wd wp Пошук:

Ян Рустэм

Ян Рустэм (польск.: Jan Rustem, літ.: Jonas Rustemas, арм.: Յան Ռուստամ; 1762, Канстанцінопаль — 9 (21) чэрвеня 1835, Дукшцялі, цяпер Ігналінскі раён, Літва) — мастак, стваральнік Віленскай мастацкай школы.

Біяграфія

Аўтапартрэт з фескай

Па розных версіях Рустэм быў армянскага, грэчаскага або турэцкага паходжання.

Нарадзіўся ў Канстанцінопалі[5]. Дзесяцігадовым сіратой прывезены ў 1774 годзе князем Адамам Казімірам Чартарыйскім у Варшаву. На яго сродкі выхоўваўся і вучыўся выяўленчаму мастацтву спачатку ў Варшаве ў Яна Пятра Норбліна. У 1788—1790 гадах дапоўніў адукацыю ў Германіі, па вяртанні надалей вучыўся ў Норбліна, а таксама ў каралеўскага мастака Марчэла Бачарэлі. Надалей працаваў партрэтыстам і вучыў мастацтву сярод літоўскай шляхты. Так, у 1790 годзе працаваў мастаком у тэатры Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме, дзе праектаваў дэкарацыі. У 1793-1798 гадах жыў у маёнтку Станіслава Солтана і Францішкі Тэафіліі з Радзівілаў Солтан у Дзятлаве[6]. У 1795-1796 гадах у Дзятлаве мастак ажаніўся з Ганнай з Кунертаў, там сама нарадзілася іх дачка Ганна-Францішка-Фларыяна[7].

З 1798 года пры кафедры жывапісу выкладаў у Галоўнай віленскай школе, у 1803 годзе ператворанай у Імператарскі Віленскі ўніверсітэт, спачатку ў якасці ад’юнкта на кафедры жывапісу пры прафесары Францішку Смуглевічы[5]. У 1800 годзе атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў і званне акадэміка. Пасля смерці Смуглевіча ў 1807 годзе Рустэм стаў прафесарам і загадваў Віленскай мастацкай школай пры ўніверсітэце[5]. Разам з графікам Джозэфам Саўндэрсам, рэфармаваў сістэму навучання, была ўведзена трохступенная школа рысунку, толькі пасля сканчэння якой наступаў выбар спецыялізацыі — жывапіс, гравюра ці скульптура. Сам выкладаў рысунак, а пазеней таксама жывапіс — ад 1811 года як надзвычайны прафесар, а з 1821 года як звычайны прафесар. З 1818 года, пасля ад’езду Саўндэрса, самастойна кіраваў усёй школай. Упершыню ўвёў у навучальны працэс працу з натуры[5].

Адам Шэмеш пакінуў наступныя ўспаміны пра навучальны працэс пад кіраўніцтвам Рустэма:

У гэты разнастайным натоўпе лёгка было распазнаць прафесара Рустэма, па яго выразнаму твару і галаве, пакрытай фескай. Ён з цяжкасцю праціскваўся паміж шчыльна застаўленымі сталамі і мальбертамі вучняў, упаўголас папраўляў іх працы. А ў залі панавала поўная цішыня, хоць там ніколі не было надзіральнікаў. Дастаткова было прысутнасці любімага і шанаванага прафесара[8].

Таксама ў 1803-07 гадах навучаў рысунку ў Віленскай гімназіі. Быў педагогам з паклікання, любіў сваіх вучняў і дбаў пра іх, здабываў стыпендыі і фінансавую дапамогу для бедных студэнтаў.

З 1810 года супрацоўнічаў з віленскім тэатрам, праектаваў дэкарацыі і касцюмы, удзельнічаў у падрыхтоўцы аматарскіх спектакляў.

У 1820 годзе арганізаваў першую ў Літве выстаўку выяўленчага мастацтва, на якой былі прадстаўлены работы яго вучняў.

Хоць у 1826 годзе выйшаў на пенсію, але выкладаў і надалей, ажно да закрыцця ўніверсітэта ў 1831 годзе.

У 1830 г. атрымаў ордэн святой Ганны 2-й ступені.

Яшчэ ў маладосці, падчас побыту ў Германіі, быў прыняты ў масоны, быў актыўным масонам, сябрам ложаў «Руплівы літвін» і «Добры пастар».

Апошнія гады жыцця, пасля закрыцця ўніверсітэта, жыў у маёнтку свайго сябры П’етра Пізані Пушкі пад Дукштамі, дзе і пахаваны.

Сям’я

Партрэт Ганны з Пучынскіх. Нацыянальны музей у Варшаве

Другой жонкай у 1826 годзе стала Ганна з Пучынскіх (1789—1868), удава Яна Зайдлера, уладальніка аптэкі «Пад лебедзем»[9]. Захаваліся прынамсі два яе партрэты пэндзлю Я. Рустэма. Адзін захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, а другі — у Літоўскім мастацкім музеі(руск.) бел..

Выкладчыцкая дзейнасць

Ян Рустэм. Аўтапартрэт

Вучнямі Я. Рустэма былі між іншых: Юзаф Аляшкевіч, Валянцін Ваньковіч, Ян Дамель, Напалеон Орда, Канут Русецкі, Ян Тысевіч, Іван Хруцкі, Вікенці Дмахоўскі, Ціт Бычкоўскі, Казімір Бахматовіч, Адам Шэмеш, Тарас Шаўчэнка, Юзаф Азямблоўскі, Палікарп Ётэйка[5]. Да найбольш адораных вучняў Рустэма адносяць Канута Русецкага[10].

Творчасць

Рустэм быў перад усім партрэтыстам. У сваіх творах спалучаў прынцыпы класіцызму з пэўным сентыменталізмам і раннерамантычнымі тэндэнцыямі. Стварыў партрэты мяшчанства, віленскай інтэлігенцыі, прафесараў і студэнтаў універсітэта. Часцей за ўсё рабіў пагрудныя партрэты, асноўную ўвагу засяроджваў на глыбокай характарыстыцы асоб і выразе іх твараў.

Вядомыя творы

Партрэт Марыі Мірскай, Барбары Шумскай і Адама Напалеона Мірскага. Каля 1808. Нацыянальны музей у Варшаве

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #128793260 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 кастрычніка 2015.
  2. Jan Rustem
  3. RKDartists Праверана 26 жніўня 2017.
  4. Jan Rustem // Benezit Dictionary of Artists — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. 1 2 3 4 5 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 356-357. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  6. Jonas Rustemas — dailininkas ir pedagogas. Vilnius: Lietuvos dailes muzejus, 2013.
  7. Зміцер Юркевіч. Беларускімі сцежкамі Яна Рустэма // Культура. № 44 (1535) 31.10.2021 - 06.11.2021 г.
  8. Szemesz Adam. Wspomnienie o Szkole malarskie wilenskiej (1826—1829). Athenaeum. 1844. T. 4. S. 211—212.
  9. Ryszkiewicz w PSB,XXXIII, 1991, s. 164 (hasło Rustem Jan)
  10. Kanutas Ruseckas Архівавана 2 кастрычніка 2007. (літ.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Стамбуле
Катэгорыя·Мастакі Літвы
Катэгорыя·Памерлі ў Ігналінскім раёне
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Пахаваныя ў Літве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Мастакі Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1762 годзе
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 1835 годзе
Катэгорыя·Памерлі 21 чэрвеня
Катэгорыя·Масоны
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных