wd wp Пошук:

Будзівід

Будзіві́д, Пукувер, Путувер (рус.: Боудивидъ, лац.: Pucuwerus; ? — каля 1295) — вялікі князь літоўскі (1291—1295?).

Паходжанне

Звестак пра паходжанне Будзівіда няма, разам з Будзікідам, большасць даследчыкаў лічыць яго сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня. Выснова робіцца з таго, што вял.кн. Трайдзень меў дзяцей[2], а таксама значныя сілы пад канец жыцця, каб забяспечыць ім атрыманне спадчыны па сабе. Вял.кн. Трайдзень не загінуў праз змову, як паведамляе пазнейшая «Хроніка Быхаўца»[3], а памёр натуральнай смерцю[4], і не вядома пра ўнутраныя канфлікты ў ВКЛ пасля гэтага. Крыніцы называлі вял.кн. Трайдзеня «каралём Літвы» — адзінаўладцам ВКЛ, ужо ў 1286 годзе яны згадваюць іншага «караля Літвы». Зяць вял.кн. Трайдзеня — плоцкі кн. Баляслаў, падтрымліваў цесныя сувязі з цесцям і захаўваў іх з ВКЛ пасля яго смерці, а таксама назваў Трайдзеням свайго сына, народжанага ў 1284—1286 гадах. Таму паведамленне пазнейшых крыніц, што пасля смерці вял.кн. Трайдзеня запанавала новая дынастыя, наўрад ці верагоднае і болей праўдападобна, што ўладу атрымалі яго нашчадкі, напэўна, сыны, адзін з якіх Будзівід.

Альтэрнатыўны погляд выказаў Е. Ахманьскі, ён адзначыў, што ў паэтычным творы «Задоншчына» Альгердавічы называюць сябе «ўнукамі Гедымінавымі, праўнукамі Скаламендавымі» і выказаў меркаванне, што бацькам Будзівіда (і Будзікіда) быў князь Скаламенд[5]. На думку Сцівена Роўэла, Скаламенд мог быць і цесцям Гедыміна[6]. На думку В. Насевіча слова «праўнукі» магло быць ужыта ў значэнні «аддаленыя нашчадкі», а імя Скаламенд быць змененай формай імя Скамонт (Скоманд), якое мелі вядомыя з летапісаў два яцвяжскія князі, у прыватнасці князь Скоманд (Комант)[7]. Т. Баранаўскас не згаджаецца з інтэрпрэтацыяй Ахманьскага і лічыць, што Альгердавічы паслядоўна называюць спачатку свайго бацьку Альгерда, потым дзеда Гедзіміна і прадзеда Скаламенда, і пераскок праз прыступку дынастыі надуманы. На думку Т. Баранаўскаса, князь Комант (Скоманд), калі ён тоесны Скаламенду, быў або бацькам, або цесцям Гедзіміна і другое больш верагодна зыходзячы з іншых крыніц.

Дзейнасць

Упершыню князь Будзівід згадваецца ў красавіку-маі 1289 года, калі разам са старэйшым братам князем Будзікідам перадаў Ваўкавыск уладзіміра-валынскаму князю Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір.

«Тогда же Литовьскии кнѧзь Боуд̑и̑кидъ и братъ его . Боудивидъ . даша кнѧзю Мьстиславоу . городъ свои . Волъковъıескь абы с ними . миръ держалъ .»[8]

Напэўна, ён жа (гл. падр. Праблемы ідэнтыфікацыі) пад імем Пукувер (Pucuwerus rex Lethowie) згадваецца ў хроніцы Пятра з Дусбурга пад 1291 годам, калі паслаў войска на чале са сваім сынам кн. Віценем супраць палякаў у Куяўскую зямлю.

Час уладарства вялікага князя Пукувера вызначаўся ваеннай актыўнасцю Тэўтонскага ордэна. У 1292-1295 гады рыцары-крыжакі штогод нападалі на Жамойць, a ў 1295 годзе хадзілі яшчэ і на Гародню. Гародня была перадавым пунктам абароны цэнтральнай вобласці дзяржавы — Літвы — і важнейшай базай ВКЛ для арганізацыі паходаў на Прусію.

Са звестак хронікі Дусбурга вынікае, што Пукувер кіраваў моцнай дзяржавай — нягледзячы на непарыўную вайну з Ордэнам, ёй ставала сіл здзяйсняць рабаўніцкія паходы на польскія землі.

Памёр да 1296 года, калі ўжо Віцень названы «rex Lethowie».

Праблемы ідэнтыфікацыі

Юзаф Пузына атаясняе вышэйназванага Pucuwerus rex Lethowie з адным з князёў, згаданых Іпацьеўскім летапісам пад 1289 годам — Будзівідам[9].

Праз графічныя асаблівасці шрыфту выдання хронікі Дусбурга, друкаванага ў XVII ст., ёсць яшчэ некалькі чытанняў імя князя — Putuwerus і Lutuwerus. Lutuwerus болей не згадваецца ў верагодных крыніцах, толькі Тэадор Нарбут згадвае яго пад імем Lutawor у кантэксце фантастычных звестак і спасылаецца на Раўданскі рукапіс і нейкія паданні[10], напэўна, свае ж фальсіфікаты. Напэўна, на аснове нарбутавых звестак Адам Міцкевіч у творы «Гражына» выводзіць адным з герояў князя Літавора, чыім набліжаным баярынам быў нібыта продак аўтара Рымвід (Гл. таксама Адам Міцкевіч).

Найраннейшы з вядомых цяпер варыянтаў імя — Pucuwerus, варыянты Putuwerus і Lutuwerus з’явіліся толькі ў друку XVII ст. Апошнія варыянты выдаўцы ўзяліся праз чытанне таго ж арыгіналу, што быў і крыніцай чытання Pucuwerus, але да нашага часу не дайшоў. Нейкі спіс з гэтага арыгіналу бачыў Мацей Стрыйкоўскі і прачытаў там Utinuerus. З гэтага даследчыкі робяць выснову, што ўжо да сярэдзіны XVI ст. арыгінал блага чытаўся, а ў XVII ст., калі з’явіліся Putuwerus і Lutuwerus, напэўна, чытаўся яшчэ горш.

У сувязі з гэтым, адзначаюць, што ў гатычным напісанні літары P, L і B вельмі падобныя і невялікае пашкоджанне можа ўнесці няпэўнасць. Пашкоджанне ж першай літары і наогул тэксту пэўна было, бо перапісчык крыніцы для Стрыйкоўскага першай літары імя агулам не бачыў. Таксама адзначаюць, што перапісчыкі Дусбурга часта пісалі c замест t арыгінала. Такім чынам, адно з чытанняў выдаўцоў XVII ст. — Putuwerus, ці не самае блізкае да праўды. Як заўважыў Э. Гудавічуса, у гатычным напісанні r і t адрозніваюцца толькі вышынёй аднаго элемента, т.б. ведаючы благую захаванасць тэксту, можна ўзнавіць напісанне ў арыгінале і як Putuwetus. Таксама вядома, што немцы часта і звычайна чаргавалі як b/p, так і d/t, напрыклад, Gyntsche Pudewiten son[11] на праўдзе сын айрагольскага баярына Бутвіда (Butvydas). У кожным разе, Putuwetus або Buduwedus, пагатоў у гістарычным кантэксце, добра атаясняецца з вядомым тым жа часам Будзівідам, асабліва зважаючы на перадачу немцамі імя яго брата Будзікіда як Butegeyde.

Зноскі

  1. Lundy D. R. The Peerage
  2. Вядома яго дачка Гаўдэмунда-Сафія, адпаведна, маглі быць і сыны.
  3. ПСРЛ. Т.32. Хроника Быховца. М., 1975. С.136 «A z onoie wyżpisanoie waśni kniaź weliki Dowmont naprawił szesty mużykow na brata swoieho Troydena, zabity, hde ż on szoł bezpecznie z łaźni, y tyie ieho mużyki zdradne zabili.»
  4. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 869.
  5. Охманьский Е. Гедиминовичи — «правнуки Сколомендовы» // Польша и Русь. — М., 1974. — С. 358—364.
  6. Rowell S. C. Iš viduramžių ūkų kylanti Lietuva. — V., 2001. — P. 58.
  7. Насевіч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы… С. 70.
  8. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 933.
  9. Puzyna J. Kim był i jak sie naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina//Ateneum Wileńskie. t.10. 1935. s.1-43;
  10. Narbutt T. Dzieje starożytne narodu Litewskiego. t.4. s.310-313;
  11. CEV, p. 128.

Літаратура

Папярэднік:
Будзікід
Вялікі князь літоўскі
12911295
Пераемнік:
Віцень
Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XIII стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Род Гедзімінавічаў
Катэгорыя·Памерлі ў 1295 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вялікія князі літоўскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Гедзімінавічы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XIII стагоддзі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара