wd wp Пошук:

Карэла-Фінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Карэла-Фінская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка, (фінск.: Karjalais-Suomalainen Sosialistinen Neuvostotasavalta, руск.: Карело-Финская Советская Социалистическая Республика) Карэла-Фінская ССР (фінск.: KARJALAIS-SUOMALAINEN SNT, руск.: Карело-Финская ССР) — адна з рэспублік Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Існавала ў 19401956 гадах.

Утварэнне

Пасля заканчэння савецка-фінскай вайны і падпісання Маскоўскага мірнага дагавора, 31 сакавіка 1940 года на VI сэсіі Вярхоўнага Савета СССР быў прыняты закон пра перадачу Карэльскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы тых тэрыторый, якія былі занятыя Савецкім Саюзам (Карэльскага перашыйка і Паўночнага Прыладажжа), а таксама пра ператварэнне КАССР у Карэла-Фінскую ССР. Сталіцай КФССР застаўся горад Петразаводск.

На думку некаторых гісторыкаў, КФССР уяўляла пагрозу для Фінляндыі, таму што магла быць патэнцыйным «зачынам» для яе далучэння да СССР[1], падобна як наяўнасць у складзе СССР нацыянальных рэспублік БССР і УССР стала прычынай для далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. На карысць гэтай тэорыі кажа тое, што раней, 1 снежня 1939 года на тэрыторыі СССР быў абвешчаны т. зв. Народны Урад з фінскіх камуністаў на чале з Ота Куўсіненам, які потым узначаліў КФССР[2].

Гісторыя

У ходзе савецка-фінскай вайны 1941—1944 гг. значная частка Карэла-Фінскай ССР (за выключэннем тэрыторый, што раней належалі Фінляндыі), была акупаваная фінскім войскам і часцямі нямецкага Вермахта. У гэты час сталіцай рэспублікі быў горад Беламорск, які не быў узяты. Фінскія войскі былі разгромленыя ў Карэліі ўлетку 1944 года ў выніку Выбарска-Петразаводскай аперацыі.

У 1944 годзе ў рамках агульнасаюзнай адміністрацыйнай рэформы Выбарскі і Кексгольмскі (Прыазерскі) раёны былі перададзеныя са складу КФССР у склад РСФСР і ўвайшлі ў Ленінградскую вобласць.

Нацыянальны склад

Спявачка Люся Тэпанен, выканаўцы Тойва Вайнанен і Максім Гаўрылаў прадстаўляюць КФССР на Другім Міжнародным фэсце моладзі і студэнтаў у Будапешце (1949)

«Тытульнае» карэльскае і фінскае насельніцтва, у адрозненне ад іншых савецкіх рэспублік, было нацыянальнай меншасцю цягам усяго часу існавання рэспублікі. На 1939 год, яшчэ да вайны і далучэння Карэльскага перашыйка і Прыладажжа, частка прыбалтыйска-фінскага насельніцтва (карэлы, фіны і вепсы) у Карэльскай АССР склала 27 %[3], а згодна з перапісам 1959 года, праведзеным ужо пасля скасавання рэспублікі, яна знізілася да 18,3 %[4]. Фінскае і карэльскае насельніцтва далучаных у 1940 годзе заходніх зямель Карэліі (больш за 400 тыс. чал.), адразу эвакуявалася ў цэнтральныя раёны Фінляндыі, а, вярнуўшыся, з-за вайны зноў пакінула Карэлію ў 1944 годзе.

Скасаванне

16 ліпеня 1956 года КФССР была паніжаная ў статусе да аўтаномнай рэспублікі і вернутая ў склад РСФСР. Пры гэтым з яе назвы было прыбранае слова «фінская» (Карэльская АССР).

Зноскі

  1. http://slovari.yandex.ru/dict/krugosvet/article/krugosvet/4/1005203.htm Архівавана 23 сакавіка 2008.
  2. http://militera.lib.ru/research/meltyukhov/04.html
  3. Дадзеныя перапісу 1939 года па КАССР, http://www.soros.karelia.ru/projects/1998/atlas/1939/1939.htm Архівавана 10 мая 2006.
  4. Дадзеныя перапісу 1959 года па КАССР, http://www.soros.karelia.ru/projects/1998/atlas/1959/1959.htm Архівавана 10 мая 2006.
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Гісторыя Карэліі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·З’явіліся ў 1940 годзе
Катэгорыя·Зніклі ў 1956 годзе
Катэгорыя·Рэспублікі СССР