Ньёра, баньёра (саманазва Banyoro) — афрыканскі народ, жыхары захаду Уганды. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 235 000 чалавек[1].
Ньёра сфарміраваліся як этнічная супольнасць, што размаўляе на адзінай мове і мае супольныя сімвалы, у дзяржаве Буньёра. Нягледзячы на тое, што мова ньёра ўваходзіць у групу моў банту, многія даследчыкі мяркуюць, што продкамі сацыяльных груп бахума і бабіта былі нілоты, выхадцы з Паўднёвага Судана.
Традыцыйнымі заняткамі ньёра з’яўляюцца сельская гаспадарка, здабыча і апрацоўка карысных выкапняў. Сярод ньёра існавалі сацыяльныя групы бахума і баіру. Бахума здаўна трымалі кароў і займаліся адгоннай жывёлагадоўляй. Яны мелі прывілігіраванае становішча ў дачыненні да баіру. Галоўнымі заняткамі апошніх былі земляробства і рамяство, хаця яны таксама маглі трымаць дробную жывёлу. Жывёлагадоўля і рамяство лічыліся выключна мужчынскімі заняткамі, у земляробстве назіралася супольная праца. Ньёра здабывалі соль, жалеза, медзь, графіт. Вылучалася прафесійная група металургаў, знутры якой практыкавалася спецыялізацыя на плавільшчыкаў і кавалёў. Звычайна яе прадстаўнікі жылі асобна ад астатніх ньёра. У нашы дні гаспадарчая спецыялізацыя розных груп амаль адсутнічае. Большасць ньёра — сяляне, што вядуць комплексную гаспадарку. Развіта адыходніцтва ў гарады.
Доўгі час асноўным відам паселішча з’яўляліся б’яра, групы з некалькіх хацін канічнай формы, у якіх жылі сваякі. Толькі каля возера Эдвард будавалі адносна вялікія вёскі. Зямля знаходзілася ў карыстанні родавых арганізацый і асобных правадыроў. Свабодныя абшчыннікі сяліліся ў тэрытарыяльных межах родавых арганізацый. У каланіяльны час размеркаваннем зямлі займаліся мясцовыя ўлады. У наш час практыкуецца як супольная, так і прыватная маёмасць на зямлю.
У дзяржаве Буньёра ўсё насельніцтва падзялялася на сацыяльныя супольнасці бабіта, бахума, баіру і бахука. Бабіта былі сваякамі манарха амукама і займалі найбольш важныя пасады. Бахума разглядаліся як высакародныя, мелі значныя прывілегіі ў адносінах да баіру. Баіру складалі большасць насельніцтва. Бахука з’яўляліся рабамі. Іх колькасць была невялікай, і да XX ст. яны практычна зніклі. У адрозненні ад суседніх дзяржаў накшталт Анколе або Руанды ў Буньёра была магчымасць сацыяльная мабільнасць, узвышэнне асобных чальцоў з нізкім сацыяльным рангам. Падзел на бабіта, бахума і баіру захоўваецца і ў нашы дні, аднак уяўляе сабою хутчэй культурную адметнасць.
Бабіта, бахума, баіру падзяляюцца на 156 буйных родавых арганізацый энганда на чале выбраных правадыроў. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны адбываюцца па мужчынскай лініі. Шлюбы знутры рода забаронены. Пры стварэнні сям’і паміж выхадцамі з розных сацыяльных супольнасцей дзеці належаць да сацыяльнай супольнасці бацькі. Існуюць як вялікія пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем’і. Сярод ньёра развіта ўзаемадапамога. У мінулым акрамя кроўных існавалі шчыльныя саюзныя адносіны амукага паміж дарослымі мужчынамі.
У 1993 г. была ўзноўлена манархія Буньёра. Яна з’яўляецца важным культурным і сімвалічным элементам, які аб’ядноўвае ўсіх ньёра. Амукама арганізуюць рытуалы і агульныя народныя святы, з імі звязана эпічная паэзія, яны падтрымліваюць адукацыю і мастацтва.
Рэлігійныя вераванні ньёра звязаны з міфамі пра бога-творцу Рухангу і яго брата Нк’я Ба. Руханга стварыў усё добрае, а Нк’я Ба — злое. Ньёра абагаяўляюць продкаў, якія адначасова з’яўляюцца культурнымі героямі. Большасць сучасных вернікаў адносяцца да розных плыняў хрысціянства, аднак працягваюць шанаваць многія старыя рэлігійныя традыцыі. Вярхоўным жрацом традыцыйных культаў з’яўляецца манарх амукама.