wd wp Пошук:

Лявон Заяц

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Заяц, значэнні.

Ляво́н Язэ́павіч За́яц (Леана́рд Іо́сіфавіч (Во́сіпавіч) За́яц; 19 лютага (3 сакавіка) 1890, м. Даўгінава цяпер Вілейскі раён Мінскай вобласці — 23 верасня 1935, Уфа, Башкірская АССР, НКУС) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, дыпламат, публіцыст, мемуарыст. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі.

Біяграфія

Раннія гады

Нарадзіўся ў мястэчку Даўгінава Вілейскага павета Віленскай губерні, цяпер Вілейскі раён Мінскай вобласці Беларусі. У 1910 годзе кончыў пецярбургскую каталіцкую гімназію Святой Кацярыны, у 1914 годзе юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За часамі вучобы ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурга[1]. Удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, вядома што ў 1911 годзе выконваў ролю Падарожнага ў спектаклі паводле твора Элізы Ажэшкі «У зімовы вечар», у 1913 годзе граў Якіма Сароку ў пастаноўцы «Паўлінка» паводле Янкі Купалы[1].

У 1914—1916 гадах працаваў кантралёрам Віленскага акцызнага ўпраўлення (з пачаткам Першай сусветнай вайны эвакуіравана ў Яраслаўль).

Пачатак палітычнай дзейнасці

У 1916—1917 гадах працаваў у Мінску ва Усерасійскім земсаюзе на пасадзе адказнага сакратара. Пачынае кантактаваць з беларускім рухам, удзельнічае ў сходах «Беларускай хаткі» на Захар’еўскай вуліцы, сябруе з Максімам Багдановічам. Супрацоўнічаў з мінскім аддзяленнем Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[1].

З траўня 1917 года ў Беларускай народнай партыі сацыялістаў (БНПС). 7—9 красавіка (25–27 сакавіка) 1917 года як прадстаўнік БНПС удзельнічаў у З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, якія выступалі за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай федэрацыі. На з’ездзе абраны сябрам прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК). Ён належаў да вышэйшага кіраўніцтва гэтай арганізацыі, якое вызначала кірунак яе дзейнасці[2]. На З’ездзе беларускіх арганізацый і партый 21–23 (8–10 ліпеня) 1917 года на знак пратэсту супраць дзеянняў дэлегатаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) ён і дэлегаты ад БНПС пакінулі пасяджэнне. 23 (10 ліпеня) 1917 года БНК быў распушчаны, а замест яго створаная Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, дзе пераважалі дзеячы БСГ[3].

У ліпені 1917 года Лявон Заяц па спісе Беларускай народнай партыі сацыялістаў абраны дэпутатам Мінскай гарадской думы[4].

Беларуская Народная Рэспубліка

Дзеячы БНР, 1918. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Іван Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Удзельнік Усебеларускага з’езда, які праходзіў 18—30 (5—17) снежня 1917 года ў Мінску. У час яго 26 (13) снежня абраны сябрам Рады з’езда. Па разгоне з’езда бальшавікамі, 21 снежня 1917 (3 студзеня 1918) абраны ў склад Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда, выконваў функцыі кіраўніка спраў[5]. 21 лютага 1918 года заняў пасаду кіраўніка спраў у Народным Сакратарыяце Беларусі, створаным Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда, які стаў урадам БНР. Працягваў сваю працу на гэтай пасадзе па абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года[6]. Не пазней за 25 траўня, па адстаўцы Яфіма Бялевіча, Лявон Заяц заняў таксама пасаду народнага сакратара юстыцыі[1]. У красавіку—траўні 1918 года ў выніку расколу БСГ падтрымаў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў[7].

9 чэрвеня 1918 года не ўвайшоў у склад новага ўрада пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта, але працягваў працаваць сакратаром у канцылярыі Язэпа Варонкі, які не прызнаваў урад Скірмунта і дзейнічаў паралельна. 12 ліпеня 1918 года ўвайшоў у склад Беларускага часовага ўрада, створанага Язэпам Варонкам супроць Народнага сакратарыята Беларусі пад кіраўніцтвам Скірмунта[8]. 22 ліпеня 1918 года ўвайшоў у склад 3-га Урада БНР, пад кіраўніцтвам Івана Серады, заняўшы пасаду старшыні канцылярыі, адначасова працаваў у Камісіі міжнародных спраў[9]. 22 лістапада 1918 года была ўхваленая праграма 4-га ўрада БНР — Рады Народных Міністраў пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча, Лявон Заяц у новым урадзе заняў пасаду дзяржаўнага кантралёра[10].

Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Берлін, кастрычнік 1919 г.
3 снежня Рада і ўрад БНР праз наступ бальшавікоў на Менск пераязджаюць у [Вільню](/Вільнюс "Вільнюс"), а пасля ў [Горадню](/Гродна "Гродна"), усё яшчэ занятую немцамі. У студзені 1919 года Луцкевіч прызначыў Лявона Зайца адным з беларускіх прадстаўнікоў у Часовым гарадскім камітэце, створаным немцамі[[11]](/Лявон_Заяц#cite_note-Michaluk_D.—2010——369-11). 9 лютага 1919 года прыняў удзел у арганізаваным Антонам Луцкевічам сходзе беларускіх арганізацый, на якім была прынятае рашэнне, каб пачаць перамовы з польскім урадам наконт утварэння польска-беларускай федэрацыі. Умовай было прызнанне польскім бокам Рады Народных Міністраў БНР як афіцыйнага ўраду Беларусі, аднак польскі ўрад гэтага не зрабіў[[12]](/Лявон_Заяц#cite_note-Michaluk_D.—2010——292—293-12). У сакавіку 1919 года дзейнасць БНР у Горадні становіцца немагчымай, 22 сакавіка Лявон Заяц разам з групай беларускіх палітыкаў выехаў у [Берлін](/Берлін "Берлін")[[1]](/Лявон_Заяц#cite_note-Сідарэвіч_А.—2017——-1). 4 траўня ў Берліне была заснаваная Дыпламатычная місія БНР у [Нямеччыне](/Германія "Германія")[[13]](/Лявон_Заяц#cite_note-Michaluk_D.—2010——408—409-13), Лявон Заяц спачатку быў выконваючым абавязкі шэфа місіі, а 25 жніўня прызначаны шэфам місіі[[14]](/Лявон_Заяц#cite_note-sakaloŭski-14). 27 кастрычніка 1919 года праз хваробу ([сухоты](/Туберкулёз_лёгкіх "Туберкулёз лёгкіх")) звольніўся з пасады шэфа місіі[[1]](/Лявон_Заяц#cite_note-Сідарэвіч_А.—2017——-1).

Па расколе Рады БНР у Менску прызначаны 13 снежня 1919 года загадчыкам канцылярыі і дзяржаўны сакратаром у 5-м урадзе БНР пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага (пры г. зв. Народнай Радзе БНР). Аднак Лявон Заяц застаўся ўва ўрадзе Антона Луцкевіча (пры Найвышэйшай Радзе БНР)[1]. 22 студзеня 1920 года прызначаны Луцкевічам на пасаду дзяржаўнага скарбніка з месцам побыту ў Чэхаславакіі[1]. Пры гэтым вядома, што Заяц канчаткова не адышоў ад спраў місіі ў Берліне, пра што сведчыць дакумент канца лютага 1920 года. У Коўна, дзе з лістапада 1920 года месціўся ўрад БНР, Заяц выехаў паміж 10 студзеня і 22 сакавіка 1921 года, аднак у красавіку 1921 года ізноў быў у Берліне. У кастрычніку 1920 года часова ўзначаліў «Беларускае прэс-бюро» ў Берліне[14]. Праз Зайца адбываўся кантакт паміж сябрамі Урада, якія былі ў Берліне і Коўне[1].

7 ліпеня 1921 года ў Коўне прыняў удзел у сходзе Загранічнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў[1]. У верасні 1921 года ўдзельнік Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе, на якой быў пацверджаны прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. З сакавіка 1922 года ў Коўне, бярэ ўдзел у пасяджэннях Рады Міністраў і Прэзідыума Рады БНР, працуе як кантралёр[1]. У выніку ўрадавага крызісу праз стаўленне да права Літвы на Віленшчыну, у кастрычніку 1922 года ствараецца 6-ы ўрад БНР — Дзяржаўная калегія БНР на чале з Пётрам Крачэўскім, яе сябрам стаў і Лявон Заяц. 23 жніўня 1923 года сфармаваны 7-ы ўрад БНР на пад кіраўніцтвам Аляксандра Цвікевіча, у якім Лявон Заяц застаўся на пасадзе дзяржаўнага кантралёра. У лістападзе 1923 года праз пагаршэнне адносін з урадам Літвы дзеячы БНР, сярод якіх Заяц, пераехалі ў Прагу[1].

У Празе, акрамя палітычнай дзейнасці, Лявон Заяц лячыўся ў санаторыі і пісаў успаміны. Аўтар публіцыстычных артыкулаў і ўспамінаў пра дзеячаў беларускай культуры.

Савецкая Беларусь

Пасведчанне Лявона Зайца на вяртанне ў СССР, 1926 г.

Удзельнік Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года ў Берліне, на якім урад БНР вырашыў самараспусціцца і прызнаць савецкі Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі, Лявон Заяц галасаваў за гэтае рашэнне.

У 1926 годзе вярнуўся ў Менск. Працаваў кансультант-інспектарам бюджэтнага ўпраўлення Наркамата фінансаў БССР. Падпаў пад «чыстку апарату», звольнены і 18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», апроч таго яму інкрымінавалі прыналежнасць да «Беларускага брацтва» (Ластоўскі, Цвікевіч і інш.). 10 красавіка 1931 года асуджаны як «член контр­рэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю», сасланы на 5 гадоў ва Уфу. 25 ліпеня 1935 года паўторна арыштаваны абласным упраўленнем НКУС СССР. Памёр у турме ў час следства (афіцыйна — ад хваробы нырак).

Пасмяротна рэабілітаваны Вярхоўным БССР 10 чэрвеня 1988 года.

Сям’я

Супрацоўнікі місіі БНР у Берліне, 1919 г. Сядзяць (злева направа): невядомы, невядомы, Лявон Заяц, Васіль Захарка, Клара Заяц (жонка Лявона Зайца), Антон Борык

Быў жанаты з Кларай Заяц, якая паходзіла з роду Эпімах-Шыпілаў[15].

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Сідарэвіч А., 2017
  2. Michaluk D., 2010, с. 164—166
  3. Michaluk D., 2010, с. 173
  4. Michaluk D., 2010, с. 174—175
  5. Michaluk D., 2010, с. 190
  6. Michaluk D., 2010, с. 231
  7. Michaluk D., 2010, с. 300
  8. Michaluk D., 2010, с. 313—323
  9. Michaluk D., 2010, с. 324
  10. Michaluk D., 2010, с. 337
  11. Michaluk D., 2010, с. 369
  12. Michaluk D., 2010, с. 292—293
  13. Michaluk D., 2010, с. 408—409
  14. 1 2 Уладзімер Сакалоўскі Надзвычайная місія БНР у Нямеччыне (1919 — 1925)(нявызн.) (недаступная спасылка). krytyka.by (29 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 21-6-2019.
  15. Андрэй Буча БНР: хто ўваходзіў у першы беларускі кабмін(нявызн.). nashaniva.com (23 сакавіка 2021).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Нарадзіліся 3 сакавіка
Катэгорыя·Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда
Катэгорыя·Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вілейскім раёне
Катэгорыя·Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Катэгорыя·Памерлі ў 1935 годзе
Катэгорыя·Памерлі 23 верасня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дыпламаты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1890 годзе
Катэгорыя·Члены Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Катэгорыя·Мемуарысты Беларусі
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Даўгінаве
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Выпускнікі СПбДУ
Катэгорыя·Міністры БНР
Катэгорыя·Беларусы ў Чэхіі
Катэгорыя·Рэабілітаваныя ў СССР
Катэгорыя·Памерлі ва Уфе
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Члены Беларускага нацыянальнага камітэта (Мінск)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі