Саматэ́вічы[1] (трансліт.: Samatevičy, руск.: Самотевичи) — былая вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Чарняўцы. Уваходзіла ў склад Беладубраўскага сельсавета.
Саматэвічы — даўняе мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны, малая радзіма народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Знаходзілася за 30 км на паўднёвы захад ад Касцюковічаў, за 33 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Крычаў — Сураж); на аўтамабільнай дарозе Касцюковічы — Красная Гара. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхароў вёскі ў 1991 годзе перасялілі ў Новыя Саматэвічы, а само паселішча было ліквідавана ў 2015 годзе[2].
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1585 годзе як сяло Крычаўскай воласці і староства Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасці. У 1668 годзе ўпершыню значыцца царква. У XVIII стагоддзі побач існавалі мястэчка Саматэвічы, дзе было 42 двары і аднайменнае сяло[3]. Паводле інвентару Крычаўскага староства 1694 года, у паселішчы было 4 дымы, паводле інвентару 1709 года — 8 дымоў, 6 валок зямлі.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Саматэвічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе станам на 1795 год знаходзіліся ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні, з’яўляліся ўласнасцю графа Р. А. Пацёмкіна. У 1842 годзе была пабудавана Свята-Троіцкая царква, у 1864 годзе адчынена народнае вучылішча, дзе ў 1889 годзе было 54 вучняў. З 1867 года двойчы на год праводзіліся кірмашы на Іллю. Уладальнік сяла меў у Саматэвічах і Кісялёўцы 107 дзесяцін зямлі.
Па звестках 1880 года, Саматэвічы (яно ж Дзімітраўск[4]) — мястэчка, уласнасць Дзмітрыя Станіслававіча Галынскага, цэнтр воласці. У 1885 годзе ў паселішчы налічваліся валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, бровар (у 1879 годзе працавалі 9 рабочых), 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленне[5]. Вяскоўцы, апрача земляробства, займаліся бондарствам і кавальствам. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, існавалі аднаменныя мястэчка (77 двароў, багадзельня, карчма, крама, малітоўны дом, фельчарскі ўчастак) і сяло (162 двары, царква, хлебазапасны магазін)[6].
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Саматэвічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Саматэвічы вярнулі Беларусі, дзе 20 жніўня 1924 года яны сталі цэнтрам Саматэвіцкага сельсавета ў Касцюковіцкім раёне Калінінскай акругі (з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці).
Да гэтага часу ў Саматэвічах ужо дзейнічала 4-гадовая школа (заснавана ў пачатку 1920-х гадоў у былым панскім палацы), якая ў 1924 годзе была ператворана ў 7-гадовую. У тым жа годзе ў школе налічвалася 121 вучняў, у 1927 годзе — 321 вучань, у 1928 годзе былі адчынены класы са спецыялізацыяй па пчалярстве. У міжваенны перыяд у вёсцы працавалі таксама хата-чытальня, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, фельчарска-акушэрскі пункт (адчынены ў 1926 годзе), дзіцячая пляцоўка і яслі, вузел сувязі (арганізаваны ў 1933 годзе), кааператыўнае і сельскагаспадарчае таварыствы. Утвораны саўгас меў у 1930 годзе 2 тыс. га зямлі, уваходзіў у Аршанскі свінагадоўчы трэст. У 1935 годзе ў вёску была праведзена электрычнасць ад Бялынкавіцкай ГЭС[6].
Падчас Другой сусветнай вайны ў снежні 1942 года нацысты забілі 283 жыхароў Саматэвічаў і ў лютым 1943 года спалілі 16 двароў вёскі.
У пасляваенны перыяд у вёсцы дзейнічалі аптэка, бальніца, бібліятэка, дзіцячы сад-яслі, дом культуры, лесапільня, сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, 2 сталовыя, 5 спартыўных пляцовак і 6 крамаў. У 1977 годзе да Саматэвічаў, якія былі цэнтрам аднайменнага саўгаса, былі далучаны вёскі Зелянковічы 1 і Зелянковічы 2. У 1984 годзе быў заснаваны літаратурны музей ураджэнца Саматэвічаў Аркадзя Куляшова (у 1986 годзе перамешчаны ў Касцюковіцкі краязнаўчы музей).
У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары паселішча ў 1991 годзе былі пераселены ў пасёлак Новыя Саматэвічы за 20 км ад вёскі. 30 чэрвеня 2015 года паселішча было ліквідавана, зруйнаваны больш за 1.5 тыс. пабудоваў, акрамя царквы.