wd wp Пошук:

Забычанне

Забыча́нне[2] (трансліт.: Zabyčannie, руск.: Забычанье) — вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, на рацэ Жадуньцы, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета.

Забычанне — даўняе мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны, частка колішняга паселішча Міхалава, заснаванага Радзівіламі. Знаходзіцца за 19 км на паўночны захад ад Касцюковічаў, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія КрычаўСураж), каля аўтамабільнай дарогі КраснаполлеХоцімск. Насельніцтва на 2018 год — 296 чалавек[1].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню згадваецца ў 1552 годзе як дзяржаўнае сяло ў Крычаўскай воласці Мсціслаўскага намесніцтва[3][4]. Аднак, мястэчка Забычанск у Мсціслаўскім ваяводстве значыцца яшчэ ў 1527 годзе, калі яно было аб’яўлена староствам[5]. Паводле інвентару Крычаўскага староства 1713 года, паселішча было дзяржаўнай уласнасцю ў Крычаўскай воласці, налічвалася 3 дымы і 2 валокі зямлі.

Згодна з універсалам канцлера Вялікага Княства Літоўскага Караля Станіслава Радзівіла ад 14 сакавіка 1714 года на левым беразе ракі Жадунькі, насупраць Забычання было заснавана мястэчка Міхалаў. Такая назва была дадзена ў гонар бацькі Караля Станіслава Радзівіла — Міхала Казіміра, першага кіраўніка Крычаўскага староства з роду Радзівілаў. Тэрмін слабады новастворанаму мястэчку быў вызначаны ў 15 гадоў. Паводле інвентара 1727 года, акрамя рынку, мястэчка мела 2 вуліцы — Крычаўскую і Касцюкоўскую, на якіх разам было 37 дымоў, існаваў агульны з Забычаннем млын. У 1747 годзе ў Міхалаве налічваліся 37 дымоў, царква, сінагога, 2 бровары; жылі каваль, шавец, 3 краўцы, пекар, 2 бондары, віннік, шынкар, 3 купцы, 2 пастухі і нават 2 пушкары[6].

У 1743—1744 гадах Забычанне было цэнтрам Крычаўскага паўстання. З 1747 года — у Крычаўскім старостве, існавалі 10 двароў і царква. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай сяло ўвайшло ў склад Расійскай імперыі, мястэчка Міхалаў аб’ядналася з ім пад агульнай назвай Забычанне.

Пад уладай Расійскай імперыі

З 1779 года — у Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні. Належала адстаўному палкоўніку М. О. Галынскаму (1798), потым — стацкаму саветніку В. І. Галынскаму (1813). У 1858 годзе пазначана як уладанне А. І. Камара. У 1865 годзе быў заснаваны бровар (12 рабочых, паравая машына), дзейнічалі драўляная прыхадская царква, яўрэйскі малітоўны дом і школа граматы (у 1893 г. — 17 вучняў), працавалі вадзяны млын, сукнавальня і дзве карчмы, меліся 1149 дзесяіцн зямлі (210 — ворнай зямлі, 75 — сенажатнай, 420 — лесу), у дні Святога Духа праводзіліся кірмашы[7]. 30 снежня 1905 года ў Забычанні адбыліся сутычкі сялян з паліцыяй, у выніку чаго быў забіты ахоўнік бровара, а паліцэйскія абяззброены. Станам на 1909 год, у вёсцы пражывалі 322 жыхары, тройчы на год адбываліся кірмашы[5].

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Забычанне абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Забычанне вярнулі Беларусі, дзе 20 жніўня яно стала цэнтрам сельсавета ў Касцюковіцкім раёне.

За год да гэтага ў вёсцы ўтварыўся саўгас «Забычанне», які меў 669.7 га зямлі, уваходзіў у Віцебскі малочна-прамысловы трэст, у 1931 годзе валодаў 3 трактарамі. На базе саўгаса ў 1937 годзе ўтварылася МТС, якая ўтрымлівала 13 трактароў. Ад Бялынкавіцкай гідраэлектрастанцыі ў 1935 годзе вёска атрымала электрычнасць[4].

З жніўня 1941 па 30 верасня 1943 года Забычанне знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У пасляваенны перыяд у паселішчы працавалі сярэдняя школа, бібліятэка, участковая бальніца, аптэка, дом культуры, тры крамы, аддзяленне сувязі, дзіцячы сад-яслі. На цяперашні час Забычанне забудавана драўлянымі сялянскімі хатамі, сама вёска размяшчаецца па абодва бакі ад ракі[5].

Насельніцтва

Славутасці

Зноскі

  1. 1 2 3 Забычанскі сельскі савет. Афіцыйны сайт
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. 1 2 БелЭн, т.6, с.491
  4. 1 2 ЭГБ, т.3, с.391
  5. 1 2 3 4 ГВБ, т.5-1, с.672—674
  6. ЭВКЛ, т.3, с.355
  7. Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага, т.14, с.211

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Забычанне
Катэгорыя·Забычанскі сельсавет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак