wd wp Пошук:

Евангелле

Хрысціянства

Біблія
Стары Запавет · Новы Запавет
Апокрыфы
Евангелле
Дзесяць запаведзей
Нагорная пропаведзь

Бог Айцец
✯ Ісус Хрыстос
Святы Дух
Тройца
Анёлы
Д'ябал

Гісторыя хрысціянства
Храналогія хрысціянства
Апосталы
Сусветныя саборы
Вялікі раскол
Крыжовыя паходы
Рэфармацыя

Хрысціянскае багаслоўе
Грэхападзенне · Грэх · Дабрадзейнасць
Выкупленне
Выратаванне · Уваскрэсенне
Другое прышэсце · Богаслужэнне
Дабрадзейнасці · Таінствы

Галіны хрысціянства
Каталіцтва · Праваслаўе
Пратэстанцызм
Антытрынітарыі

Евангелле (грэч.: euaggelion — добрая вестка) — агульная назва першых чатырох кніг Новага Запавету пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста.

Агульнае

Шарашоўскае Евангелле (XVI ст.). Апостал Лука.

У канон кніг Бібліі ўваходзяць: Евангелле ад Мацвея, з ліку 12 вялікіх апосталаў Ісуса Хрыста; Евангелле ад Марка, з ліку 70 меншых апосталаў, які быў спадарожнікам вялікага апостала Пятра; Евангелле ад Лукі, з ліку меншых апосталаў, спадарожніка вялікага апостала Паўла; Евангелле ад Іаана, з ліку вялікіх апосталаў.

Тры першыя кнігі Чацвераевангелля (ад Мацвея, ад Марка, ад Лукі) у біблеістыцы названы сінаптычнымі (грэч. зводныя; падзеі, якія можна аглядаць разам), таму што яны блізкія паміж сабою кампазіцыяй і зместам. Ад сінаптычных евангелляў, у якіх апавядаецца пераважна пра зямное жыццё Хрыста і цуды, створаныя ім у Галілеі, адрозніваецца Евангелле ад Іаана, дзе гутарка ідзе пра духоўны сэнс Хрыста-богачалавека, увага акцэнтуецца на боскай прыродзе Хрыста і на цудах, створаных ім у Іўдзеі. Рукапісы-першакрыніцы Чацвераевангелля напісаны старажытнагрэчаскай мовай александрыйскай рэдакцыі, вядомай адукаваным людзям Рымскай імперыі і суседніх дзяржаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што першае Евангелле ад Мацвея напісана ў арыгінале на арамейскай мове. Усе чатыры Евангеллі, узаемадапаўняльныя паводле зместу, адзіныя паводле хрысталагічнай канцэпцыі, прызнаны хрысціянскай царквою кананічнымі ў адрозненне ад некананічных, вольных інтэрпрэтацый евангельскага зместу (евангеллі ад Пятра, ад Андрэя, ад Філіпа і інш.; гл. Апокрыфы). Кананічныя Евангеллі складаюць асноўную крыніцу і крытэрый хрысціянскай веры, таінстваў і догматаў, сімвалічна выяўленых у боскай літургіі і царкоўным мастацтве. Пропаведзь Евангелля, пераўтварэнне асабістага і грамадскага жыцця паводле Хрыстовага закону свабоды — асноўнае прызначэнне хрысціянскай царквы.

Час стварэння

Папірус 125 г. з тэкстам Евангелля.

Паводле царкоўнай традыцыі, Евангелле напісана вучнямі Хрыста і іх паслядоўнікамі ў 2-й палове I стагоддзя. Самым раннім па часе ўзнікнення, відаць, з’яўляецца Евангелле ад Марка, паколькі ў ім ёсць намёкі на іўдзейскае паўстанне 66-70-х гадоў. Час яго стварэння можна аднесці на 70-я гады. Кароткі тэкст гэтага Евангелля паслужыў крыніцай для евангелляў ад Мацвея і Лукі. Наяўнасць у яго тэксце значнай колькасці лацінізмаў дала падставу хрысціянскаму багаслову Кліменту Александрыйскаму (2―3 ст.) меркаваць, што напісана яно было за межамі Палесціны, магчыма, у Рыме. Узнікненне ж Евангелля ад Мацвея навуковая літаратура звязвае з Сірыяй, як і тэкст Евангелля ад Іаана, які, паводле царкоўнай традыцыі, прывязваецца да Эфеса. Запісы ж Евангелля ад Лукі адносяцца да розных месцаў ад Кесарыі да Рыма. Самае апошняе па часе свайго напісання Евангелле ад Іаана адлюстравала ў сабе пэўныя рысы агнастыцызму, якія не ўласцівы тром іншым кананізаваным у 4 стагоддзі хрысціянскай царквою евангеллям.

Крытыка

Навуковая крытыка, заснаваная на тэксталагічным даследаванні кананічных кніг, паказала, што звесткі пра цуды Хрыста маюць шмат агульнага з разнастайнымі тагачаснымі крыніцамі і магчыма скампанаваныя ў 23 стагоддзях у перыяд узнікнення самой хрысціянскай царквы і афармлення яе веравызнання. Падобныя да евангельскага апісання жыцця Хрыста шматлікія міфы усходніх паганскіх рэлігій аб паміраючых і ўваскрасаючых багах, таксама прасочваюцца магчымыя запазычанні са сказанняў пра Майсея, Ісуса Навіна і іншых прароцтваў са Старога Запавету. Прасочваючы гісторыю жыцця Хрыста, крытыка звярнула асаблівую ўвагу на розныя супярэчнасці, якія маюцца ў тэкстах кананічных евангелляў — адзначана, што аўтары кананічных евангелляў праявілі дрэннае веданне гісторыі і геаграфіі Палесціны пачатку н. э. Так, евангелісты сцвярджаюць, што нараджэнне Хрыста адбылося ў часы панавання іўдзейскага цара Ірада, хоць апошні памёр у 4 да н.э. Недарэчнымі з’яўляюцца і ўпамінанні евангелістамі Назарэта, Капернаума і іншых гарадоў і мястэчак, якіх яшчэ не было ў 1 стагоддзі, калі, паводле сцверджання хрысціянскіх багасловаў, ствараліся тэксты кананічных евангелляў. Падобныя факты даюць падставу сцвярджаць, што кананічныя евангеллі ствараліся ў розны час і з’яўляюцца вынікам шматразовых перапрацовак, якія рабіліся ў розных месцах.

Прадстаўнікі рацыяналісцкай крытыкі Бібліі і хрысціянства — матэрыялістычнага (французскія філосафы-асветнікі 2-й пал. 18 ст.) і ідэалістычнага (Б. Баўэр, Д. Штраус; 19 ст.) кірункаў — адмаўлялі рэальна-гістарычны змест Евангелля, бачылі ў ім міфы і легенды 2—4 ст., аднак ацэньвалі міфалогію і рэлігію па-рознаму: матэрыялісты-асветнікі схіляліся да атэізму, некаторыя з іх прызнавалі толькі сацыяльна-рэгулятыўную ролю евангельскага вучэння; паслядоўнікі ідэалістычнай плыні «міфалагічнай школы» ў рэлігіязнаўстве адзначалі яго духоўна-этычную каштоўнасць. У савецкі час ад папярэдняй традыцыі бралася толькі адмаўленне гістарычнасці евангельскіх падзей і аднабаковая крытыка евангельскіх маральных установак, у выніку чаго т. зв. навуковы атэізм у 1920—1930-я гады набыў вульгарна-сацыялагічны кірунак. У сучасным еўрапейскім рэлігіязнаўстве заўважаецца тэндэнцыя да сінтэзу гістарычнай (багаслоўскай) і крытычна-міфалагічнай інтэрпрэтацый Евангелля, спалучэння экзегетыкі і філасофскай герменеўтыкі. У полі зроку гэтай філасофіі евангельская гісторыя бачыцца як тоеснасць рэальнасці і міфа. На думку Мікалая Бярдзяева, міф не ёсць адмаўленне рэальнасці, наадварот, ён сведчыць пра найглыбейшае быццё, якое раскрываецца ў Бібліі як падзеі, што выходзяць за межы гісторыі ў надчасавую, вечную рэальнасць.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Хрысціянства
Хрысціянства
Біблія