wd wp Пошук:

Трайпл

«Трайпл» (памылковае вымаўленне англ.: Triple [ˈtrɪpl] — патройны) — беларускае прыватнае прадпрыемства, заснаванае ў 1992 годзе ў Мінску.

Дзейнасць

На 2015 г. «Трайпл» вёў жыллёвае будаўніцтва ў мінскім мікрараёне Уручча і пасёлку Лагожаск (Лагойскі раён) на 48 катэджаў. Будаўнічыя матэрыялы выраблялі даччыныя прадпрыемствы Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў (Брэсцкая вобласць), сумеснае ЗАТ «КварцКрэйдаПрам» (Хаціслаў, Маларыцкі раён, Брэсцкая вобласць) і сумеснае ТАА «Трайпл-Дэкор» (алюмініевы профіль). «АкваТрайпл» ад 16 лістапада 1994 г. вёў вытворчасць безалкагольных напояў у пластыкавых бутэльках ад паў- да 6 літраў. Даччынае сумеснае ЗАТ «ПрасторМаркет» ажыццяўляла ўніверсальны гандаль, у тым ліку страў уласнай вытворчасці, праз 5 гіпермаркетаў «Прастор» («ProStore») у Мінску. Даччынае сумеснае ТАА «НафтаХімТрэйдынг» збывала паліва праз 10 аўтамабільных заправачных станцыяў (АЗС) у Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай вобласцях. Клуб дабрабыту «Эво» аказваў паслугі аздараўлення ў Мінску.

Даччынае ЗАТ «Аскаргатэрмінал» аказвала паслугі складскога размяшчэння на мытнях у нацыянальным аэрапорце Мінск, Магілёве і Мінскім раёне (вёска Шчытомірычы). Гарналыжны курорт «Лагойск» (Мінская вобласць) падаваў паслугі ў галіне спартыўна-аздараўляльнага турызму (валейбол, водны спорт, сумо і футбол). Даччынае ТАА «Ракаўскі бровар» падавала паслугіграмадскага харчавання ў Мінску праз аднайменныя страўню і бровар, французскія кавярню і страўню «Залаты грабеньчык» (фр.: La Crête d’or), 3 кавярні «Салодкі фальварак» і адну «У Францішка». Таксама ў Мінску размяшчаўся гадавальнік сярэднеазіяцкіх аўчарак(англ.) бел. «Трайпл». Даччынае ТАА «ТрайплФарм» вырабляла парашковыя антыбіётыкі ў Лагойску (Мінская вобласць). Сельскагаспадарчы комплекс «Трайпл-Агра» (в. Чудзенічы, Лагойскі раён) займаўся жывёлагадоўляй і раслінаводствам. Таксама «Трайплу» належалі футбольны клуб «Дынама Мінск» і Лядовая арэна Бярозы (Брэсцкая вобласць).

Гісторыя

У лістападзе 1992 г. былы кіраўнік энергаслужбы аднаго з карпусоў Мінскага трактарнага завода[1] Юрый Аляксандравіч Чыж заснаваў прадпрыемства «Трайпл» для аптовага збыту харчавання і прамысловых тавараў. У 1993 г. набыў некалькі грузавікоў для перавозу тавараў. З пачатку 1994 г. прадпрыемства стала ўдзельнікам Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавознікаў (БАМАП) і пачало падаваць паслугі адпаведных грузаперавозак. У маі пачалося будаўніцтва ўласнай вытворчасці безалкагольных напояў у пластыкавай тары (ПЭТ(англ.) бел.) і мэблі з пластмасы (ПВХ(англ.) бел.). У снежні выпусцілі першыя вырабы. У жніўні 1997 г. заснавалі даччынае прадпрыемства «Ракаўскі бровар», у склад якога ўключылі аднайменныя страўню на 430 месцаў і піўны бровар, кулінарыю і кавярню на 45 месцаў «Салодкі фальварак». Адначасна ўтварылі ўласныя праектную працоўню і будаўнічую ўправу. У лістападзе 1999 г. вылучылі даччыныя сумесныя ТАА «Трайпл-Тэхна» для вытворчасці мэблі з пластыку і алюмінія і «АкваТрайпл» для вырабу напояў, мінеральнай і пітной вады. У снежні «Трайпл» набыў 54 % паёў футбольнага ЗАТ «Дынама-Мінск». У маі 2002 г. «Трайпл» асвоіў збыт нафтапрадуктаў і адкрыў у Мінску магазіны адзення марак «Бродвей» (Нью-Ёрк, ЗША), «Максіма» (Хемніц, зямля Саксонія, Германія) і «Вупі» (Нью-Ёрк).

У маі 2003 г. «Трайпл» пачаў будаўніцтва ў Лагойскім раёне (Мінская вобласць) першага ў Беларусі гарналыжнага курорту. У снежні на курорце ўвялі ў дзеянне першы спуск з 4-мясцовым крэславым пад’ёмнікам. У ліпені 2004 г., паводле Указу прэзідэнта ад 14 чэрвеня 2004 г. № 280, СВК «Верагі» плошчай 1672 га з цэнтрам у вёсцы Чудзенічы (Астрошыцкі сельсавет, Лагойскі раён) перадалі даччынаму «Трайпл-Агра», які стаў пастаўляць харчаванне на курорт. У 2005 г. курорт збудавалі ў складзе гасцініцы, пункту пракату, дому аздараўлення, крытых тэнісных пляцовак, адчыненых пляцовак для футболу і пляжнага валейболу, 2 штучных азёраў для купання і рыбалкі, некалькіх гарналыжных трасаў.

Таксама ў 2003 г. пачалі будаваць першы гіпермаркет «Прастор» (анг. «ProStore»), які адчынілі ў ліпені 2006 года. У лістападзе 2009 г. і красавіку 2010 г. у Мінску адчыніліся яшчэ 2 гіпермаркеты.

У 2005 г. даччыны «Ракаўскі бровар» адчыніў страўню «Овертайм» пры Палацы спорту ў Мінску. У 2006 г. дадаў страўню французскай кухні «Залаты грабеньчык». У 2010 г. — страўню ўзбекскай кухні «Бухара» і кавярню марожанае «Жэлато».

Пры канцы 2007 г. «Трайпл» прыдбаў за 319 млн рублёў ($148,5 тыс.)[2] ААТ «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў», дзе ў красавіку 2009 г. пусцілі лінію вырабу блокаў з ячэістага бетону магутнасцю 320 тыс. м³ за год. У ліпені 2010 г. на заводзе пусцілі вытворчасць ходнікавай пліткі магутнасцю 320 тыс. м3 за год.

У лютым 2008 г. «Трайпл» атрымаў у канцэсію найбольшае ў Еўропе (500 млн тонаў) Хаціслаўскае радовішча крэйды і кварцавага пяску (Маларыцкі раён, Брэсцкая вобласць)[3]. Адначасна «Трайпл» пачаў будаўніцтва інфраструктуры для вынасу ваенных частак з Мінску і Мінскага раёна ў іншыя мясцовасці. Вызваленыя такім чынам ад войска сталічныя і ваколічныя пляцоўкі «Трайпл» стаў атрымліваць для будоўлі жытла. У 2009 г., паводле ўказу прэзідэнта, даччыны «Трайпл-Вялес» (у наступным «Вялес-Міт») прыдбаў Маладзечанскі мясакамбінат. У 2010 г. у Лагойску адчынілася даччынае прадпрыемства «ТрайплФарм» для вырабу антыбіётыкаў. У 2011 г. у Мінску адчынілі клуб дабрабыту «Эво». У 2014 г. «Трайпл» стаў 10-ым найбольш прыбытковым прадпрыемствам краіны[4].

У траўні 2020 Кампанія «Трайпл» накіравала ў Эканамічны суд Мінска заяву аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)[5].

Санкцыі ЕС

23 сакавіка 2012 года Савет Еўрапейскага саюза дадаў Юрый Чыжа, «Трайпл» і яго дачынныя кампаніі ў Чорны спіс Еўрасаюза[6][7]. 6 лістапада 2015 года санкцыі супраць Чыжа і яго актываў былі знятыя[8][9].

Зноскі

  1. Ягор Марціновіч, Адар’я Гуштын. На дзяржаву працаваць не буду (нявызн.). Газета «Наша ніва» (25 верасня 2013). Праверана 31 мая 2015.
  2. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2007 год (нявызн.). Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 4 снежня 2014.
  3. Уладзімір Люкевіч. «Трайпл» атрымала ў канцэсію Хаціслаўскае радовішча крэйды (нявызн.). Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё (29 лютага 2008). Праверана 31 мая 2015.
  4. Ягор Марціновіч. «Беларуськалій», «Трайпл», банкі — топ-20 самых прыбытковых кампаній краіны за год (нявызн.). Газета «Наша ніва» (29 мая 2015). Праверана 31 мая 2015.
  5. Імперыя Чыжа разбураецца. «Трайпл» прызнаў сябе эканамічна неплацежаздольным(недаступная спасылка)
  6. Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures against Belarus
  7. ЕС обнародовал черный список из 12 человек и 29 компаний(руск.)  (недаступная спасылка). TUT.BY (25 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 25 сакавіка 2012. Праверана 25 сакавіка 2012.
  8. Санкцыі ЕС у дачыненні да Юрыя Чыжа і яго актываў знятыя (бел.) . Наша Ніва (6 кастрычніка 2015). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2015. Праверана 6 кастрычніка 2015.
  9. ИК. Крутое пике Юрия Чижа: от самого успешного бизнесмена Беларуси к арестанту? «Радыё Свабода», 12.03.2016

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кампаніі Беларусі
Катэгорыя·Кампаніі паводле алфавіта
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Кампаніі, заснаваныя ў 1992 годзе
Катэгорыя·З’явіліся ў 1992 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Беларускія юрыдычныя асобы ў Чорным спісе ЕС
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кампаніі без геаграфічных каардынат