Руская дзяржава, Рускае царства[3], Маскоўская дзяржава, Масковія (руск.: Русское царство)[4][5] або ў візантыйскім варыянце Расійскае царства (руск.: Российское царство)[6][7][8]) (англ.: Muscovy, ням.: Moskowien) — дзяржава, якая існавала ў перыяд паміж 1478 і 1721 гг.[9][10] Назва «Расійскае царства» была афіцыйнай[10] назвай Расіі ў гэты гістарычны перыяд. Таксама афіцыйнай была назва **рсїѧ**.
У 1547 годзе вялікі князь маскоўскі Іван IV Грозны быў каранаваны царом і прыняў поўны тытул: «Вялікі цар, Божаю літасцю цар і вялікі князь усяе Русі, Уладзімірскі, Маскоўскі, Наўгародскі, Пскоўскі, Разанскі, Цвярскі, Югорскі, Пермскі, Вяцкі, Балгарскі і іншых»[11], пазней, з пашырэннем межаў Рускай дзяржавы, да тытула дадалося «цар Казанскі, цар Астраханскі, цар Сібірскі», «і ўсяе Паўночнай краіны валадар»[12].
Па тытулатуры Рускаму царству папярэднічала Вялікае Княства Маскоўскае, а яго пераемніцай стала Расійская імперыя[13][14][15]. У гістарыяграфіі таксама існуе традыцыя перыядызацыі рускай гісторыі, паводле якой прынята гаварыць пра ўзнікненне адзінай і незалежнай цэнтралізаванай Рускай дзяржавы ў эпоху кіравання Івана III Вялікага. Ідэя аб’яднання рускіх земляў (у тым ліку тых, што апынуліся пасля мангольскага нашэсця ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы) і аднаўлення Старажытнарускай дзяржавы прасочвалася на працягу ўсяго існавання Рускай дзяржавы і перадалася ў спадчыну Расійскай імперыі[16][17].
Тэрыторыя Рускага царства ў канцы XVI ст. складала каля 5,5 млн км²: на поўначы даходзіла да Баранцава і Белага мораў, на паўночным усходзе ўключала Урал, на паўночным захадзе гранічыла з Нарвегіяй, Швецыяй і Інфлянцкім ордэнам, на захадзе і паўднёвым захадзе — з Вялікім Княствам Літоўскім, на поўдні не мела акрэсленых межаў. Насельніцтва каля 9—10 мільёнаў чал. Поруч з маскавітамі таксама жылі лапары, ханты, комі, удмурты, татары, марыйцы, чувашы, мардва, карэлы і іншыя. У ходзе захопніцкіх войнаў з Вялікім Княствам Літоўскім маскоўскія акупанты неаднойчы гвалтоўна вывозілі да сябе значныя групы літвінаў (беларусаў). Літоўскія перасяленцы зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё тамтэйшага рамяства і духоўнай культуры.
Моцная цэнтралізаваная Руская дзяржава, створаная ў выніку поспехаў Івана III, які прыняў тытул «государя всея Руси», барацьба за якія вызначыла гісторыю Усходняй Еўропы на працягу XV—XVIII стагоддзяў.
У 1547 Івана Грознага каранавалі як цара. У 1550-я ён далучыў Казанскае і Астраханскае ханствы, у залежнасць ад Масквы трапілі Вялікая Нагайская арда і Сібірскае ханства, пачалося засваенне маскавітамі Сібіры. Іван Грозны распачаў Інфлянцкую вайну (1558—1582), у выніку якой Масква страціла некаторыя паўноўчна-заходнія землі.
Пасля ўзыходжання на прастол Фёдара Іванавіча (1584—1598), апошняга з дынастыі Рурыкавічаў, у Рускім царстве надыйшоў г. зв. Смутны час. Адметнасцю панавання Барыса Гадунова (1598—1605), Ілжэдзмітрыя I (1606) і Васіля Шуйскага (1606—1612) былі вострыя сацыяльныя канфлікты і палітычная нестабільнасць[18]. Вайна Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавы (1609—1618), якая мела на мэце вярнуць Смаленск і іншыя гарады, падтрымаць прэтэндэнта на маскоўскі сталец Дзмітрыя-Самазванца I, з 1610 вялася, каб забяспечыць гэты сталец за абвешчаным царом Уладзіславам Жыгімонтавічам. У 1613 на маскоўскі сталец абралі Міхаіла Фёдаравіча (1613—1645), першага гаспадара з дынастыі Раманавых. Вайна Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632—1634 скончылася для Масквы няўдала.
3 пачаткам панавання Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) маскоўскі ўрад узяў курс на захоп сучасных беларускіх і ўкраінскіх зямель. Трынаццацігадовая вайны (1654—1667 мела для Літвы катастрафічны характар і скончылася стратай Смаленшчыны, Севершчыны і Левабярэжнай Украіны. Разам з тым яна выклікала ў Расійскай дзяржаве рэзкае пагаршэнне сацыяльна-эканамічнага становішча (сялянская вайна 1670—1671 на чале з Разіным, шматлікія паўстанні, у тым ліку ў Маскве)[19].
Адметнасцю панавання Фёдара Аляксеевіча (1676—1682), Соф’і Аляксееўны (1682—1689), Івана V Аляксеевіча (1682—1696), Пятра I (1682—1725) было павелічэнне намаганняў атрымаць выхад да Чорнага мора, спыніць агрэсіўную палітыку Крымскага ханства і Асманскай імперыі. Пасля сканчэння Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721), у выніку якой да Рускага царства адыйшлі землі Балтыі, адбылося абвяшчэнне Расійскай імперыі (1721).
Дзяржаўна-палітычны лад Расійскай дзяржавы аформіўся да сярэдзіны XVI ст. Гэты была феадальная манархія з станавым прадстаўніцтвам. Вярхоўная заканадаўчая, судовая і выканаўчая ўлада належала цару; дарадчы, судовы і выканаўчы орган — Баярская дума.
У сярэдзіне XVI—XVII стагоддзяў склікаліся станава-прадстаўнічыя Земскія саборы. Да 1550-х узніклі цэнтральныя органы дзяржаўнага кіравання — прыказы, у паветах (руск.: уезд) намеснікаў замянялі станавыя органы кіравання — губныя і земскія ізбы.
Фіксацыя праўных нормаў Расійскай дзяржавы адбылася ў Судзебніках 1497 і 1550, Саборным улажэнні (1649).
Першыя сярэднія школы адкрыліся ў XVII ст. у Маскве, у 1687 адбылося заснаванне першай вышэйшай навучальнай установы — Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.
Кнігадрук узнік у сярэдзіне XVI ст. у Маскве, 1-ю датаваную кнігу («Апостал») у 1564 выдалі выхадцы з Літвы І. Фёдараў і П. Мсціславец. Шырокае распаўсюджанне мелі хронікі («Ліцавы летапісны звод», Уваскрасенскі летапіс, Ніканаўскі летапіс і інш.), ствараліся гістарычныя аповесці («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча», творы А. Паліцына, І. Цімафеева і інш.), пашыраліся перакладныя творы («Александрыя», «Траянскае сказанне» і інш.). Сярод публіцыстаў XVI—XVII стагоддзяў вылучаюцца Ф. Карпаў, І. Перасветаў, Ермалай-Еразм, Авакум.
Большасць насельніцтва складала сялянства. Да сярэдзіны XVII ст. завяршыўся працэс праўнага афармлення прыгону. Буйнымі рамеснымі прадпрыемствамі былі Гарматны (з канца XV ст.) і Манетны (заснаваны ў 1534) двары ў Маскве. У канцы XVI ст. узніклі першыя мануфактуры (паперні), у XVII ст. працавалі Хамоўны (палатняны) двор у Маскве, жалезаапрацоўчыя заводы ў Кашыры і Туле, шкляны і парахавы заводы ў Маскве і іншыя.
Інтэнсіўна развівалася мураваная фартыфікацыя. У XVI ст. завяршылася ўзвядзенне крамлёў у Ніжнім Ноўгарадзе, Туле, Каломне, Зарайску, Смаленску, Серпухаве, пазней і ў іншых гарадах. Абарончае значэнне мелі Кірыла-Белазерскі, Салавецкі і іншыя манастыры.