wd wp Пошук:

Чурлёны

Чурлёны (трансліт.: Čurljony, польск.: Czurlony, руск.: Чурлёны) — былы маёнтак, у савецкі час — хутар на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Былы цэнтр Чурлёнскага сельсавета.

Гісторыя

Назва маёнтка Чурлёны паходзіць, хутчэй за ўсё, ад літоўскага слова, што азначае «цурчанне ручая (крыніцы)», бо сядзіба ў ХV стагоддзі размяшчалася менавіта ва ўрочышчы, дзе і былі крыніцы. Іншая версія прапануе варыянт паходжання назвы ад беларускага «чырвоны (прыгожы)». Дакладная дата заснавання паселішча Чурлёны невядомая, але вілейскія краязнаўцы разам з Анатолем Рогачам абнародавалі архіўны дакумент, які датуецца 1414 годам і сведчыць, што Вялікі князь Літоўскі Вітаўт выдаў Зяновію Братошычу пацверджанне на права валодання бацькоўскімі маёнткамі, сярод якіх «Чарлёна над возерам Спягла», зараз гэта возера Вішнеўскае. Такім чынам, ужо на пачатку XV стагоддзя Чурлёны былі вядомым і сфарміраваўшымся маёнткам у Маркаўскім павеце. У пазнейшы час Чурлёнамі валодаў багаты род Радзівілаў, якія перадалі яго роду Ракіцкіх, і гэта паселішча і маёнтак некаторы час так і называліся — Ракіцкаўшчына. У 1784[1](?) годзе маёнтак, уласнасць смаленскага кашталяна Андрэя Зяновіча (Зянковіча), прададзены Крыштафу Сулістроўскаму. Пры наступных гаспадарах сядзібы вярнулася былая назва, і працяглы час Чурлёнамі валодалі Сулістроўскія (з 1789 г. уладальнік — пісар ВКЛ Алойзы Сулістроўскі). У 1799 годзе ў сядзібным доме, уладальніцай маёнтка Чурлёны пані Сулістроўскай, была адкрыта капліца, якая абслугоўвалася ксяндзамі з Шэметава. Дзейнічала капліца да 1825 года.

У канцы ХІХ стагоддзя маёнтак перайшоў да роду Бачкоўскіх. Прадстаўнік гэтага роду і ўладальнік маёнтка Уладзімір Бачкоўскі ў 1908 годзе атрымаў ад Віленскага губернскага будаўнічага аддзялення дазвол на будаўніцтва ў Чурлёнах двухпавярховага каменнага бровара (спіртзавода) і аднапавярховага каменнага будынка пад склад, якія далі новы подых развіццю сядзібы. Будаваў бровар інжынер Аўгуст Клейн, аўтар касцёлаў у Вілейцы і Ільі.

Верагодней за ўсё, першы сядзібны дом у маёнтку Чурлёны быў пабудаваны пры Якубе Ракіцкім, затым ён неаднаразова перабудоўваўся іншымі гаспадарамі. Пад канец ХІХ стагоддзя сядзібны дом прадстаўляў сабой невялікі аднапавярховы будынак, які размяшчаўся ў глыбіні парку на вяршыні пагорку ля грэбеня параўнальна крутога схілу. Па ўспамінах старажылаў сядзібны дом і парк былі вельмі прыгожымі. У маёнтку размяшчалася вялікая бібліятэка, а інтэр’еры панскага дома ўпрыгожвалі карціны, вытанчаная мэбля, розныя падсвечнікі і кандэлябры.

Панскі двор быў моцна разбураны ў 1915–1917 гады, падчас Першай сусветнай вайны, калі праз Іжаншчыну праходзіла лінія фронту і разгортваліся значныя баявыя дзеянні. Асабліва жорсткія падзеі адбываліся ў наваколлі Чурлёнаў падчас Нарачанскай аперацыі ў сакавіку 1916 года.

З-за прамаруджвання далейшага наступлення рускіх і тактычных пралікаў іхкамандавання немцы змаглі спыніць свой адыход і замацавацца на вельмі зручных пазіцыях — на ўзвышшах і ў лясах між азёрамі Вішнеўскае і Нарач, пакінуўшы для пазіцый рускіх войск чыстыя палі і балоты. Адной з прычын няўдач новай атакі ад сяла Спягла і вёскі Тарасавічы ў накірунку в. Балтагузы (цяпер Мядзельскі раён) згодна з сведчаннямі сучаснікаў тых падзей, было і тое, што на шляху рускіх часцей аказаўся спіртзавод у маёнтку Чурлёны, які немцы наўмысна пакінулі непашкоджаным. Перадавыя ланцугі рускіх салдат (у Расіі з 1913 года дзейнічаў “сухі закон”), незважаючы на забарону афіцэраў кінуліся да сховішчаў спірту. У выніку нямала з іх атруцілася, некаторыя згарэлі ў полымі ўспыхнуўшага спірту з прастрэленых сховішчаў. П’яныя натоўпы салдат у час наступлення на Балтагузы апынуліся пад згубным артылерыйскім і кулямётным агнём праціўніка. Палі за Спяглам і Тарасавічамі былі ўсеяны шматлікімі трупамі рускіх салдат[2].
Auf dem au?ersten Sud-Flugel am Wiszniew-See begann der Feind erst gegen Mittag Infanterie gegen die Landwehr-Negimenter der 9. Kavallerie-Division zu entwickeln. Schon beim Herabsteigen von den Hohen bei Makaryeze und Czurlony erlitten sie schwere blutige Verluste («На крайнім паўднёвым крыле возера Вішнева вораг у апоўдні толькі пачаў развіваць пяхоту супраць палкоў ландверха IX кавалерыйскай дывізіі. Калі яны спусціліся з вышынь Макарычы і Чурлёны, яны панеслі вялікія крывавыя страты»)[3].

У міжваенны перыяд Чурлёны — у складзе гміны Вішнева Вілейскага павета; гаспадаром маёнтка быў Эдвард Красіцкі, унук Уладзіміра Бачкоўскага. Менавіта пры ім на гаспадарчым двары быў пабудаваны паравы млын, які захаваўся да нашага часу і з’яўляецца адзіным дзеючым млынам на тэрыторыі Вілейшчыны сёння[4]. Уладальнік маёнтка пан Красіцкі ў 1920–30–х гадах перадаў Чурлёны арандатару Вайноўскаму, які займаўся тут гаспадаркай, а сам Красіцкі жыў у Варшаве[5].

Напамін пра Чурлёны

З прыходам Савецкай улады Чурлёны сталі цэнтрам створанага ў 1940 годзе Чурлёнскага сельсавета. Апошні быў скасаваны 18 мая 1959 года, а падчас кампаніі узбуйнення вёсак, у 1966 годзе, і хутар Чурлёны зліўся з суседняй вёскай Лыцавічы. Аднак назва «Чурлёны» застаецца ў жыцці: такое імя носіць мясцовая школа[6] і селька-гаспадарчае прадпрыемства (ААТ Чурлёны[7][8]).

Славутасці

Паравы млын
Сядзібны парк
Рэшткі падмурку былога маёнтка

Зноскі

  1. Памяць. Вілейскі раён. // — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларуі.). — 3000 экз. — ISBN 985-6302-56-0
  2. Вілейшчына ў гады І–й сусветнай вайны Выданне Вілейскай спартова–патрыятычнай ініцыятывы “Волат”
  3. Die russische Fruhjahrsoffensive 1916 The digital State Library of Upper Austria(ням.)
  4. ВАДЗЯНЫЯ МЛЫНЫ ВІЛЕЙШЧЫНЫ «Шлях перамогі»
  5. АД НЕКАЛІ ЗНАЧНАЙ ГАСПАДАРСКАЙ СЯДЗІБЫ ЧУРЛЁНЫ ЗАСТАЛІСЯ ТОЛЬКІ ПЕРШЫ ГАРАЖ НА БЕЛАРУСІ, АДЗІНЫ ДЗЕЮЧЫ МЛЫН І ЛЕС БАРШЧЭЎНІКА // «Шлях перамогі»
  6. Візітка ўстановы ДУА Чурлёнскі навучальна–педагагічны комплекс Дзіцячы сад–сярэдняя школа
  7. Ижский сельский исполнительный комитет Архівавана 2 мая 2020.(руск.)  Вілейскі райвыканкам
  8. У гаспадарцы «Чурлёны», што на Вілейшчыне, – новы кіраўнік Архівавана 28 красавіка 2020. // «Рэгіянальная газета»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Вілейскага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта