wd wp Пошук:

Парыс

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Парыс, значэнні. Па́рыс (стар.-грэч.: Πάρις), таксама вядомы як Аляксандр (стар.-грэч.: Ἀλέξανδρος) — легендарны сын Прыама, валадара Троі; герой старажытнагрэчаскіх паданняў пра Траянскую вайну. Выкраданне Парысам Алены прывяло да канфлікта паміж ахейцамі і траянцамі.

Імя

Паходжанне імя Парыс мае спрэчны характар. У старажытнагрэчаскай антрапаніміі яно не сустракалася. Большасць даследчыкаў лічаць, што яно мела нягрэчаскае паходжанне: фракійскае, старажытнаіндаеўрапейскае[2] або лувійскае[3]. Разам з гэтым, у Старажытнай Грэцыі існаваў сугучны выраз, які значыў «вылюдак»[4]. Такім чынам, імя Парыс магло з’яўляцца мянушкай, што намякала на нязвыклыі абставіны паходжання героя.

У «Іліядзе» Парыс часцяком называецца імям Аляксандр. У «Кіпрыях» у дачыненні да яго ўжываецца толькі імя Аляксандр[5].

Эпічны вобраз

Нараджэнне

Парыс быў сынам траянскага валадара Прыама і яго жонкі Гекубы. Цяжарная Гекуба ўбачыла ў сне, што нарадзіла вогнішча. Другі сын Прыма, Эсак, патлумачыў гэта як тое, што народжанае дзіця прывядзе Трою да разбурэння, і парадзіў забіць яго. Аднак Прыам і Гекуба не вырашыліся зрабіць гэта. Яны перадалі яго пастухам, каб тыя аднеслі дзіця на гару Іда каля горада. Аднак там немаўля не загінула. На працягу 5 дзён мядзведзіца карміла яго сваім малаком. Пастух Агелай знайшоў яго жывым і ўзяў на выхаванне[6].

Калі Парыс пасталеў, аднойчы Прыам абвясціў пра памінальныя гульні ў гонар яго нібы памерлага пры нараджэнні сына. Для гэтага ў ахвяру павінны былі прынесці самага вялікага быка са статка. Парыс вырашыў прыняць удзел у гульнях, каб выйграць сваю любімую жывёлу. Ён сапраўды выйграў усе спаборніцтвы, але такім чынам раззлаваў іншых сыноў Прыама. Каб выратавацца ад іх, Парыс знайшоў сховішча ў храме Зеўса, дзе яго пазнала Касандра[7]. Парыс быў вымушаны прадэманстраваць плашч, у якім Агелай прынёс яго з Іды. Прыам зразумеў, што перад ім той самы сын, якога ён лічыў памерлым, і прызнаў яго.

Суд Парыса

Пелей і Фетыда ўрачыста святкавалі сваё вяселле, куды былі запрошаны ўсе багі, акрамя Эрыс. Пакрыўджаная багіня падкінула яблык з надпісам «καλλιστῃ» «(самай прыгожай)». Паміж Герай, Афінай і Афрадытай успыхнула сварка, каму гэты яблык дастанецца. Зеўс вырашыў не ўступаць у канфлікт і паслаў да Парыса бога Гермеса, каб давецца, ці не пагадзіцца ён судзіць трох багінь. Парыс даў згоду. Багіні з’явіліся перад ім на гары Іда. Гера абяцала Парысу за прысуд у яе карысць даць багацці і ўладу, Афіна — перамогу ва ўсіх бітвах і славу, Афрадыта — самую прыгожую са смяротных жанчын[8]. Парыс прысудзіў яблык Афрадыце.

Суд Парыса з’яўляецца надзвычай прывабнай тэмай для еўрапейскага мастацтва з часоў антычнасці[9].

Выкраданне Алены

Алена і Парыс. Вазапіс IV ст. да н.э.

Згодна цыклічнай традыцыі, выкраданне Парысам Алены, жонкі спартанскага валадара Менелая, з’яўлялася галоўнай прычынай Траянскай вайны. У «Кіпрыях» ініцыятарам выкрадання выступае багіня Афрадыта[10]. Яна прапануе Аляксандру-Парысу рыхтаваць караблі для вандроўкі ў Спарту і загадвае Энею суправаджаць яго. У Спарце іх гасцінна сустракаюць Менелай, Кастар і Палідзеўк. Падчас свята Парыс уручае Алене падарункі. Менелай накіроўваецца на Крыт. Алена павінна забяспечыць траянскіх госцяў усім неабходным да іх ад’езду. Афрадыта аб’ядноўвае Алену і Аляксандра, яны кладуць на борт скарбы і таемна адплываюць уначы. Гера рыхтуе для іх шторм. З-за шторму ўцекачы трапляюць у Сідон, захопліваюць гэты горад і потым зноў адплываюць у Трою.

Старажытныя грэкі верылі, што першы раз Парыс і Алена займаліся каханнем на востраве Кранаі[11] каля Лаконіі. Аднак у далейшым іх узаемныя адносіны былі складанымі. Гамер двойчы дэманструе гэта ў «Іліядзе» ў сцэнах, калі Алена скардзіцца Афрадыце на непрыстойныя размовы паміж траянскімі жанчынамі, і калі яна заляцаецца перад Гектарам[12].

Герадот са спасылкай на егіпецкіх жрацоў паведамляў[13], што падчас уцёкаў вятры аднеслі карабель Парыса да дэльты Ніла. Некалькі слуг Парыса збеглі ў храм Геракла і распавялі пра злачынства свайго гаспадара. Фараон Пратэй загадаў адпусціць траянца і яго спадарожнікаў, але забраў Алену і скарбы, каб вярнуць іх Менелаю. Гэтым ён тлумачыў тое, што Менелай пасля захопу Троі быў вымушаны зрабіць вандроўку ў Егіпет. Еўрыпід у творы «Алена»[14] таксама вызначаў месцанаходжанне рэчаіснай Елены ў Егіпце, у той час як у Трою прыбыў толькі яе прывід.

Траянская вайна

Выкраданне Парысам Алены стала зачэпкай для Траянскай вайны. У паэмах эпічнага цыкла постаць Парыса надзвычай важная, аднак у ваенных дзеяннях ён выконвае другарадную ролю ў параўнанні са старэйшым братам Гектарам і Мемнанам.

У «Іліядзе» Парыс прапануе сысціся ў паядынку з Менелаям, каб спыніць бойку паміж войскамі ахейцаў і траянцаў. Правадыры грэкаў і траянцаў даюць згоду і клянуцца выконваць умовы сумленнага бою. Парыс выходзіць на паядынак, узброены мячом, дзвюмя дзідамі і лукам, у вобразе, падобным на Геракла. Калі ён бачыць Менелая, то палохаецца. Гектар дакарае Парыса за баязлівасць, і той вымушаны біцца. Бой на дзідах скончваецца паражэннем Парыса, але яго выратоўвае Афрадыта[15]. У далейшым Парыс гневаецца на траянцаў за прапанову выдаць Алену ахейцам і адмаўляецца ад бітваў. Гектар зноў вымушаны папракаць яго[16]. На гэтай падставе некаторыя антычныя і сучасныя аўтары паказваюць Парыса як спешчанага ці бяздзейнага. Аднак Гамер вуснамі смяротна параненага Гектара прадракае Парысу ролю забойцы Ахіла[17]:

Знаючы добра цябе, то не трэба было і прасіцца, бо у грудзях сваіх маеш жалезнае сэрца, Ахіле. Але глядзі, каб табе я не стаўся прычынаю гнева бога якога, як прыдзе той дзень, калі Феб Апалон і з Парысам, хоць ты і дужы, загубіць цябе каля скайскае брамы.

Падчас далейшых ваенных дзеянняў Траянскай вайны Парыс паказвае сябе як цудоўны лучнік, раніць у пяту спачатку Дыямеда, а потым — Ахіла[18]. Для апошняга стрэл Парыса аказаўся смяротным. Каб забіць Парыса, Адысей і Дыямед даставілі з Лемнаса вопытнага лучніка Філактэта. Забойства ім Парыса прадвызначыла згубу Троі.

Гістарычнасць

У хецкіх архівах быў знойдзены тэкст дагавора паміж валадаром Муваталі II (каля 1295 - 1272 гг. да н. э.) і Алаксанду, валадаром арцаўскай краіны Вілуса[19]. Апошнюю значная частка гісторыкаў атаесамляе з Іліянам. З дагавора вынікае, што Алаксанду прыйшоў да ўлады без прамых правоў на спадчыну, і яго становішча было хісткім. Муваталі II абяцаў Алаксанду падтрымку супраць ворагаў, а наўзамен патрабаваў ваенную падтрымку ў Малой Азіі і за яе межамі. Алаксанду кіраваў раней за меркаваны час Траянскай вайны, але яго імя магло захавацца ў памяці і потым увасобіцца ў грэчаскім эпасе у постаці Парыса—Аляксандра.

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118739301 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  2. Клейн, Л. Бесплотные герои. — С. 24
  3. LINE OF SONG PROVIDES A CLUE ON ANCIENT TROY
  4. Клейн, Л. Бесплотные герои. — С. 24
  5. Homerica: The Cypria (fragments)
  6. AGELAUS OF TROY IN GREEK MYTHOLOGY
  7. Parîs fils de Priam et prince de Troie
  8. Greek Myths
  9. NANETTE B. RODNEY, THE JUDGMENT OF PARIS Архівавана 11 чэрвеня 2019.
  10. Homerica: The Cypria (fragments)
  11. Felice Vinci, The Baltic Origins of Homer’s Epic Tales
  12. Helen of Troy in the Iliad of Homer
  13. Герадот, II:113—120
  14. ANCIENT GREECE - EURIPIDES - HELEN Архівавана 9 кастрычніка 2018.
  15. Гамер «Іліяда», III:15—390
  16. Гамер «Іліяда», VI:313—369
  17. Тарашкевіч, Б. Выбранае. — С. 296
  18. Jong, I. de Homer: The creation of the poems. — P. 150
  19. Latacz, J. Troy and Homer: Towards a Solution of an Old Mystery. — P. 75
Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Дзеці Прыяма
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе
Катэгорыя·Удзельнікі Траянскай вайны
Катэгорыя·Міфалагічныя персанажы паводле алфавіта
Катэгорыя·Персанажы паводле алфавіта
Катэгорыя·Героі старажытнагрэчаскіх міфаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу