wd wp Пошук:

Украінская дзяржава

Не блытаць з Украінскай Народнай Рэспублікай.

Украі́нская дзяржа́ва (укр.: Українська Держава) — перыяд у новай гісторыі сучаснай Украіны ў часы паслярэвалюцыйнай эпохі былой Расійскай імперыі, падчас якога на тэрыторыі большай часткі Украіны быў зацверджаны антысацыялістычны ўрад (таксама вядомы як Гетманат), што існаваў з 29 красавіка[1] да снежня 1918 года[2]. Рэжым Гетманату замяніў сабою прасацыялістычны ўрад Цэнтральнага Савета Украінскай Народнай Рэспублікі, які быў разагнаны 28 красавіка 1918 года. На чале новага ўрада стаў гетман Павел Скарападскі, пры якім украінскі ўрад пераўтварыўся ў часовую дыктатуру, якая, у прыватнасці, забараніла ўсе прасацыялістычныя палітычныя рухі з мэтай стварэння антыбальшавіцкага фронту.

У снежні 1918 года ўрад Скарападскага быў зрынуты, у выніку чаго ў выглядзе г.зв. Дырэкторыі ва Украіне аднавіўся ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі[2][3].

Стварэнне рэжыму Украінскай дзяржавы прывяло да аб’яднання большай часткі Украіны пад эгідай адной формы дзяржаўнасці з роспускам прасавецкіх квазідзяржаўных утварэнняў, такіх як Адэская Савецкая Рэспубліка, Данецка-Крывароская Савецкая Рэспубліка і г. д. Больш жорсткая знешняя палітыка і ваенная падтрымка з боку Цэнтральных дзяржаў прывялі да вызначанай стабілізацыі жыцця ўнутры краіны[1][3].

Геаграфія

Дзяржава знаходзілася ва Усходняй Еўропе, уключаючы ў сваю тэрыторыю большую частку тэрыторыі сучаснай Украіны, за выняткам Заходняй Украіны і Крыму, пры гэтым шэраг тэрытарыяльных прэтэнзій або падкантрольных тэрыторый распаўсюджваўся на сучасныя рэгіёны Беларусі, Расіі, Малдовы і Польшчы. На паўночным усходзе, у раёнах сучаснай украінска-расійскай мяжы, існавала часовая дэмаркацыйная лінія з Расіяй, на ўсход ад краіны праходзіла мяжа з дзяржавай Усевялікага Войска Донскага, на паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе праходзіла ўзбярэжжа Чорнага мора, на поўдні праходзіла мяжа з Крымам, падкантрольным ураду Сулькевіча. На паўднёвым захадзе ў раёне Днястра праходзіла мяжа з Румыніяй, на захадзе — з Аўстра-Венгрыяй і зонамі нямецкай акупацыі. На поўначы Украіна фармальна мела граніцы з Беларуссю, аднак амаль увесь поўдзень сучаснай Беларусі, на які прэтэндаваў урад БНР, кантраляваўся Украінай, а на поўнач знаходзіліся тэрыторыі пад кантролем нямецкіх акупацыйных уладаў.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Адміністрацыйны падзел Украінскай дзяржавы. Тэрытарыяльныя прэтэнзіі пазначаныя зялёнай лініяй.

Пры існаванні УНР усе губерні Расіі, якія існавалі на тэрыторыі новаўтворанай УНР, былі скасаваныя, наўзамен ім былі створаныя землі, колькасць якіх была большай за колькасць губерняў, якія ахоплівалі тэрыторыю УНР. Па прыходзе да ўлады Скарападскага губернскі адміністрацыйны падзел з невялікімі папраўкамі[заўв 1] быў вернуты, а таксама былі створаныя 2 акругі, у выніку чаго Украіна пачала дзяліцца на 9 губерняў і 2 акругі, кіраўнікамі якіх сталі старосты. З мясцовымі ўрадамі Крыму і Кубані вяліся перамовы па мажлівым аб’яднанні або стварэнні федэрацыі.

АдзінкаАдміністрацыйны цэнтрСтароста
     Валынская губерня ЖытомірДзмітрый Андра
     Кацярынаслаўская губерня КацярынаслаўІван Чэрнікаў
     Кіеўская губерня КіеўІван Чартарыйскі
     Падольская губерня КамянецСяргей Кіселаў
     Палтаўская губерня ПалтаваСяргей Іваненка
     Харкаўская губерня ХаркаўПётр Залескі
     Херсонская губерня ХерсонСямён Пышчэвіч
     Холмская губерня БрэстАляксандр Скорапіс-Ялтухоўскі
     Чарнігаўская губерня ЧарнігаўМікола Савіцкі
     Палеская акруга Мазыр
     Таўрычная акруга Бярдзянск
     Крымскі краёвы ўрад Сімферопаль
     Кубанская Народная Рэспубліка Кацярынадар

Тэрытарыяльныя спрэчкі з Беларуссю

Ужо да існавання Украінскай дзяржавы, у часы існавання Украінскай Народнай Рэспублікі, паміж кіраўніцтвамі Беларусі і Украіны ўзнікла пытанне пра будучы статус памежных земляў — поўдня былых Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў (Палессе).

Асноўнымі прычынамі дыскусій стаў розны набор этнаграфічных звестак пра рэгіён, згодна з якім рэгіён мог лічыцца як беларускім, так і ўкраінскім; адначасовыя прэтэнзіі беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных дзеячаў на рэгіён, а таксама палітыка нямецкіх уладаў, якія сваімі рашэннямі замацавалі сучаснае беларускае Палессе спачатку за Украінскай Народнай Рэспублікай, а потым за Украінскай дзяржавай.

Першапачаткова тэрыторыі сучаснага беларускага Палесся, якія складаюць поўдзень сучасных Брэсцкай і Гомельскай вобласцей, былі падзеленыя паміж паветамі Валынскай і Холмскай губерняў Украінскай дзяржавы. У чэрвені ў Кіеў прыбыў надзвычайны пасол БНР Раман Скірмунт, які паспрабаваў правесці з украінскім міністрам замежных спраў Дзмітрыем Дарашэнкам перамовы наконт прыналежнасці рэгіёну. Гэтыя перамовы не атрымалі поспеху з прычыны таго, што ўкраінскія ўлады дазналіся пра адсутнасць рэальнай улады ў Беларусі з боку ўраду БНР. У выніку гэтага нямецкае камандаванне дала згоду на распаўсюджанне на гэтыя тэрыторыі ўкраінскай улады.

Паводле пастановы Рады міністраў ад 14 жніўня на гэтых тэрыторыях стварылі Палескую акругу, адміністрацыйным цэнтрам якой стаў Мазыр. Праз стратэгічныя мэты ў склад Украіны таксама патрапіў Гомельскі павет Магілёўскай губерні, які быў далучаны да Чарнігаўскай губерні[4].

Па скасаванні Украінскай дзяржавы ўсе гэтыя тэрыторыі апынуліся ў складзе УНР. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі працягваў захоўваць прэтэнзіі датычна іх, але ніколі не меў над імі фактычнага кантролю. З 1919 года тэрытарыяльныя прэтэнзіі на рэгіён беларускага Палесся выказаў і ўрад ССРБ.

Утварэнне

У выніку бальшавіцкай агрэсіі, пасля якой 9 студзеня 1918 года Кіеў быў узяты Саветамі, урад УНР, які першапачаткова пераследаваў антываенную палітыку, быў вымушаны шукаць ваенную палітыку з боку іншых дзяржаў.

9 лютага гэтага ж года Украіна ў Брэсце падпісала сепаратны мір з Цэнтральнымі дзяржавамі, і ў сакавіку 1918 года расійскія савецкія сілы пакінулі тэрыторыю Украіны. На чале з нямецкім фельдмаршалам фон Айхгарнам была створаная група армій «Кіеў», функцыяй якой стала абарона Украіны ад мажлівай бальшавіцкай агрэсіі.

25 красавіка 1918 года адбыўся інцыдэнт між нямецкай арміяй і ўрадам Украіны, у ходзе якога адміністрацыя групы армій «Кіеў» стала падазраваць тагачасны ўрад Украіны на чале з Усеваладам Галубовічам у выкраданні старшыні Банку знешняга гандлю Абрама Добрага. Праз гэты банк нямецкае ваеннае камандаванне здзяйсняла ўсе фінансавыя аперацыі з цэнтральнымі ўладамі Германіі. Фон Айнгарн аддаў загад, згодна з якім крымінальныя справы на тэрыторыі Украіны змаглі выбарачна траплаць пад юрысдыкцыю нямецкага ваенна-палявога суда разам з судовай сістэмай уласна Украіны. У адказ на гэта 29 красавіка Усевалад Галубовіч заявіў, што падобныя меры занадта вялікія і неапраўданыя ў маштабах расследавання справы Добрага.

У той жа дзень у будынку Кіеўскага цырку адбыўся з’езд украінскіх хлебаробаў, на якім сабралося каля 6000 чалавек з усіх васьмі губерняў, што кантраляваліся Украінай[1]. Пасля атрымання Скарападскім інфармацыі пра з’езд, Скарападскі асабіста прыбыў у цырк, дзе ён быў абраны гетманам Украіны, пасля чаго ўдзельнікі з’езду сабраліся на Сафіеўскай плошчы, дзе Павел Скарападскі быў блаславёны на новую пасаду біскупам Кіеўскім і Галіцкім Нікадымам. У ноч з 29 на 30 красавіка 1918 года прыхільнікі гетмана ўзялі пад кантроль будынкі міністэрства ўнутраных спраў, ваеннага міністэрства і Дзяржаўнага банка. 30 красавіка эліта і найбольш лаяльная частка Цэнтральнага Савета, Сечавыя стральцы, былі раззброеныя.

Неўзабаве Скарападскім была выдадзена Грамата да ўсяго ўкраінскага народа і закон пра часовае дзяржаўнае ўладкаванне[5]. Жадаючы стабільнасці ва Украіне, да перавароту схільна паставіліся камандаванні войскаў Аўстра-Венгрыі і Германіі. Тым не менш, супрацоўніцтва Скарападскага з дзвюма краінамі, якое пачалося ў хуткім часе, зрабіла яго непапулярным серад заўважнай часткі ўкраінскіх сялян.

Новая ўлада захавала агульную стылістыку гербу (быў захаваны трызуб, але была дададзена выява казака), аднак змяніла пазіцыю палосаў на сцягу, у выніку чаго ён набыў аналагічны з сучасным выгляд.

Супраць перавароту выступілі Сечавыя стральцы і падраздзяленні г.зв. сінежупаннікаў (апошнія былі сфарміраваныя з ваеннапалонных Германіі і Аўстра-Венгрыі і атрымалі сваю назву праз колер мундыраў).

Унутраная апазіцыя ў грамадстве была ўзмоцнена рэквізіцыяй харчовых запасаў у насельніцтва і аднаўлення ўладанняў багатых землеўладальнікаў. Праціўнікі ўраду Скарападскага сталі ажыццяўляць акты сабатажу і падпалу, у ліпені 1918 года быў забіты фон Айнгальм. У жніўні гэтага ж года антыўрадавая кааліцыя прымусіла Скарападскага аднавіць інстытут Сечавых стральцоў. На гэты момант стала відавочным паражэнне Цэнтральных дзяржаў у Першай сусветнай вайне, таму Скарападскі, разумеючы беспаспяховасць разліку на падтрымку Цэнтральных дзяржаў, стаў шукаць падтрымкі ў расійскага Белага руху. Гэта яшчэ больш павялічыла незадавальненне Скарападскім, бо Белы рух вельмі скептычна ставіўся як да ўкраінскай нацыянальнай ідэі, так і да ідэі ўкраінскай дзяржаўнасці.

У снежні 1918 года ўрад Скарападскага быў зрынуты, і на яго месцы была зацверджаная Дырэкторыя, якая аднавіла ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі[2][3].

Падзеі Грамадзянскай вайны

Паўстанні ва Украіне ў лістападзе-снежні 1918 года. Салятавым — ужо існая на той момант ЗУНР, блакітным уверсе — Обер-Ост, злева ад яго ружовым — тэрыторыі пад кантролем мясцовых атрадаў польскай самаабароны.

Амаль увесь камандны склад узброеных сіл Украінскай дзяржавы складаўся з афіцэраў былой імператарскай арміі Расіі[6], таму большасць з іх не падтрымала ўкраінскі нацыянальны рух, разглядаючы яго толькі як сродак дасягнення ўласных мэтаў[6]. У той жа час шырокія масы ўкраінскага насельніцтва не мелі развітага адчування нацыянальнай самасвядомасці, з-за чаго заўважная іх частка трапіла пад уплыў сацыялістычнай і камуністычнай прапаганды[6].

Пасля перамір’я, якім было азнаменавана заканчэнне Першай сусветнай вайны, украінскія сацыялісты (галоўным чынам прадстаўнікі не-савецкіх сацыялістаў, якія, у адрозненне ад украінскіх прарасійскіх сацыялістаў, ставілі на мэце здабыццё ўкраінскай дзяржаўнасці) сфарміравалі ўрад, вядомы ў гістарыяграфіі як Дырэкторыя. Гэты ўрад абапіраўся на атрады Сечавых стральцоў і шэражупаннікаў. Нягледзячы на тое, што аўстра-венгерскія і нямецкія войскі яшчэ не былі выведзеныя на той момант з Украіны, яны ўжо былі ў дэмаралізаваным стане адносна баявых дзеянняў. Тым не менш, падтрымку Дырэкторыі аказала большая частка былых сіл Скарападскага[6].

16 лістапада 1918 годзе ў горадзе Белая Царква пачаліся баявыя дзеянні супраць Гетманату. Скарападскі быў вымушаны звярнуцца да белагвардзейцаў, якія ў сваю чаргу ўспрымалі Украіну як плацдарм на выхад і далучэнне да сіл Добраахвотніцкай арміі Дзянікіна, што размяшчалася ля ракі Дон. Іхныя войскі былі сабраныя ў г.зв. Асаблівы корпус, які, аднак, не здолеў супрацьстаяць сілам Дырэкторыі на чале з Сымонам Пятлюрам, у выніку чаго 14 снежня Скарападскі зрокся пасады гетмана, калі Украінская Народная Армія авалодала Кіевам. Урад гетмана быў скасаваны і на змену яму прыйшоў урад Дырэкторыі.

Заўвагі

  1. Напрыклад, Гомель трапіў у склад Чарнігаўскай губерні, у склад якой пры Расіі ніколі не ўваходзіў.

Зноскі

  1. 1 2 3 Orest Subtelny. Ukraine: A History. — Toronto: University of Toronto Press, 1988. — ISBN 0-8020-5808-6.
  2. 1 2 3 Taylor & Francis Group. Eastern Europe and the Commonwealth of Independent States. — Routledge, 1999. — С. 849. — 1004 с. — ISBN 1857430581.
  3. 1 2 3 Serhy Yekelchyk. Ukraine: birth of a modern nation. — Oxford University Press, 2007. — ISBN 978-0-19-530546-3.
  4. Бойко, Олена. Територія, кордони і адміністративно-територіальній поділ Української Держави гетьмана П. Скоропадського, 1918. — Регіональна історія України. — Збірник наукових статей, 2009. — Т. Випуск 3. — С. 222-223.
  5. Павло Скоропадський, М. Устимович. Закони про тимчасовий державний устрій України // Державний Вістник, Конституційні акти України, Невідомі конституції України, Київ: Філософська і соціологічна думка. — Афіцыйны партал Вярхоўнай Рады Украіны, 1918.
  6. 1 2 3 4 Andriy Rukkas. The Army and Independence. Why the Baltic States succeeded in defending their states in 1917-20 while Ukraine failed. — Тиждень.ua, 2013.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дзяржаўныя ўтварэнні часоў Грамадзянскай вайны ў Расіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Украінская дзяржава, 1918
Катэгорыя·Гістарычныя дзяржавы Еўропы