Лі́нава[2] (трансліт.: Linava, руск.: Линово) — аграгарадок у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Лінаўскага сельсавета.
Першыя згадкі пра вёску Лінава адносяцца да часоў ВКЛ, калі яна з аднайменным войтаўствам уваходзіла ў склад Кобрынскай эканоміі Падляскага ваяводства. Паводле рэвізіі Дзмітрыя Сапегі 1563 года вёска мела 49 валокаў. Войтаўства складалася з вёсак Лінава, Сланімцы, Гарадняны, Альшаніца, Машчоны і Абшар[3]. У 1567 уладальнікамі Лінава называюцца Ізбіцкія, аднак неўзабаве яны былі пазбаўлены правоў на маёнтак, які стаў каралеўскім уладаннем у складзе Пружанскага ключу.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай маёнтак Лінава, які меў 4 тыс. дзесяцінаў зямлі, увайшоў у склад Пружанскага павета Гродзенскай губерні, цэнтр воласці. Расійская імператрыца Кацярына II падарыла гэтыя землі генералу Пятру Румянцаву, нашчадкі якога неўзабаве па яго смерці распрадалі маёнткі розным уласнікам.
Лінава з хутарам Ізабелін і ўрочышчам Ператэсы набыў Вінцэнт Трэмбіцкі (1762—1842) гербу «Слепаўрон», былы прэзідэнт судоў Пружанскага павета, галоўны кобрынскі лоўчы і шамбелян апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста[4]. Тут было 52 двары, 751 мяшканец, 898 дзесяцін зямлі[3]. Вінцэнт з жонкай Ізабелай з Пашкоўскіх заснавалі каля вёскі сядзібу. Пасля іх маёнтак перайшоў да сына Багуслава (1804—1896), пасля да яго сына Уладзіслава (1845—1907). У 1890 годзе зямельныя ўладанні маёнтку складалі 1970 дзесяцінаў[5].
Апошнім уладальнікам Лінава быў Казімір Трэмбіцкі, які перабудаваў родавую сядзібу.
У 1903 у вёсцы атрымалі магчымасць сяліцца яўрэі, у 1913 ім належалі ўсе 8 бакалейных шапікаў і шынок[6].
За польскім часам — мястэчка, сядзіба гміны ў Пружанскім павеце Палескага ваяводства[7]. У 1939 годзе ўключаныя ў склад БССР, з 1940 — Цэнтр сельсавета.
У чэрвені 1941 года занятае нацысцкімі войскамі, тут размяшчалася ўправа ўкраінскай паліцыі. Было створанае гета, арганізаваны юдэнрат. Улетку 1942 года гета было ліквідавана, амаль усе яго насельнікі былі расстраляныя.
У 1987 годзе да вёскі Лінава 1 была далучана суседняя вёска Лінава 2[8].
Чыгуначная станцыя Аранчыцы на лініі Баранавічы — Брэст.
Побач з вёскай праходзіць аўтамабільная дарога Р81 Пружаны — мяжа Рэспублікі Польшча.