У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ураднік (значэнні). Ураднік — службовая асоба ва ўрадах Вялікага Княства Літоўскага. Пасада зацвярджалася вялікім князем, ваяводамі і старостамі з абраных кандыдатаў. Пасады ураднікаў былі пажыццёвыя або да пераходу на больш высокую пасаду. Статут ВКЛ 1588 г. забараняў займаць некалькі адміністрацыйных пасад або адначасова адміністрацыйную і судовую. Але здаралася, што буйныя феадалы займалі і некалькі пасад. У гарадах ураднікамі былі войты, радцы, лаўнікі, бурмістры і інш. Звычайна пасады урадніка у гарадах былі выбарнымі. Парадак заняцця пасад у гарадах у асноўным рэгуляваўся нормамі магдэбургскага права. Статут ВКЛ 1588 г. прадугледжваў павышаную адказнасць за злачынствы супраць урадніка пры выкананні імі службовых абавязкаў.
Ураднікі падзяляліся на земскіх (дзяржаўных) і прыдворных:
Да 1569 г. галоўныя цэнтральныя ўраднікі (маршалкі вялікі і дворны, гетман вялікі, падскарбі земскі, канцлер, падканцлер), ваяводы, кашталяны, староста жамойцкі ўваходзілі ў Раду Вялікага Княства Літоўскага.
Па Люблінскай уніі (1569) у Сенаце Рэчы Паспалітай засядалі 5 найвышэйшых ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага — маршалкі вялікі і дворны, канцлер, падканцлер, падскарбі земскі, а таксама ўсе ваяводы, кашталяны і староста жамойцкі[1].
Значныя пасады ураднікаў, якія не ўваходзілі ў Сенат, называліся дыгнітарскімі.