Пле́шчаніцы[2] (трансліт.: Plieščanicy, руск.: Плещеницы) — гарадскі пасёлак у Лагойскім раёне Мінскай вобласці, на беразе Плешчаніцкага вадасховішча. Уваходзіць у склад Плешчаніцкага сельсавета. Размешчаны за 27 км ад Лагойска, на скрыжаванні аўтадарог Барысаў—Вілейка і Мінск—Полацк. Насельніцтва 5 829 чал. (2017)[3].
Упершыню Плешчаніцы згадваюцца ў XVI стагоддзі як вёска Менскага павета. Мясціна знаходзілася ў валоданні Тышкевічаў.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) пад Плешчаніцамі дзейнічаў партызанскі аддзел Дзяніса Мурашкі[4]. Мурашкаўцы нападалі на двары той шляхты, якая перайшла на бок маскоўскіх захопнікаў, ставілі залогі на дарогах, перашкаджалі збіраць і вывозіць збожжа, а мясцовае насельніцтва не пускалі ехаць у акупаваны Мінск[5].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Плешчаніцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці. У гэты час паселішча ўжо мела статус мястэчка. У вайну 1812 года пры адступленні французскага войска тут адбылася бітва, у выніку якой аддзел расійскай арміі генерала Чапліца разбіў авангард 9-га французскага корпуса маршала Віктора.
У 1817 уладальнікі Плешчаніцаў Тышкевічы збудавалі ў мястэчку царкву, у 1825 — заснавалі тэатр (дзейнічаў да 1835). У XIX ст. дзейнічалі царква і сінагога; працавалі школа, бровар, 5 крамаў, 2 піцейныя двары, праводзіліся кірмашы. У 1882 у мястэчку заснавалі фабрыку шавецкіх капылоў, пазней — фабрыку шавецкіх гваздоў. У 1910 г. называлася «Германа-амерыканская фабрыка драўляных шавецкіх гваздоў і шпілек». Мела 2 паравыя машыны, паравы кацёл. У 1895 г. працавала 106 чалавек. У 1900 г. выпушчана 10 тысяч пудоў драўляных гваздоў. У другой палове XIX ст. — 50 двароў і 425 жыхароў[6]. Паводле вынікаў перапісу (1897) працавалі народнае вучылішча і паштова-тэлеграфная кантора.
17 ліпеня 1924 Плешчаніцы сталі цэнтрам раёна БССР. З 1929 тут працавалі электрастанцыя, млын, лесапільня, сукнавальня. 27 верасня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 30 чэрвеня 1944 пасёлак знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, акупанты знішчылі звыш 2 тыс. чалавек. З 25 снежня 1962 Плешчаніцы ўваходзяць у склад Лагойскага раёна.
Прадпрыемствы паліўнай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці. На паўднёва-заходнім беразе Плешчаніцкага вадасховішча паляўніча-рыбалоўная база (гасцініца на 60 месцаў)[14]. Геафізічная абсерваторыя «Плешчаніцы»[15].
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом дзіцячай творчасці, дом культуры.
У Плешчаніцах працуюць 2 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 3 дашкольныя ўстановы.
Медыцынскія паслугі надае местачковая бальніца.
Курганны могільнік ( (/X “X”)—XIII стагоддзi), за 3 км на поўдзень ад пасёлка, на правым беразе р.Цімошанка — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613В000264шыфр 613В000264
Сядзіба Тышкевічаў
Касцёл Святой Ганны, пераробленая са стайняў Тышкевічаў.
Мемарыяльны камень на месцы бою 1812 г.
Могілкі яўрэйскія
Сінагога (пач. XX ст.)
Царква Святых апосталаў Пятра і Паўла (пач. XX ст.)
Пратэстанцкі храм
Свята-Петрапаўлаўская царква пасля сучаснай перабудовы ў расійскім стылі