wd wp Пошук:

Злачынства і пакаранне

«Злачынства і пакаранне» (руск.: Преступление и наказание) — сацыяльна-псіхалагічны і сацыяльна-філасофскі раман Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, над якім пісьменнік працаваў у 18651866 гадах. Упершыню апублікаваны ў 1866 годзе ў часопісе «Рускі веснік» (№ 1, 2, 4, 6—8, 11, 12). Праз год пабачыла свет асобнае выданне, структура якога была нязначна зменена ў параўнанні з часопіснай рэдакцыяй; акрамя таго, аўтар унёс у кніжны варыянт шэраг скарачэнняў і стылістычных правак.

Задума «Злачынства і пакарання» спела ў Дастаеўскага на працягу многіх гадоў, аднак цэнтральная тэма, звязаная з ідэяй галоўнага героя пра «звычайных» і «незвычайных» людзей, пачала фарміравацца толькі ў 1863 годзе ў Італіі. Прыступіўшы да непасрэднай працы над творам, аўтар аб’яднаў чарнавікі незавершанага рамана «П’яненькія», у якім была вызначана сюжэтная лінія, якая апавядае пра сям’ю Мармяладавых, і накіды рамана-споведзі, задуманага як адкрыццё катаржніка. Падчас працы план пашырыўся, і ў аснову сюжэту лягло злачынства студэнта Радзівона Раскольнікава, які забіў дзеля выратавання блізкіх старую-працэнтшчыцу. Пры гэтым крымінальная гісторыя стала для аўтара не толькі тэмай, але і нагодай для разважанняў аб сацыяльных акалічнасцях, якія штурхаюць чалавека на злачынствы, а таксама магчымасцю паказаць, якія складаныя «хімічныя» працэсы адбываюцца ў душах людзей. Адным з вобразаў рамана стаў вялікі горад другой паловы XIX стагоддзя, жыццё ў якім поўнае канфліктаў і драм. У творы ўзноўлены вядомыя прыкметы часу, паказана пецярбургская тапаграфія.

Выхад «Злачынства і пакарання» ў святло выклікаў бурную палеміку ў літаратурнай супольнасці Расіі; водгукі рэцэнзентаў вар’іраваліся ў дыяпазоне ад захаплення да поўнага непрымання. З фундаментальным аналізам твора выступілі такія сучаснікі Дастаеўскага, як Дзмітрый Пісараў, Мікалай Страхаў, Мікалай Ахшарумаў. У 1880-х гадах твор быў перакладзены на французскую, нямецкую, шведскую, англійскую, польскую, венгерскую, італьянскую, дацкую, нарвежскую, фінскую мовы. Твор аказаў уплыў на сусветны літаратурны працэс: у французскай, італьянскай, нямецкай літаратуры з’явіліся раманы-«спадарожнікі», якія працягвалі развіццё тэмы, зададзенай Дастаеўскім. Раман быў неаднаразова інсцэнаваны (першыя монаспектаклі з’явіліся ў 1880-х гадах, першая тэатральная пастаноўка ў Расіі пастаўлена ў 1899 годзе, першая замежная сцэнічная версія прадстаўлена ў Парыжы ў 1888 годзе) і экранізаваны.

Сюжэт

Сюжэт разгортваецца вакол галоўнага героя, Радыёна Раскольнікава, у галаве якога выспявае тэорыя злачынства. Паводле яго задумы чалавецтва падзяляецца на «избранных» і «тварей дрожащих». «Выбраныя» (класічным прыкладам з’яўляецца Напалеон) маюць права здзейсніць забойства альбо некалькі забойстваў дзеля будучых вялікіх здзяйсненьяў. Сам Раскольнікаў знаходзіцца ў вельмі благім матэрыяльным стане, ён не здольны аплаціць не толькі вучобу ва ўніверсітэце, але і ўласнае сваё пражыванне. Маці і сястра яго таксама жывуць у паўгалечы, але хутка ён даведваецца, што яго сястра (Аўдоцця Раманаўна) гатовая выйсці замуж за чалавека, якога не кахае, дзеля грошай, дзеля брата. Гэта было апошняй кропляй, і Раскольнікаў здзяйсняе наўмыснае злачынства старухі-ліхвяркі («вош» паводле яго вызначэння) і яе сястры, сведкі. Але Раскольнікаў не можа скарыстацца нарабаваным, ён хавае яго. З гэтага часу пачынаецца жахлівае жыццё злачынцы, утрапёнай, ліхаманкавай свядомасці, яе спробы знайсці апору і сэнс у жыцці, апраўданне ўчынка і яго ацэнка. Тонкі псіхалагізм, экзістэнцыяльнае асэнсаванне ўчынка і далейшага існавання Раскольнікава маляўніча пераданы Дастаеўскім. У дзеянне рамана ўцягваюцца ўсё новыя і новыя асобы. Лёс сутыкае яго з самотнай, запалоханай, беднай дзяўчынай, у якой ён знаходзіць роднасную душу і падтрымку, Соняй Мармеладавай, якая стала на шлях самапродажу з прычыны галечнага стану. Соня, якая верыць у Бога, імкнецца, згубіўшы бацькоў, неяк пратрымацца ў жыцці. Раскольнікаў знаходзіць таксама апору ва ўніверсітэцкім сябры Разуміхіну, закаханым у яго сястру Аўдоццю Раманаўну. З’яўляюцца такія персанажы, як следчы Парфірый Пятровіч, які зразумеў душу Раскольнікава і дасціпна вывеў яго на чыстую ваду, Свідрыгайлаў, распуснік і падлец — яркі ўзор «выбранага» чалавека (паводле тэорыі Раскольнікава), Лужын, адвакат і хітры эгаіст і інш. У рамане раскрываюцца сацыяльныя чыннікі злачынстваў і бедстваў, маральных супярэчнасцей, гнятучых акалічнасцей падзення, апісваецца жыццё пецярбургскае бядоты, п’янства і прастытуцыі, апісаны дзесяткі своеасаблівых персанажаў, якія дзейнічаюць у рамане, на працягу якога, Раскольнікаў імкнецца зразумець, ці дастойным чалавекам ён з’яўляецца, ці мае ён права вяршыць суд над іншымі людзьмі. Не вытрымаўшы цяжару свайго злачынства, галоўны герой прызнаецца ў здзейсненым забойстве, напісаўшы чыстасардэчнае прызнанне. Аднак ён бачыць віну не ў тым, што здзейсніў забойства, а ў тым, што пайшоў на яго, не ацаніўшы сваёй унутранай кволасці і жаласнай маладушнасці. Ён адмаўляецца ад прэтэнзій на выбранасць. Раскольнікаў трапляе на катаргу, але Соня застаецца побач з ім. Гэтыя дзве самотныя асобы здабылі адна адно ў вельмі складаны перыяд жыцця для абодвух. У рэшце рэшт, герой знаходзіць апору ў каханні і рэлігійнай свядомасці.

Месца дзеяння

Дзеянне рамана адбываецца летам у Санкт-Пецярбургу. Адрасы дамоў, у якім нібыта жылі персанажы рамана, вядомыя: «дом Раскольнікава» — Грамадзянская вуліца, 19 (на доме ўсталяваная памятная стэла); «дом Соні Мармяладавай» — канал Грыбаедава, 73; «дом старухі-ліхвяркі» — канал Грыбаедава, 104[2].

Персанажы

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #4099168-4 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016.
  2. Путь убийцы в Петербурге можно проделать за полчаса Архівавана 27 студзеня 2010.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Раманы Фёдара Дастаеўскага
Катэгорыя·Літаратурныя творы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Санкт-Пецярбург у культуры і мастацтве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікікрыніцы непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Кнігі 1866 года