wd wp Пошук:

Беларуская народная партыя сацыялістаў

Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) — нацыянальная партыя праванародніцкага кірунку. Заснавана ў Мінску на арганізацыйным сходзе 15-16 мая 1917 г.[1]

Гісторыя

Аб’ядноўвала нешматлікую групу інтэлігентаў, якія былі блізкімі да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), але лічылі яе праграму і тактыку залішне радыкальнымі.

У Арганізацыйнае бюро БНПС уваходзілі Я. Ф. Сушынскі (старшыня), A.I. Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Самуіл Плаўнік (Змітрок Бядуля), Ф. Стульба; значным уплывам у партыі карыстаўся Павел Аляксюк і Раман Скірмунт. З канца ліпеня 1917 існаваў аддзел БНПС м. Смілавічы (Ігуменскі павет) на чале з ксяндзом Аляксандрам Астрамовічам.

Праект праграмы БНПС спалучаў ідэі палітычнага самавызначэння беларускага народа з рэфармісцкімі ўяўленнямі пра шляхі сацыялістычнай перабудовы грамадства. Выстаўляў патрабаванне абвясціць Расію федэратыўна-дэмакратычнай рэспублікай, у якой Беларусь павінна мець статус аўтаноміі з заканадаўчым органам — Беларускай краёвай радай, выбранай на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. У далёкай перспектыве прадугледжвалася ажыццяўленне шляхам паступовых рэформ сацыялістычнага ідэалу — абагульнення вытворчасці і спажывання. Цэнтральнае месца ў праекце праграмы займала аграрнае пытанне, БНПС падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі («уся зямля павінна быць агульнанароднай уласнасцю»). Нацыяналізаваныя землі павінны былі паступаць у распараджэйне Беларускай краёвай рады і складаць нацыянальны народны фонд, з якога ў адпаведнасці з працоўнай нормай меркавалася надзяляць беззямельных і малазямельных сялян. Праграма не прадугледжвала неадкладнага пераходу ўсіх зямель у агульнанародную ўласнасць. У нацыянальны народны фонд бясплатна павінны былі паступаць землі кабінецкія, казённыя, удзельныя, царкоўныя, падараваныя каралямі Рэчы Паспалітай і расійскімі імператарамі, a таксама купленыя за гады Першай сусветнай вайны. Сялянскія надзельныя землі і дробныя ўчасткі, якія не перавышалі працоўныя нормы, заставаліся ў прыватнай уласнасці. З мэтай выключэння прыватнаўласніцкіх зямель з гандлёвага абароту права іх куплі давалася толькі нацыянальнаму народнаму фонду. Захоўвалася палажэнне аб выкупе: землі, купленыя «за грошы запрацаваныя», павінны перайсці да народа «за памяркоўную плату» за кошт нацыянальнага народнага фонду. Дапускалася поўная свабода прыватнай ініцыятывы ў галіне прамысловасці і гандлю, БНПС выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, увядзенне сістэмы страхавання, ахову жаночай і дзіцячай працы. Абвяшчаўся прынцып адзінства школы, бясплатнае навучанне на роднай мове ў школах усіх разрадаў.

Імкнучыся знайсці апору ў масах, БНПС летам 1917 правяла ў Мінску некалькі мітынгаў, але адчувальнай падтрымкі не атрымала. У пачатку ліпеня 1917 г. прадстаўнікі БНПС удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх арганізацый і партый, дзе выказваліся супраць скасавання Беларускага нацыянальнага камітэта; у выніку канфлікту з фракцыяй БСГ, якая складала большасць з’езда, пакінулі яго. Летам 1917 на муніцыпальных выбарах у Мінску БНПС выставіла кандыдатуру ў блоку з мясцовымі арганізацыямі БСГ, яўрэйскіх, украінскіх і літоўскіх партый (Блок нацыянальных сацыялістычных партый) і атрымала адно месца ў Мінскай гарадской думе. Кастрычніцкі пераварот не прыняла, разам з іншымі беларускімі арганізацыямі падпісала «Грамату да беларускага народа» 27 кастрычніка (9 лістапада) 1917 г., дзе рэвалюцыя характарызавалася як праяўленне анархіі, у віхуры якой можа загінуць справа абароны нацыянальных правоў беларусаў. У снежні 1917 г. удзельнічала ва Усебеларускім з’ездзе. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху. He здолеўшы выйсці з зародкавай стадыі развіцця, яна неўзабаве знікла з палітычнай арэны.

Зноскі

  1. Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 48.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Палітычныя арганізацыі беларускай гісторыі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Палітычныя партыі паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Палітычныя партыі Беларусі
Палітычныя партыі, заснаваныя ў 1917 годзе