Слава́цкая мо́ва (славацк.: slovenčina (i), slovenský jazyk) — славянская мова індаеўрапейскай моўнай сям’і. Утварае чэшска-славацкую падгрупу ў заходнеславянскай групе[3][4] (разам з чэшскай, польскай, верхне- і ніжнелужыцкай мовамі). З’яўляецца афіцыйнай мовай Славацкай рэспублікі і адной з афіцыйных моў Еўрапейскага саюза.
Славацкую мову ўжывае больш за 5 мільёнаў чалавек (2013)[5], з іх у Славакіі — 4,34 млн чалавек (2012)[6]. Таксама носьбіты жывуць у Чэхіі, Сербіі, Венгрыі, Румыніі, Аўстрыі, Харватыі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Украіне і інш.[5]. У шэрагу дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у якіх славакі, як правіла, расселеныя кампактна, славацкая мае статус рэгіянальнай мовы[1].
Саманазвы славацкага народа (Slovák — «славак», Slovenka — «славачка») і славацкай мовы (slovenský jazyk, slovenčina, slovenská reč) маюць агульнаславянскія карані. Slovák утворанай заменай суфіксу ў слове праслав.: *slověninъ «славянін», а Slovenka наўпрост узыходзіць да праслав. *slověnъka «славянка»[7]. Падобную саманазву мае яшчэ адна славянская мова — славенская (slovenski jezik, slovenščina)[8].
Паводле колькасці носьбітаў славацкая мова займае трэцяе месца ў заходнеславянскіх моў пасля польскай і чэшскай[11]. Асноўны арэал славацкай мовы — тэрыторыя Рэспублікі Славакія. Паводле вынікаў перапісу 2011 года, роднай мовай славацкую назвали 4 240 453 чалавекі (78,6 % насельніцтва краіны), за ёй ідуць венгерская (508 714; 9,4 %), цыганская (122 518; 2,3 %) і русінская (55 469; 1,0 %) мовы[10]. Пры гэтым у грамадскім жыцці славацкай карыстаюцца 4 337 695 жыхароў Славакіі (80,4 %)[6], у якасці мовы дамашняга ўжывання славацкую пазначылі 3 954 149 чалавек (73,3 %)[12]. Пераважная большасць носьбітаў славацкай мовы — этнічныя славакі. Да гэтага этнасу сябе аднеслі 4 352 775 чалавек (80,7 %)[13].
Носьбіты славацкай мовы пражываюць таксама на частцы тэрыторый суседніх дзяржаў, якія разам са Славакіяй даўней уваходзілі ў склад Венгерскага каралеўства: у Венгрыі (9 888 з 29 647 венгерскіх славакаў назвалі славацкую роднай, агулам ёю ў Венгрыі размаўляюць 16 266 чалавек, 2011)[14] і Украіне, найбольш у раёнах Закарпацця (2 633 з 6 397 славакаў)[15][16]. Акрамя гэтага, па-славацку размаўляюць жыхару шэрагу іншых тэрыторый былога Венгерскага каролеўства, якія не мяжуюць са Славакіяй: жыхары Румыніі, у асноўным у раёнах Трансільваніі і Баната (12 574 з 13 654 славакаў назвалі славацкую роднай, агулам ёй у Румыніі размаўляюць 12 802 чалавекі, 2011)[17], жыхары Сербіі, галоўным чынам у аўтаномным краі Ваяводзіна (49 796 з 52 750 сербскіх славакаў назвалі славацкую роднай, пры гэтым у Ваяводзіне пражываюць 47 760 носьбітаў славацкае з 50 321 славака, 2011)[18][19] і Харватыі, у асноўным на ўсходзе краіны — у Вукаварска-Срэмскай і Осіецка-Бараньскай жупаніях (3 792 з 4 753 харвацкіх славакаў, 2011)[20][21].
Акрамя таго, носьбіты славацкай жывуць у шэрагу раёнаў суседніх са Славакіяй Аўстрыі і Чэхіі, якія некалі ўваходзілі ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі (а разам з Чэхіяй Славакія большую частку XX стагоддзя да таго ж складала адзіную Чэхаславацкую дзяржаву). Так, у Чэхіі жывуць паводле звестак перапісу 2011 года 235 475 носьбітаў славацкай мовы як роднай[22], што ёсць найбольшай славацкамоўнай дыяспарай у свеце. Славакі расселеныя ў Чэшскай Рэспубліцы, як правіла, дысперсна, за выняткам вобласці Мараўская Славакія, жыхары якой маюць чэшскую самасвядомасць, але шэраг даследчыкаў адносіць іх гаворкі да славацкай мовы[23]. У Аўстрыі жывуць 10 234 славацкамоўных, 2001[24]. У суседняй Польшчы 765 грамадзян размаўляюць па-славацку, з іх 648 польскіх славакаў назвалі гэту мову роднай, 2011[25].
Акрамя Славакіі і пералічаных вышэй дзяржаў славацкая мова распаўсюджаная сярод славацкіх імігрантаў і іх нашчадкаў у краінах Заходняй Еўропы, у краінах Амерыкі, у тым ліку ў ЗША (агульная колькасць славакаў у гэтай краіне складае 510 тыс. чалавек, але актыўна карыстаецца славацкай параўнальна невялікая частка славацкай дыяспары, 2000) і ў Канадзе (17 580 чалавек, 2011)[26]. Па-славацку размаўляюць у Аўстраліі (4 990 з больш як 10 000 славакаў, 2011)[27], у Расіі (1 445 носьбітаў мовы, з якіх 324 славакі, 2010)[28][29], а таксама ў іншых краінах.
Славацкая мова за мяжой ужываецца як у літаратурнай, так і ў дыялектнай формах. Славацкія гаворкі зазвычай неаднародныя[23]. Так, напрыклад, у Закарпацкай вобласці Украіны прадстаўленыя такія змяшаныя гаворкі, як абаўска-шарышска-земплінскія, земплінска-абаўска-шарышскія, земплінска-ўжскія, вуска-сотацкія і іншыя[30]. Выкарыстанне гаворак усходнеславацкага дыялекту ці іх ўплыў на славацкую літаратурную мову, у тым ліку ў друку, было адзначана між славакаў у ЗША на пераломе XIX—XX стагоддзяў[31].
Агулам колькасць славацкамоўных жыхароў у свеце складае больш за 5,2 млн чалавек[5] (паводле іншых звестак — ад 5,0 да 5,5 млн чалавек). З іх больш за 1 млн славакаў (з якіх актыўна карыстаюцца славацкай мовай 0,4 млн чалавек) пражываюць па-за межамі Славакіі[32].
Паводле вынікаў перапісу і ацэначных звестак у розных дзяржавах колькасць носьбітаў славацкай мовы выглядае наступным чынам:
Краіны свету | колькасць (чал.) | год перапісу (ацэнкі) |
---|---|---|
Чэхія | 235 475[33] | 2011[22] |
Сербія | 49 796 | 2011[18] |
Канада | 17 580 | 2011[26] |
Венгрыя | 16 266 | 2011[14] |
Румынія | 12 802 | 2011[17] |
Аўстрыя | 10 234 | 2001[24] |
Аўстралія | 4 990 | 2011[27] |
Харватыя | 3 792 | 2011[20] |
Украіна | 2 633 | 2001[15] |
Расія | 1 445 | 2010[28] |
Польшча | 765 | 2011[25] |
У аснове пісьмовасці ляжыць лацінская графіка. Самыя раннія помнікі ўласна славацкай пісьмовасці датаваныя канцом XV—XVI стагоддзем, пры гэтым славакізмы сустракаюцца ў чэшскіх, нямецкіх і лацінскіх крыніцах больш ранняга перыяду[34]. Да XVIII стагоддзя літаратурнай мовай славакаў была чэшская, у сярэдзіне XIX стагоддзя кадыфікаваная славацкая літаратурная мова галоўным чынам на базе сярэднеславацкага дыялекту.
У славацкім алфавіце выкарыстоўваюцца лацінскія літары (малыя і вялікія).
Лацінская літара | Славацкая назва літары | Лацінская літара | Славацкая назва літары | |
---|---|---|---|---|
A a | а кратке | M m | эм | |
Á á | а длге | N n | эн | |
Ä ä | а прэгласковане | Ň ň | нь | |
B b | бэ | O o | о кратке | |
C c | цэ | Ó ó | о длге | |
Č č | чэ | Ô ô | о с воканём | |
D d | дэ тврдэ | P p | пэ | |
Ď ď | дь мекке | Q q | квэ | |
Dz dz | дз | R r | эр кратке | |
Dž dž | дж | Ŕ ŕ | эр длге | |
E e | э кратке | S s | эс | |
É é | э длге | Š š | эш | |
F f | эф | T t | тэ тврдэ | |
G g | гэ | Ť ť | ть мекке | |
H h | га | U u | у кратке | |
Ch ch | ха | Ú ú | у длге | |
I i | і мекке кратке | V v | вэ | |
Í í | і мекке длге | W w | вэ двоітэ | |
J j | і | X x | ікс | |
K k | ка | Y y | і тврдэ кратке | |
L l | эл тврдэ | Ý ý | і тврдэ длге | |
Ĺ ĺ | эл длге | Z z | зэт | |
Ľ ľ | ль мекке | Ž ž | жэт | |
Славацкая графіка стварылася на аснове чэшскай з дадаткам знакаў ä, ô, ĺ, ť, ŕ, dz, dž. Дыякрытычны знак выкарыстоўваецца для абазначэння даўжыні галосных: á, ó, ú, é, í, ý. Асаблівы знак выкарыстоўваецца для абазначэння шыпячых č, ž, š і афрыкаты dž, а таксама мяккасці ň і вялікіх літар Ň і Ť , Ď перад галоснымі a, o, u і ў канцы склада. Апострафам абазначаецца мяккасць малых ď, ť, ĺ і вялікага Ĺ. Для дыфтога [u̯o] выкарыстоўваецца ô, літара ä пішацца пасля губных зычных і абазначае шырокае адкрытае [э]. Апрача дыфтонга ô пасля мяккіх зычных або пасля былых мяккіх зычных сутракаюцца дыфтонгі ie, ia, а ў некаторых склонавых канчатках таксама дыфтонг iu. Славацкія дыфтонгі прыраўноўваюцца да доўгіх галосных. Літары i, y абазначаюць адну і тую ж фанему, але зычны перад y вымаўляецца цвёрда. Літары x, w, q, ó сустракаюцца толькі ў замежных словах.
У сучаснай славацкай літаратурнай мове 41 фанема; 14 галосных (з дыфтонгамі) і 27 зычных, з якіх 20 складаюць 10 пар паводле звонкасці — глухасці: b — p, v — f, d — t, ď — ť, dz — c, dž — č, z — s, ž — š, g — k, h — ch; няпарныя звонкія фанемы — m, n, ň, l, ľ, r, j. Гук [г] толькі цвёрды, l — сярэднееўрапейскае, а ľ — мяккае. Падвойныя зычныя вымаўляюцца як адзін доўгі зычны. Пры маўленні зычныя часам прыпадабляюцца да суседніх зычных або аглушаюцца ў канцы слоў.
Да асаблівасцей славацкай мовы (частка з якіх вылучае яе сярод астатніх славянскіх моў) адносяць такія фанетычныя рысы, як наяўнасць у сістэме вакалізму нароўні з кароткімі даўгіх галосных і ўзыходных дыфтонгаў i̯a, i̯e, i̯u, u̯o, якія ўтвараюць доўгі склад; наяўнасць спецыфічнай фанемы /ä/ (выйшла з ужывання ў сучаснай мове); распаўсюджанне рытмічнага закону, паводле якога склады з доўгімі галоснымі (а таксама дыфтонгамі) не могуць ісці адзін за другім у межах аднаго слова; у сістэме кансанантызму — прымяненне доўгіх і кароткіх складаўтваральных санорных [l̥], [l̥̄], [r̥], [r̥̄], якія выступаюць функцыянальнымі эквівалентамі галосных; перавага няпарных цвёрдых зычных, наяўнасць толькі цвёрдай r і двух тыпаў l (мяккай ľ і сярэдняй l) і інш.
Эспіраторны націск у большасці слоў робіцца на першым складзе. Аднак ёсць група слоў без націску (т. зв. энклітыкі), якія, як правіла, далучаюцца да папярэдняга слова.
У славацкай марфалогіі 10 часцін мовы. Зменныя часціны — назоўнік, прыметнік, займеннік, лічэбнік, дзеяслоў — маюць адзіночны і множны лікі, тры роды, назоўнік — 7 склонаў, адзін з іх клічны, іншыя імёны без яго — па 6 склонаў.
У мужчынскім родзе адрозніваюцца скланенні адушаўлёных назоўнікаў, у прыватнасці давальны і месны склоны адзіночнага ліку (канчатак -ovi) і назоўнага склону множнага ліку (-ovia), ад неадушаўлёных, у якіх давальны склон мае канчатак -а, месны -е, -і, -u, а назоўны склон множнага ліку -y, -е. Характэрным з’яўляецца канчатак меснага склону множнага ліку -och і творнага склону -mi. У назоўнікаў жаночага роду 4 прадуктыўныя тыпы скланення — 2 на -а і 2 на зычны. Назоўнікі ніякага роду маюць 4 тыпы скланення, для іх характэрныя формы назоўнага склону множнага ліку з доўгай галоснай у канчатку.
Прыметнікі за рэдкім выключэннем не маюць кароткіх форм. Скланяюцца паводле цвёрдага, мяккага і прыналежнага тыпу. Ужываюцца суфіксы вышэйшай ступені якасных прыметнікаў -ejši, -ši, найвышэйшая ступень утвараецца далучэннем прэфекса naj- да формы вышэйшай ступені.
Уласціва распаўсюджванне канчатку -m ва ўсіх дзеясловаў цяперашняга часу ў форме 1-й асобы адзіночнага ліку і інш.
Славацкія дыялекты даволі адрозныя паміж сабой. Вылучаюць тры буйныя групы дыялектаў:
Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
Тэмы гэтай старонкі (12):