wd wp Пошук:

Дзівін

Дзі́він, сустракаюцца таксама варыянты Ды́він, Дывы́н, Дывэ́н[1] (трансліт.: Dzivin, руск.: Дивин) — аграгарадок у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, каля возера Любань. Адміністрацыйны цэнтр Дзівінскага сельсавета. Насельніцтва 3532 чал. (2005).

Знаходзіцца за 33 км на паўднёвы ўсход ад Кобрына, за 78 км ад Брэста. Аўтамабільныя дарогі на Брэст і Драгічын.

Назва

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Дзівін» утварыўся ад асноваў «дзівіцца», «дзіва» ў значэнні цуд[2]. Цяперашняя афіцыйная назва паселішча — Дзі́він[3], аднак мясцовыя жыхары ўжываюць традыцыйнаую назву Дывы́н.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўспамін пра Дзівін датуецца 1466 годам. Пад 1546 ён згадваецца як мястэчка, цэнтр воласці Берасцейскага павета. З 1566 — цэнтр Дзівінскага войтаўства і Палескай воласці. Паводле рэестра ў гэты час у мястэчку было 184 двары, рынак (квадратны ў плане) і 5 вуліц: Павіцкая (на в. Павіцце), Кобрынская, Берасцейская, Ратненская, Крывая[4]. На Кобрынскай вуліцы існавала Пятніцкая царква.

У 1642 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Дзівіну Магдэбургскае права. Станам на 1682 у мястэчку існавалі 2 грэка-каталіцкія царквы, касцёл, ратуша, 2 млыны, карчма. У 1776 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі скасаваў самакіраванне (у межах рэформ у Рэчы Паспалітай). Пад 1789 Дзівін згадваецца як горад, цэнтр ключа ў складзе Берасцейскай эканоміі. У гэты час існавала рыначная плошча, 4 вуліцы, 194 гаспадаркі (з іх 173 хрысціянскія).

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Дзівін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні1801). У 1797 царскія ўлады падаравалі мястэчка разам з яго жыхарамі П. Румянцаву-Задунайскаму.

Жыхары мястэчка, патрабуючы свайго пераводу ў мяшчане, звярталі ўвагу, што падчас правядзення валочнай памеры ў 1566 годзе гэтаму мястэчку было выдзелена 53 валокі зямлі (каля 1060 дзесяцін) і прадставілі прывілеі 1629, 1649, 1677, 1761 гадоў, паводле якіх жыхары Дзівіна лічыліся мяшчанамі, а зямля была аддадзена ім у вечнае валоданне. Расійскія ўлады рабілі захады, каб забраць арыгіналы прывілеяў у местачкоўцаў. Жыхары мястэчка скардзіліся, што кобрынская паліцыя «затрымала ў сябе арыгінал прывілея і іншыя дакументы дывінскіх мяшчан»[5]. У 1819 сяляне і местачкоўцы (больш за 200 двароў, 1000 жыхароў) адмовіліся выконваць павіннасці на карысць уладальніка да канчатковага разгляду справы аб іх вольнасці. 20 жніўня 1819 у Дзівін прыбыло 300 узброеных расійскіх салдат. Жыхары мястэчка вызвалілі арыштаваных. Улад вымусілі дазволіць местачкоўцам выбраць 10 прадстаўнікоў для перамоў. Асэсар Гродзенскага губернскага кіравання і кобрынскі земскі аканом у прысутнасці салдат зачыталі сялянам Указ губернскага кіравання, у якім яны прасілі ваеннай дапамогі ў губернатара і адзначалі, што духавенства падтрымлівае сялянскі пратэст. У 1862 годзе ў Дзівіне было адкрыта народнае вучылішча. Станам на 1878 тут існавалі 2 царквы, сінагога, праводзіліся 2 кірмашы. На 1886 — валасная ўправа, 3 царквы, сінагога, школа, 5 крам, заезны двор, 2 карчмы, праводзіліся 3 кірмашы. Каля мястэчка знаходзіўся маёнтак пана А. Ягміна, вятрак. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 3 цэрквы, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, народнае вучылішча, бальніца, валасная ўправа, пошта, 2 хлебазапасныя магазіны, 15 крам, алейня, 14 млыноў, карчма; 6 аднадзённых кірмашоў на год.

Найноўшы час

4 сакавіка 1918 урад Украінскай Народнай Рэспублікі абвясціў Дзівін сваёй часткай, адначасна ад 25 сакавіка мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесся зрабілася прадметам перагавораў паміж БНР і УНР[6]. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Дзівін увайшоў у склад Беларускай ССР, у Кобрынскі павет («падраён») Брэсцкага раёна[7]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. Па стане на 1931 дзейнічалі яўрэйская бібліятэка, тэатральны і харавы гурткі.

У 1939 Дзівін увайшоў у БССР, дзе з 15 студзеня 1940 да 8 жніўня 1959 быў цэнтрам раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 працавалі пошта, 7-гадовая школа (400 вучняў), аптэка, бальніца з амбулаторыяй, ветэрынарны пункт, народны дом, 20 прыватных крам, хлебная крама і кнігарня, 2 маторныя млыны, 3 пякарні, бойня, рэстарацыя, шавецкая і кавальская арцелі, завод ахаладжальных напояў, маслазавод. У Другую сусветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 21 ліпеня 1944 Дзівін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1942 годзе ў гэтай вёсцы ўзнік першы атрад УПА[8]. Па стане на 1971 у вёсцы было 1407 будынкаў, на 2005 — 1460 двароў.

Насельніцтва

Інфраструктура

У Дзівіне дзейнічаюць дом культуры, клуб, 3 бібліятэкі, школа-інтэрнат, музычная, спартыўная і сярэдняя школы, 2 дзіцячыя сады, камбінат побытавага абслугоўвання, кавярня, 11 крам, бальніца, аптэка, ветэрынарная лячэбніца, пошта.

Эканоміка

У вёсцы працуюць маслазавод, пякарня, філіял Кобрынскай мэблевай фабрыкі, аддзяленне «Сельгастэхнікі», 2 лясніцтвы

Турыстычная інфармацыя

Славутасці

Свята-Раства-Багародзіцкая царква
Свята-Параскева-Пятніцкая царква
Сувораўскі дуб

Страчаная спадчына

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ды́він, Дывы́н, Дывэ́н
  2. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 99.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  4. Дзівін // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна // рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с. ISBN 985-6302-44-7
  5. Соркіна, І. Мястэчкі Беларускага Палесся ў XIX — першай трэці XX стст. / Іна Соркіна // ARCHE Пачатак. — 2013. — № 4 (121). — С. 62. Са спасылкай на Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Гродне. — Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 1355. — Арк. 5, 6, 8, 11, 12, 14, 69 адв.
  6. Валянціна Лебедзева. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) Архівавана 19 лістапада 2008. // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
  7. У якіх межах былі абвешчаны Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? Архівавана 12 снежня 2007. // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. Ці заслугоўваюць помніка тыя, хто змагаўся супраць савецкай улады?(недаступная спасылка)
  9. Dywin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 258—259

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Дзівінскі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Аграгарадкі Брэсцкай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты Кобрынскага раёна
Катэгорыя·Дзівін
Катэгорыя·Мястэчкі Берасцейскага ваяводства