wd wp Пошук:

Лагожскае княства

Лагожское (Лагойскае) княства — удзельнае княства з цэнтрам у горадзе Лагойск (Лагожск). Дакладныя межы княства не высветленыя.

Лагойск у пісьмовых крыніцах згадваецца ў «Павучанні Уладзіміра Манамаха» пры апісанні падзей 1078 года. У 1-й трэці XII ст., магчыма, Лагойск уваходзіў у Ізяслаўскае княства, якое належала Давыду Усяславічу.

У 2-й палове XII ст. Лагожскае княства згадваецца ўжо як асобны ўдзел, аднак згадкі пра князёў адрывістыя, паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1180 годзе тут княжыў саюзнік полацка-віцебскіх князёў Усяслаў Мікуліч; у 1186 годзе, паводле Лаўрэнцеўскага летапісу — Васілька Валадаравіч, які разам з наўгародцамі і смалянамі выступіў супраць палачан. Пасля 1186 года і да XIV ст. звестак пра княства няма.

Не пазней за 1-ю пал. XIV ст.[1] Лагойскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Пэўны час княства трымалі Войшвіл і Рыт. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла перадаў Лагойскае княства разам з Полацкім і Троцкім свайму брату Скіргайле, які фактычна быў яго намеснікам у Літве. У 1392 годзе Ягайла перадаў уладу Вітаўту, які ў пачаў раздаваць асобныя маёнткі Лагойскага княства: Ганявічы, Корань, Гасцілавічы, Коцалі. Напэўна, да Лагойскага княства належала і Харэцкая воласць у вярхоўях Бярэзіны.

Не пазней за 1-ю пал. XIV ст. з Лагойскага княства вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Заазер’е і, відаць, Смалявічы. Пазней ад княства заставалася невялікая частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала князю кіеўскаму Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 года — яго малодшаму брату Андрэю Уладзіміравічу. Па смерці Андрэя (1457) Гайну пакінулі ва ўладанні яго нашчадкаў, а Лагойск вярнуўся да вялікага князя, які і ў 1460 годзе надаў яго князю Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка[1].

Князі лагойскія

Зноскі

  1. 1 2 ЭнцВКЛ, 2005

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Княствы ў беларускай гісторыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Лагожскае княства
Катэгорыя·Гісторыя Беларусі (862—1236)
Катэгорыя·Гісторыя Лагойска
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара