wd wp Пошук:

Джон Кларк

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кларк.

Джон Кларк[1] (англ.: John Clark, або Clarke) — беларускі архітэктар і будаўнік[2] брытанскага паходжання, прадстаўнік архітэктуры класіцызму. У 1799—1826 гадах жыў і працаваў у Гомелі. Пад яго кіраўніцтвам быў рэканструяваны гомельскі палац Румянцавых — Паскевічаў, пабудаваны гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і створана практычна ўся гомельская архітэктура 1-й паловы XIX ст. Адзін з нямногіх дойлідаў, якія тым часам стала працавалі на тэрыторыі Беларусі[3].

Біяграфія

Прыехаў у Гомель каля 1799 года па запрашэнні графа М. П. Румянцава, які атрымаў у спадчыну Гомельскі палац. Румянцаў абраў Гомель як асноўную рэзідэнцыю, таму задумаў перабудову палаца, а таксама перабудову і добраўпарадкаванне горада. Ён запрасіў Д. Кларка, імаверна, непасрэдна з Вялікабрытаніі. Запрасіць іншаземнага майстра Румянцаву было няцяжка, бо як расійскі пасланнік у Франкфурце-на-Майне (Германія) ён выконваў абавязак «шукаць і адбіраць для працы» ў Расійскай імперыі іншаземцаў з тэхнічнымі ведамі.

Архітэктараў з Вялікабрытаніі запрашалі з мэтай засвоіць з іх дапамогай найноўшыя тэндэнцыі, што былі прасякнуты сапраўдным разуменнем антычнасці і духам творчасці заснавальніка класіцызму А. Паладыа, і атрымалі развіццё ў Англіі. З сабой Д. Кларк прывёз чарцяжы буйных англійскіх архітэктараў, прадстаўнікоў паладзіянства, у прыватнасці, Р. Адама(англ.) бел..

Архітэктар жыў і працаваў у Гомелі больш за трыццаць гадоў, меў сям’ю. Свой досвед перадаваў дойлідам Івану Дзьячкову і Івану Аднасумаву. Пасля пераходу маёнтка да князёў Паскевічаў у горадзе жыла ўдава архітэктара.[4]

Творчасць

Будынак духоўнага вучылішча

Будынак былога духоўнага вучылішча.

Пабудаваны пад кіраўніцтвам Д. Кларка ў 1799—1819 гадах як летні дом М. П. Румянцава. У адрозненне ад Гомельскага палаца, які прадназначаўся перш за ўсё для прыёмаў і ўрачыстых мерапрыемстваў, гэты дом выкарыстоўваўся для паўсядзённага пражывання[5]. Складаўся з 3-х аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны прамавугольны ў плане корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. На першым паверсе корпуса знаходзіліся 2 парадныя залі, на другім — жылыя пакоі. Галоўны фасад быў вылучаны рызалітам з шасцікалонным порцікам дарычнага ордэра і аздоблены балконам. Вокны першага паверху афармляліся паўкруглымі нішамі. Рызаліт, прасценкі першага паверха корпуса і сцены флігеляў былі апрацаваны гарызантальнай рустоўкай.

У другой палове XIX ст. дом быў перабудаваны і ўяўляе з сябе мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак (бакавыя крылы прыбудаваны ў 1960-я гады). З 1880-х гадоў у будынку размяшчалася Гомельскае духоўнае вучылішча, цяпер — адзін з карпусоў медыцынскага ўніверсітэта.

Пашырэнне палацавага комплексу

На пачатак XIX ст. гомельскі палац уяўляў сабой той будынак, які цяпер з’яўляецца яго галоўным корпусам (узведзены ў 1777—1796 гадах пад кіраўніцтвам архітэктараў Я. М. Аляксеева і Д. Р. Катлярэўскага). Прыкладна з 1801 года Д. Кларк кіраваў архітэктурна-будаўнічымі работамі ў палацы. У галоўным корпусе былі выкананы аднаўленчыя працы і ўладкавана трэцяя лесвіца, праведзена планіроўка месца вакол яго.

Па абодва бакі ад галоўнага корпуса Д. Кларк пабудаваў два двухпавярховыя флігелі. Яны размяшчаліся сіметрычна галоўнаму корпусу, мелі прамавугольную ў плане форму і з боку галоўнага фасада і ракі былі ўпрыгожаны чатырохкалоннымі порцікамі іанічнага ордэра, якія шчыльна прыстаўлены да сцяны. Невялікія аб’ёмы флігеляў і іх лаканічная архітэктурная апрацоўка падкрэслівалі значэнне галоўнага корпуса. У 1805 годзе адзін флігель ужо быў пабудаваны, будаўніцтва другога флігеля завяршылася ў 1818 годзе. У галоўным корпусе некаторыя працы па аздабленні пакояў (пазалотныя, жывапісныя) працягваліся яшчэ ў пачатку 1820-х гадоў.

Такім чынам, адбыўся другі этап будаўніцтва палаца. Палац набыў развітую, звернутую да галоўнай плошчы горада кампазіцыю.[6]

У далейшым, пры новым уладальніку палаца князе І. Ф. Паскевічы, у 1837—1851 гадах пад кіраўніцтвам архітэктара А. Ідзкоўскага левы ад цэнтральнага ўваходу флігель быў перабудаваны і павялічаны да трох паверхаў, а правы разабраны і на яго падмурку ўзведзена трох’ярусная вежа з павільёнам, на якой у 1850 г. быў надбудаваны чацвёрты ярус. Таксама былі пабудаваны галерэі, якія звязалі флігель і вежу з галоўным корпусам.

Мікалаеўская царква

Асноўны артыкул: Свята-Мікалаеўская царква (Гомель)

Мікалаеўская царква. 2012 г.

Пабудавана пад кіраўніцтвам Д. Кларка ў 1805 годзе[7] на поўдні былой в. Валатава Гомельскага павета на сродкі П. М. Румянцава на месцы старой драўлянай царквы. Размешчана на беразе пратокі Валатава (старое рэчышча р. Сож). У 2-й палове XIX ст. часткова перабудавана. Складаецца з 3-х аб’ёмаў. Да асноўнага квадратнага ў плане аб’ёму з усходу прымыкае 4-гранная апсіда, з захадубабінец з трохяруснай вежай-званіцай. Цяпер знаходзіцца ў межах Цэнтральнага раёна г. Гомеля, на паўночна-усходняй ускраіне горада (вул. Бранская, 1)[8].

Петрапаўлаўскі сабор

Петрапаўлаўскі сабор. Бакавы фасад.

У 1808—1824 гадах пад кіраўніцтвам Д. Кларка ў Гомелі па ініцыятыве і на сродкі П. М. Румянцава быў пабудаваны Свята-Петрапаўлаўскі сабор (цяпер кафедральны). Ён знаходзіцца непадалёку ад палаца. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю, у плане — выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невялікімі рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершана паўсферычным купалам (вышыня каля 25 м) на высокім светлавым барабане. У афармленні фасадаў выкарыстаны асноўныя класіцыстычныя элементы дэкору[9]. Чатыры дарычныя 6-калонныя порцікі па тарцах і рады паўкалон бакавых фасадаў, увянчаныя трыгліфным фрызам, надаюць пабудове манументальнасць.[10] У некаторых рысах храм нагадвае Сабор св. Паўла ў Лондане[11] (выцягнуты крыжова-купальны план, форма купала, высокі барабан і інш.), архітэктурны стыль якога вызначаецца як «барочны класіцызм».

Ланкастэрская школа

Будынак былой Ланкастэрскай школы. 2018 г.

У 1818 годзе пры ўдзеле Д. Кларка архітэктарам І. П. Дзьячковым, які працаваў пад яго кіраўніцтвам[7], быў узведзены будынак Ланкастэрскай школы, першай у Расійскай Імперыі. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак быў галоўным у комплексе пачатковай школы, арганізаванай па ініцыятыве М. П. Румянцава, дзе выкладанне вялося па сістэме ўзаемнага навучання, распрацаванай англійскім педагогам Дж. Ланкастэрам. Сярэдняя частка галоўнага фасада вылучана 8-калонным порцікам іанічнага ордэра, завершаным трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі галоўнага фасада мелі невялікія рызаліты, сцены якіх на 1-м паверсе былі руставаныя. Вокны першага паверху знаходзіліся ў неглыбокіх нішах з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходы з тарцоў будынку падкрэсліваліся чатырохкалоннымі порцікамі тасканскага ордэра, што падтрымлівалі балконы. У сярэдняй частцы будынку знаходзіўся вестыбюль з лесвіцамі на другі паверх. Па баках вестыбюля размяшчаліся вялікія залі для заняткаў, якія мелі пасярэдзіне рад калон. Уваходы з тарцоў будынку мелі сенцы з лесвіцамі на другі паверх. Акрамя галоўнага будынку, у комплекс школы ўваходзілі 4 двухпавярховыя флігелі для пражывання настаўнікаў і вучняў (першы паверх мураваны, другі — драўляны), а таксама драўляныя пабудовы для лазні, свірана і стайні. Зараз у будынку знаходзіцца корпус абутковага вытворчага аб’яднання (вул. Савецкая, 39).

Іншыя творы

Джон Кларк таксама пабудаваў бальніцу (1819, не захавалася) і касцёл (1818, не захаваўся).

Не захаваліся

Значэнне творчасці

М. П. Румянцаў высока цаніў дойліда. Падчас рэканструкцыі гомельскага палаца ён пісаў у маёнтак: «Скажыце Кларку, што я ім бязмерна задаволены, што збіраюся да яго пісаць і даслаць яму самага лепшага агліцкага сукна на фрак»[7].

Галерэя

Гомельскі палац, выгляд з боку плошчы. Мастак М. Залескі, 1840-я гг. У цэнтры — галоўны корпус (архіт. Я. Аляксееў, Д. Катлярэўскі, Д. Кларк), з левага боку — флігель (Д. Кларк, А. Ідзкоўскі), з правага — вежа (А. Ідзкоўскі).

Зноскі

  1. Сустракаецца памылковае імя Джордж.
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — С. 320. ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
  3. Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі = Дворец в Гомеле: Гіст. архіт. нарыс. — Мінск : Полымя, 1991. — С. 37. ISBN 5-345-00448-X. (бел.)  (руск.)
  4. 1 2 Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі = Дворец в Гомеле: Гіст. архіт. нарыс. — Мінск : Полымя, 1991. — С. 38. ISBN 5-345-00448-X. (бел.)  (руск.)
  5. Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі = Дворец в Гомеле: Гіст. архіт. нарыс. — Мінск : Полымя, 1991. — С. 44. ISBN 5-345-00448-X. (бел.)  (руск.)
  6. Дворцово-парковый ансамбль г. Гомель (кадастр) (нявызн.) (недаступная спасылка). Национальное агентство по туризму. Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2014. Праверана 15 сакавіка 2014.
  7. 1 2 3 4 5 Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі = Дворец в Гомеле: Гіст. архіт. нарыс. — Мінск : Полымя, 1991. — С. 40. ISBN 5-345-00448-X. (бел.)  (руск.)
  8. Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 15.
  9. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 347—348. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5), ISBN 985-11-0035-8.
  10. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985. — С. 70.
  11. Маслюков, Т. В. Рукой подать до ценности всемирного значения // Домострой. Рекламно-информационная еженедельная газета. — 2004. — № 39. — С. 8.
  12. Гомельчане воссоздали разрушенный костёл и пожарное депо на площади Ленина (фото) Архівавана 5 красавіка 2017. (руск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Архітэктары класіцызму
Катэгорыя·Архітэктары XIX стагоддзя
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без партрэтаў
Катэгорыя·Архітэктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без месца працы
Катэгорыя·Архітэктары Гомеля
Катэгорыя·Горадабудаўнікі Беларусі
Катэгорыя·Архітэктары Расійскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара