wd wp Пошук:

Палаўанцы

Палаўа́нцы або палау (палаўан.: Belau, ngukokl a Belau) — карэннае мікранезійскае насельніцтва Палау. Жывуць таксама ў ЗША, на Гуаме і іншых краінах. Прыкладная агульная колькасць (2013 г.) - 26 600 чал.[1][2][3]

Паходжанне

Карта Палау

Астравы Палау, відавочна, з’яўляюцца найстаражытнейшым месцам у Акіяніі пасля Новай Гвінеі, куды трапіў чалавек сучаснага тыпу. Даследаванне пячор Учэліўнгс і Амедакел у 2006 г. і 2007 г.[4] паказала, што там меліся пахаванні 2890 г. да н. э. - 1420 г. да н. э., якія належылі старажытным людзям вельмі нізкага росту. Вага дарослых мужчын была у сярэднім 43,2 кг, а жанчын — усяго толькі 28,7 кг. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што іх продкі з’явіліся на Палау не пазней за 5 тысячагоддзе да н. э. Аднак сувязь паміж старажытнымі насельнікамі астравоў і сучаснымі палаўанцамі не з’яўляецца даказанай.

Большасць даследчыкаў лічыць непасрэднымі продкамі палаўанцаў аўстранезійцаў, што перасяліліся на Палау ў сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. з Філіпінскіх астравоў. У адрозненні ад сваіх маларослых папярэднікаў, яны ведалі мараплаўства і земляробства. Гэта тэорыя мае лінгвістычныя[5] і археалагічныя[6][7] падцверджанні. Генетычныя даследаванні паказалі, што паходжанне сучасных палаўанцаў мае змешаны характар[8], так што магчыма асіміляцыя іх продкамі-аўстранезійцамі некаторых груп старажытных абарыгенаў.

Самі палаўанцы мяркуюць, што з’яўляюцца тубыльцамі, нашчадкамі багіні Чуаб, цела якой ператварылася ў іх астравы[9]. Згодна вусным паданням, перасяленне на самы буйны востраў Бабелдааб адбывалася з паўднёвых астравоў. Археолагі высветлелі, што ў сярэднявеччы палаўанцы актыўна займаліся сельскай гаспадаркай і мелі сталыя сувязі з суседнімі Каралінскімі астравамі.

Гісторыя

Правадыры Корара, фота 1915 г.

У 1542 г. астравы Палау былі адкрыты іспанцамі і ў XVII ст. фармальна абвешчаны іспанскай тэрыторыяй. Аднак ніякіх захадаў для сапраўднай каланізацыі Іспанія не прадпрымала. У 1783 г. каля Палау адбылося крушэнне брытанскага карабля “Антылопа”. Каманда на чале капітана Генры Вільсана выратавалася, і 3 месяцы правяла на беразе. Брытанцы сталі першымі еўрапейцамі, якія пачалі кантакты з мясцовым жыхарамі. Да таго часу сувязі палаўанцаў з іншымі астравамі Мікранезіі перарваліся, мараплаўства абмяжоўвалася прыбярэжным рыбалоўствам. Былі населены толькі 10 астравоў. Іх насельніцтва складала прыкладна 50 тысяч чалавек[10], значна болей, чым у наш час. Ібедул, адзін з мясцовых правадыроў, аказаў дапапомгу Г. Вільсану, за што той узяў яго сына Лібу для адукацыі ў Вялікабрытанію, аднак там хлопец памёр ад воспы[11]. Гісторыя Лібу шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі і ў выніку аказала ўплыў на англійскую асветніцкую літаратуру.

У 1885 г. Іспанія прадпрыняла меры для каланізацыі астравоў. Была створана мясцовая адміністрацыя, праводзілася хрысціянізацыя насельніцтва. У 1899 г. калонія была прададзена разам з іншымі Каралінскімі астравамі Германіі. У 1914 - 1944 гг. краіна знаходзілася ў залежнасці ад Японіі. Каланіяльнае кіраванне суправаджалася ўкараненнем рынкавай эканомікі і забаронай многіх звычаяў. У 1922 г. Корар стаў галоўным адміністрацыйным цэнтрам японскіх уладанняў у Мікранезіі. Яго насельніцтва вырасла да 40 тысяч чалавек, але толькі 10% з іх былі палаўанцамі. Астатнія з’яўляліся перасяленцамі з Японіі і Карэі.

Пасля паражэння Японіі ў II Сусветнай вайне ў 1947 - 1994 гг. астравы Палау знаходзіліся пад апекай ЗША. У пасляваенны перыяд з’явіўся мясцовы нацыянальны рух, што абапіраўся на старадаўнія культурныя традыцыі і развіццё палаўанскай мовы[12]. 1 кастрычніка 1994 г. была абвешчана незалежнасць Рэспублікі Палау.

Культура

Асноўнымі заняткамі палаўанцаў здаўна былі земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва. Земляробства лічылася пераважна жаночай справай. Вырошчвалі тара, маніёк, какосы, бананы, шпінат, дыннае дрэва і г. д.[13] На Палау існавалі простыя формы меліярацыі. Кожная гаспадыня адначасова мела затоплены агарод для тара і звычайны — для іншых культур. Затопленыя агароды злучаліся сеткай невялікіх каналаў з рэкамі і ручаямі. На нізкіх прыбярэжных глебах будаваліся дамбы для абароны пасадак ад марской паводкі. Рыбалоўства, наадварот, разглядлася як мужчынскі занятак[14]. Рыбу лавілі не далёка ад берага, каля каралавых рыфаў. Пры гэтым карысталіся лодкамі, з якіх ныралі ў ваду і білі рыбін гарпунамі. Шырока ўжываліся плеценыя сеткі і пасткі[15]. Збіральніцтвам займаліся і жанчыны, і мужчыны. У лесе, сярод каралаў і манграў збіралі малюскаў, крабаў, яйкі і гнёзды птушак, ядомыя і лекавыя травы, карэнне і плады. Да прыходу еўрапейцаў палаўанцы выраблялі кераміку, займаліся апрацоўкай дрэва, разьбярствам, важную ролю ў гаспадарцы адыгрывала пляценне.

У канцы XVIII - пачатку XX стст. асноўным тыпам паселішча з’яўлялася вёска, якая будавалася пад гарой або пагоркам. У ёй жыло каля дзесяці пашыраных сем’яў, якія ў сваю чаргу падзяляліся на малыя нуклеарныя. Статус пашыраных і малых сем’яў значна адрозніваўся згодна рангам, якія іх чальцы займалі ў грамадстве, прычым рангі перадаваліся па спадчыне. На чале вёскі стала рада правадыроў, якая збіралася ў агульнай абшчыннай хаціне баі. У яе склад уваходзілі правадыры-прадстаўнікі пашыраных сем’яў. Вёска звычайна падзялялася на дзве паловы, размешчаныя адна насупраць другой. На чале іх стаялі па 4 правадыры, улада якіх лічылася амаль безумоўнай. Яшчэ адзін правадыр выступаў у якасці пасрэдніка паміж дзвюмя паловамі. Кожная палова вёскі мела свае мужчынскія і жаночыя аб’яднанні і “клубы”, будынкі для збору чальцоў аб’яднанняў. Вёскі былі выцягнутыя у бок мора. Мужчынскія “клубы” будаваліся бліжэй да ўзбярэжжа[16]. Хаціны былі каркаснымі, памяшчаліся на каменныя платформы. Вёскі аб’ядноўваліся ў ваенна-палітычныя федэрацыі.

Паколькі на зямлі працавалі жанчыны, то і зямельная і маёмасная спадчына перадавалася па жаночай лініі. Адлік сваяцтва целунгалек вёўся па маці, а не па бацьку. Палігінія практыкавалася амаль выключна правадырамі. Пры гэтым кожная жонка мела сваю хаціну. Разводы і паўторныя шлюбы лічыліся нармальнай з’явай. Пашыранымі сем’ямі кіравалі рады старэйшых мужчын і жанчын. Правадыр прадстаўляў сям’ю на вясковым сходзе. Ён разглядаўся як недатыкальная асоба. У наш час захаваўся звычай не датыкацца да старэйшых паважаных людзей без асаблівай патрэбы.

У XX ст. працэсы урбанізацыі і іншаземнага ўплыву садзейнічалі разбурэнню традыцыйнага грамадства, зніжэнню ролі сельскай гаспадаркі і згубы правадырамі сваёй улады на карысць выбраных або прызначаных з боку адміністацыі дзеячоў. Але нават са зменамі ў грамадстве палаўанцы працягваюць захоўваць многія цырымоніі, у тым ліку амерсурч (нараджэння), ачэраол (засялення ў новы дом), кемелдзііл (пахавання) і інш. Адметнай рысай народнай культуры з’яўляецца цікавасць да роднай гісторыі. Шырока прадстаўлена вусная традыцыя пераказа гістарычных падзей. Вядомы так званыя “гістарычныя дошкі”, на якіх выразалі малюнкі, звязаныя з гісторыяй вёскі або пэўнага правадыра. У мінулым яны захоўваліся ў баі, а ў наш час іх стварэнне разглядаецца як асобны від мастацтва. У старажытнасці была таксама распаўсюджана петрагліфіка.

Танцы звычайна мелі сакральны характар і арганізоўваліся падчас свят, маглі суправаджацца спевамі. З распаўсюджаннем хрысціянства адметнай з’явай у народнай культуры стала харавое выкананне песен. Але песеннае мастацтва не абмежавана толькі рэлігійнымі функцыямі. У традыцыйным грамадстве крытыка і адкрытае высмейванне старэйшых па рангу суграмадзян забаранялася і магло карацца фізічнай расправай. Таму на Палау з’явіўся звычай жартоўных песен, прысвечаных пэўнай асобе. Іх выконвалі ў паўседзённым жыцці або падчас цырымоній. Развіццё турызму садзейнічае пашырэнню цікавасці да традыцыйнага мастацтва сярод моладзі. Штогод у сярэдзіне лета на Палау арганізуецца маляўнічы фестываль мясцовай культуры.

Рэлігія

У аснове старажытнай рэлігіі палаўанцаў знаходзіўся культ продкаў. Багі, сярод якіх асабліва вылучалася багіня Чуаб, разглядаліся як першапродкі сучасных насельнікаў астравоў. Рэлігійныя рытуалы праводзіліся правадырамі або старэйшымі чальцамі абшчыны.

У канцы XIX ст. іспанскія місіянеры распаўсюдзілі каталіцызм. У наш час яго спавядае большасць вернікаў (41,6%), астатнія — пратэстанты і прыхільнікі культу мадэкнгеі.

Мова

Палаўанская мова адносіцца да заходнемікранезійскай галіны малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. З’яўляецца афіцыйнай мовай Рэспублікі Палау.

Зноскі

  1. Palauan
  2. Palauan, English-Speaking
  3. Sonsorol
  4. Lee R. Berger, Steven E. Churchill, Bonita De Klerk, Rhonda L. Quinn, Small-Bodied Humans from Palau, Micronesia
  5. Origin of Guam’s Indigenous People
  6. Jolie Liston, AN ASSESSMENT OF RADIOCARBON DATES FROM PALAU, WESTERN MICRONESIA
  7. The Ancients
  8. Genetic Relationships of Micronesian Populations
  9. Legendary Setting
  10. Народы Австралии и Океании. / Под ред. С. А. Токорева, С. П. Толстова. - М.: Издательство Академии наук СССР, 1956 С. 738
  11. HISTORY OF PALAU
  12. Гл.: Arnold H. Leibowitz, Embattled Island: Palau’s Struggle for Independence. - Greenwood Publishing Group, 1996
  13. globalislands.net
  14. Palau Paradise of the Pacific- Legends of Palau
  15. Yoshitaka Ota, Socialisation of fishing knowledge: The emergence and transmission of new fishing technology and marine ecological knowledge in the Republic of Palau, Western Micronesia
  16. Stephen Wickler, ORAL TRADITIONS AND ARCHEOLOGY:Modeling Village Settlement in Palau, Micronesia

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Мікранезійскія народы
Катэгорыя·Народы Аўстраліі і Акіяніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Культура Палау