wd wp Пошук:

Пётр Антонавіч Крачэўскі

Пётр (Пётра) Антонавіч Крачэўскі (Крэчэўскі) (7 жніўня 1879, в. Дубна[1], цяпер Гродзенская вобласць, Беларусь8 сакавіка 1928, Прага) — беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года. Сябра Рады БНР, 3-і старшыня Рады БНР.

Біяграфія

Нарадзіўся 7 жніўня 1879 года ў вёсцы Дубна Гродзенскай губерні ў сям’і вясковага дзяка Антона Крачэўскага, які служыў у адным з праваслаўных прыходаў у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні[1]. Атрымаў пачатковую адукацыю ў Верхалескай школе Кобрынскага павета, вучыўся ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Пасля паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, якую скончыў у 1902 годзе. Працаваў настаўнікам у царкоўна-прыходскай школе ў мястэчку Ялоўка[2]. Неўзабаве пакінуў пасаду ў царкоўна-прыходскай школе і пайшоў працаваць народным настаўнікам. Настаўнічаў у Беластоцкім і Ваўкавыскім паветах[1]. З 1909 года і да вайны працуе ў Віленскім дзяржаўным банку на пасадзе інспектара дробнага крэдыту[3]. Спачатку быў некласным чыноўнікам. Калежскі рэгістратар (1911), губернскі сакратар (1914)[4].

З 1914 года на вайсковай службе, на пасадзе справавода аднаго з вайкова-ветэрынатрынх лазарэтаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года старшыня Барысаўскага савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегат Усебеларускага з’езда 1917 года. На з’ездзе ўзначальваў мандатную камісію[2]. Па разгоне ўвайшоў у Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, а пасля ў Раду БНР.

Дзеячы БНР, 1918 г.. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

З 19 лютага 1918 года ў складзе Народнага сакратарыята Беларусі, дзяржаўны кантралёр, з красавіка народны сакратар фінансаў, у траўні — народны сакратар гандлю і прамысловасці. 24 красавіка 1918 года ўзначаліў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату[5]. З ліпеня, у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады, адзін з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. У верасні 1918 года разам з Тодарам Вернікоўскім накіроўваўся ва Украіну з мэтай заключэння пагаднення аб тавараабмене, 27 верасня 1918 года па заканчэнне місіі вярнуліся ў Менск. З украінскім урадам была дасягнутая згода ў пытанні тавараабмену: узамен на ўкраінскія тавары БНР абавязвалася пастаўляць лесаматэрыялы, дровы і запалкі[5]. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя дала дазвол на ажыццяўленне абмену[6]. У канцы 1918 года, пасля заключэння пагаднення паміж Літоўскай Тарыбай і Віленскай беларускай радай, Пётра Крачэўскі выконваў абавязкі камісара ў Гродзенскім павеце[6]. З 13 снежня 1919 года старшыня Народнай Рады БНР, а пасля адзінай Рады БНР.

Дэлегацыя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне. Сядзяць: Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Лявон Заяц; стаяць: Лявон Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яфім Бялевіч. 1919 г.

З 1920 года на эміграцыі ў Літве (Коўна), Чэхаславакіі. На эміграцыі ў Празе ўдзельнічаў у стварэнні Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходнееўрапейскіх краін пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. 26 верасня па 30 верасня 1921 года склікаў Усебеларускую канферэнцыю ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Асудзіў рашэнне Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года ў Берліне. Крачэўскі дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў, адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе. У 1926 выдаў палітычна-навуковы альманах «Замежная Беларусь». У Празе жыў па адрасе: Vinohrady, Erbenova ul. 1.

Магіла Пятра Крачэўскага на Ольшанскіх могілках

Памёр 8 сакавіка 1928 года ў Вінагродскай бальніцы Прагі[7]. Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Творчасць

Сустрэча беларускага нацыянальнага актыву ў Празе 30 снежня 1924 г. на 40-я ўгодкі смерці В. Дуніна-Марцінкевіча. Злева направа: Пётра Крачэўскі, Ніна Крачэўская і Уладзімір Пракулевіч

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (1921), вершаў, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў. Аўтар гістарычных і літаратурных эсэ і артыкулаў.

Творы

Зноскі

  1. 1 2 3 90 гадоў з дня смерці Пётры Крэчаўскага(нявызн.). racyja.com. Архівавана з першакрыніцы 12-11-2019. Праверана 12-11-2019.
  2. 1 2 Мазец В., 2014, с. 363
  3. Мазец В., 2014, с. 364
  4. Памятная книжка Виленской губернии на 1911 год. С. 31; тое ж на 1912 год. С. 33; тое ж на 1915 г. С. 38.
  5. 1 2 Мазец В., 2014, с. 371
  6. 1 2 Мазец В., 2014, с. 372
  7. Мазец В., 2014, с. 380
  8. У тэксце ёсць праўкі рукой В. Захаркі. Пазначана прозвішча Крэчэўскага і дата: 13.06.1925 Прага
  9. Пазначана прозвішча Крэчэўскага і дата: 17.12.1925

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Перакладчыкі Беларусі
Выпускнікі Віленскай духоўнай семінарыі
Паэты Беларусі
Члены Беларускай сацыялістычнай грамады
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Міністры фінансаў БНР
Асобы
Нарадзіліся ў 1879 годзе
Памерлі ў Празе
Пахаваныя на Ольшанскіх могілках
Памерлі ў 1928 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда
Памерлі 8 сакавіка
Беларусы ў Чэхіі
Нарадзіліся ў Мастоўскім раёне
Нарадзіліся ў Гродзенскім павеце (Расійская імперыя)
Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Нарадзіліся 7 жніўня
Публіцысты Беларусі