wd wp Пошук:

1-я беларуская брыгада

1-я беларуская брыгада — беларускае ўзброенае фарміраванне, створанае ў лютым 1919 года.

Гiсторыя

У канцы лютага 1919 года консул БНР у Адэсе Сцяпан Некрашэвіч звярнуўся да галоўнакамундуючага сіламі саюзнікаў на Балканах і Поўдні Расіі, французскага генерала Анры Бертло, у справе стварэння беларускіх ўзброенных фарміраванняў. Бертло прыняў Некрашэвіча і палкоўніка(!) Паўла Вента, яны асвятлілі галоўнакамандуючаму беларускае пытанне і падарылі карту Беларусі, за што той быў удзячны і, нягледзячы на нязгоду Дзянікіна, дазволіў фарміраваць беларускую дывізію. Галоўным інспектарам фарміравання быў прызначаны генерал Сакіра-Яхантаў[ru], непасрэдна фарміраваннем займаўся Павел Вент, ён 11.3.1919 года атрымаў званне генерал-маёра (паводле яго анкеты 1921 года[1]).[2]

Да канца сакавіка 1919 годзе ў фарміраванай Вентам дывізіі налічвалася каля 1000 чалавек. З канца сакавіка 1919 года сілы саюзнікаў адступалі перад бальшавікамі і 4-6 красавіка 1919 года саюзніцкія войскі эвакуіраваліся з Адэсы. Вент застаўся ў Адэсе, з дапамогай беларускіх камуністаў перайшоў на бок бальшавікоў і працягваў фарміраванне ўжо 1-й беларускай брыгады. Паводле С. Некрашэвіча, Вент перастаў лічыцца з беларусамі і супрацоўнічаў менавіта з бальшавікамі.[2]

1-я беларуская брыгада загадам ад 15.4.1914 года ўвайшла ў склад фарміраванай 3-й арміі[ru] Украінскага фронта[ru], сама адзначана ў стане фарміравання, яе колькасныя паказчыкі не паведамляюцца[3]. У планах ад 20.4.1919 года было сфарміраваць у складзе Украінскага фронта, апроч іншых, беларускія і інтэрнацыянальныя часці[ru], якія мусілі налічваць каманднага складу — 1174 чалавекі, чырвонаармейцаў — 57500, коней — 18000, вінтовак — 45500[4]. Планавыя паказчыкі асобна для беларускіх часцей не вылучаны.

Паводле загада камандуючага 3-й арміяй Худзякова ад 24.4.1919 года, брыгада за выняткам сваіх кавалерыйскія часцей ўваходзіла ў Адэскую групу войскаў, што была ў асабістым распараджэнні камандарма. Кавалерыйскія часці брыгады ўваходзілі ў сілы аховы ўзбярэжжа паміж Лэстдорфам і Мікалаевым.[5]

Брыгада вырасла ў значную сілу, паводле С. Некрашэвіча нават да 10000 чалавек. Нацыянальна арыентаваныя афіцэры выступалі за перадыслакацыю ў Беларусь, з думкай выбіць бальшавікоў, для гэтага ў Мінск быў адпраўлены Антон Баліцкі, але бальшавісцкія ўлады ў Беларусі не ўхвалілі перавод брыгады. Тым часам Павел Вент застраліў чырвонаармейца і прыгавораны рэвалюцыйным ваенным трыбуналам да адпраўкі на фронт. Аднак, 7-9 мая 1919 года пачалося антыбальшывіцкае паўстанне[ru] Н. Грыгор’ева[ru] і 11 мая 1919 года[6] Павел Вент з 1-й беларускай брыгадай далучыўся да яго.[2]

1-я беларуская брыгада, разам з таксама расквартэраваным у прыгарадах Адэсы 1-м сялянскім палком пад камандаваннем Казакова, захапілі Ананьеў, Кодыму, Акаржу, Іванаўку, Балту і Балцкі павет[ru], разбілі савецкія часці каля Любашаўкі, да паўстанцаў далучаліся сяляне і савецкі гарнізон Балты[6]. Паўстанне аднак задушана бальшавікамі ў асноўным да канца мая 1919 года.

Пасля трыбуналу рэшткі брыгады перафарміраваны, перайменаваны ў брыгаду імя Леніна, пераведзены са складу 3-й арміі Украінскага фронта ў склад Паўднёвага фронту[ru][7] і 2.6.1919 года эшалонам адпраўлены на новае месца дыслакацыі. На гэты час у складзе брыгады 270 інструктараў, 3118 байцоў і 40 коней[8]. Пры разборы ў трыбунале справы брыгады бальшавікі даведаліся пра ролю ў яе фарміраванні і дзейнасці С. Некрашэвіча, яму давялося перайсці ў Адэсе на нелегальнае становішча[7].

На Паўднёвым фронце брыгада ўвайшла ў склад 14-й арміі[ru], перыядычна называлася ранейшым найменнем «беларуская брыгада»[9].

Зноскі

  1. Кныревич, 2019
  2. 1 2 3 Архівы БНР, 1998, Т. 1, кн. 1., с. 552
  3. Антонов-Овсеенко, 1933, Т. 4, с. 131
  4. Антонов-Овсеенко, 1933, Т. 4, с. 132
  5. Антонов-Овсеенко, 1933, Т. 4, с. 41
  6. 1 2 Савченко, 2006, с. 353
  7. 1 2 Архівы БНР, 1998, Т. 1, кн. 1., с. 553
  8. Антонов-Овсеенко, 1933, Т. 4, с. 314
  9. РГАСПИ. Фонд 74. Оп. 2., д. 68., л. 11-32.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·З’явіліся ў 1919 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных