wd wp Пошук:

Ледавік

Ледавік «Перыта Марэна» ў нацыянальным парку «Ледавікі» ў Аргентынскай Патагоніі

Ледаві́к — натуральнае намнажэнне (скопішча) лёду на зямной паверхні, якое валодае самастойным рухам.

Сучасныя ледавікі Зямлі займаюць плошчу 16 млн.км² (~11 % сушы), маюць сумарны аб’ём 30 млн.км³ (98,5 % прэснага лёду на Зямлі). Найбольш распаўсюджаныя ў палярных шыротах, асноўныя раёны іх скопішча: Антарктыда, Грэнландыя, Арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны за межамі Арктыкі і Антарктыкі.

У антрапагене тэрыторыю Беларусі 5 разоў поўнасцю ці часткова пакрывалі ледавікі, якія насоўваліся са Скандынаўскага і Кольскага паўвостраваў.

Адрозніваюць ледавікі покрыўныя (ці мацерыковыя) і горныя (або сцёку); зледзяненні — сучаснае і старажытнае.

Утварэнне і рух ледавіка

Ледавік утвараецца з цвёрдых атмасферных ападкаў (снегу) вышэй за снегавую лінію, дзе выпадзенне снегу за доўгі час перавышае яго раставанне і выпарэнне (вобласць жыўлення або акумуляцыі ледавіка) і рухаецца ўніз па нахіле паверхні (вобласць сцёку або абляцыі або ледавіковы язык), дзе адбываецца раставанне і механічная разгрузка ледавіка. Часта горныя ледавікі пачынаюцца з паніжэнняў рэльефу — ледавіковых цыркаў-караў.

У вобласці жыўлення пачатковае снегавое покрыва спачатку ператвараецца ў фірн, а потым у ледавіковы лёд.

Пры нарастанні ціску лядовай тоўшчы пачынаецца рух лёду. Звычайная хуткасць руху ледавіка — дзясяткі і першыя сотні метраў за год, асобных ледавікоў Грэнландыі — 20—40 м за суткі; пры катастрафічных зрухах да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953).

Пры руху ледавікі выходзяць ніжэй снегавай мяжы ў вобласць абляцыі (лац. ablatio — адыманне, знос), дзе адбываецца паступовае памяншэнне масы ледавіка шляхам раставання, выпарэння і механічнага разбурэння. У залежнасці ад зменлівых у часе суадносін акумуляцыі і абляцыі адбываецца асцыляцыя (лат. oscillatio — ваганне) краю ледавіка. У выпадку істотнага ўзмацнення жыўлення і перавышэння яго над раставаннем, край ледавіка прасоўваецца наперад — ледавік наступае, пры зваротных суадносінах ледавік адыходзіць. Часам працэс пасоўвання ледавіка адбываецца вельмі хутка, ледавік пульсуе. Пры сталых суадносінах сілкавання і абляцыі край ледавіка займае стацыянарнае становішча.

Сваім рухам ледавікі апрацоўваюць схілы і ледавіковае ложа (трог), паліруюць і шліфуюць скалы, адшчапляюць і пераносяць глыбы і абломкі горных парод на вялікую адлегласць (гл. адорвень, валун, марэна), утвараючы марэнны рэльеф. Мацерыковыя ледавікі палярных і субпалярных раёнаў, якія спускаюцца сваімі языкамі ў мора, даюць пачатак айсбергам.

Ледавік

Крыніцы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Геаграфія
Катэгорыя·Ледавікі
Катэгорыя·Гляцыялогія