wd wp Пошук:

Марый Эл

Рэспубліка Марый Эл (руск.: Республика Марий Эл, лугавамар. Марий Эл Республик, горнамар.: Мары Эл Республик), Марый Эл (руск.: Марий Эл, лугавамар. Марий Эл, горнамар.: Мары Эл) — рэспубліка на ўсходзе еўрапейскай часткі Расіі, суб’ект Расійскай Федэрацыі, уваходзіць у склад Прыволжскай федэральнай акругі. Паводле канстытуцыі Рэспублікі Марый Эл, з’яўляецца рэспублікай (дзяржавай) у складзе Расійскай Федэрацыі.

На поўначы і ўсходзе мяжуе з Кіраўскай вобласцю, на паўднёвым усходзе — з Рэспублікай Татарстан, на паўднёвым захадзе — з Рэспублікай Чувашыя, на захадзе — з Ніжагародскай вобласцю. Сталіца — горад Іашкар-Ала.

Геаграфія

Рэспубліка Марый Эл

Марый Эл размешчана на ўсходзе Усходне-Еўрапейскай раўніны, у сярэднім цячэнні Волгі. Вялікая частка рэспублікі знаходзіцца на левабярэжжы Волгі. Заходнюю частку левабярэжжа займае багністая Марыйская нізіна.

На захадзе рэспублікі Волга прымае буйны прыток Вятлугу. На ўсход па нізіне працякаюць левыя прытокі Волгі, якія бяруць пачатак на паўднёвых схілах Вяцкага Увала: Малая Какшага з прытокамі Малы Кундыш і Вялікая Ошла, Вялікая Какшага з прытокам Вялікай Кундыш, Рутка. У іх далінах шмат лясных азёр.

Усходняя частка тэрыторыі размешчана ў межах Вяцкіх увалаў (вышыня да 275 м), тут сустракаюцца карставыя формы рэльефу, паверхня пааздзелена далінамі рэк і ярамі. Сярод іх рэкі басейна Вяткі: Немда з прытокамі Лаж, Талмань, Шукшан і інш., Буй, Уржумка, Шошма; левы прыток Волгі Ілець з прытокамі Шора, Іраўка і Юшут.

На правым беразе Волгі размешчаны толькі адзін з 14 раёнаў рэспублікі — Горнамарыйскі, які займае паўночную ўскраіну Прыволжскага ўзвышша. Тут у Волгу ўпадаюць прытокі Сура, Тарба, Юнга, Малая Юнга, Сундыр. На Волзе ў межах рэспублікі размешчаны Чабаксарскае і Куйбышаўскае вадасховішчы.

Клімат умерана кантынентальны з доўгай халоднай зімой і цёплым летам. Сярэдняя тэмпература летам: +18…20 °C. Самае гарачае надвор’е — у сярэдзіне ліпеня. Паветра праграваецца да +34…38 °C. Увосень надвор’е халоднае і вільготнае з перавагай моцных вятроў і дажджоў. Магчымы раннія замаразкі і снег. Лістапад — самы ветраны месяц.

Зіма, як правіла, пачынаецца ў лістападзе. Сярэдняя тэмпература зімы: −18…19 °C. Самы халодны месяц — студзень. Рэспубліка Марый Эл — месца для заняткаў зімовымі відамі спорту: лыжы, канькі. Вясна, праважна, прахалодная і сухая.

Марый Эл размешчана ў падтаёжнай зоне. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя,балотныя, шэрыя лясныя. Змяшаныя лясы (сасна, піхта, елка, бяроза) займаюць звыш 50 % тэрыторыі (у асноўным на захадзе і ў цэнтральных раёнах). Па рачных далінах — дубова-ліпавыя лясы. Захаваліся воўк, буры мядзведзь, лісіца, лось, рысь, бабёр, крот і інш. Баравая і вадаплаўная птушка. На тэрыторыі Марый Эл — нацыянальны парк Марый Чодра, запаведнік Вялікая Какшага.

Карысныя выкапні: торф, гліна, будаўнічы камень, вапнякі, шкляныя і сілікатныя пяскі, мінеральныя крыніцы.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Марый Эл Людзі на тэрыторыі Марый Эл пасяліліся 40 — 30 тысяч гадоў назад. З пачатку I-га тысячагоддзя да н.э. развіваліся земляробства і жывёлагадоўля. Да VII ст. да н.э. склаўся старажытна-марыйскі этнас (саманазва мары, іншыя народы называлі іх чарамісы), які з гэтага часу жыў на тэрыторыі сучаснай Марый Эл і суседніх абласцей па левым (лугавым), з XI—XII стст. і правым (горным) берагах Волгі. Вылучаліся 3 асноўныя групы марыйскага этнасу: марыйцы лугавыя (левабярэжныя), горныя (правабярэжныя) і ўсходнія. З XI ст. марыйцы межавалі з рускімі княствамі і Балгарыяй Волжска-Камскай(руск.) бел.. У 1236 г. яны заваяваны мангола-татарамі і з 1240-х гг. знаходзіліся ў складзе Залатой Арды. З XV ст. прыволжскія марыйцы ўваходзілі ў Казанскае княства, а паўночна-заходнія (пры р. Вятлуга) — у склад Вялікага княства Маскоўскага; у іх з’явіліся і ўласныя князі. У выніку Казанскіх паходаў 1545 — 1552 гг.(руск.) бел. марыйцы прызналі ўладу расійскага цара. У 2-й палове XVI ст. на марыйскіх землях пабудаваны гарады Какшайск, Казьмадзямьянск, Царовакакшайск і інш. У XVII ст. ў краі ствараліся маёнткі рускіх памешчыкаў, адбывалася рассяленне рускіх сялян, аднак б.ч. зямель належала дзяржаве. Асноўная маса карэннага насельніцтва плаціла ясак (даніну) цару. Марыйцы ўдзельнічалі ў сялянскіх войнах пад кіраўніцтвам І. Балотнікава (16061607 гг.), С. Разіна (16701671 гг.), Е. Пугачова (17731775 гг.). З XVIII ст. ўзмацніўся працэс русіфікацыі і пераводу ў праваслаўе (усходнія марыйцы хрысціянства не прынялі і захавалі традыцыйныя вераванні). У 17791782 гг. марыйскія землі падзелены паміж Казанскай, Ніжагародскай, Вяцкай губерняў. Пасля адмены прыгоннага права асноўным заняткам насельніцтва заставаліся земляробства і жывёлагадоўля, аднак з’явіліся буйныя фабрычна-заводскія прадпрыемствы: Звянігаўскі суднамех, Нікалаеўскі хрусталёва-шкланя заводы і інш. Насельніцтва краю ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—1907 гг.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Царовакакшайску, Юрыне, Казьмадзямьянску і інш. узніклі Саветы, у якіх пераважалі меншавікі і эсэры. У чэрвені 1917 г. у г. Бірск (Башкартастан) адбыўся 1-ы Усерасійскі з’езд марыйцаў. Пасля Кастрычніцкага паўстання 1917 г. савецкая ўлада перамагла ў большасці мясцін краю, летам 1918 г. задушаны буйныя антыбальшавіцкія выступленні. У ліпені 1918 г. утвораны аддзел мары Наркамнаца РСФСР. 4 лістапада 1920 г. дэкрэтам ВЦВК і СНК РСФСР утворана Марыйская аўтаномная вобласць (насельніцтва 338,5 тыс. чал., у т.л. марыйцаў 183 тыс.) з цэнтрам у г. Чырвонакакшайск (з 1927 г. Йашкар-Ала). 5 снежня 1936 г. яна пераўтворана ў Марыйскую Аўтаномную Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Марыйская АССР). У 1920 — 1930-я гг. развівалася дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая прамысловасць. У выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі асабліва пацярпела жывёлагадоўля (у 1941 г. колькасць жывёлы ў Марый Эл была меншая, чым у 1916 г.). У 1944 г. Марыйская АССР накіравала ў дапамогу вызваленай Беларусі 50 трактароў. У кастрычніку 1990 г. Вярхоўны Савет Марыйскай АССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. У 1992 г. рэспубліка падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй і прыняла назву Марыйская Рэспубліка (Марый Эл).

Насельніцтва

Насельніцтва 716,9 тыс.чалавек (2005, 728,0 тыс. у 2002). Шчыльнасць насельніцтва 30,9 чал./км² (2005), удзельная вага гарадскога насельніцтва 63,1 % (2005). У насельніцтве Іашкар-Алы і Волжску, а таксама шэрагу сёлаў у ваколіцах Іашкар-Алы і на захадзе рэспублікі пераважаюць рускія. У сельскай мясцовасці пераважае марыйскае насельніцтва, у Горнамарыйскім раёне — горныя марыйцы, па мове і культуры якія адрозніваюцца ад лугавых марыйцаў. У Звянігаўскім раёне размешчана некалькі чувашскіх сёлаў. Татарскае насельніцтва сканцэнтравана пераважна ў Іашкар-Але і Волжску.

Нацыянальны склад: рускія — 47,5 %, марыйцы — 42,9 %, татары — 6 %, чувашы 1 %.

Край падзяляецца на 14 раёнаў і 6 гарадскіх акруг. Буйнейшыя гарады Іашкар-Ала, Волжск, Казьмадзямьянск.

Эканоміка

Прамысловасць

Асноўныя галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка (металарэзныя прылады, прыборы, сродкі аўтаматызацыі, тэхналагічнае абсталяванне для лесанарыхтовак і лесасплава, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, машыны і абсталяванне для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці), лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлоза-папяровая, лёгкая і харчовая (мяса-малочная). Найбуйныя прадпрыемствы: ЗАТ «Іашкар-Алінскі мясакамбінат», Марыйскі машынабудаўнічы завод, Завод паўправадніковых прыбораў, Іашкар-Алінскія заводы ляснога машынабудавання (абсталяванне для лесанарыхтовак) і інструментальны, АТ «Марыйхоладмаш» (халадзільнае абсталяванне), механічны завод (веласіпеды; г. Іашкар-Ала), завод «Электрааўтаматыка» (г. Іашкар-Ала), Марыйскі цэлюлоза-папяровы камбінат (г. Волжск), АТ «Марбіяфарм» (лекавыя сродкі), завод штучных скур. Галоўныя прамысловыя цэнтры — гарады Іашкар-Ала, Волжск, Казьмадзямьянск, Звянігава.

Сельская гаспадарка

Вядучая галіна сельскай гаспадаркіжывёлагадоўля (малочная і мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечкагадоўля, птушкагадоўля). Вырошчваюць збожавыя (ячмень, авёс, жыта, пшаніца) і кармавыя культуры, лён, хмель, гародніна, бульба.

Транспарт

На тэрыторыі рэспублікі дзейнічае 1 аэрапорт межрэспубліканскага значэння. У Марый Эл ёсць чыгуначны вакзал і два аўтавакзалы, 14 чыгуначных станцый, 51 пасажырская аўтастанцыя, рачны порт у горадзе Казьмадзямьянску на р. Волга, чатыры парты мясцовага значэння, прыстасаваныя для разгрузкі барж. Суднаходства па Волзе і Вятлузе.

Рэкрэацыйны патэнцыял

У рэспубліцы застаюцца куткі некранутай таёжнай прыроды, якія выкарыстоўваюцца жыхарамі гарадоў рэспублікі і суседніх рэгіёнаў для адпачынку. Распрацаваны пешыя турыстычныя маршруты, конныя маршруты, рэгулярна праводзяцца водныя паходы на байдарках па рацэ Вялікая Кокшага і на азёрах (Яльчык, Таір), каля рэк пабудаваны базы адпачынку, санаторыі і летнія лагеры.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Оценка численности постоянного населения на 1 января 2016 года и в среднем за 2015 год (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2016. Праверана 27 сакавіка 2016.
  2. Валавы рэгіянальны прадукт па суб’ектах Расійскай Федэрацыі ў 1998-2014гг.(руск.)  (xls). Расстат.
  3. Закон Рэспублікі Марый Эл ад 26 кастрычніка 1995 года № 290-III (рэд. ад 10.03.2011) «Аб мовах у Рэспубліцы Марый Эл».

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Марый Эл
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Старонкі з некарэктным фарматаваннем у шаблонах