wd wp Пошук:

Міхал Казімір Агінскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Агінскі. Міхал Казімір Агінскі (польск.: Michał Kazimierz Ogiński; 1730, Варшава — 31 мая 1800, Слонім) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, паэт, мецэнат.

Біяграфія

Паходзіў з роду князёў Агінскіх, прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці ВКЛ і Польшчы. Рана страціў бацьку і гадаваўся пад апякунствам спачатку дзеда — вялікага гетмана літоўскага М.-С. Вішнявецкага, потым пад наглядам ваяводы віцебскага Марцыяна Агінскага, пасля яго выхавацелем стаў канцлер літоўскі Фрэдэрык Міхал Чартарыйскі.

Пра маладыя гады Міхала Казіміра захавалася мала звестак, ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасці да мастацтва. Па парадзе М. Чартарыйскага Міхал Казімір пачаў ваенную кар’еру, а ў 18-гадовым узросце быў дэпутатам сейма. З 1753 ён падарожнічаў па Заходняй Еўропе. Наведаў Дрэздэн, Вену, Парыж, дзе практыкаваўся ў асноўным у музычным мастацтве. Атрымаў музычную адукацыю, ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж. Б. Віёці. Талент Агінскага ўсхваляў у сваіх мемуарах Д. Дзідро. У 1761 Міхал Казімір вярнуўся на радзіму, ажаніўся з дачкой М. Чартарыйскага Аляксандрай, за якой атрымаў Слонімскую эканомію, дзе пазней стварыў славутую «сядзібу муз».

У 1768 М. К. Агінскі стаў вялікім гетманам літоўскім, а праз тры гады далучыўся да Барскай канфедэрацыі. У ноч на 12.9.1771 2,5-тысячны атрад гетмана ў баі пры Сталовічах разбіты 1-тысячным атрадам А. Суворава. Пасля гэтага Агінскі эміграваў за мяжу, а ўсе яго маёнткі, што знаходзіліся ва ўсходняй Беларусі, ужо далучанай (1772) да Расіі, былі канфіскаваны. У 1775 ён атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал. Праз палескія балоты яго намаганнямі былі адноўлены колішнія гасцінцы, якія злучалі Пінск са Слонімам і Валынню. У хуткім часе Слонім ператварыўся ў «паўночныя Афіны».

Пры сваім двары М. К. Агінскі заснаваў оперны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу — «Дэпартамент балетных дзяцей», дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра напісаў оперы «Зменены філосаф», «Елісейскія палі» і інш. Пісаў таксама скрыпічныя п’есы, паланезы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструментах. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам «Слонімскі грамадзянін» перадавых для свайго часу зборнікаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і не-байкі» (1788). У апошні зборнік увайшлі вершы з «Песень пана Міхала графа Агінскага, гетмана Вялікага Княства Літоўскага, укладзеныя ў верасні 1770 г. у Слоніме». Як мецэнат М. К. Агінскі рабіў ахвяраванні для кляштара і касцёла ў Смілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўніверсітэта.

У 1781 М. К. Агінскі быў прызначаны намеснікам Літоўскай правінцыі, а праз год выехаў за мяжу. Быў у Бруселі, Амстэрдаме, Берліне, Вене, вандраваў па Англіі. Наведваючы Прусію, прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма ІІ, каб вярнуць свае маёнткі ў Расіі. У 1793 Агінскі адмовіўся ад вялікай гетманскай булавы. Падчас паўстання Т. Касцюшкі, ён знаходзіўся ў Вільні. Цяжка хворы, былы гетман па-ранейшаму займаўся музыкай, нават наладзіў сяброўства з Францам Іозефам Гайднам. У кан. 1795 М. К. Агінскі пераехаў у Варшаву, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця.

Музычная творчасць

Лічыцца, што Міхал Казімір Агінскі — аўтар некалькіх опер, у т.л. «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788, верагодна з Ф. Марыні), як мяркуюць таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), а таксама музыкі да балета (партытуры гэтых твораў пакуль не знойдзены). Пісаў таксама скрыпічныя п’есы, рамансы, паланезы. Аўтар аднаго з першых вядомых вакальных цыклаў «Да Касі». Выдатна выконваў свае творы на розных інструментах. Яго жартам называлі «гетман-кларнет», а некаторыя даследчыкі жыцця і дзейнасці М. К. Агінскага сцвярджаюць, што менавіта ён вынайшаў падножку да арфы.

З узораў яго камерна-вакальных твораў вядома 12 песень без акампанементу, што захавалiся ў рукапiсе 1770 г., i 14 песень у суправаджэнні дзвюх скрыпак i баса, апублiкаваных у варшаўскiм выданні 1788 г. У гэтых песнях на ўласныя словы, невялiкiх па памерах i нескладаных па музычнай мове, М. К. Агiнскi ўвасобiў iдэалы прастаты i натуральнасцi ў выяўленнi пачуццяў, якiя былi сугучны ракайльна-букалічным плыням яго эпохі. Сольныя песні ўяўляюць сабой афарыстычныя замалёўкі, якія, хутчэй за ўсё, ствараліся да ўжо гатовых вершаў, што пацвярджаецца iснаваннем і шэрагу тэкстаў без музыкі. Сярод іх ёсць фiласофска-павучальныя («Сэрца i розум», «Аб фiласофii», «Аб лёсе», «Аб гусце»), пастаральныя («Пастушка») і застольныя («Бахус»), ёсць партрэтныя замалёўкi дзяўчат («Анетка», «Дзяўчынка», «Кася», «Лiзетка») і хлопца («Антак»). Друкаваныя песні, пры падабенстве з рукапіснымі (часам — лiтаральным, як у «Пастушцы», мелодыя якой выкарыстоўваецца ў песні «Аб календары»), істотна адрознiваюцца ад апошнiх. Перш за ўсё, у творах з выдання 1788 г. музыка з’яўляецца вядучым пачаткам. Гэтыя песні яднае вобраз сяляначкі Касі, чыя летуценная постаць натхняе вытанчана-рафiнаванага юнака, ад iмя якога вядзецца апавяданне, на стварэнне лiрычных i павучальных, фiласофскiх i гумарыстычных замалёвак. Уражаны дзяўчынай, ён ва ўсiм адчувае погляд яе вачэй, цеплыню сэрца i свет розуму. Думкi юнака пра жыццё, яго нягоды i радасцi набываюць фiласофскае адценне («Аб шчырым сэрцы», «Неспадзяваны добры дзень», «Коцiк-верабей», «Аб плаваннi»), а фiласофскiя сентэнцыi — жыццёвую прастату, натуральнасць і рамантычны водар («Розныя густы», «Аб масках»).

Песнi М. К. Агiнскага напiсаны пераважна ў куплетнай форме. Меладыйны голас, як правіла, дубліруецца скрыпкай, рухаецца паступенна цi па гуках трохгуччаў, мякка закругляючыся ў канцы фраз. У рытмiцы прыметны формулы, характэрныя для папулярных у той час танцаў (паланэза, менуэта i iнш.). Празрыстая фактура ўскладняецца бадай што толькi ў рытурнелях, не перашкаджае слухачу засяродзiць увагу на мелодыі. Апошняя, пры ўсёй мiнiмалiзацыi вiртуозных сродкаў, бярэ на сябе асноўную ролю ў стварэннi мастацкага вобраза — у кожнай мiнiяцюры сваеасаблiвага, але пры тым шмат у чым агульнага для ўсiх песень. Гэты опус па змесце і музычнай мове арганічна ўпісваецца ў кола вакальных мініяцюр (у тым ліку песень Ж.-Ж. Русо і Ф. Э. Баха), якія атрымалі распаўсюджанне ў Еўропе ў часы ранняга класіцызму.

З інструментальных п’ес М. К. Агінскага адшуканы толькі Паланэз для скрыпкі і фартэпіяна, упершыню надрукаваны ў газеце «Кур’ер варшаўскі» за 1902 г. Твор заснаваны на вельмі папулярнай тэме, якую выкарыстоўвалі ў ХVIII — ХIХ стст. многія кампазітары, у тым ліку Восіп Казлоўскі.

У цэлым выяўленыя творы М. К. Агінскага можна разглядаць як прыклады музычнага аматарства, распаўсюджанага ў той час у колах арыстакратыі.

Літаратурная творчасць

Міхал Казімір Агінскі займаўся мастацкай літаратурнай творчасцю, кантактаваў з французскімі энцыклапедыстамі і асветнікамі і выдаваў свае творы пад псеўданімам «Слонімскі грамадзянін».

Два рукапісныя сшыткі песень (з нотамі і тэкстамі) М. К. Агінскага сведчаць, што вершаваныя тэксты ў іх залежаць не так ад літаратурных, як ад музычных традыцый. I калі ў першы зборнік увайшлі творы, жанрава пазначаныя Агінскім як песні, то другі ўяўляе з сябе цыкл з дванаццаці мініяцюр, паяднаных вобразам Касі. Менавіта праз гэты вобраз выходзіў Агінскі за межы класіцыстычных форм паэзіі, набліжаўся да рамантычнага цыкла. Разбурэнне канонаў адбывалася на аснове фрагментарнасці мініяцюр, уяўнай незавершанасці, хоць і з прыкметамі асветніцкай філасофіі, выяўленай найперш у адцягненых, абстрактных загалоўках — «Пра дарагі момант», «Пра зямлю», «Пра паветра», «Пра ваду», «Пра агонь» і інш. У іх аўтар ствараў падаснову новай паэтычнай формы, блізкай да раманса, мадрыгала ці ксеніі. У гэтых фрагментах дзякуючы погляду на з’яву, выстаўленую нібы збоку, адбываецца рух аўтара да самога сябе, але не да канца: стрымлівалі класіцыстычныя традыцыі. Таму ў канкрэтных тэмах фрагментаў, павернутых нейкай адной гранню, крыху завуаляванай інтымным, знаёмым толькі аўтару і адрасату вобразам, адбывалася цёплая пульсацыя жывога чалавечага пачуцця, трохі ўгаданага і абавязкова далікатнага, але недавыказанага, недараскрытага і тым не менш, зараджанага наіўнасцю пераадолення асяроддзя і традыцый.

Сведчаннем прыхільнасці М. К. Агінскага да асветніцкіх ідэй было тое, што ён у свой зборнік «Гістарычных і маральных аповесцяў» (1782) уключыў, акрамя ўласных твораў, перакладзены ім з французскай мовы на польскую вершаваны «Ліст да народа» Антуана Леанарда Тама, які сябраваў з Дэлілем і Дэламберам і якога Вальтэр называў «братам па красамоўству». Несумненна, высакародныя ўяўленні Тама пра грамадскія стасункі перакладчык падзяляў. У празаічнай прадмове «Гістарычных і маральных аповесцяў» «Слонімскі грамадзянін», зыходзячы з асветніцкіх пазіцый, зазначае, што шляхі ўдасканалення грамадства пралягаюць праз перамогу дабра над злом у самім чалавеку, і звяртаецца да чытача з заклікам стаць «сябрам сумленнасці», каб паступова такім чынам сумленасць пашыралася на ўсіх людзей. Што тычыцца «Ліста да народа», то ў ім не толькі сцвярджаецца роўнасць людзей, але і абвяшчаецца, што народ — гэта асноўная стваральная сіла грамадства, якая рухае гісторыю, і што ў аснове багацця ляжыць праца. Проціпастаўляючы горад вёсцы, а багатых — бедным, аўтар і перакладчык сцвярджаюць, што толькі ў сялянскім асяроддзі захавалася цнатлівасць і чысціня нораваў.

Розум, маральнасць і праца праслаўляюцца таксама і ў іншым зборніку «Слонімскага грамадзяніна» — «Байкі і не-байкі» (1788). Названыя зборнікі Міхала Казіміра Агінскага, паэта і кампазітара, сталіся выразным выяўленнем і творчай рэалізацыяй Асветніцтва ў літаратурным працэсе.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118736094 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 22 студзеня 2022.
  2. 1 2 Great Russian EncyclopediaБольшая российская энциклопедия, 2004. — ISBN 978-5-85270-320-0 Праверана 22 студзеня 2022.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (27):
Гетманы вялікія літоўскія
Кавалеры ордэна Чырвонага арла
Канфедэраты Анджэя Макраноўскага
Памерлі ў 1800 годзе
Памерлі 31 мая
Асобы
Кавалеры ордэна Святога апостала Андрэя Першазванага
Ваяводы віленскія
Сенатары Рэчы Паспалітай
Род Агінскіх
Пісары польныя літоўскія
Кавалеры ордэна Белага арла (Рэч Паспалітая)
Памерлі ў Варшаве
Нарадзіліся ў 1730 годзе
Канфедэраты Чатырохгадовага сойма
Нарадзіліся ў Варшаве
Барскія канфедэраты
Кавалеры ордэна Святога Аляксандра Неўскага
Кампазітары Польшчы
Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Агінскія
Чашнікі вялікія літоўскія
Кампазітары Беларусі
Кавалеры ордэна Святога Станіслава (Польшча)
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Генералы Рэчы Паспалітай
Кавалеры ордэна Чорнага арла