wd wp Пошук:

Шчорсы

Шчо́рсы[1] (трансліт.: Ščorsy, руск.: Щорсы) — аграгарадок у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Нёман. Адміністрацыйны цэнтр Шчорсаўскага сельсавета. Насельніцтва 577 чал. (2008). Знаходзіцца за 24 км на паўночны ўсход ад Навагрудка.

Шчорсы — адна з колішніх рэзідэнцый магнацкага роду Храптовічаў.

Этымалогія назвы

На думку беларускага географа В. Жучкевіча тапонім «Шчорсы» ўтварыўся ад прозвішча Шчорс[2].

Гісторыя

Паводле падання, у XIV ст. (магчыма, з 1386) у Шчорсах існавала праваслаўная царква, якую па заключэнні Берасцейскай уніі (1596) стала грэка-каталіцкай. Старажытнасць бажніцы пацвярджае царкоўны дакумент, датаваны 1627 годам[3].

Палац з акварэлі XIX ст.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) мясцовасць увайшла ў склад Новагародскага павета Новагародскага ваяводства. У 1758 старая драўляная царква згарэла, на яе месцы ў 1776 па фундацыі канцлера вялікага Яўхіма Храптовіча ўзвялі новую мураваную. У гэты ж час Я. Храптовіч збудаваў тут палацавы комплекс з паркам і сажалкамі. Пры палацы мелася багатая бібліятэка.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Шчорсы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Навагрудскім павеце. У пач. XIX ст. тут адкрылася грэка-каталіцкая парафіяльная школа. Па скасаванні уніі (1839) расійскія ўлады ліквідавалі гэту адукацыйную ўстанову, новая школа з’явілася ў Шчорсах толькі каля 1866. У другой палове XIX ст. у вёсцы было 156 двароў, дзейнічалі шпіталь і школа.

У Першую сусветную вайну палац Храптовічаў пацярпеў ад ваенных дзеянняў, мясцовую бібліятэку вывезлі і перадалі пазней Кіеўскаму ўніверсітэту. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Шчорсы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

У 1939 Шчорсы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета.

Насельніцтва

Славутасці

Страчаная спадчына

Шчорсаўскі палац Храптовічаў (17701776) пацярпеў у Першую і Другую сусветныя войны, пасля чаго яго зруйнавалі савецкія ўлады. Цяпер ад палаца засталіся толькі падмуркі.

Вядомыя асобы

У розны час у Шчорсах спыняліся Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот і іншыя.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 414.
  3. Szczorsy // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 860.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Населеныя пункты Навагрудскага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Шчорсаўскі сельсавет
Катэгорыя·Аграгарадкі Гродзенскай вобласці
Катэгорыя·Шчорсы