У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ляхавічы (значэнні).
Ля́хавічы[2] (трансліт.: Liachavičy) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ляхавіцкага раёна, на рацэ Ведзьма. За 225 км ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Лунінец. Праз горад праходзіць дарога Брэст — Русінавічы. Насельніцтва 10 919 чалавек (2017)[3].
Тапонім «Ляхавічы», імаверна, утварыўся ад назвы першых пасяленцаў — ляхаў (раней гэтак называлі палякаў). Не адкідваецца і звязак з прозвішчамі Лях або Ляхаў. Увогуле, тапонімы з асновай «ляхі» сустракаюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі[4]. Сама мянушка «лях/ляхі» з’явілася (з даследаванняў М. Турыянскага) у VII—IX ст. з міграцыяй у Польшчу яўрэяў з Заходняй Еўропы. Словы «ляхем-панем» у гаворцы яўрэяў з Іспаніі азначаюць чалавека, які займаецца вырошчваннем зерня жыта і грэчкі на хлеб, грэчкасея і абшарніка, вольнага гаспадара свайго двара, працаўніка на зямлі і набожнага чалавека, які пакінуў паганскія звычкі жыць хітрыкаю, рабаваннем, паляваннем і збіральніцтвам, прыняў Св. Хрост і адцураўся ад полігаміі.
Упершыню ўзгадваецца (XV ст.) ва «Устаўной грамаце аб заснаванні Тураўскай епіскапіі» як цэнтр воласці (маёнтку)[5][6]. У 1-й пал. XVI ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Гаштольдаў, з 1551 г. — вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.
З 1572 г. Ляхавічамі валодалі Я. Хадкевіч і яго нашчадкі, якія з канца XVI ст. пачалі звацца «графамі на Ляхавічах». У канцы XVI ст. тут збудавалі мураваны замак. У XVII ст. Ляхавічы атрымалі статус мястэчка[7], уваходзілі ў Наваградскі павет. Узімку 1595—1596 гг. казацкія загоны С. Налівайкі і М. Шавулы беспаспяхова штурмавалі фартыфікацыю[5]. У 1635 г. праз дынастычны шлюб паселішча перайшло да Сапегаў. Станам на 1635 г. тут было 215 дымоў[5].
У часы Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1660 маскоўскі ваявода Хаванскі 6 месяцаў трымаў у аблозе Ляхавіцкі замак, аднак не здолеў яго захапіць. У XVIII ст. мястэчка перайшло ў валоданне Масальскіх. У 1775 сойм Рэчы Паспалітай перавёў Ляхавічы ў дзяржаўны скарб. У 1791 места ўвайшло ў Случарэцкі павет.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ляхавічы апынуліся ў Расійскай імперыі, дзе з 1795 сталі цэнтрам воласці Слуцкага павета Мінскай губерні.
Будова лініі Палескіх чыгунак (Сарны — Вільня) у 1880-я дала штуршок эканамічнаму развіццю Ляхавічаў. Станам на кан. XIX ст. у мястэчку было 155 двароў, царква, сінагога, 6 яўрэйскіх малітоўных дамоў, школа, бальніца, гаршковы завод, 30 крамаў, 3 карчмы, 3 кірмашы, праводзіліся штотыднёвыя таргі[8]. На 1900 — мелася паштовая станцыя, працавала 91 дробнае прамысловае прадпрыемства.
У Першую сусветную вайну Ляхавічы знаходзіліся ў прыфрантавой паласе. 18 лютага 1918 мястэчка занялі нямецкія войскі, увосень таго ж года — бальшавікі, 17 красавіка 1919 — польскія войскі, у ліпені 1920 — зноў бальшавікі.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ляхавічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства. 27 чэрвеня 1931 паселішча зноў атрымала статус горад, адначасна да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — вёску Малая Лотва і чыгуначнаю станцыю Ведзма[9].
У 1939 Ляхавічы ўвайшлі ў БССР. У Другую сусветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
Клімат Ляхавічаў | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Сярэдні максімум, °C | −3,2 | −1,7 | 3,0 | 11,7 | 18,6 | 21,9 | 22,9 | 22,4 | 17,4 | 11,0 | 4,0 | −0,5 | 10,6 |
Сярэдняя тэмпература, °C | −6,2 | −4,9 | −0,7 | 6,9 | 13,0 | 16,6 | 17,7 | 17,1 | 12,6 | 7,2 | 1,6 | −3 | 6,5 |
Сярэдні мінімум, °C | −9,1 | −8,1 | −4,4 | 2,1 | 7,5 | 11,3 | 12,6 | 11,8 | 7,9 | 3,5 | −0,7 | −5,5 | 2,4 |
Норма ападкаў, мм | 36 | 27 | 34 | 41 | 57 | 84 | 81 | 68 | 57 | 47 | 47 | 42 | 621 |
Крыніца: Climate-Data.org |
|
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай (ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас»), харчовай (ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», ПГУП «Ляхавіцкі кааппрам», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»), будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Чатыры будаўнічыя арганізацыі. Гасцініца.
3 сярэднія школы, 4 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, 5 культурна-асветніцкіх арганізацый, 12 аб’ектаў гісторыка-культурнага прызначэння. Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1992). Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.
Спыніцца можна ў гарадскай гасцініцы[14].
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Ляхавічаў