Беларускі камітэт самапомачы, БКС ўтвораны вясной 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве ў Берліне. Адначасова з цэнтральнай сядзібай былі адкрыты аддзяленні ў Познані і Лодзі, пазней — у Варшаве, Празе, Торуні, Вене, Лейпцыгу, Мюнхене і іншых гарадах.
Першапачаткова планавалася, што арганізацыя будзе мець назву Беларускі нацыянальны камітэт[1]. Аднак нямецкія ўлады адмовілі, бо гэта не было прадугледжана патрабаваннямі пакту Молатава—Рыбентропа[2]
БКС цесна супрацоўнічалі з нямецкімі разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу сярод ваеннапалонных беларусаў, былых салдат Войска Польскага. Па меры набліжэння пачатку вайны дзейнасць БКС і Беларускага прадстаўніцтва выкарыстоўвалася ў разведвальнай і прапагандысцкай рабоце, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі.
Першы кіраўнік — былы консул БНР у Берліне Андрэй Бароўскі, члены праўлення — Васіль Камароўскі (паэт Антось Вярбіна), Аляксандр Крыт (у будучыні а. Андрэй), Баляслаў Барткевіч і інш.[2] 19 чэрвеня 1941 ў Берліне на нарадзе прадстаўнікоў Беларускага камітэта самапомачы і Беларускага прадстаўніцтва ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр.
Летам 1940 склад управы БКС істотна змяніўся. На з’ездзе прадстаўнікоў БКС старшынёй арганізацыі быў абраны Мікола Абрамчык, які пераехаў у Берлін з Парыжа, віцэ-старшынёй — Аляксандр Калоша, сакратаром — Станіслаў Грынкевіч (малодшы). На пачатак 1944 БКС у Германіі налічваў 13 тыс. чалавек[3].
У пачатку 1942 БКС атрымаў дазвол на адкрыццё настаўніцкіх курсаў у Берліне. Планавалася, што настаўнікі, скончыўшы курсы, паедуць працаваць у Беларусь. Курсы скончылі каля 30 чал., аднак нямецкія ўлады забаранілі ім выезд на Бацькаўшчыну[4].