wd wp Пошук:

Цэнтральная Беларусь

Рэгіёны Беларусі (XIX-пач. XX ст.):
     Панямонне      Паазер'е      Падняпроўе      Заходняе Палессе      Усходняе Палессе      Цэнтральная Беларусь

Цэнтра́льная Белару́сь — этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае большую частку Мінскай і заходнюю ўскраіну Магілёўскай абласцей. На поўначы мяжуе з Паазер’ем, на ўсходзе — з Падняпроўем, на поўдні — з Усходнім Палессем, на захадзе — з Панямоннем.

Насельніцтва этнагенетычна склалася на славянскай аснове (патомкі дрыгавічоў і крывічоў).

Мова Цэнтральнай Беларусі належыць да сярэднебеларускіх гаворак, пераходных паміж паўднёва-заходнімі і паўночна-ўсходнімі гаворкамі.

Гісторыя

З X ст. паўночная частка рэгіёна ўваходзіла ў склад Полацкага княства. У пачатку XII ст. вылучыліся самастойныя Менскае, Ізяслаўскае, Лагожскае княствы. У XIV ст. Цэнтральная Беларусь увайшла ў ВКЛ. З пачатку XV ст. Менскі ўдзел знаходзіўся ў складзе Віленскага ваяводства (у 1566 г. было ўтворана Менскае ваяводства з цэнтрам у Менску).

Паўднёвая частка Цэнтральнай Беларусі ў старажытнасці была цесна звязана з Тураўскім княствам, дзе вылучыліся Слуцкі і Клецкі ўдзелы. У канцы XII ст. Слуцкі ўдзел зрабіўся самастойным княствам, якое ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай існавала як асобная адміністрацыйная адзінка да канца XVIII ст.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цэнтральная Беларусь увайшла ў склад Мінскай губерні.

У сярэдневякоўі Цэнтральная Беларусь размяшчалася на сумежжы Белай Русі і Чорнай Русі і як этнаграфічны рэгіён са сваімі адметнымі рысамі склалася ў XVIII—XIX ст. У ім былі сканцэнтраваны этнакультурныя рысы, характэрныя амаль для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Рэгіён адыграў важную ролю ў фарміраванні беларускай народнасці і культуры (Слуцк, Нясвіж, Клецк, Капыль і іншыя гарады доўгі час былі буйнымі цэнтрамі культурнага і палітычнага жыцця).

Паселішчы

Экспазіцыйная зона «Цэнтральная Беларусь» у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту
Інтэр'ер хаты з цэнтральнай Беларусі. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Характар сельскіх пасяленняў мяняецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад і поўдзень ад невялікіх вёсак, раскіданых сярод лясоў, да мнагадворных сёл на адкрытай мясцовасці. Пасяленні вызначаліся выразнай планіроўкай, нярэдка мелі браму ў канцы вуліцы, якая нанач зачынялася. Вясковае жыллё і хлявы звычайна будавалі на адным баку вуліцы, а гумны, свірны, адрыны — на другім. На тэрыторыі рэгіёна існавалі амаль усе тыпы забудоў (вянковы, пагонны, Г-падобны). Традыцыйнае сялянскае жыллё — хата + сенцы, хата + сенцы + клець, зрэдку — хата + хата + сенцы. Да сянец часам дабудоўвалі ганак. Зруб ставілі з сасновых бярвён, звязаных ў просты вугал з астаткам («у чашку»). Стрэхі крылі саломаю «пад шчотку», на ўсходзе пераважала драўлянае крыццё.

Адзенне

У традыцыйным народным адзенні жанчын рэгіёна былі пашыраны кашуля з полікамі стрыманага дэкору, суконны клятчасты або паласаты андарак (або льняная спадніца), фартух, гарсэт, каптур з «вушкамі», хустка або намітка (гл. капыльска-клецкі строй, ляхавіцкі строй, слуцкі строй, вілейскі строй).

Своеасаблівым арнаментам і каларыстычнай гамай вызначаюцца слуцкае ткацтва і капыльскае ткацтва.

Кераміка

Мясцовая кераміка па сваёй тэхналогіі і мастацкіх якасцях вызначалася разнастайнасцю і спалучала ў сабе рысы, уласцівыя суседнім рэгіёнам. У адных і тых жа ганчарных цэнтрах вядома па некалькі спосабаў апрацоўкі гліны і вырабу посуду. Фармовачную масу рыхтавалі звычайна з гліны аднаго гатунку (часам з дамешкам жарствы) і апрацоўвалі на нажным ганчарным крузе з рухомай воссю.

У XIX — пачатку XX ст. найбольш пашыраны быў задымлены і паліваны посуд (бабруйская кераміка, гарадоцкая кераміка, дарасінская кераміка), а таксама абвараная кераміка (сіняўская кераміка).

Вырабы размалёўвалі ў выглядзе хвойных галінак, стылізаваных кветак, паяскоў, хвалістых ліній (івянецкая кераміка, ракаўская кераміка).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Цэнтральная Беларусь
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара