wd wp Пошук:

Герман Чарлз Босман

Герман Чарлз Босман (англ.: Herman Charles Bosman; 3 лютага 1905 — 14 кастрычніка 1951) — паўднёваафрыканскі пісьменнік, які лічыцца найлепшым аўтарам кароткіх апавяданняў ПАР.

Біяграфія

Вывучаў творчасць Эдгара По і Марка Твэна і выпрацаваў свой стыль, у якім асаблівая ўвага надавалася іроніі. У творах Босмана, напісаных у асноўным па-англійску, выведзена шмат афрыканераў; шмат увагі пісьменнік надае супярэчнасцям у грамадстве афрыканераў у першай палове ХХ ст.

Босман нарадзіўся ў Кайлсрывіры (Kuilsrivier), гарадку паблізу Кейптаўна, у афрыканерскай сям’і, і з дзяцінства ведаў афрыкаанс і англійскую. Калі Босманы пераехалі ў Яганэсбург, будучы пісьменнік пайшоў у кенсінгтанскую сярэднюю школу для хлопчыкаў. Удзельнічаў у стварэнні школьнага часопіса. Калі Герману было шаснаццаць, ён пачаў пісаць першыя свае апавяданні для нядзельнай газеты Sunday Times. Ва ўніверсітэт ён паступіў дзякуючы ўдзелу ў шэрагу конкурсаў студэнцкіх літаратурных твораў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Босман атрымаў месца настаўніка ў школе, дзе навучанне вялося на афрыкаанс, у раёне Грот Марыка (Groot Marico). Гэты край і яго людзі натхнілі пісьменніка і сталі асноўным матэрыялам для самых вядомых апавяданняў Босмана: серыі апавяданняў пра Дзядзьку Схалка Лоўрэнса (Oom Schalk Lourens) і нарысаў з «Вітальні» (Voorkamer) — дзеянне іх усіх адбываецца ў гэтым рэгіёне.

Падчас школьных канікулаў у 1926 годзе Босман прыехаў у госці да сваёй сям’і ў Яганэсбург. Паспрачаўшыся са сваім зводным братам, ён стрэліў з вінтоўкі і забіў яго.

Пісьменніка асудзілі і перавялі ў камеру для смяротнікаў у Цэнтральнай турме Прэторыі, але потым памілавалі і замянілі расстрэл на дзесяцігадовае зняволенне і катаргу. У 1930 годзе яго вызвалілі пасля адбывання паловы тэрміну. Турэмны досвед лёг у аснову яго напаўбіяграфічнай кнігі, «Турма Колд Стоўн» (Cold Stone Jug).

Босман адкрыў сваю друкарню і хутка зрабіўся часткай літаратурнай супольнасці Яганэсбурга. Але яму быў патрэбны адпачынак, і ён выправіўся ў падарожжа, што зацягнулася на дзевяць гадоў, большую частку якіх ён правёў у Лондане. Апавяданні, напісаныя ў гэты перыяд, увайшлі потым у адну з самых вядомых яго кніг — «Мафекінгская дарога» (Mafeking Road).

У пачатку Другой сусветнай вайны ён вярнуўся ў Паўднёвую Афрыку і пачаў працаваць журналістам, апроч гэтага, перакладаў на афрыкаанс «Рубаят» Амара Хаяма (выйшаў у 1948).

Босмана вельмі хвалявала тое, што ў Яганэсбургу не шанавалася культурная спадчына. Так, ён пісаў: «Яны знясуць Класічны тэатр, як ужо знеслі ўсе іншыя старыя будынкі, тэатры, джын-палаца, начлежкі, храмы, крамы, аркады, кафэ і турмы, якія асацыююцца з шахцёрскімі часамі Яганэсбурга… Я рады, што ў свеце няма больш іншых гарадоў, якія б так прагнулі пазбавіцца ад сведчанняў уласнага паходжання».

Пісьменнік ажаніўся з Элай Мэнсан. Пара зрабілася вядомай праз багемны стыль жыцця і вечарынкі, якія часта зацягваліся да ранку і на якіх госці бавіліся размовамі. Пасля вечарынкі, што адбылася ў гонар пераезду ў новы дом, пісьменнік моцна захварэў — у яго з’явіліся болі ў грудзях, — і яго адправілі ў бальніцу ў Эдэнвалі. Падчас прыёму на пытанне: «Месца нараджэння?» — ён адказаў: «Нарадзіўся ў Кайлсрывіры, памёр у эдэнвалскай бальніцы». Праз некалькі хвілін пасля таго, як ён увайшоў да доктара, з кабінета пачуўся гучны рогат, і пісьменніка выпісалі. Аднак літаральна праз некалькі гадзін ён злёг і памёр па дарозе ў бальніцу. Дата смерці пісьменніка — 14 кастрычніка 1951 года. Пахавалі Босмана на могілках у Вестдэне. На яго трохвугольным надмагіллі на афрыкаанс і па- англійску напісана слова «пісьменнік» (Die Skrywer, The Writer, Herman Charles Bosman).

Пасля смерці Босмана аўтарскія правы на ўсе яго творы былі выстаўлены на аўкцыён, і іх набыла яго жонка. Пасля яе смерці правы перайшлі да яе сына.

Пры жыцці Босмана пабачылі свет толькі тры яго кнігі: «Мафекінгская дарога» (1947), «Джакаранда» (Jacaranda) і «Турма Колд Стоўн» (1949). Аднак многія яго апавяданні выходзілі ў шэрагу даўно забытых часопісаў; многія з гэтых апавяданняў былі ўключаны пасля ў розныя зборнікі і анталогіі, якія шматразова выдаваліся пад рознымі назвамі і ў розным складзе.

Беларускія пераклады

Паасобныя паэтычныя творы Г. Ч. Босмана на беларускую пераклала Ю. Цімафеева.

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
  2. Dictionary of African Biography / E. K. Akyeampong, Henry Louis Gates, Jr.NYC: OUP, 2012. — ISBN 978-0-19-538207-5
  3. Herman Charles Bosman // Digital Library for Dutch Literature (DBNL) — 1999. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  5. Herman Charles Bosman // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  6. Herman Charles Bosman // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Памерлі ў 1951 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Нарадзіліся 3 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў ПАР
Катэгорыя·Памерлі ў Гаўтэнгу
Катэгорыя·Выпускнікі Вітватэрсрандскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1905 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі ПАР
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 14 кастрычніка
Катэгорыя·Пахаваныя ў Яганэсбургу