wd wp Пошук:

Будзікід

Будзікі́д (рус.: Боудикидъ, лац.: Butegeyde) — вялікі князь літоўскі (12821292).

Імя

Найбольш набліжаным да меркаванага арыгінальнага гучання гэтага імя трэба лічыць форму, перададзеную ў лаціне. Двухасноўнае імя Butegeyde складаецца з асноў but- i geid-. Першая з іх звязаная з літоўскім būti “быць”, butas “жытло”, другая - з geisti “жадаць, прагнуць” (у 3-й асобе адз. і мн. лікаў geidžia), і само імя несла пасыл “прагны да жыцця” (так маглі называць, калі ранейшыя дзеці ў сям’і паміралі). Вядомае і сучаснае літоўскае адыменнае прозвішча Geidbutas, у якім асновы займаюць адваротныя пазіцыі. Тыпалагічна аснове geid- адпавядае аснова nor-, ад norėti “жадаць, хацець”, а пара імёнаў Butigeidas-Geidbutas, такім чынам, знаходзіць сабе аналагі ў пары імёнах Butnoras-Norbutas.[1]

Паходжанне

Пэўных звестак пра паходжанне Будзікіда няма. Большасць даследчыкаў лічыць яго сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня, зыходзячы з таго, што Трайдзень меў дзяцей[2] і валодаў пры канцы жыцця значнымі сіламі, таму, напэўна, забяспечыў ім атрыманне спадчыны. Трайдзень не загінуў у выніку змовы, як паведамляе пазнейшая крыніца[3], а памёр натуральнай смерцю[4] ў 1282 годзе і пасля яе не вядома пра ўнутраныя канфлікты ў ВКЛ. Крыніцы называлі Трайдзеня «каралём Літвы» — адзінаўладцам, ужо ў 1286 годзе яны згадваюць іншага «караля Літвы». Зяць Трайдзеня — Баляслаў Плоцкі, які падтрымліваў з ім цесныя сувязі, захаваў іх з ВКЛ і пасля смерці цесця, нават назваў Трайдзеням свайго сына, які нарадзіўся ў 1284—1286 гадах. Таму паведамленне пазнейшых крыніц пра тое, што пасля смерці Трайдзеня ў ВКЛ запанавала новая дынастыя, цяжка лічыць верагоднымі — праўдападобней, што ўладу спадкавалі яго нашчадкі, хутчэй, сыны, адным з якіх, магчыма, старэйшым, быў Будзікід.

Іншы погляд выказаў Ежы Ахманьскі, які адзначыў, што ў паэтычным творы «Задоншчына» Альгердавічы называюць себя «унуками Гедымінавымі, праўнукамі Скаламендавымі», і на падставе гэтага выказаў меркаванне, што бацькам Будзікіда (і Будзівіда) быў князь Скаламенд[5]. На думку гісторыка Сцівена Роўэла, Скаламенд мог быць і цесцем Гедыміна[6]. Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч выказаўся, што ў «Задоншчыне» слова «праўнукі» магло быць ужыта ў значэнні «аддаленыя нашчадкі», а імя «Скаламенд» падобна і можа быць змененай формай імені «Скамонт» («Скоманд»), якое мелі ўпамянутыя ў летапісах два яцвяжскія князі (напрыклад, князь Скоманд (Комант))[7]. З гэтай прычыны Вячаслаў Насевіч выказаў меркванне пра яцвяжскае паходжане не толькі вялікага князя літоўскага Трайдзеня, але і яго наступнікаў на стальцы (у тым ліку Будзікіда, Будзівіда і інш.)[8].

Літоўскі гісторык Томас Баранаўскас не згаджаецца з такой інтэрпрэтацыяй і лічыць, што Альгердавічы ў «Задоншчыне» дакладна і паслядоўна называюць спачатку свайго бацьку Альгерда, пасля дзеда Гедзіміна, прадзеда — Скаламенда, і ў гэтым кантэксце пераскок праз адну прыступку дынастыі быў надуманы Ежы Ахманьскім. Такім чынам, князь Комант, калі ён тоесны Скаламенду, быў або бацькам, або цесцем Гедзіміна — і другое больш слушна зыходзячы з іншых вядомых крыніц.

Паводле Рымвідаса Пятраўскаса, структурнай умовай улады знаці ў пачатковы перыяд існавання ВКЛ (да канца XV ст.) быў род, які быў значна важней і шырэй за сям’ю – грамадскія сувязі, якія ўзнікалі дзякуючы роднасці, дазвалялі фармаваць функцыянальную ўладу на месцах і ўмацоўваць уплыў асобных прадстаўнікоў знаці на жыццё дзяржавы. Пятраўскас лічыць, што тагачасны род не быў закрытай структурай, а пастаянна зменнай групай людзей з «адкрытай структурай», дзе роднасць з бакоў бацькі і маці мела прыблізна аднолькавае значэнне, таму структура роду не была стабільнай, бо кожнае новае пакаленне існавала ў новай родавай канфігурацыі (складзе)[9]. Таму нават землеўладанне роду не было стабільным. Пятраўскас лічыць, што толькі са стварэннем дзяржаўных структур і ўкаранення сістэмы ўрадаў у XV ст. адбылася непазбежная трансфармацыя старога роду ў строга структураваны агнатычны род, у якім дамінавала мужчынская спадчынная лінія. Гэтую трансфармацыю, звязаную з працэсам канцэнтрацыі ўлады ў руках асобных галін знатных родаў, адлюстроўвае ўзнікненне на пераломе XIV—XV ст. спадчынных родавых імён («прозвішчаў») па ўсходнеславянскай мадэлі «імя+імя па бацьку» (Ян Кезгайлавіч, Станька Судзівоевіч і г.д.) і генеалагічнай свядомасці, якой раней не было[10]. Пятраўскас сцвярджае, што факты неўказання, напрыклад, прадзеда вялікага князя літоўскага Вітаўта ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (які пачынае гісторыю Вітаўта толькі з Гедзіміна), нельга тлумачыць непрыдатным ці нязнатным паходжаннем (генеалогіяй) князя, а малай неабходнасцю памятаць генеалогію па мужчынскай лініі, калі структура неагнатычнага роду магла змяніцца на працягу некалькіх пакаленняў і значнасць мелі шырокія родавыя сувязі, якія існавалі сінхронна ў часе, а не сямейныя[11]. Гісторык лічыць, што такія паняцці як «Гедзімінавічы» ці «Альгердавічы» ужываліся сучаснікамі толькі ў адносінах да прамых нашчадкаў, а іх перанос на іншыя пакаленні — праца пазнейшых гісторыкаў[12]. Адсутнасць спадчыннага імя, на думку Пятраўскаса, дае падставу сцвярджаць, што слаба функцыянаваў такі, відавочна, важны для роду аспект як генеалагічны[13].

Палітычная дзейнасць

Упершыню Будзікід згадваецца Галіцка-Валынскім летапісам у красавіку—маі 1289 года, калі разам з братам Будзівідам перадаў Ваўкавыск уладзіміра-валынскаму князю Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір.

«Тогда же Литовьскии кнѧзь Боуд̑и̑кидъ и братъ его . Боудивидъ . даша кнѧзю Мьстиславоу . городъ свои . Волъковъıескь абы с ними . миръ держалъ .»[14]

Напэўна, тоесны невядомаму імем вялікаму князю літоўскаму («rex Lethovinorum»), які восенню 1289 года ўварваўся на чале войска з 8000 вершнікаў у Самбію, рабаваў яе 14 дзён і на зваротным шляху ў сутычцы з тэўтонскімі рыцарамі страціў забітымі больш за 80 воінаў.[15]

У лістападзе 1290 года лівонскі ландмагістр у лісце да прускага ландмагістра Тэўтонскага ордэна пытаўся, ці будзе зімою здзейснены паход супраць Жамойці, і прапаноўваў напасці на зямлю Будзікіда адначасова з гэтым паходам, калі атрымае папярэджанне за тры тыдні да яго пачатку.

«Verum quia presens tempus nos convenire non patitur propter multa, que vobis per alias literas scripsimus, et quia novimus sanius apud vos quam apud nos esse consilium propter plures fratres, quos habetis industrios maxime et discretos, supplicamus omni, qua possumus, precum instancia, quatenus super predictis articulis nobis vestrum maturum consilium rescribatis et, si vobis et vestris videbitur forsitan expedire, quod possitis et velitis adhuc ista hyeme producere exercitum contra hostes Lettowinos videlicet de Sameyten, nos ex nostra parte, si nobis diem et tempus tribus semptimanis ad minus ante scripseritis et secrete, toto posse nostro terram regis Butegeyde eodem tempore invademus.»[16]

Памёр перад 1292 годам, бо тады згадваецца ўжо Pucuwerus rex Lethowie.[17]

Зноскі

  1. Zinkevičius Z. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. Стар. 80-81, 90, 122-123.
  2. Вядомая яго дачка Гаўдэмунда-Сафія, таму верагодна былі і сыны.
  3. ПСРЛ. Т.32. Хроника Быховца. М., 1975. С.136 «A z onoie wyżpisanoie waśni kniaź weliki Dowmont naprawił szesty mużykow na brata swoieho Troydena, zabity, hde ż on szoł bezpecznie z łaźni, y tyie ieho mużyki zdradne zabili.»
  4. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 869.
  5. Охманьский Е. Гедиминовичи — «правнуки Сколомендовы» // Польша и Русь. — М., 1974. — С. 358—364.
  6. Rowell S. C. Iš viduramžių ūkų kylanti Lietuva. — V., 2001.
  7. Насевіч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы… С. 70.
  8. Насевіч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы… С. 70.
  9. Пятраўскаc, Р. Літоўская знаць у канцы XIV — XV ст… С. 109, 111—112, 210.
  10. Пятраўскаc, Р. Літоўская знаць у канцы XIV — XV ст… С. 112.
  11. Пятраўскаc, Р. Літоўская знаць у канцы XIV — XV ст… С. 112.
  12. Пятраўскаc, Р. Літоўская знаць у канцы XIV — XV ст… С. 112.
  13. Пятраўскаc, Р. Літоўская знаць у канцы XIV — XV ст… С. 112, 210.
  14. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 933.
  15. SRP. Bd. 1. Dusburg. p.151.
  16. Preußisches Urkundenbuch. B. 1. Hälfte 2. ed. A. Seraphim. Königsberg, 1909. Nr 568. p.355-356; Paszkiewicz H. Regestra Lithuaniae. Nr 693.
  17. SRP. Bd. 1. Dusburg. p.155.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1240-я гады
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XIII стагоддзя
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вялікія князі літоўскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1290-я гады
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара