wd wp Пошук:

Павел Вент

Павел Вент, або Павал Вэнт, поўнае імя Павел Фёдаравіч Вент (руск.: Павел Фёдорович Вендт; 17 чэрвеня 1880, фальварак Крыніца, Мінская губерня, Расійская імперыя — да 1971, Прага[1], Чэхаславакія) — расійскі, беларускі і чэхаславацкі ваенны[1].

Біяграфія

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і паручніка Фёдара Вента[ru][2], з абруселага нямецкага роду. У анкеце 1942 года паведамляў, што нарадзіўся 17.6.1880 года ў Крыніцы Мінскага павета[3]. Паводле паслужных спісаў, нарадзіўся 17.6.1883 года ў Церскай вобласці[ru][2]. Скончыў Маскоўскі 3-ці кадэцкі корпус (1901)[2]. У 1901 годзе добраахвотнікам удзельнічаў у задушэнні Іхэтуаньскага (баксёрскага) паўстання ў Кітаі. Скончыў Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча (1903, па 1-м разрадзе), ваенную электратэхнічную школу[ru] пры Пецярбургскім гарматным заводзе (1907, з адзнакай «добра»), ваенную аўтамабільную школу, Акадэмію Генеральнага штаба (1912, па 2-м разрадзе)[2].

Паводле паслужных спісаў, паступіў у службу 31.8.1901 года, з 17.5.1902 года — унтэр-афіцэр, з 26.6.1903 — партупей-юнкер, 10.8.1903 (ст.[ru] 10.8.1902) — падпаручнік артылерыі, 1.9.1906 (ст. 10.8.1906) — паручнік; з 1912 (ст. 10.8.1910) — штабс-капітан[2], паводле ЗАФ ад 7.10.1917 (ст. 10.8.1914) — капітан[4].

З вучылішча выпушчаны ў 2-гі асадны артылерыйскі полк, 11.10.1903-15.5.1904 года загадваў палкавой вучэбнай камандай. Камандзіраваны ва Усходне-Сібірскі асадны артылерыйскі полк (10.10.1904), адтуль адпраўлены ў Харбін (9.12.1904), куды прыбыў 20.1.1905 года. Напярэдадні руска-японскай вайны, 4.2.1905 года прыбыў на перадавыя пазіцыі каля станцыі Суятунь, 19.2.1905 года зняты з пазіцый і адпраўлены ў Мукдэн (гл. бітва пад Мукдэнам[ru]), адтуль 1.7.1905 года ў Мікалаеўскую крэпасць[ru], быў ад’ютантам упраўлення і загадчыкам гаспадаркі. З Мікалаеўскай крэпасці 16.9.1906 года накіраваны ў электратэхнічную школу ў Санкт-Пецярбург, прыбыў туды 16.10.1906 года. Падчас вучобы камандзіроўваўся ў Мікалаеўскую крэпасную артылерыю (16.4.1907), потым у Кранштацкую крэпасную артылерыю (5.6.1907). Па сканчэнні школы залічаны ў Лібаўскую крэпасную артылерыю (30.10.1907), памочнік загадчыка, затым загадчык каманды дапаможных тэхнічных сіл. Па сканчэнні Акадэміі Генеральнага штаба пераведзены ў Ковенскую крэпасную артылерыю (20.5.1912).[2]

Станам на 1.1.1909 — паручнік Лібаўскай крэпасной артылерыі (1-ы і 2-і Лібаўскія крэпасныя артылерыйскія батальёны)[2]. У ліпені 1915 года — штабс-капітан Ковенскай крэпасной артылерыі[5], каменданцкі ад’ютант штаба Ковенскай крэпасці[ru][6]. Пасля здачы Ковенскай крэпасці (8-18.8.1915), станам на кастрычнік 1915 года — капітан штаба 38-га армейскага корпуса[7]. Станам на 7.10.1917 года лічыўся ў Ковенскай крэпасной артылерыі, прыкамандзіраваным да Чугуеўскага ваеннага вучылішча[ru][4], пры тым Ковенская крэпасная артылерыя расфарміравана да лістапада 1916 года[8]. У ноч 15/16.12.1917 года вучылішча пацярпела цяжкія страты пры абароне Чугуева ад бальшавікоў, па выніках перамоў з імі афіцэры і юнкеры склаўшы зброю маглі раз’ехацца па дамах.

Урад БНР А. Луцкевіча 20.11.2018 года паслаў Паўла Вента як начальніка штаба арміі БНР ва Украіну, каб азнаёміць яе вайсковае кіраўніцтва з ваеннай сітуацыяй у Беларусі[9][10]. Паводле У. Ляхоўскага, Вент таксама меў мандат урада на арганізацыю вайсковых фарміраванняў БНР у Адэсе[11]. З ведама ўкраінскага ўрада 20.12.1918 года выехаў у Адэсу.

Пасля 20.2.1919 года консул БНР у Адэсе Сцяпан Некрашэвіч звярнуўся да галоўнакамундуючага сіламі саюзнікаў на Балканах і Поўдні Расіі, французскага генерала Анры Бертло, у справе стварэння беларускіх ўзброенных фарміраванняў. Бертло прыняў Некрашэвіча і палкоўніка(так) Вента, яны асвятлілі галоўнакамандуючаму беларускае пытанне і падарылі карту Беларусі, за што той быў удзячны і, нягледзячы на нязгоду Дзянікіна, дазволіў фарміраваць беларускую дывізію. Галоўным інспектарам фарміравання быў прызначаны генерал Сакіра-Яхантаў[ru], непасрэдна фарміраваннем займаўся Павел Вент, ён 11.3.1919 года атрымаў званне генерал-маёра (паводле яго анкеты 1921[1]).[12] Адначасова Вент быў прадстаўніком БНР пры штабе войскаў саюзнікаў[Крыніца?].

Да канца сакавіка 1919 годзе фарміраваная Вентам дывізія налічвала каля 1000 чалавек. З канца сакавіка 1919 года сілы саюзнікаў адступалі перад бальшавікамі і 4-6 красавіка 1919 года саюзныя войскі эвакуіраваліся з Адэсы. Вент застаўся ў Адэсе, з дапамогай беларускіх камуністаў перайшоў на бок бальшавікоў і працягваў фарміраванне ўжо 1-й беларускай брыгады. Паводле С. Некрашэвіча, Вент перастаў лічыцца з беларусамі і супрацоўнічаў менавіта з бальшавікамі. Неўзабаве брыгада вырасла ў значную сілу, нацыянальна арыентаваныя афіцэры думалі пра перадыслакацыю ў Беларусь, каб выбіць бальшавікоў, але гэта не здзейснілася. Тым жа часам Павел Вент застраліў чырвонаармейца і прыгавораны трыбуналам да адпраўкі на фронт. Аднак, 7-9 мая 1919 года пачалося антыбальшывіцкае паўстанне[ru] Н. Грыгор’ева[ru] да якога Вент з 1-й беларускай брыгадай далучыўся. Паўстанне ў асноўным задушана бальшавікамі да канца мая 1919 года, Вент знік, рэшткі брыгады перафарміраваны, перайменаваны ў брыгаду імя Леніна і 2.6.1919 года[13] адпраўлены на іншы фронт.[14]

Пасля 8.8.1919 года Павел Вент з’яўвіўся ў акупаваным ужо палякамі Менску[15]. Потым па запрашэнні Яўгена Ладнова[16], знаёмага па дзейнасці ў Адэсе, быў саветнікам місіі БНР у Парыжы[17]. Да 25.2.1920 года прыехаў у Берлін[18]. У 1920 годзе саветнік Генеральнага штаба літоўскай арміі, удзельнічаў у распрацоўцы аператыўных планаў для беларускіх часцей[1]. Адначасова ваенны саветнік вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Эстоніі і Латвіі, на пачатку 1920 года ад яе імя перапісваўся з камандзірам асобнага атрада БНР у Эстоніі — С. Булак-Балаховічам[19][20]. У канцы красавіка 1920 года планавалася, што генерал-маёр Павел Вент як радца ўвойдзе ў дэлегацыю БНР на перамовах па заключэнні мірнага дагавора з Савецкай Расіяй[21]. Адзін з упаўнаважаных 25.6.1920 года Радай БНР весці перамовы з урадам Эстоніі пра прызнанне БНР і пасрэдніцтва Эстоніі ў прызнанні БНР урадам Савецкай Расіі[22].

Да ліпеня 1921 года падаў прашэнне ў Міністэрства абароны Чэхаславацкай Рэспублікі пра залічэнне на службу, 1.7.1921 года ўхваленае прэзідэнтам. У верасні 1921 года капітан, т.б. залічаны ў званні роўным апошняму ў былой Рускай імператарскай арміі, з 1923 — маёр, потым маёр Генеральнага штаба, з 1927 — падпалкоўнік Генеральнага штаба чэхаславацкай арміі. Служыў у 12-м (Ужгарад), 11-м (Кошыцы), 53-м (Ліпнік), 305-м (Чэске-Будзеёвіцы), 110-м (Нітра) артылерыйскіх палках; кароткачасова камандаваў 302-м артылерыйскім палком (Оламаўц).[1]

Прыкладна з 1935 года на пенсіі, жыў у славацкай Нітры. Удзельнічаў у падрыхтоўцы мясцовых скаўтаў і ў Авіяцыйнай лізе. Чытаў лекцыі па тактыцы Чырвонай Арміі ў грамадзянскай вайне для чэхаславацкіх афіцэраў. У 1939 годзе, пасля нямецкай акупацыі Чэхіі і ўтварэння асобнай Славакіі, пераехаў у Прагу. З 1942 года сябра Беларускага камітэта самапомачы ў Празе.[1][23]

Двойчы жанаты. Паводле паслужных спісаў, у першым шлюбе (з 1904) меў сына Фёдара (нар. 1905)[2][24]. У другім шлюбе з Уландзінай Нікласавай, ужо у Чэхаславакіі, дзяцей не было[25]. Сваяцтва з вядомай у Чэхіі сям’ёй надала Паўлу Венту пэўны статус і, магчыма, абараніла ад прэтэнзій з савецкага боку ў пасляваенны час[26].

Пахаваны ў 1971 годзе[27] на Вышаградскіх могілках (сектар IX, месца 82)[1].

Узнагароды

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 Кныревич, 2019
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 РГВИА. Фонд 409, п/с 339—771 (1903); 8-202 (1906); 14-389 (б.г.); 1-346 (1913).
  3. РС, 2020, 01:50
  4. 1 2 Приказ Армии и Флоту о чинах военных от 7 октября 1917 г. // Армия и Флот Свободной России. № 241. 20 октября 1917 г.
  5. 1 2 https://gwar.mil.ru/heroes/chelovek_nagrazhdenie50084830/
  6. 1 2 https://gwar.mil.ru/heroes/chelovek_nagrazhdenie57591732/
  7. https://gwar.mil.ru/heroes/chelovek_gospital2068521/
  8. https://gwar.mil.ru/heroes/chelovek_nagrazhdenie50020131/
  9. Латышонак, 2014, с. 229
  10. РС, 2020, 04:05-04:10
  11. РС, 2020, 04:45-04:55
  12. Архівы БНР, 1998, Т. 1, кн. 1., с. 552
  13. Антонов-Овсеенко, 1933, с. 314
  14. Архівы БНР, 1998, Т. 1, кн. 1., с. 552-553
  15. РС, 2020, 07:35-07:45
  16. РС, 2020, 08:35-08:45
  17. РС, 2020, 08:45-08:50
  18. Архівы БНР, 1998, Т. 1, кн. 1., с. 687
  19. Латышонак, 2014, с. 134
  20. Латышонак, 2014, с. 244
  21. Архівы БНР, 1998, Т. 1, кн. 1., № 2011, с. 724
  22. Архівы БНР, 1998, Т. 1, кн. 1., № 2219-2221, с. 795-798.
  23. РС, 2020, 11:00-11:45
  24. РС, 2020, 12:18-12:35
  25. РС, 2020, 12:40-12:45
  26. РС, 2020, 12:45-12:55
  27. РС, 2020, 13:45-13:52

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Пахаваныя на Вышаградскіх могілках
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святой Ганны 4 ступені
Катэгорыя·Ваенныя Беларусі
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 2 ступені
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святой Ганны 2 ступені
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінскім павеце
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Міхайлаўскага артылерыйскага вучылішча
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Празе
Катэгорыя·Выпускнікі кадэцкіх карпусоў
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Узнагароджаныя Залатой зброяй «За адвагу»
Катэгорыя·Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі
Катэгорыя·Нарадзіліся 17 чэрвеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1880 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1971 годзе
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 3 ступені
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святой Ганны 3 ступені
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 3 ступені
Катэгорыя·Беларуская Народная Рэспубліка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Валожынскім раёне
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Георгія IV класа
Катэгорыя·Выпускнікі Мікалаеўскай ваеннай акадэміі