wd wp Пошук:

Шашоны

Шашоны (саманазва: sosoni) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Падзяляюцца на 3 галіны: усходнія шашоны (Ваёмінг), паўночныя шашоны (Айдаха), заходнія шашоны (Невада, Юта). Агульная колькасць (2010 г.) - 13 002 чал.[1]

Паходжанне

Шашоны — народ, які належыць да нумійскай групы моў. Лічыцца, што іх продкі паходзяць з паўднёва-заходняй часткі Вялікага Басейна. Да 1500 г. шашоны перабраліся праз Скалістыя горы і пачалі рассяляцца па Вялікіх раўнінах[2]. У выніку рассялення склаліся 3 асноўныя галіны шашонаў:

Агульная назва шашоны значыць “тыя, хто належыць вялікай траве”[6]. У пісьмовых крыніцах яна з’явілася ў 1805 г. Аднак былі вядомы і іншыя назвы розных груп шашонаў, якія паходзілі ад месца рассялення або заняткаў.

Адносіны з ЗША

Кантакты паўночных шашонаў з амерыканцамі пачаліся ў 1805 г. Паўночная шашонка Сакаджавея адыграла значную ролю ў экспедыцыі Льюіса і Кларка. Да сярэдзіны XIX ст. найбольш актыўныя кантакты з амерыканскімі гандлярамі і перасяленцамі мелі ўсходнія шашоны. Амерыканскія ваенныя прыцягвалі іх для перагавораў з іншымі групамі індзейцаў. Пасля 1847 г. заходнія шашоны таксама былі вымушаны кантактаваць з амерыканскімі перасяленцамі, асабліва мармонамі[7]. Паколькі асноўнымі заняткамі шашонаў былі збіральніцтва і паляванне, з’яўленне на іх землях вандроўных перасяленцаў, што на шляху на Захад забівалі жывёлу і вынішчалі траву, успрымалася імі адмоўна.

У 1860-х гг. атрады заходніх і паўночных шашонаў рабілі напады на перасяленцаў. У адказ, 29 студзеня 1863 г. атрад каліфарнійскіх дабраахвотнікаў зрабіў напад на лагер паўночна-заходніх шашонаў каля Мядзвежай ракі[8]. Пры гэтым загінула некалькі сотняў індзейцаў. Выжылыя былі вымушаны даучыцца да мармонаў або былі пераселены ў рэзервацыю.

Усходнія шашоны на чале правадыра Вашакі[9], наадварот, паспяхова займаліся гандлем футрам і выступалі саюзнікамі ў барацьбе амерыканцаў супраць сіў. У 1863 г. і 1868 г. Вашакі падпісаў дагавор з урадам ЗША аб вылучэнні аўтаноміі для ўсходніх шашонаў. Ён з’яўляўся адзіным шашонскім правадыром, прызнаным амерыканскімі ўладамі.

У канцы XIX - пачатку XX ст. для шашонаў былі створаны рэзервацыі. Яны мелі розную ступень аўтаноміі. Найбуйнейшай з’яўлялася рэзервацыя Лемхі (1875 - 1907 гг.), што захоўвала традыцыйныя тэрыторыі паўночных шашонаў-лемхі і банак. Лічылася, што менавіта з шэрагаў лемхі паходзіла Сакаджавея[10]. Але ў 1905 - 1907 гг. яна была ліквідавана, а яе тубыльцы прымусова пераселены ў Айдаха.

З другой паловы XX ст. шашоны ўдзельнічаюць у руху амерыканскіх індзейцаў за свае правы.

Традыцыйная культура

Кош заходніх шашонаў

Вывучэнне культуры продкаў шашонаў, што насялялі горную мясцовасць Ваёмінга[11], паказвае, што іх асноўнымі заняткамі былі вандроўнае збіральніцтва і паляванне. Асноўнай здабычай горцаў былі снежныя бараны і алені. Яны таксама ўжывалі дзікія расліны, рыбу і казурак. Горныя шашоны збіралі і сушылі цвыркуноў, цыкад і конікаў. Для палявання і транспартыроўкі выкарыстоўвалі сабак. Прылады працы выраблялі з рогу, талькахларыту, кварцыту, крэмнію і абсідыяну[12]. Лукі з рогу, нажы і вопратка были важными таварамі для абмену з раўніннымі індзейцамі.

Усходнія шашоны ўжо ў XVII ст. асвоілі конегадоўлю і перасяліліся на Вялікія раўніны. Важную, але сезонную здабычу для іх складалі бізоны[13]. Для рыбалоўства адкачоўвалі ў горную мясцовасць. Жанчыны займаліся збіральніцтвам. Толькі ў XIX ст. у ўсходніх шашонаў з’явіліся каровы.

Вандроўны лад жыцця вымушаў шашонаў карыстацца часовымі разборнымі жытламі. Чальцы экспедыцыі Люіса і Кларка ўбачылі ў паўночных шашонаў травяныя хаціны без дахаў[14]. Горныя індзейцы ладзілі канічныя вікіяпы з сухіх драўляных бэлек, пакрытых травой[15]. Усходнія шашоны жылі ў скураных тыпі[16].

У XIX ст., калі пачаліся кантакты амерыканцаў з шашонамі, іх грамадства значна трансфармавалася. Гэтаму садзейнічалі перасяленні, эпідэмія воспы, што папярэднічала кантактам, войны з іншымі індзейцамі. У шашонаў Вялікага Басейна аснову сацыяльнай арганізацыі складала нуклеарная сям’я, якая вяла самастойную гаспадарку і кантралявала пэўную тэрыторыю[17]. Аднак для супольных паляванняў, святкаванняў і войн яны фарміравалі большыя па колькасці аб’яднанні на чале правадыра. Часцяком ён меў рэлігійныя функцыі. У паўночных шашонаў аб’яднанне мог узначальваць банак[18]. Колькасць чальцоў залежыла ад канкрэтнай мясцовасці. У некаторых груп да перасялення ў рэзервацыі роля правадыра набыла сталую функцыю. Прыкладам таму з’яўляюцца заходнія шашоны, падначаленыя Вашакі. Пасля перасялення ў рэзервацыі амерыканскія ўлады імкнуліся навязваць афіцыйных адміністатараў, а потым — выбраныя органы кіравання.

Статус шашона ў грамадстве вызначаўся яго полам, узростам і асабістымі дасягненнямі. На чале сям’і стаяў мужчына. Існавалі палігінія, абмен жонкамі паміж братамі, шлюбы з кроўнымі сваякамі[19][20]. Шашоны не білі дзяцей, аднак запугвалі злымі духамі. Выразнага ўзросту для ініцыяцый не было.

Шашоны знакаміты сваімі танцамі, якія мелі рэлігійную функцыю і суправаджаліся песнямі[21]. Захаваліся багатая міфалагічная і казачная традыцыі.

Мова

Шашонская мова належыць да нумійскай групы юта-ацтэкскай моўнай сям’і. Вылучаюцца 4 асноўныя дыялекты[22]. У нашы дні колькасць тых, хто стала падтрымлівае гутарковую мову не перавышае 1000 чалавек. У 1970-я гг. лінгвістамі распрацаваны алфавіт на аснове лацінкі.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія шашонаў заснавана на веры ў шматлікіх духаў і асабістыя звышнатуральныя здольнасці. Стваральнікам свету лічыўся воўк Іса[23]. Яго малодшы брат Каёт увасабляў хаатычныя сілы[24]. Шашоны верылі ў чароўную моц мрояў. Кожны мужчына мог быць арганізатарам цырымоній. Вылучаліся тыя, хто спецыялізаваўся на лекаванні супляменнікаў.

З другой паловы XIX ст. распаўсюджана хрысціянства.

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. The American Indian and Alaska Native Population: 2010
  2. SHOSHONES
  3. Te-Moak Tribe of Western Shoshone
  4. Northern Shoshone and Bannock Архівавана 14 верасня 2018.
  5. SHOSHONES
  6. SHOSHONES
  7. History: The Northwestern Band of Shoshonee
  8. Native History: Bear River Massacre Devastates Northwestern Shoshone
  9. Chief Washakie of the Shoshone – A Photographic Essay by Henry E. Stamm, IV, Ph.D.
  10. Lemhi-Shoshone Tribes
  11. Anne Marie Mistretta, The Mountain Shoshone – A history of the Sheep Eater Indians in the Big Sky area
  12. The Mountain Shoshone
  13. Eastern Shoshone - Economy
  14. Lewis and Clark. Native Americans. Shoshone Indians
  15. Wickiups and Other Wooden Features
  16. Eastern Shoshone - Settlements
  17. Johnson, A. The Evolution of Human Societies: From Foraging Group to Agrarian State… P. 62
  18. Northern Shoshone and Bannock - Sociopolitical Organization
  19. Northern Shoshone and Bannock - Marriage and Family
  20. Eastern Shoshone - Marriage and Family
  21. Customs and Traditions Shoshone Tribe
  22. Shoshone (Sosoni’ da̱i̱gwape)
  23. Legendary Native American Figures: Esa (Issa, Ysa, Pia’isa)
  24. Legendary Native American Figures: Coyote (West Coast and Northwestern)
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Індзейцы Паўночнай Амерыкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Народы ЗША