wd wp Пошук:

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гарэцкі. Гаўры́ла Іва́навіч Гарэ́цкі (28 (10) красавіка 1900, вёска Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні[1] — 20 лістапада 1988, Мінск) — беларускі геолаг, географ, эканаміст, дэмограф, археолаг, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў і акадэмік (1928) Беларускай акадэміі навук. Доктар геолага-мінералагічных навук (1946), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1972). Малодшы брат класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага[2].

Біяграфія

Паходжанне і дзяцінства

Бацькі Іван Кузьміч і Ахрасіння Міхайлаўна Гарэцкія

Нарадзіўся 28 сакавіка (10 красавіка паводле новага стылю) 1900 ў вёсцы Малая Багацькаўка[2] Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні ў сялянскай малазямельнай сям’і. Бацька — Іван Кузьміч Гарэцкі (1856—1945), многія гады служыў кухарам у пана Цэкерта ў Лонніцы на Смаленшчыне. Маці — Ахрасіння Іванаўна, у дзявоцтве Папова (1864—1935), дачка панскага ткача з сяла Слаўнае, сям’я лічылася заможнай. Калі адбыўся шлюб, Івану Кузьмічу было 28 гадоў, а Ахрасінні Іванаўне 20. Абое былі непісьменнымі. Іван, які ўвесь час працаваў у паноў, стараўся і навучыўся размаўляць па-руску, Ахрасіння гаварыць па-руску саромелася, і так і не навучылася. Праз кароткі час пасля шлюбу Іван зноў паехаў служыць да пана Цэкерта. Ахрасіння ездзіла да мужа толькі ў госці, але зрэдку, бо было далёка[3].

У Івана і Ахрасінні нарадзіўся першы сын, якому далі імя Васіль, але крыху больш чым праз год ён памёр. Праз два гады нарадзіўся Іван (1880—1939). Наступнай была Марына, але хутка памерла з водры. У 1893 годзе нарадзіўся Максім. Пасля нарадзіліся блізняты Панас (памёр праз 4 тыдні) і Парфір (1896—1980), Гаўрыла (1900—1988), Ганна (1902—1922)[4].

Адукацыя

Адзіны з пяці дзяцей атрымаў вышэйшую адукацыю. Пасля вучобы ў школе, земскім і двухкласным вучылішчах у 1914 паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча[5], якое закончыў у 1919. Працаваў ва Уфімскім губземаддзеле (каморнікам-аграномам) і вучыўся ва Уфімскім інстытуце народнай адукацыі(руск.) бел. (1919-20). У 1920 паступіў на эканамічны факультэт Ціміразеўскай (тады Пятроўскай) сельскагаспадарчай акадэміі (г. Масква)[2], якую закончыў у 1924, атрымаўшы спецыяльнасць «аграном». Двойчы арыштоўваўся Дзяржаўным палітычным упраўленнем (1920 і 1922).

Маладыя гады

У 1925 з сям’ёй пераязджае ў Беларусь, у Горкі, дзе Г. Гарэцкі працуе дацэнтам, загадчыкам кафедры сельскагаспадарчай эканоміі і эканамічнай геаграфіі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі (да 1927)[2]. 3 1925 — член Інстытута беларускай культуры, з 1927 — член Прэзідыума і Навуковай Рады гэтай установы. У 1926 годзе ІБК накіроўвае Г. Гарэцкага ў камандзіроўку ў Германію, Польшчу і Данію.

У 1927 Г. Гарэцкага прызначаюць дырэктарам новага Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР[2]. На гэтай пасадзе ён займаўся арганізацыяй сельскагаспадарчай навукі і практыкі. Летам 1927 г. Гарэцкі зноў едзе ў камандзіроўку ў Польшчу і Германію. У канцы 1928 28-гадовага дырэктара інстытута выбіраюць правадзейным членам Беларускай акадэміі навук, у якую рэарганізавалі Інбелкульт. Ён быў самым маладым сярод акадэмікаў-заснавальнікаў акадэміі і застаецца дагэтуль наймаладзейшым сярод абраных акадэмікаў.

Арышт і зняволенне

24 ліпеня 1930 года Г. Гарэцкі арыштаваны ДПУ БССР па справе «Працоўнай сялянскай партыі»(руск.) бел.. 6 снежня пазбаўлены звання акадэміка. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 30 мая 1931 як «кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі „Працоўная сялянская партыя“» да вышэйшай меры пакарання. 6 чэрвеня 1931 прысуд заменены на 10 гадоў ППК. Этапаваны(руск.) бел. ў Беламорска-Балтыйскі лагер НКУС(руск.) бел. Карэла-Фінскай АССР. Вызвалены датэрмінова 5 кастрычніка 1934. Зноў арыштаваны ў кастрычніку 1937, праз тры месяцы вызвалены. У 1938 годзе арыштаваны яшчэ раз. 8 мая 1938 асуджаны да расстрэлу. Больш за год ён прабыў у турме, але застаўся жывым.

Гаўрыла Гарэцкі ў ГУЛАГу трапіў у Беламорска-Балтыйскі камбінат НКУС (пас. Мядзведжая Гара ў Карэліі), дзе ў 1931-39 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам і інжынерам-геолагам[2] на ўзвядзенні Беламорска-Балтыйскага канала і звязаных з ім гідратэхнічных збудаванняў, такіх як Туломскія ГЭС(руск.) бел., Рыбінскі гідравузел(руск.) бел. Валгабуда(руск.) бел. і інш. У 1939-42 гадах ён — галоўны геолаг у сістэме Галоўпрамбуда і Наркамата абароны НКУС (у прыватнасці, у 1939-40 гадах — галоўны геолаг Салікамскага гідравузла НКУС), з 1942 — у арганізацыях Гідрапраекта(руск.) бел. НКУС, дзе працаваў па 1968 на пасадах ад галоўнага геолага да намесніка начальніка аддзела і галоўнага спецыяліста аддзела інжынернай геалогіі (г. Дзедаўск Маскоўскай вобласці)[2], пазней — галоўным кансультантам (да 1973).

У часы вайны працаваў на ўзвядзенні абарончых збудаванняў. Пасля ўдзельнічаў у геолага-інжынерных вышуканнях і будоўлях амаль усіх найбуйнейшых ГЭС у еўрапейскай частцы Расіі і Украіны (Горкаўская(руск.) бел., Куйбышаўская(руск.) бел., Саратаўская(руск.) бел., Канеўская(руск.) бел., Кахоўская(руск.) бел., Цымлянская(руск.) бел. і інш.), каналаў (Волга-Данскі, Сальскі(руск.) бел., Азоўскі і інш.), вадасховішчаў, абвадняльных, арашальных і шлюзавых сістэм.

Пасля вызвалення

У 1954 пастановай Прэзідыума ВС СССР з Г. Гарэцкага знятая судзімасць, а 22 красавіка 1958 ён рэабілітаваны(руск.) бел. ваенным трыбуналам БВА і яго справа за адсутнасцю складу злачынства спынена. У званні акадэміка АН БССР адноўлены 28 верасня 1965 года. У 1966—69 г. працаваў па сумяшчальніцтве старшым навуковым супрацоўнікам Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР. На сталае пражыванне і пастаянную працу ў Беларусь здолеў вярнуцца з сям’ёй у 1969, на пасаду загадчыка сектара палеагеаграфіі і антрапагенавага перыяду Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР (з 1970 Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР)[2]. У 1971-85 г. — загадчык аддзела палеагеаграфіі антрапагену гэтага інстытута (з 1973 — аддзел, з 1978 — лабараторыя геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену), у 1985-88 гадах — кансультант ІГіГ АН БССР.

Памёр 20 лістапада 1988 у Мінску.

Навуковая дзейнасць

Навуковыя даследаванні Г. Гарэцкага прысвечаныя эканамічнай геаграфіі, геалогіі антрапагену(руск.) бел., інжынернай геалогіі і інш[2].

У 1926 годзе выйшлі з друку яго даследаванні аб народным (нацыянальным) прыбытку Беларусі, а таксама аб сельскай гаспадарцы і насельніцтве Гомельскай губерні (апошнія паспрыялі вырашэнню пытання аб уключэнні Гомельшчыны ў склад БССР). У працы аб нацыянальным прыбытку Беларусі (1927) паказаў, як можна зрабіць яе заможнай краінай з рацыянальна арганізаванай прыбытковай сельскай гаспадаркай накшталт развітай у гэтых адносінах Даніі, прыродныя ўмовы якой (глебы, клімат) падобныя да беларускіх. Ім напісана кніга «Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы» (1928).

За час працы ў Гідрапраекце Г. Гарэцкі стаў аўтарытэтным інжынерам-геолагам і геолагам-чацвярцічнікам. 3 1948 — член Бюро, а ў 1967-83 г. — старшыня Камісіі АН СССР па вывучэнні чацвярцічнага перыяду(руск.) бел. і савецкай секцыі INQUA(руск.) бел.[2]. Ім закладзены асновы новай у СССР галіны ведаў — палеапатамалогіі[2], вучэння аб старажытных рэках, адклады якіх ён вывучаў пры будаўніцтве гідратэхнічных аб’ектаў і апісаў у грунтоўных манаграфіях аб алювіі вялікіх антрапагенавых прарэк Рускай раўніны (1964), аб фарміраванні даліны ракі Волгі ў антрапагене (1966). Г. Гарэцкі супрацоўнічаў з геолагамі-чацвярцічнікамі, палеантолагамі, археолагамі і іншымі спецыялістамі ў СССР, каб апрацаваць і ўсебакова вывучыць зборы палявых даследаванняў, якія ён праводзіў пры геолага-інжынерных вышуканнях. Паводле багатага матэрыялу, сабранага на Кольскім паўвостраве, у 1945 годзе абараніў кандыдацкую, а праз год — аб неагенавых і чацвярцічных адкладах Сярэдняй Камы — доктарскую дысертацыі (1946).

Напісаў больш за 80 навуковых артыкулаў па палеапатамалогіі і чацвярцічнай геалогіі Беларусі і выдаў манаграфіі «Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра» (М., 1970), «Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья)» (Мн., 1980) і «Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона» (Мн., 1982).

Г. Гарэцкі — член рэдкалегіі часопісаў «Бюллетень Комиссии по изучению четвертичного периода» і «Инженерная геология», Карты чацвярцічных адкладаў СССР маштаба 1 : 2 500 000, галоўны рэдактар Карты чацвярцічных адкладаў БССР маштаба 1 : 500 000, старшыня Беларускай антрапагенавай камісіі, член рэдакцыйнага савета «Беларускай савецкай энцыклапедыі», член рэдкалегій некалькіх энцыклапедычных выданняў і член тэрміналагічнай камісіі, рэдактар многіх манаграфій геолагаў, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення хімічных і геалагічных навук АН БССР і інш.

Апублікаваў больш за 160 навуковых прац — у т. л. па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі, археалогіі[2]. Адзін са стваральнікаў руска-беларускага слоўніка[2]. У друку з’явіліся яго артыкулы і ўспаміны пра Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Гарэцкага і інш.

Выбраныя працы

Грамадская дзейнасць

У 1919 Г. Гарэцкі супрацоўнічаў з Беларускай секцыяй студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Падчас вучобы ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі(руск.) бел. стварыў і ўзначальваў Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю студэнтаў, вёў актыўную грамадскую працу, выкладаў эканамічную геаграфію ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду (да 1925). Вучоба і праца былі падпарадкаваны ідэі падрыхтоўкі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі для эканамічнага, асветніцкага і культурнага будаўніцтва ў Беларусі. Неаднаразова арыштоўваўся.

Пасля вяртання ў Мінск (1969) Г. Гарэцкі шмат займаўся арганізацыйнай, грамадскай і асветніцкай працай. Спрыяў адраджэнню беларускамоўнага асяродку на працы, вывучэнню чацвярцічнай геалогіі Беларусі, узгадаванню калектыву нацыянальных вучоных, стварэнню школы спецыялістаў у розных галінах чацвярцічнай геалогіі. Ён арганізаваў выданне шматлікіх манаграфій і зборнікаў навуковых прац сваіх супрацоўнікаў на беларускай і рускай мовах.

Кандыдат у слены ЦВК БССР у 1927-28, член ЦВК БССР у 1929-30.

Дамогся вяртання імя і творчасці Максіма Гарэцкага: выданне збору твораў пісьменніка, прызнанне яго класікам беларускай літаратуры. У гэтай справе намаганні акадэміка Гарэцкага, жонкі і дачкі Максіма Іванавіча былі вырашальнымі.

Прэміі і ўзнагароды

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) за манаграфіі «Алювіяльны летапіс вялікіх антрапагенавых прарэк Рускай раўніны. Прарэкі Камскага басейну» (1964), «Фарміраванне даліны р. Волгі ў раннім і сярэднім антрапагене. Алювій Пра-Волгі» (1966), «Алювіяльны летапіс вялікага Пра-Дняпра» (1970)[2], Дзяржаўнай прэміі БССР (1986).

Г. Гарэцкі ўзнагароджаны трыма Ганаровымі граматамі ВС БССР, 14 медалямі і ордэнамі, сярод якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1930), два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1952, 1971), ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1979).

Сям’я

Гаўрыла Гарэцкі (злева) разам са сваім братам Максімам Гарэцкім, 1926

Малодшы брат пісьменніка Максіма Гарэцкага.

З жонкай Ларысай (у дзявоцтве Парфяновіч) меў двух сыноў: Усяслава (1924—2009) і Радзіма (нар. 1928); Радзім Гарэцкі — вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі.

Падчас Другой сусветнай вайны загінулі тры пляменнікі Гаўрылы Гарэцкага: Уладзімір Парфіраў, Віктар Iванаў i сын Максіма Гарэцкага Леанід.

Ушанаванне памяці

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі пахаваны на Паўночных могілках у Мінску. На яго магіле на помніку-валуне змешчаны барэльефны партрэт работы Валяр’яна Янушкевіча.

У гонар яго названы 13 відаў выкапнёвых раслін і жывёл, дзеля ўшанавання памяці Гаўрылы Іванавіча штогод праводзяцца навуковыя канферэнцыі. Заір Азгур стварыў скульптурны партрэт акадэміка Г. Гарэцкага, на будынку былога Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі змешчана мемарыяльная дошка работы Аляксандра Шатэрніка.

Зноскі

  1. цяпер у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 Горецкий Гавриил Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 163. — 737 с.
  3. Гарэцкі Р., 2008, с. 12
  4. Гарэцкі Р., 2008, с. 12—13
  5. Сяргей Макарэвіч. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). Гісторыя. Сайт горада Вілейка. Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2012. Праверана 30 кастрычніка 2011.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (32):
Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Вучоныя паводле алфавіта
Выпускнікі РДАУ-МСГА імя К. А. Ціміразева
Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Геолагі Беларусі
Пахаваныя на Паўночных могілках
Памерлі ў 1988 годзе
Аграномы Беларусі
Максім Гарэцкі
Нарадзіліся 10 красавіка
Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР
Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Нарадзіліся ў 1900 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Вязні Белбалтлага
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
Асобы
Нарадзіліся ў Мсціслаўскім павеце
Эканамісты Беларусі
Памерлі 20 лістапада
Дактары геолага-мінералагічных навук
Археолагі Беларусі
Географы Беларусі
Мемуарысты Беларусі
Памерлі ў Мінску