wd wp Пошук:

Мікола Гусоўскі

Мікалай (Мікола) Гусоўскі (лац.: Nicolaus Hussovianus; польск.: Mikołaj Hussowczyk, Mikołaj Hussowski; ~1470 — пасля 1533) — беларускі[3][4][5] і польскі[4] паэт, гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння. Пісаў у публіцыстычным, эпічным, гераічным, лірычным, гістарычным і сатырычным жанрах. З нагоды 500-годдзя (1980) Мікола Гусоўскі ўключаны ЮНЕСКА ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячаў сусветнай культуры.

Біяграфія і адукацыя

Паводле адной з версій, нарадзіўся верагодна ў вёсцы Уса (Усава) у цэнтральнай Беларусі[4], дакладнае месцазнаходжанне якой дагэтуль нявысветленае за нястачаю дакументальных крыніц. Даследчыца Жанна Некрашэвіч-Кароткая выказала меркаванне аб радзіме паэта ў межах сучасных Гомельскага ці Буда-Кашалёўскага раёнаў Гомельскай вобласці — на р. Уза або ў населеных пунктах Уза ці Гусявіца[6].

Паходзіў з сям’і паляўнічага.

Пачатковую адукацыю атрымаў у кафедральнай або царкоўна-прыходскай школе. Працягваў навучанне ва ўніверсітэтах Балонні, Вільні, Кракава.

Вялікую ролю ў яго лёсе адыграў мецэнат Эразм Вітэлій (Цёлак) — сакратар велікакняжацкай канцылярыі, біскуп плоцкі. У 1518 у складзе літоўска-польскай дыпламатычнай місіі (1518—1522), якую ўзначальваў Вітэлій, Мікола Гусоўскі трапіў спачатку ў Аўгсбург (рэзідэнцыя імператара Свяшчэнай Рымскай імперыі Максіміліяна I), а затым у Рым, да двара папы Льва X. У Італіі канчаткова сфарміраваліся яго творчыя індывідуальнасць і літаратурнае крэда. Выконваючы заказ Вітэлія для папы Льва Х, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў, Мікола Гусоўскі стварыў у 1521 у Рыме свой лепшы твор «Саrmеn dе stаturа fеrіtаtе ас vеnаtіоnе bіsоntіs» («Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго»), дзе выклаў шматгранную ідэйна-эстэтычную, педагагічна-асветніцкую праграму. У 1523 у Кракаве выдаў у друкарні Ераніма Віетэра паэтычны зборнік «Песня пра зубра», які складаўся з празаічнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў, напісаных пераважна ў рымскі перыяд. У прысвячэнні, адрасаваным каралеве Боне, паэт прасіў яе ўзяць на сябе дзяржаўнае апякунства над таленавітымі і спрактыкаванымі ў навуцы і мастацтве людзьмі.

Гуманістычнасць

М. Гусоўскі на паштовай марцы

Паэт змог прыўзняцца над вузкасаслоўным, каставым мысленнем і выступіў як выразнік перадавых грамадска-палітычных і эстэтычных поглядаў таго часу і папулярызатар гісторыі і культуры Беларусі і Літвы на сусветнай арэне, прадстаўнік рэнесанснага рэалізму. Паэт першы ў славянскай літаратуры ўбачыў і адлюстраваў пачатак крызісу сацыяльна-палітычнага ладу Вялікага Княства Літоўскага, крытыкаваў сацыяльна-класавую палітыку Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, быў выразнікам настрояў баяр, шляхты і гараджан. З мэтай маральна-этычнага ўдасканалення грамадства, павышэння яго адукаванасці Мікола Гусоўскі прапагандаваў сістэму лацінскай еўрапейскай адукацыі («сем свабодных навук»).

У войнах паэт бачыў адну з найважнейшых прычын няшчасцяў чалавецтва, пакут радзімы і народа. Ён заклікаў спыніць міжусобіцы паміж уладарамі хрысціянскай Еўропы, прапаведаваў роўнасць народаў. Грамадзянскай пазіцыяй пісьменніка ён лічыў абуджэнне нацыянальнай свядомасці свайго народа. Мікола Гусоўскі даў цудоўныя ўзоры грамадзянскай патрыятычнай лірыкі. Заклікаў суайчыннікаў задумацца над цяжкім становішчам радзімы, усвядоміць, што галоўны яе біч — гэта палітыка ўладароў. Пясняр прыроды, працы і свабоднага чалавека ў беларускай і ўвогуле ўсходнееўрапейскай літаратуры, Мікола Гусоўскі выказаў замілаванасць і гарачую любоў да роднай зямлі. Ярка паказаў жыццё мужных, працавітых людзей, паляўнічых, ратнікаў, бортнікаў, аратых, іх працоўную і ратную дзейнасць, побыт і звычаі, ідэалізаваў вобраз вялікага князя Вітаўта. У народнай мудрасці ён бачыў невычэрпную крыніцу паэзіі, інфармацыі і адну з прычын стойкасці народнага духу. Паэт паклаў пачатак збіранню народнай мудрасці беларусаў. Ён авалодаў скарбамі беларускага народнага гумару, прынцыпамі яго выкрывальнага ўздзеяння, выступаў супраць тых, хто лічыў, што вучоная лацінская паэзія па сваім характары несумяшчальная з творчасцю народа.

«Песня пра зубра»

Першы аркуш 1-га кракаўскага выдання (1523) «Песні пра зубра»

Асноўны артыкул: Песня пра зубра (лац.: «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis») (1521—1522) — паэма напісаная на класічнай лацінскай мове. Спачатку твор быў прысвечаны Папу Льву X, у пазнейшым выданні (Кракаў, 1523) — каралеве Боне. Паэма лічыцца непераўзыйдзенай у эпічным паказе Беларусі і беларускага народа да з’яўлення паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. У паэме яскрава выражаны патрыятычны заклік да яднання і дружбы розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне дзейснай, свабоднай, гарманічна развітой і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны пафас, рэнесансна-ўтапічная канцэпцыя гарманічных узаемадачыненняў чалавека, грамадства і прыроды, міждзяржаўных адносін. Усе часткі твора аб’яднаны тэмай лёсу радзімы, адданасці роднай зямлі. Мікола Гусоўскі стварыў мастацка-гістарычны гімн прыгажосці сваёй зямлі. Зубр у паэме — алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго былой магутнасці. Вялікая заслуга Міколы Гусоўскага ў пастаноўцы ім праблемы аховы прыроды, беражлівых адносін да яе, рацыянальнага выкарыстання і памнажэння багаццяў радзімы. Для Міколы Гусоўскага прырода — усенародны здабытак і крыніца здароўя, радасці, выхавання высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуццяў. «Песня пра зубра» напісана ім на класічнай латыні, але ў ёй ёсць прыкметы жывой беларускай мовы. Паэзія Міколы Гусоўскага паўплывала прама ці апасродкавана на станаўленне гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага, росквіт лацінскай, уласнабеларускай і польскай літаратур, на развіццё такіх жанраў ва ўсходнееўрапейскай літаратуры, як лірыка-эпічная, гістарычная і сатырычная паэма, элегія, эпіграма.

«Новая і славутая перамога…»

«Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы» (Кракаў, 1524) — паэма, створаная за адзін дзень па гарачых слядах падзей. Напісаная хворым, змучаным неўладкаванасцю жыцця чалавекам, яна здзіўляе сілай мастацкага асэнсавання народнага подзвігу. Паэт ганарыцца, што перамога над туркамі пад Трамбоўля здабыта народным апалчэннем. Гэты твор зрабіў прыкметны ўплыў на развіццё жанру гераічнай паэмы і хронікі ў літаратурах Беларусі, Польшчы і Літвы.

«Жыццё і подзвігі Св. Гіяцынта»

Асноўны артыкул: Жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта Паэма (Кракаў, 1525), прысвечаная кракаўскаму ваяводу Хрыстафору з Шыдлоўца паэт гаворыць пра неабходнасць «адкрыцця» спраў славутых людзей мінулага для папулярызацыі іх жыцця. Паэма апісвае жыццё дамініканскага прапаведніка Яцка (Гіяцынта) Адрованжа, да чыёй беатыфікацыі напісаная. У гэтым дыдактычна-рэлігійным творы аўтар прапаведаваў хрысціянска-гуманістычны подзвіг як служэнне народу. У разуменні Міколы Гусоўскага Беларусь і Польшча складаюць адзінае цэлае — славянскі рэгіён. Таму вобраз Гіяцынта, дзейнасць якога праходзіла ў Беларусі і Польшчы, дарагі сэрцу паэта ідэйнай сутнасцю. Многія радкі паэмы — гімн чалавечаму розуму, духоўнай велічы. Паэма сцвярджала адзінства лепшых прынцыпаў раннехрысціянскай маралі, ідэалаў народнай этыкі. У гэтым выявіліся дэмакратызм, народнасць светаўспрымання, публіцыстычнасць і грамадзянская мужнасць Міколы Гусоўскага.

Меркаваны партрэт

Беларуская даследніца Жана Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што адшукала ў першым выданні паэмы аўтэнтычную выяву, на якой адлюстраваны Мікола Гусоўскі. Аднак М. Касцюковіч звяртае ўвагу, што тая ж выява змешчаная ў мностве іншых выданняў Віетора, прычым кніга Гусоўскага сярод іх – не першая храналагічна; выглядае, такім чынам, што гэта проста марка друкара, натхнёная, гледзячы па ўсім, персанальнай эмблемай Эразма Ратэрдамскага.[7]

Пераклады

На беларускую мову «Песня пра зубра» перакладалі Язэп Семяжон, Уладзімір Шатон і Наталля Арсеннева. На сённяшні дзень, адзіны беларускі пераклад «Песні пра зубра», які захоўвае вершаваны памер арыгінала — элегічны двуверш, належыць У. Шатону.

Апроч беларускай, «Песня пра зубра» перакладалася на польскую, літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118962507 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Советский энциклопедический словарь. 4-е издание, Москва, «Советская энциклопедия», 1988, С.353.
  4. 1 2 3 Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў 2 тамах. 2-е выданне, Мн., 2007, Т.1, С.562
  5. Гусоўскі Мікола // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 256. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  6. Некрашэвіч-Кароткая, Ж. Загадка Гусоўскага чакала свайго часу // Жаўруковая песня Радзімы: народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалёўскага краю: манаграфія / [В. С. Новак і інш. — Гомель : Сож, 2008. — С. 418–422.
  7. Николай Костюкович. Закрытие чудных открытий // Веды, 27.08.2012. С. 6.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1480 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім
Катэгорыя·Памерлі ў 1533 годзе
Катэгорыя·Лацінамоўныя паэты
Катэгорыя·Асобы на марках
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Паэты Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных