Не блытаць з праславянскай мовай. Не блытаць з царкоўнаславянскай мовай.
Ста́раславя́нская мова (саманазва: словѣ́ньскъ ѩзꙑ́къ, літаральна — «славянская мова», трансл. slověnĭskŭ językŭ) — першая пісьмовая мова славян, заснаваная, як мяркуюць, у асноўным на дыялектах тагачасных славян, што жылі на тэрыторыі Грэчаскай Македоніі. Унармаванне мовы прыпісваецца візантыйскім грэчаскім місіянерам Кірылу і Мяфодзію, якія пасля стандартызацыі мовы пачалі выкарыстоўваць яе для перакладу Бібліі ды іншых грэчаскіх літургічных дакументаў, патрэбных, каб прапаведаваць хрысціянства сярод славян[1].
Мова адыграла прыкметную ролю ў гісторыі ўсіх сучасных славянскіх моў і паслужыла асноваю і ўзорам для развіцця пазнейшых традыцый царкоўнаславянскае мовы, якую некаторыя праваслаўныя і каталіцкія цэрквы дагэтуль выкарыстоўваюць у літургіі. Стараславянская мова з’яўляецца найстарэйшай пісьмова засведчанай з усіх славянскіх моў і таму вельмі карысная для рэканструкцыі праславянскае мовы — агульнай мовы-продка ўсіх славянскіх моў, якая не была пісьмова засведчана. У сваю чаргу, стараславянскую мову не трэба блытаць з праславянскай мовай: дыялекты, што леглі ў аснову стараславянскай мовы, узніклі пасля распаду праславянскай мовы.
Стараславянская мова ўзнікла як стандартызаваная мова для мэт місіі двух прапаведнікаў у Вялікую Маравію ў 863 годзе. Для гэтае мэты Кірыл і Мяфодзій пачалі перакладаць рэлігійную літаратуру на новую мову, заснаваную, як мяркуе большасць даследчыкаў, на тагачасных дыялектах радзімы асветнікаў — горада Фесалонікі, што на поўначы Грэцыі (заваяванай на той час славянамі)[2]. Пры падрыхтоўцы да місіі была створана новая азбука — глаголіца, якой сталі запісвацца пераклады асноўных малітоўных і літургічных кніг (Евангелле было перакладзена прыкладна ў гэты ж перыяд, але невядома, якія адносіны да гэтага мелі Кірыл і Мяфодзій). Мова і яе алфавіт вывучаліся ў Вялікамараўскай Акадэміі і выкарыстоўваліся для царкоўных і адміністрацыйных патрэб у 863—885 гадах. Тэксты гэтага перыяду ўтрымліваюць рысы тагачасных славянскіх дыялектаў Вялікае Маравіі. У 885 годзе мова ў краіне была забаронена Папам Рымскім. Вучні прапаведнікаў, будучы выгнанымі з краіны, у 886 годзе прынеслі глаголіцу ў Балгарыю.
У Балгарыі мова пачала выкладацца паводле дзвюх кніжных школ: Прэслаўскай і Охрыдскай[3][4][5]. Глаголіца першапачаткова выкарыстоўвалася ў абедзвюх школах, але ў Прэслаўскай неўзабаве на замену глаголіцы была створана кірыліца. Тагачасныя тэксты, напісаныя ў Балгарыі, маюць характэрныя дыялектныя рысы, уласцівыя тагачаснаму славянскаму насельніцтву царства. Прыблізна ў гэты ж перыяд стараславянская мова пачынае распаўсюджвацца па іншых славянскіх землях, такіх як Боснія, Харватыя, Сербія, Багемія, Малая Польшча, а таксама княствах Кіеўскае Русі, захаваўшы пры гэтым паўднёваславянскія дыялектныя асаблівасці. Пазнейшыя тэксты, напісаныя на кожнай з гэтых тэрыторый, пачалі насычацца рысамі мясцовых славянскіх гаворак той эпохі, у выніку чаго прыкладна ў сярэдзіне ХІ ст. стараславянская мова набыла вялікую колькасць рэгіянальных варыянтаў. Гэтыя мясцовыя варыянты агулам вядомыя пад імем царкоўнаславянскае мовы[6].
За межамі славянскіх краін стараславянская пісьмовая мова выкарыстоўвалася ў якасці богаслужэбнае мовы Румынскай Праваслаўнай Царквы і мовы справаводства ў Валахіі і Малдове, але ў XVI—XVII стст. была заменена мясцовай народнай мовай — румынскай. Пазнейшая форма мовы — царкоўнаславянская мова — на працягу многіх стагоддзяў мела прэстыжны статус сярод усходніх славян (асабліва ў Маскоўскай дзяржаве) і выконвала прыблізна тыя ж функцыі, што і латынь у заходніх славян. Але ў параўнанні з латынню царкоўнаславянская мова мела перавагу, бо была значна бліжэйшаю да народнай мовы. Некаторыя праваслаўныя цэрквы, напрыклад, Балгарская Праваслаўная Царква, Руская Праваслаўная Царква, Сербская Праваслаўная Царква, Украінская Праваслаўная Царква і Македонская Праваслаўная Царква дагэтуль выкарыстоўваюць царкоўнаславянскую мову поруч з нацыянальнымі мовамі сваіх дзяржаў у якасці моў богаслужэнняў.
Першапачаткова пісьмовая стараславянская мова выкарыстоўвала для сваіх патрэб глаголіцу, але пазней гэту азбуку амаль поўнасцю выцесніла кірыліцай, створаная па загаду балгарскага цара Барыса І у Х ст.[7]
Ніжэй прыведзены гукавы лад, які ў асноўным рэканструюецца для стараславянскай мовы. Гукі прыведзеныя ў спецыяльнай сістэме транскрыпцыі (а не IPA). Канкрэтная рэалізацыя кожнага гука невядомая з прычыны іх рознага вымаўлення ў кожным з рэгіёнаў выкарыстання мовы.
Лабіяльныя | Зубныя | Палатальныя | Велярныя | |
---|---|---|---|---|
Выбухныя | p b | t d | k g | |
Афрыкаты | c dz | č | ||
Фрыкатывы | s z | š ž | x | |
Насавыя | m | n | n' | |
Латэральныя | l | l' | ||
Дрыжачыя | r | r' | ||
Апраксіманты | v | j |
Літара щ пазначала розныя гукі, з гэтае прычыны яе гукавае значэнне не ўказана ў табліцы. У Балгарыі яна пазначала паслядоўнасць зычных /ʃt/ і таму транслітаруецца як št. На захад і поўнач ад краіны літара, імаверна, указвала зычны /c(ː)/ або /tɕ/ на ўзор сучасных македонскай, сербскахарвацкай моў і тарлацкіх дыялектаў;
/dz/ траплялася ў ранніх тэкстах, ператварыўшыся пазней у /z/;
Адрозненне між цвёрдымі l, n, r і іх палаталізаванымі аналагамі l’, n’, r’ на пісьме адлюстроўвалася не заўсёды. У выпадку пазначэння гэтага адрознення выкарыстоўваўся дыякрытычны знак камора.
Галосныя:
Адною з цікавых асаблівасцей стараславянскае мовы было шырокае выкарыстанне насавых галосных гукаў, якія мова гістарычна пераняла ад больш старажытных форм славянскага маўлення. У сучасных славянскіх мовах гэтыя галосныя амаль паўсюдна страчаныя, захаваліся толькі ў польскай ды кашубскай мовах, а таксама ў адзінкавых гаворках некаторых заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх моў. Вылучалася наяўнасць асаблівых звышкароткіх галосных, якія ў сучасных славянскіх мовах паўсюдна страчаныя.
|
|
Націск у мове не пазначаўся. Ён аднаўляецца дзякуючы звесткам сучасных славянскіх моў і рэканструкцый праславянскае мовы;
Вымаўленне яця (ě) было варыяцыйным у залежнасці ад рэгіёна. У Балгарыі ён звычайна ўяўляў сабою галосны ніжняга ўздыму, які рэканструюецца як /æ/. На поўнач ад Балгарыі ягонае вымаўленне імкнулася да верхняга ўздыму і, такім чынам, пераўтваралася ў /je/ або нават /i/ ў многіх рэгіёнах;
Былі звышкароткія галосныя, якія транскрыбуюцца звычайна як ĭ ды ŭ. Гэтыя галосныя былі больш сярэднімі і кароткімі ў адрозненне ад іх поўных аналагаў, i ды y/u. Іх знікненне пачалося ў большасці пазіцый у слове, яны сталі спарадычнымі ўжо ў найранейшых тэкстах. Мелі тэндэнцыю зліцця з іншымі поўнымі галоснымі, асабліва ĭ з e і ŭ з o, што, аднак, адрознівалася ў залежнасці ад рэгіёну. ŭ не трэба блытаць з сучасным беларускім лацінскім ŭ, якое пазначае іншы гук — /w/;
Дакладная артыкуляцыя насавых галосных невядомая, што тлумачыцца іх зліццём са звычайнымі галоснымі ў розных рэгіёнах. У паўднёваславянскіх мовах ę зліўся з e або ě, але ў паўднёваславянскіх ëн перайшоў у ja. ǫ агулам зліўся з u або o, але ў Балгарыі гэты гук, верагодна, стаў агубленым і зліўся з ŭ.
Фанатактыка:
У стараславянскай мове можна вызначыць некалькі заканамернасцей, якія абмяжоўвалі размеркаванне фанем. Гэтыя заканамернасці ўзніклі як вынік працэсаў часоў праславянскай мовы такіх як міжскладовы сінгарманізм і правіла адкрытых складоў. Для сцячэнняў зычных, сцячэнняў галосных і паслядоўнасцей галосных ды зычных могуць вызначацца наступныя заканамернасці[8]:
Дзве суседнія зычныя фанемы, як правіла, не маюць аднолькавую артыкуляцыю;
Ні адзін склад не заканчваецца на зычную;
Кожная латэральная зычная ўзгадняецца з наступнай паводле аглушэння або азванчэння;
Велярныя зычныя не стаяць перад галоснымі пярэдняга рада;
Фанетычна палаталізаваныя зычныя не з’яўляюцца перад пэўнымі галоснымі задняга рада сярэдняга ўздыму;
Галосныя задняга рада /y/, /ъ/, а таксама галосныя пярэдняга рада за выключэннем /i/ не ўзнікаюць у пачатку слоў: першыя атрымліваюць пратэтычнае /v/, другія — /j/. Пачатковая /a/ можа атрымаць пратэтычную зычную або не атрымаць яе ўвогуле;
Паслядоўнасці галосных засведчаныя толькі ў адной лексеме (paǫčina «павуцінне»), а таксама ў суфіксах незакончанага трывання /aa/, /ěa/;
На межах марфем могуць узнікаць наступныя паслядоўнасці галосных: /ai/, /au/, /ao/, /oi/, /ou/, /oo/, /ěi/, /ěo/.
Морфафанемічныя чаргаванні:
У выніку першай і другой палаталізацый велярныя зычныя пачалі чаргавацца з зубнымі і палатальнымі. Акрамя гэтага, у выніку працэсу, вядомага як ятацыя, велярныя і зубныя пачалі чаргавацца з палатальнымі пры словазмяненні.
першапачатковыя | /k/ | /g/ | /x/ | /sk/ | /zg/ | /sx/ |
---|---|---|---|---|---|---|
па першай палаталізацыі і ятацыі | /č/ | /ž/ | /š/ | /št/ | /žd/ | /š/ |
па другой палаталізацыі | /c/ | /dz/ | /s/ | /sc/, /st/ | /zd/ | /sc/ |
першапачатковыя | /b/ | /p/ | /sp/ | /d/ | /zd/ | /t/ | /st/ | /z/ | /s/ | /l/ | /sl/ | /m/ | /n/ | /sn/ | /zn/ | /r/ | /tr/ | /dr/ |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
па ятацыі | /bl'/ | /pl'/ | /žd/ | /žd/ | /št/ | /št/ | /ž/ | /š/ | /l'/ | /šl'/ | /ml'/ | /n'/ | /šn'/ | /žn'/ | /r'/ | /štr'/ | /ždr'/ |
У некаторых формах чаргаванне /c/ з /č/ ды /dz/ з /ž/ адбывалася ў лексемах, у якіх адсутнічалі адпаведныя ім велярныя. Зубныя пары велярных рэгулярна ўзнікалі перад /ě/, /i/ ў скланенні і загадным ладзе, трохі радзей — у розных формах пасля /i/, /ę/, /ь/, /rь/. Палатальныя аналагі велярных з’яўляліся перад галоснымі пярэдняга рада ва ўсіх іншых формах у пазіцыях, калі не з’яўляўся зубны аналаг, а таксама ў розных пазіцыях словазмянення і словаўтварэння (гл. ніжэй)[9].
У выніку ранейшых чаргаванняў кароткіх і доўгіх галосных у праіндаеўрапейскую, прабалта-славянскую ды праславянскую эпохі і пераўтварэння галосных у галосныя пярэдняга рада перад палаталізаванымі зычнымі ў стараславянскай мове былі наступныя чаргаванні (з вядомых):
/ь/ : /i/; /ъ/ : /y/ : /u/; /e/ : /ě/ : /i/; /o/ : /a/; /o/ : /e/; /ě/ : /a/; /ъ/ : /ь/; /y/ : /i/; /ě/ : /i/; /y/ : /ę/[9]. Часам адбывалася чаргаванне ∅ (нуль гука), якое ўзнікала ў выніку спарадычнае страты слабага ера (назва гука), што пазней адбылося амаль ва ўсіх тагачасных славянскіх дыялектах. Фанетычнае значэнне вакалізаванага моцнага ера залежыць ад дыялекту.
Як і праіндаеўрапейская мова, стараславянская мова мела ярка выражаную флектыўную марфалогію. Зменныя формы падзяляліся на імя і дзеясловы, імя, у сваю чаргу, уключала назоўнікі, прыметнікі і займеннікі. Лічэбнікі скланяліся на ўзор прыметнікавага або займеннікавага скланенняў, да таго ж, лічэбнікі 1—4 мелі адрозненне паводле граматычнага роду.
Імя адрознівалася паводле граматычнага роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), ліку (адзіночны, парны, множны) і склону (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, клічны, месны). Назоўнік адрозніваўся таксама паводле пяці граматычных класаў: з o/jo-коранем, a/ja-коранем, i-коранем, u-коранем і зычным коранем. Формы ўсіх флектыўных парадыгм звычайна алюстроўваюць морфафанемічныя чаргаванні. Пераход галосных у галосныя пярэдняга рада пасля палатальнымі і j стварыла два падвойныя флектыўныя класы — o : jo, a : ja, тады як палаталізацыя ўнутры кораня стала ў сваім родзе сінхроннай (параўн. адз. л. Н. с. vlьkъ «воўк» > адз. л. К. с. vlьče, адз. л. М. с. vlьcě). Прадуктыўныя класы мелі выгляд o/jo, a/ja ды i-каранёў. Некаторыя ўзоры падобных парадыгм прыведзеныя ніжэй:
Адзіночны | Парны | Множны | |||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Глёса | Тып кораню | Н.с. | К.с. | В.с. | Р.с. | М.с. | Д.с. | Т.с. | Н.с./К.с./В.с. | Р.с./М.с. | Д.с./Т.с. | Н.с./К.с. | В.с. | Р.с. | М.с. | Д.с. | Т.с. |
«места» | o м.р. | gradъ | grade | gradъ | grada | gradě | gradu | gradomь | grada | gradu | gradoma | gradi | grady | gradъ | graděxъ | gradomъ | grady |
«нож» | jo м.р. | nožь | nožu | nožь | noža | noži | nožu | nožemь | noža | nožu | nožema | noži | nožę | nožь | nožixъ | nožemъ | noži |
«воўк» | o м.р. | vlьkъ | vlьče | vlьkъ | vlьka | vlьcě | vlьku | vlьkomь | vlьka | vlьku | vlьkoma | vlьci | vlьky | vlьkъ | vlьcěxъ | vlьkomъ | vlьky |
«віно» | o н.р. | vino | vino | vino | vina | vině | vinu | vinomь | vině | vinu | vinoma | vina | vina | vinъ | viněxъ | vinomъ | viny |
«поле» | jo н.р. | polje | polje | polje | polja | polji | polju | poljemь | polji | polju | poljema | polja | polja | poljь | poljixъ | poljemъ | polji |
«жанчына» | a ж.р. | žena | ženo | ženǫ | ženy | ženě | ženě | ženojǫ | ženě | ženu | ženama | ženy | ženy | ženъ | ženaxъ | ženamъ | ženami |
«душа» | ja ж.р. | duša | duše | dušǫ | dušę | duši | duši | dušejǫ | duši | dušu | dušama | dušę | dušę | dušь | dušaxъ | dušamъ | dušami |
«рука» | a ж.р. | rǫka | rǫko | rǫkǫ | rǫky | rǫcě | rǫcě | rǫkojǫ | rǫcě | rǫku | rǫkama | rǫky | rǫky | rǫkъ | rǫkaxъ | rǫkamъ | rǫkami |
«косць» | i ж.р. | kostь | kosti | kostь | kosti | kosti | kosti | kostьjǫ | kosti | kostьju | kostьma | kosti | kosti | kostьjь | kostьxъ | kostъmъ | kostъmi |
«дом» | u м.р. | domъ | domu | domъ/-a | domu | domu | domovi | domъmь | domy | domovu | domъma | domove | domy | domovъ | domъxъ | domъmъ | domъmi |
Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду скланяліся паводле тыпу o/jo, жаночага — a/ja. Прыметнік мог мець кароткую (няпэўную) і поўную (пэўную) формы, апошняя ўтваралася шляхам дадання да няпэўнай формы суфікса jь анафарычнага займенніка трэцяй асобы. Сінтэтычнае словаўтварэнне выяўлялася ў цяперашнім, незакончаным часах і аорысце (від часу), у той час як закончаны час, плюсквамперфект, будучы і умоўны часы і лады ўтвараліся шляхам аб’яднання дапаможных дзеясловаў з дзеепрыметнікамі або сінтэтычнымі часавымі формамі. Ніжэй прыведзены ўзор падобных змен на прыкладзе дзеяслова vesti («весці»).
Асоба, лік | Цяперашні | Асігматычны аорыст | Сігматычны аорыст | Новы аорыст | Незакончаны | Загадны |
---|---|---|---|---|---|---|
1 ас. адз. л. | vedǫ | vedъ | věsъ | vedoxъ | veděaxъ | |
2 ас. адз. л. | vedeši | vede | vede | vede | veděaše | vedi |
3 ас. адз. л. | vedetъ | vede | vede | vede | veděaše | vedi |
1 ас. п. л. | vedevě | vedově | věsově | vedoxově | veděaxově | veděvě |
2 ас. п. л. | vedeta | vedeta | věsta | vedosta | veděašeta | veděta |
3 ас. п. л. | vedete | vedete | věste | vedoste | veděašete | |
1 ас. мн. л. | vedemъ | vedomъ | věsomъ | vedoxomъ | veděaxomъ | veděmъ |
2 ас. мн. л. | vedete | vedete | věste | vedoste | veděašete | veděte |
3 ас. мн. л. | vedǫtъ | vedǫ | věsę | vedošę | veděaxǫ |
Захавалася даволі маленькая колькасць пісьмовых помнікаў стараславянскае мовы, большая частка з іх складзена ў Першым Балгарскім Царстве ў перыяд Х—ХІ стст. Мова гэтых помнікаў мае паўднёваславянскую аснову з невялікім дадаткам заходнеславянскіх рыс, прынесеных місіяй Кірылы і Мяфодзія з Вялікай Маравіі — тэрыторыі, дзе цяпер распаўсюджаныя заходнеславянскія мовы. Адзіны добра захаваны рукапіс мараўскага ізводу стараславянскай мовы, т. зв. Кіеўскія Лісткі, адзначаецца заменай некаторых паўднёваславянскіх лексічных і фанетычных характарыстык заходнеславянскімі. У рукапісах Другога Балгарскага Царства колькасць заходнеславянскіх рыс павялічваецца.
Стараславянская мова цікавіць гістарычных лінгвістаў з прычыны захавання ў ёй архаічных рыс, якія, як лічацца, у мінулым былі агульнымі для маўлення славян. Некаторыя прыклады гэтых асаблівасцей:
У стараславянскай мове таксама захоўвалася надзвычай старажытная сістэма акцэнтуацыі (сістэма націску), але яна не адлюстроўвалася ў пісьмовых дакументах. Імаверна, гэтая архаічная сістэма можа прыблізна захоўвацца ў чакаўскім дыялекце сербскахарвацкае мовы.
Стараславянская мова мае паўднёваславянскае паходжанне. Гэта відаць з наступных крытэрыяў:
Фанетычныя:
Пераход ra > /la/ згодна з мэтатэзай плаўных праславянскіх сцячэнняў *or, *ol;
Пераход праславянскага *xě < *xai ў sě;
Пераход праславянскіх *kvě, *gvě < *kvai, *gvai ў cv, (d)zv
Марфасінтаксічнае выкарыстанне прыналежнай формы давальнага склону ў асабістых займенніках і назоўніках: рѫка ти (rǫka ti, «твая рука»), отъпоущенье грѣхомъ (otŭpuštenĭje grěxomŭ, «прабачэнне грахоў»), перыфрастычны будучы час з выкарыстаннем дзеяслова хотѣти (xotěti, «хацець»), выкарыстанне параўнальнай формы мьнии (mĭniji, «менш») у значэнні «маладзейшы».
Марфасінтаксічнае выкарыстанне суфіксальных указальных займеннікаў тъ, та, то (tŭ, ta, to «той», «тая», «тое»). У балгарскай ды македонскай мовах пераўтварыліся ў суфіксальныя пэўныя артыклі.
Акрамя гэтага, стараславянская мова па шэрагу рыс збліжаецца непасрэдна з адной з паўднёваславянскіх моў — балгарскай.
Праславянская | Стараславянская | Балгарская | Чэшская | Македонская | Польская | Руская | Славацкая | Славенская | Сербскахарвацкая |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
*dʲ | ʒd | ʒd | z | ɟ | dz | ʑ | dz | j | dʑ |
*ɡt/kt, *tʲ | ʃt | ʃt | ts | c | ts | tɕ | ts | tʃ | tɕ |
Мова была ўпершыню стандартызавана дзякуючы місіі Кірылы і Мяфодзія ў Вялікую Маравію 863 года. Рукапісы Маравіі лічацца найранейшым ізводам стараславянскай мовы. Ён названы ў гонар свайго паходжання, дзяржавы, што існавала ў перыяд Х ст. на тэрыторыях сучасных Чэхіі і Славаччыны.
У т. зв. Пражскіх фрагментах мараўскі ўплыў выяўляўся толькі ў замене /ʃt/ на /ts/ і /ʒd/ на /z/, пра што сведчыць узор Кіеўскай Лісткоў (гл. вышэй). Некаторыя іншыя моўныя асаблівасці:
Стараславянская мова была кадыфікавана ў Першым Балгарскім царстве і вывучалася спачатку ў Прэславе (сталіца дзяржавы, 893—972 гг.), потым — у Охрыдзе (сталіца 991—995, 1015 гг.)[10][11][12]. Гэты варыянт мовы пакуль яшчэ не ўяўляў сабою рэгіянальны дыялект мовы, але быў своеасаблівым папярэднікам усходняй падгрупы паўднёваславянскіх моў, якая, аднак, немагчыма лакалізаваць[13]. Існаванне двух асноўных цэнтраў літаратуры царства прывяло да ўзнікнення двух ізводаў, балгарскага і македонскага (ізвод — рэгіянальная вэрсія якой-небудзь старой пісьмовай мовы, звычайна тэрмін выкарыстоўваецца адносна славянскіх моў)[14][15]. Некаторыя лінгвісты, зрэшты, не выдзяляюць двух ізводаў, называючы абодва разам македонска-балгарскім або проста балгарскім ізводам[16][17][18].
Некаторыя лінгвісты змянялі сваё меркаванне па гэтым пытанні: так, амерыканскі лінгвіст Г. Лунт меркаваў, што адрозненні ў першапачатковай стараславянскай мове недастатковыя, каб сцвярджаць існаванне двух розных ізводаў, македонскага і балгарскага. Пазней ён жа, грунтуючыся на палеаграфічных, фаналагічных і іншых адрозненнях, прыйшоў да вываду пра існаванне двух асобных ізводаў стараславянскай мовы[19].
На думку некаторых даследчыкаў развіццё стараславянскае мовы спрыяла прадухіленню асіміляцыі паўднёвых славян і фарміраванню асобнай балгарскай ідэнтычнасці[20][21].
Пазнейшае выкарыстанне стараславянскае мовы ў іншых рэгіёнах прывяло да насычэння мовы мясцовымі рысамі, але шэраг паўднёваславянскіх рыс захаваўся. Сярод пазнейшых ізводаў мовы адзначаюцца славенскі, харвацкі, сербскі і рускі ізводы, але яны адносяцца да пазнейшай формы мовы — царкоўнаславянскай. Практычна ва ўсіх іх адбылася дэназалізацыя юсаў.
Большая частка заходніх лінгвістаў выкарыстоўвае для пазначэння мовы тэрмін старацаркоўнаславянская мова або скарачэнне OCS, радзей ужываецца тэрмін старабалгарская мова. У літаратуры Беларусі і СССР выкарыстоўваецца ў асноўным тэрмін стараславянская мова.
Вікіпедыя мае раздзел, напісаны