатральных дэкарацый. Аўтар мастацкага аздаблення паэмы «Рагнеда» (1944) Лявона Случаніна[5]. У Літоўскім мастацкім музеі захоўваюцца эскізы беларускіх кніг аўтарства Дрэмы: «Мае песьні» і «На хуткіх крыльлях вольнага пэгаса» Алеся Салаўя, «Рагнеда» Лявона Случаніна, «Анталёгія беларускай паваеннай паэзіі», «Жоўтая восень» Наталлі Арсенневай[6].

Творы захоўваюцца ў Літоўскім мастацкім музеі, Нацыянальным музеі Чурлёніса, у прыватных зборах Літвы і Польшчы.

Мастацтвазнаўства

Пачынаючы з 1935 года, актыўна супрацоўнічаў ў перыядычным друкам. У літоўскім, польскім, беларускім друку апублікаваў звыш за 150 артыкулаў на тэму гісторыі мастацтва і архітэктуры канца XVIIIXIX стагоддзяў, методыцы ацэнкі культурнай спадчыны. Аўтар манаграфій пра архітэктуру Вільні і пра асобныя помнікі архітэктуры, пра мастакоў, якія працавалі ў Літве (Францішак Смуглевіч, Канут Русецкі, Вінцэнт Смакоўскі і інш.) Аўтар шэрагу біяграмаў для «Слоўніка польскіх мастакоў» Выдадзена трынаццаць кніг з матэрыяламі аб віленскіх будынкаў у розных архівах, сабраных Уладасам Дрэмай (Vilniaus namai archyvų fonduose)[7]. Апублікаваў шэраг прац пра беларускае народнае мастацтва[5].

Працы

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Regina Urbonienė. Vladui Drėmai – 100 (літ.) . Lietuvos dailės muziejus (2010.12.16). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 18 снежня 2010.
  3. Paroda „Pažįstamas ir nepažįstamas Vladas Drėma“ (літ.) . Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka (26 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 18 снежня 2010.
  4. Arvydas Juozaitis. Angelai sargai (літ.) . Voruta (2002 m. gruodžio 8 d.). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2004. Праверана 11 студзеня 2009.
  5. 1 2 Сяргей Гваздзёў Уладзіслаў Дрэма. Беларускі след літоўскага мастака. novychas.by (10 мая 2009). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2019. Праверана 30 лістапада 2019.
  6. Працы Уладаса Дрэмы на сайце europeana.eu.
  7. Vladas Drėma „Vilniaus namai archyvų fonduose“, XIII knyga (літ.) . Kultūros paveldo departamentas (11 кастрычніка 2007). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 11 студзеня 2009.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1910 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Рызе
Катэгорыя·Памерлі 4 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў Вільнюсе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 снежня
Катэгорыя·Памерлі ў 1995 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на Антакальніскіх могілках
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Мастацтвазнаўцы Літвы
Катэгорыя·Мастакі Літвы
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы