wd wp Пошук:

Пруская вайна

Тытульны аркуш выдання паэмы Яна Вісліцкага «Пруская вайна». Кракаў, 1516

«Пруская вайна» (лац.: Bellum Prutenum) — эпічная гістарычная паэма, напісаная ў 1515 годзе Янам Вісліцкім. Упершыню выдадзена ў 1516 годзе кракаўскім друкарскім дваром Яна Галера. У паэме услаўляецца перамога над крыжакамі, здабытая як народнае змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў беларускай, польскай і літоўскай літаратурах.

Трохчасткавая кампазіцыя нагадвае структуру музычнай сімфоніі, створанай сродкамі антычнай паэтыкі, якая тут спалучаецца з хрысціянскім рамантызмам, сярэднявечным духам рыцарства і фальклорнай маляўнічасцю. Яну Вісліцкі стаў пачынальнікам свецкай плыні ў эпічнай паэзіі Польшчы, Літвы і Беларусі, прыбранай у антычныя строі — класічную латынь. Вялікую гістарычную падзею, рыцарскія подзвігі Ягайлы і Вітаўта паэт падсвяціў святлом любові да сваёй радзімы. Вопыт Яна Вісліцкага, верагодна, выкарыстаў аўтар ліра-эпічнай паэмы «Песня пра зубра» (1522) Мікола Гусоўскі.

Змест

«…Потым жа верасень быў,
што табе пераможныя лаўры
Шчодрай рукою прынёс:
ты адолеў шматлікае войска
Скіфскага[1] князя вялікага,
многа ваеннай здабычы,
Многа варожых харугваў
з палоннымі хутка даставіў
Ты да высокіх муроў
тваёй велічнай Вільні Літоўскай[2]…»

Урвак з «Прускай вайны».[3]

Паэма складаецца з трох частак, альбо, паводле тагачаснай тэрміналогіі, з трох кніг.

Першая частка

Першая частка — паэтычная прэлюдыя, экспазіцыя да гераічнага эпасу, умоўна-малітоўны зварот да алімпійскіх багоў і музы эпічнай паэзіі Каліёпы з просьбай удыхнуць у грудзі паэта натхненне для праслаўлення караля і вялікага князя Жыгімонта I, яго слаўнага дзеда Ягайлы, дынастыі Ягелонаў. Паэт называе іх метафарычна «сармацкімі каралямі», умоўна-паэтычна далучаючыся да антычных міфаў пра сармацкае паходжанне(руск.) бел. славянскіх народаў.

Другая частка

Другая, цэнтральная, частка паэмы анатавана аўтарам так: «Кніга другая пакажа Літвы лясістай прасторы, слаўны народ той, адкуль мужны Ягайла пайшоў». Яна прысвечана гісторыі заваявання крыжакамі прусаў(руск.) бел., апісанню агрэсіўнай палітыкі нямецкага Ордэна да сваіх суседзяў, падрыхтоўцы і ходу самой Грунвальдскай бітвы, якая скончылася перамогай аб’яднаных сіл саюзнікаў пад кіраўніцтвам караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта. У якасці гістарычных крыніц паэт выкарыстаў «Гісторыю Польшчы» Яна Длугаша, лісты караля Ягайлы, народныя легенды і гістарычныя паданні. У апісанні войнаў Ян Вісліцкі выкарыстаў вопыт антычнай паэзіі, імітацыю язычніцкай міфалогіі, ствараючы вобразы-эўфемізмы: збожжа — дары Цэрэры, пачалася вайна — «Марс жорсткі паўстаў». Ён добра ведаў народную паэтыку, карыстаўся ёю, апісваючы напады крыжакоў на польскія землі.

Трэцяя частка

Трэцяя частка паэмы «Пруская вайна» прысвечана шлюбу Ягайлы, які не меў дынастычнага пераемніка, з беларускай князёўнай Соф’яй Гальшанскай. Яна, кажа паэт, «чароўная німфа ў краіне русінаў, Боская німфа — найпрыгажэйшая ў свеце дзяўчына». Поруч з урачыстым аратарскім стылем тут ёсць пастаральныя матывы, дасціпныя эўфімізмы, напрыклад, пра тое, як Юпітэр турбаваў алімпійскіх багоў, «шукаючы князю сівому сужонку». Па кантрасту з гераічнымі вобразамі слаўных рыцараў папярэдняй часткі паэмы ўвага перанесена на лірычную тэму — песню пра любіміцу народа, добрую шляхцянку слаўнага роду Гальшанскіх, што красою сваёю пераўзышла грэчаскіх багінь і німфаў. На вяселле Юпітэр склікае ўсіх алімпійцаў: багіня Юнона абяцае маладой шчасце і багацце, Мінерва гарантуе яе дзецям мудрасць, а Марс зычыць усёй дынастыі ваенную славу. Урэшце багіня кахання прыводзіць на вяселле «німфу русінаў» Соньку. Народ славіць каралеўскі шлюб радаснымі песнямі, музыкай, гучаць ліры і гуслі.

Выданні і пераклады

Першавыданне «Прускай вайны» захавалася ў адзіным экзэмпляры ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Толькі ў 1887 годзе паэма была перавыдадзена на лацінскай мове з даследаваннем і каментарамі Браніслава Кручкевіча таксама на латыні. Яшчэ ў 1874 годзе Уладзіслаў Сыракомля пераклаў на польскую мову ўрывак з паэмы Яна Вісліцкага. У 1880 годзе К. Мехежынскі напісаў невялікую працу пра Яна Вісліцкага і прывёў некалькі вершаваных і празаічных урыўкаў з «Прускай вайны». Поўны вершаваны пераклад паэмы на польскую мову з’явіўся толькі ў 1932 годзе ў Львове.

Поўны пераклад паэмы на беларускую мову ўпершыню ажыццявіла Жанна Некрашэвіч-Кароткая (апубл. 1997).

Беларускія пераклады

Зноскі

  1. тут, маскоўскага
  2. Размова ідзе пра ваенны трыумф Жыгімонта і яго войска, якое 22 верасня 1514 года ўвайшло ў Вільню, здабыўшы перамогу пад Оршай.
  3. Жанна Некрашэвіч-Кароткая. Дзень Перамогі, асвечаны Маці Божай // Наша Вера, 29 сакавіка 2004

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Літаратура Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Паэмы на лацінскай мове
Катэгорыя·Паэмы 1515 года
Катэгорыя·Літаратура Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай