wd wp Пошук:

Юлія Пятроўна Цімафеева

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Цімафеева.

Ю́лія Пятро́ўна Цімафе́ева (нар. 12 студзеня 1982, в. Спярыжжа, Гомельская вобласць) — беларуская паэтэса і перакладчыца[2].

Біяграфія

Скончыла факультэт англійскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, наведвала Перакладчыцкую майстэрню. Адна з заснавальнікаў і рэдактараў інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў[2] і Беларускага ПЭН-цэнтра. Адна з арганізатараў і куратараў Школы маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Вяла тэлеперадачу пра культуру «Рэмарка» на тэлеканале Белсат.

Жыве ў Мінску. Жонка пісьменніка Альгерда Бахарэвіча.

Творчасць

Аўтарка зборніка ўласнай і перакладной паэзіі «Кніга памылак» (2014)[2].

Перакладала з англійскай мовы паэзію Чарльза Букоўскі, Мэцью Дзікмана, Стывена Крэйна, Элізабет Лоўэл, Сільвіі Плат, Уолта Уітмана, з партугальскай мовы — Альберту Каэйру, з іспанскай — Актавіа Паса, Мухамеда Эбну; прозу з англійскай — Э. Ч. Асонду, Макса Бірбама, Германа Чарлза Босмана, Шарлоты Перкінс Гілман, Дэйвіда Герберта Лоўрэнса, Джойс Кэрал Оўтс, Эдгара Алана По, Кейт Шапэн і інш.[2] З нарвежскай мовы пераклала кнігі Стыяна Холе «Лета Гармана», ‎Маі Лундэ «Снежная сястра».

Пераклады прозы і паэзіі публікаваліся ў часопісах «pARTisan», «Паміж», «ARCHE», «Дзеяслоў», газеце «Літаратурная Беларусь». Пераклады апавяданняў «Залаты жук» і «Калодзеж і ківач» Эдгара Алана По выйшлі ў томе яго выбраных твораў (2011) з сумеснай серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў і часопіса «ПрайдзіСвет».[2]

Удзельнічала ў міжнародным літаратурным фестывалі ў Біржаі (Літва), фестывалі «Вершы на асфальце» ў Мінску, выступала на міжнародным кніжным кірмашы ў Гётэбаргу (Швецыя), міжнародным жаночым слэме ў Мінску (2012).

У 2016 годзе выйшла другая кніга паэзіі «Цырк», якая трапіла ў кароткі спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай.

Паасобны вершы Юліі Цімафеевай перакладаліся на англійскую, нямецкую, чэшскую, славенскую, шведскую і іншыя мовы. У 2018 годзе люблінскае выдавецтва «Warsztaty Kultury» выдала першую паэтычную кнігу Цімафеевай па-польску «Cyrk i inne wiersze» ў перакладзе Богдана Задуры. У 2019 годзе зборнік Юлі Цімафеевай «Zirkus» выйшаў у берлінскім выдавецтве ў перакладзе Томаса Вайлера і Ціны Вюншман.

У 2020 годзе выдала трэцюю кнігу вершаў — зборнік «ROT» (выдавецтва «Янушкевіч», Мінск; выдавецтва «Вясна» (Прага).

Прызнанне

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 4 снежня 2021.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 Саюз беларускіх пісьменнікаў Цімафеева Юлія Пятроўна. Асабістыя старонкі сяброў СБП(нявызн.). lit-bel.org. Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.
  3. «ПрайдзіСьвет» прэміяваў пераклады Марыны Шоды і Юліі Цімафеевай(бел. (тар.))  (нявызн.)?. svaboda.org (30 верасня 2015). Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.
  4. Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча(нявызн.). pen-centre.by. Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (22):
Нарадзіліся ў Брагінскім раёне
Пісьменнікі паводле алфавіта
Перакладчыкі з англійскай мовы
Вікіпедыя:Біяграфіі сучаснікаў
Лаўрэаты прэміі імя Карласа Шэрмана
Выпускнікі Беларускага Калегіюма
Лаўрэаты прэміі «Дэбют»
Перакладчыкі з іспанскай мовы
Супрацоўнікі Белсата
Перакладчыкі на беларускую мову
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Перакладчыкі з нарвежскай мовы
Паэты Беларусі
Нарадзіліся ў 1982 годзе
Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Члены Беларускага ПЭН-цэнтра
Перакладчыкі Беларусі
Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта
Нарадзіліся 12 студзеня
Асобы
Перакладчыкі з партугальскай мовы