Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР — першы беларускі ордэн. Мастак: Генадзь Яўгенавіч Змудзінскі. Узнагарода адліта ў Маскве. Планавалася вырабіць 300 экзэмпляраў ордэна. Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР уручаны амаль 30 працоўным і воінскіх калектывам і каля 140 чалавекам. Уручэнне ордэна працягвалася да 1933 года. Знак ордэна мацаваўся на левым баку грудзей. Яго нашэнне было абавязковым на пасяджэннях з’ездаў Саветаў, на сесіях ЦВК БССР, на афіцыйных парадах і ўрачыстых пасяджэннях, у дні рэвалюцыйных свят. Выдаваўся бясплатна, меў адну ступень і за новыя працоўныя дасягненні ўзнагароджанне магло быць ажыццёўлена паўторна.
25 ліпеня 1924 года распрацаваны праект ордэна быў прыняты на пасяджэнні Прэзідыума ЦВК БССР. 12 кастрычніка 1924 года газета «Савецкая Беларусь» апублікавала палажэнне аб новай узнагародзе. Ордэн прысуджаўся ўсім грамадзянам БССР, якія праявілі асаблівую самаадданасць, ініцыятыву і працавітасць у вырашэнні гаспадарчых задач у вобласці паляпшэння прамысловасці, транспарту, арганізацыі сельскай гаспадаркі і іншых галін працы. У сувязі з чым першыя ордэнскія знакі ўручаліся ў асноўным рабочым і сельскім працаўнікам. Ордэнаў за № 1 і № 2 былі ўдастоены меліярацыйныя таварыствы ў сёлах Васількі Бялыніцкага і Астрэні Чавускага раёнаў. За актыўны ўдзел у сацбудаўніцтве ўзнагароду рэспублікі атрымалі прадстаўнікі заводаў «Энергія» і «Бальшавік» у Мінску, «Чырвоны металіст» у Віцебску, фанернай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» (1929) у Мазыры, папяровай фабрыкі «Герой працы» ў Добрушы.
Аснову ордэнскага знака склаў традыцыйны для беларускага рэгіёна геральдычны шчыт у выглядзе картуша чырвонага колеру. Малюнак ордэна ўяўляў сабой складаную кампазіцыю: выява самога ордэна на фоне чырвонага сцяга, рэалістычныя вобразы беларускага рабочага і селяніна, нацыянальны арнамент, прылады працы, сплеценыя паміж сабой галінкі лаўра і каласы пшаніцы. Выкананы па цэнтры надпіс на беларускай мове звяртаў увагу на заслугі ўзнагароджанага: «Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі ў знак выпаўненьня (імярэк) свайго абавязку перад Сацыялістычнай Бацькаўшчынай на фронце Працы дае у нагароду яму знак Ордэну Працоўнага Чырвонага Штандару БССР № … — сымболь сусьветнай Сацыялістычнай Рэвалюцыі»[2].