wd wp Пошук:

Бібліятэка Радзівілаў

Экслібрыс Нясвіжскай бібліятэкі, Гірш Ляйбовіч

Бібліятэка Радзівілаў у Нясвіжы — найбуйнейшая прыватная бібліятэка Рэчы Паспалітай.

Гісторыя

Заснаваная ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным, які выкарыстоўваў шырокія культурныя сувязі для атрымання кніг з друкарань Еўропы. У бібліятэку таксама паступалі кнігі з асабістых друкарань, заснаваных ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд бібліятэкі павялічыў яго сын Мікалай Крыштаф Сіротка. У час адукацыі з-за мяжой ён прысылаў у Нясвіж шмат кніг. У бібліятэку Радзівілаў паступіла калекцыя кніг Ганны Радзівіл з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог бібліятэкі складзены ў сярэдзіне 17 ст. Альбрэхтам Радзівілам. У 1670-я гады зроблены 1-ы экслібрыс. У сяр. 18 ст. бібліятэка налічвала каля 9 тысяч тамоў, у 1772 — больш за 20 тысяч тамоў у тым ліку інкунабулы, палеатыпы, антычную і рэнесансавую літаратуру, гістарычныя і юрыдычныя выданні, палемічныя рэфармацыйныя творы, таксама так званы Радзівілаўскі летапіс. Рэестры бібліятэкі сведчаць аб тым, што разам з афіцыйнымі дзяржаўнымі і царкоўнымі матэрыяламі ў ёй захоўваліся і забароненыя выданні — працы Вальтэра, Жана Бадэна, Эразма Ратэрдамскага, антычныя творы з каментарамі або перакладах забароненых каталіцкай царквы аўтараў. У фондах бібліятэкі захоўваліся і прадметы мастацтва, вялікая калекцыя старажытных манет, гетманскія булавы. Кнігі нясвіжскай бібліятэкі былі даступныя для шырокага карыстання. На думку даследчыкаў, «пакінутыя на кнігах шматлікія пазнакі» (маргіналіі, экслібрысы, друку-штэмпелі) падкрэсліваюць цікавасць да бібліятэкі як да дзяржаўнага кнігасховішча. Бібліятэка мела вялікі рукапісны фонд. Афіцыйна называлася Ардынацкай бібліятэкай. Кнігі былі на такіх мовах, як: лацінская, грэчаская, польская, руская, нямецкая, французская. Вядома канфіскацыя 1772 г., калі расійскі генерал А. Бібікаў вывез з Нясвіжа 14 тысяч кніг (не лічачы карт, планаў). Усё гэтае даставілі ў Санкт-Пецярбург, у Акадэмію навук. У 19 ст. уладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую бібліятэку, дзе архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі У. Сыракомля, М. Маліноўскі, Міхал Богуш-Шышка. У 1864 у бібліятэку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна бібліятэку, якая стала галоўнай часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У час 1-й сусветнай вайны бібліятэка разрабавана, рэшткі яе ў 1940 перададзены АН БССР. У Вялікую Айчынную вайну перавезена ў Германію, 19451946 разрозненыя часткі яе вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя. Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь (97 выданняў), Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. За межамі краіны выданні з бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў знаходзяцца ў Хельсінкі, Кіеве, Вільнюсе, Варшаве.

У 2009 годзе бібліятэка ўключана ў спіс аб’ектаў спадчыны праекта Памяць свету для рэгіёна «Еўропа і Паўночная Амерыка».

Каталог «Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі»

Знешні выгляд друкаванага каталога

Дадзены каталог адкрывае серыю каталогаў, якія адлюстроўваюць склад кніжнай калекцыі князёў Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі), і прадстаўляе 27 выданняў ХV-ХVI стст., размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці.

Ідэнтыфікацыя асобнікаў ажыццяўлялася de visu c дапамогай вядомых бібліяграфічных даведнікаў, каталогаў, у асобных выпадках — з прыцягненнем некаторых Інтэрнэт-рэсурсаў. У характарыстыцы асобнікаў прадстаўлена пагінацыя / фаліацыя з указаннем у квадратных дужках ненумераваны старонак або лістоў, прыведзены сігнатуры, адзначана наяўнасць кустоды, калафонаў, калонтытула, выдавецкай маркі, арнаментыкі і іншых элементаў кніжнага афармлення; дадзена падрабязнае апісанне вокладак; прыводзяцца звесткі аб захаванасці кніг.

Уступны артыкул да каталога

Уступны артыкул да каталога на дзвюх мовах: рускай і англійскай. Прысвечана гісторыі фарміравання і развіцця бібліятэк Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі пачынаючы з ХVI ст. і да першай паловы ХХ ст.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Гісторыя Нясвіжа
Катэгорыя·Будынкі і калекцыі роду Радзівілаў
Катэгорыя·Культура Нясвіжа
Катэгорыя·Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс
Катэгорыя·Аб’екты рэестра Памяць свету
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Старажытнабеларуская літаратура
Катэгорыя·Бібліятэкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Бібліятэкі Беларусі