wd wp Пошук:

Полацкі летапіс

Полацкі летапіс — летапіс, існаванне якога гіпатэтычна дапускаецца шэрагам гісторыкаў, але не захавалы. Мог быць складзены ў Полацку ў XII ст. На думку С. М. Салаўёва, У. Ц. Пашуты, Л. В. Аляксеева, урыўкі з гэтага летапісу ёсць у Кіеўскім летапісе.

На думку прыхільнікаў гіпотэзы, на карысць існавання такога летапісу сведчыць апавяданне ў Кіеўскім летапісе (пад 1159) пра вяртанне на полацкі сталец, раней выгнанага палачанамі кн. Рагвалода-Васіля Барысавіча. Апавяданне складзена відавочцам з яркімі дэталямі. Другім доказам, на іх думку, з’яўляецца фрагмент (пад 1180) з Іпацьеўскага спісу пра паход кіеўскіх, чарнігаўскіх і полацкіх князёў сумесна з наўгародцамі пад Друцк, залежны ад смаленскіх князёў (тым часам смаленскім кн. быў Давыд Расціславіч). Пра мясцовы, полацкі запіс сведчыць дэталізацыя — дакладная дата падзеі, падрабязны пералік князёў.

Пра існаванне летапісання ў Полацку наогул паведамляў В. М. Тацішчаў (пачатак XVIII ст.), які ў сваёй працы «Гісторыя Расійская» узгадваў пра спіс, які належаў пецярбургскаму архітэктару П. М. Яропкіну, і дзесяць разоў спасылаўся на змест спісу, які, аднак, не дайшоў да нашых дзён — загінуў падчас пажараў у Маскве ў 1812 годзе. Гісторык выпісаў толькі некаторыя фрагменты, у т.л. летапісны артыкул 1217 г., пра астатняе В. М. Тацішчаў заўважыў: «…много о полоцких, витебских и других князей писано, токмо я не имел времени всего выписать и потом не достал…»[1].

Магчыма, што ў Полацкай зямлі было створана, а потым трапіла ў Кіеў і «Паданне аб Усяславічах», зафіксаванае ў Лаўрэнцьеўскім спісе пад 1128 годам. На думку Ю. А. Зайца, яно з’яўляецца пераказам тэксту гістарычнай песні, пашыранай на тэрыторыі Полаччыны ў кан. XI — пач. XII ст.

Зноскі

  1. Татищев В. Н. … С. 269.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Літаратурныя творы паводле алфавіта
Катэгорыя·Старажытнарускія летапісы
Катэгорыя·Гісторыя Полацка