Астрагля́ды[1] (трансліт.: Astrahliady, руск.: Острогляды) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіла ў склад Буркоўскага сельсавета.
Знаходзілася за 11 км на захад ад Брагіна, за 22 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), за 120 км ад Гомеля. Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[2].
На тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (400 сем’яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы.
Побач праходзіць аўтамабільная дарога Камарын — Хойнікі. Паблізу ёсць радовішчы гліны.
Планіроўка складалася з прасталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой на захадзе далучалася кароткая скрыўленая вуліца, блізкая да мерыдыянальнай арыентацыі, а з поўдня да асноўнай далучалася скрыўленая вуліца. На поўдні і захадзе знаходзіліся адасобленыя будынкі. Жылыя хаты — драўляныя сядзібнага тыпу.
Адміністрацыйна Астраглядавічы належалі спачатку да Брагінскай воласці Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Уладальнікамі іх і Хвойнікаў ад пачатку XVI ст. і да 1860-х гадоў (маёнтка — да 1887 году) паслядоўна былі паны Палазовічы, князі Любецкія, паны Харлінскія, Абрамовічы (Абрагамовічы), Бжазоўскія, князі Шуйскія, паны Прозары[5][Заўв 2].
3-га сакавіка 1532 году кароль Жыгімонт Стары сваім лістом загадаў ваяводзе Андрэю Неміровічу маёнткі нябожчыка Сямёна Полазовіча (у іх ліку «Хвойники, Остроглядовичи, Новоселки»), якія той паспеў прыгарнуць да Кіеўскага замку, вярнуць яго зяцю князю Дзмітрыю Раманавічу Відыніцкаму[6] (Любецкаму). Потым Астраглядавіцкі маёнтак князя Дз. Відыніцкага і яго жонкі Фенны Палазовічаўны згаданы ў дакуменце ад 6 кастрычніка 1541 году з запісам аб узаемных саступках грунтоў у ім і ў Брагінскіх добрах князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага[7].
У снежні 1556 году князь Дзмітры Любецкі, не жадаючы прызнаць віну «*людей моих села Остроглядовского о подране бчол и о збите людей монастырских*» (лыскоўскіх сялян кіеўскага Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра), сцвярджаў , нібы «*тое село Остроглядовичи не ест у повете Киевского воеводства, але Троцкого повету, не повинен бых тут с того именя[[8]](/Астрагляды#cite_note-АGAD._APiJ._Sygn._1._S._4-10) отказывати*»[[9]](/Астрагляды#cite_note-11). 5 студзеня 1560 году князь Богуш Любецкі, ад імя свайго і маці-удавы княгіні Дзмітравай Любецкай, падаў судовы пратэст супраць князя Міхаіла Аляксандравіча Вішнявецкага, старосты чаркаскага, за тое, што людзі яго гвалтоўна ўварваліся ў межы астраглядавіцкія, дзеля ўласнай карысці палі разрабілі, пакасілі сенажаці і іншыя крыўды ўчынілі[[8]](/Астрагляды#cite_note-АGAD._APiJ._Sygn._1._S._4-10).Дачка князя Дзмітрыя і Фенны Любецкіх, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, пасля смерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім гербу Бонча ды ў снежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники[Заўв 3], Остроглядовичи, Новоселки…»[10].
Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (у тым ліку Астраглядавічы) было далучана да Кароны Польскай[11].
У 1570 – 1590-я гады добра Астраглядавічы пана Шчаснага Харлінскага шматразова згаданыя ў судовых справах з-за нанесеных ім брагінскімі падданымі князёў Вішнявецкіх маёмасных стратаў, з-за ўчыненага гвалту над людзьмі. 25 сакавіка 1579 года кароль Стэфан Баторы нават даслаў ліст княгіні-удаве Аляксандравай Вішнявецкай, у якім загадаў, каб яе людзі не ўдзіраліся ў дзедзічныя грунты астраглядавіцкія пана Ш. Харлінскага[12]. У датаваным 13 днём сакавіка месяца 1581 года дакуменце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[13]. У 1598 году сойм прызначыў Ш. Харлінскага адным з камісараў у справе размежавання ziemie Kiiowskiey Кароны і Мазырскага павета ВКЛ[14]. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводства, у дакуменце ад 22 чэрвеня 1600 году засведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як размежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісцвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хвойнікаў, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваннем старых памежных знакаў[15].
20 чэрвеня 1600 года падкаморы Ш. Харлінскі выдаў сыну свайму Мікалаю *zapis wieczysty*, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Храпкаў і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор з 5 часткай з сямі пляцаў у Кіеве[[16]](/Астрагляды#cite_note-19). З імёнамі сужэнства Мікалая і Гэлены (Гальшкі) Харлінскіх звязана заснаванне яшчэ да 1622 году касцёла ў Астраглядавічах і стварэнне найбольш ранняй у рэгіёне каталіцкай парафіі. Першым з вядомых настаяцелем быў ксёндз Станіслаў Зданоўскі[[17]](/Астрагляды#cite_note-20). Недзе ў гэты ж час Астрагляды апынуліся ў складзе [Оўруцкага](/Оўруч "Оўруч") павета. У 1623 годзе ўдава Гальшка Мікалаевая Харлінская судзілася з сваякамі Харлінскімі за іх наезд на замак Астраглядаўскі[[Заўв 4]](/Астрагляды#cite_note-21), вёску Астраглядавічы, на мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёску Хойнікі і інш[[18]](/Астрагляды#cite_note-22). 11 лютага 1627 года яна склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі ў пасэсію да яе зяця [Мікалая Абрагамовіча](/Мікалай_Абрамовіч "Мікалай Абрамовіч"), ваяводзіча смаленскага[[19]](/Астрагляды#cite_note-23). У 1628 годзе пан М. Абрагамовіч з пятнаццаці дымоў ў Астраглядавічах плаціў па 3 злотых, з 2-х агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў[[20]](/Астрагляды#cite_note-24). Пры гэтым яму яшчэ доўга давялося ўлагоджваць спадчынныя і проста маёмасныя непаразуменні з іншымі Харлінскімі — панамі Станіславам, Юрыем і Шчасным, а таксама з панам Мадлішэўскім, з якім пані Гальшка ўзяла шлюб. Дзеля ўтрымання ў Астраглядах касцёла і плябана на іх сталы прыбытак Мікалаем і Гальшкай Харлінскімі раней была запісана вёска Багушы. Але спадчыннік маёнтку, зяць іх, пан Мікалай Абрамовіч, кальвініст, відавочна, не ўважаў той запіс абавязковым да выканання. Таму маем справу ад 6 чэрвеня 1635 года ксяндза Заклічынскага, плябана астраглядаўскага, якая разглядалася не адно ў Кіеўскім гродзе, але і ў каронным Люблінскім трыбунале. М. Абрамовіч, як высвятляецца, наслаў на добра Багушы сваіх людзей, каб яны ўчынілі там розныя гвалты і рабункі[[21]](/Астрагляды#cite_note-25). У актавай кнізе Жытомірскага гродзкага суда 1635 года са слоў вознага сказана, што з-за няўплаты [чопавага](/Чопавае "Чопавае") падатку ён «*Перши позовъ по его милостъ пна Абрамовича, воеводича смоленъского, до села Оcтроглядовичъ, маетности его милости, того року и дня деветнастого мца сепътемъбра однеслъ и въ дворе тамошнимъ урядникови в руки одъдалъ*»[[22]](/Астрагляды#cite_note-26). Валодаў маёнткам М. Абрамовіч і ў 1639 годзе, калі заставіў Астраглядавічы гданьскаму мешчаніну Ежаму Гэўлу за 33 600 злотых, і ў канцы 1641 года, калі вяртаў доўг сыну нябожчыка Ісааку Гэўлу. Уражанне такое, нібы генерал артылерыі ВКЛ М. Абрамовіч ці не кожны раз пазычаў грошы дзеля таго, каб аддаваць папярэднія даўгі то дзяржаве, то прыватным асобам, застаўляючы Астрагляды[[23]](/Астрагляды#cite_note-27).24 снежня 1642 года ад імя пана Мікалая Абрамовіча, кашталяна мсціслаўскага, складзены запіс wieczystej przedarzy пагразлых у даўгах добраў Астраглядавічы і Хойнікі праваслаўнаму пану Максіміліяну Бразоўскаму, падстолію кіеўскаму, пра што пан Лукаш Мадлішэўскі выказваў клопат яшчэ ў лісце ад 29 чэрвеня 1641 году[24].
З запісу ў абозным дзённіку польнага гетмана ВКЛ князя Януша Радзівіла ад 26 ліпеня 1649 года вядома, што паказачаны селянін Улас з Астраглядавічаў, спайманы ў сваёй хаце за дзень да таго, прызнаў: далучыўся ён да казакоў, як тыя летась ішлі ў Літву, быў у Бабруйску і Быхаве ў палку Гаркушы; а пра казакоў паведаміў, што трое заходзілі ў іхнае сяло яшчэ «ў мінулую суботу»[25].
26 чэрвеня 1664 года дачка нябожчыка Максіміліяна Бразоўскага, берасцейскага ваяводы, пані Зофія перапісала спадчынныя маёнткі ў Кароне (Астраглядавічы з Хойнікамі таксама) і Берасцейшчыне на свайго мужа-католіка князя Канстанціна Яна Шуйскага[26]. Тады Шуйскія ўпершыню набылі добра ў Кіеўскім ваяводстве ды трымалі іх каля паўтары сотні гадоў. 5 чэрвеня 1682 года ксёндз Дамінік Бэркіновіч, прэзідэнт касцёлу Астраглядавіцкага, закону св. Дамініка, засведчыў, што касцёл прыняў абавязак адпраўляць па тры святыя імшы на тыдзень, за што князь Шуйскі на яго ўтрыманне зноў саступіў вёску Багушы. 14 студзеня наступнага 1683 года харунжы берасцейскі князь Канстанцін Шуйскі ў маёнтку Тэрэбунь склаў айцам-дамініканам астраглядаўскім фундуш, паводле якога абяцаў касцёл у Астраглядавічах wystawić і вёску Багушы з грунтам і ўсялякімі пажыткамі на іх запісаць[27]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 10 дымоў у Астраглядавічах князя Шуйскага выплачвалася 9 злотых. А яшчэ ў вёсцы было 9 дымоў, якія належалі баярам (асабіста вольным слугам)[28]. 2 мая 1697 года ў Оўруцкі гродзкі суд астраглядаўскім земянінам панам Аляксандрам Галаскім ад імя князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, была пададзена скарга, у якой сцвярджалася, што казацкага палку Ярэмы сотнік Лабада, аніяк не паважаючы вайсковыя артыкулы і права паспалітае, наехаў на двор Астраглядаўскі пана Дамініка году 1697 дня 10 лютага месяца, а наехаўшы, валоў, коней, авечак, свіней і дабро ўсякае пазабіраў[29].
У 1740-я гады і надалей Астраглядавіцкі касцёл аб'ядноўваў рыма-каталіцкую парафію ў Оўруцкім дэканаце Кіеўскай дыяцэзіі, да якой належалі жыхары (у асноўным шляхта) з мястэчак Астраглядавічы[[Заўв 6]](/Астрагляды#cite_note-35), Хойнікі, Брагін, вёсак Храпкаў, Руднае, Дворышча, Стралічаў, Вялікі Бор, Рудня Вялікаборская, Паселічы, Багушы, Сялец, Крыўча, Рудакоў, Лісцвін, Мікулічы, Шкураты, Рудня Удалёўская, Буда Удалёўская, Глухавічы, Губарэвічы, Краснаселле, Масаны, Баршчоўка, Аравічы[[30]](/Астрагляды#cite_note-36). На 1777 г. парафія, паводле графа Дз. Талстога, налічвала 252 верных[[31]](/Астрагляды#cite_note-37).У 1753 годзе князем Шуйскім запісаны фундуш Астраглядавіцкай уніяцкай Свята-Троіцкай царкве[32].
На 1754 год у Астраглядавічах было 48 двароў (×6 — каля 288 жыхароў), з якіх «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 7 злотых, 13 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 29 злотых і 24 грошы[33]. Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Астраглядавічах жылі адпаведна 7, 5 і 4 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагалу[34].
13 ліпеня 1791 г. варшаўская «Gazeta narodowa i obca» змясціла паведамленне пра тое, як 12 чэрвеня патрыёты Рэчы Паспалітай, госці Караля і Людзвікі Прозараў з Мазырскага, Оўруцкага і Рэчыцкага паветаў бралі ўдзел у святочнай імшы з нагоды прыняцця Канстытуцыі 3 мая, пакліканай умацаваць і выратаваць гаротную Айчыну. Урачыстасць адбылася ў Астраглядаўскім парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Казань, прымеркаваную да падзеі, прамовіў ксёндз-пробашч Францішак Глінскі. Па яе заканчэнні ўсе прысутныя, пад няспынныя гарматныя салюты, праспявалі гімн Te Deum laudamus (Цябе, Бога, услаўляем) [35].
29 жніўня 1844 года ў двары Астраглядавіцкім спачыў, а 31 жніўня быў пахаваны 70-гадовы мэтр музыкі шляхетны Юзаф Дашчынскі[41]. Згодна з інвентаром таго ж 1844 года, Астрагляды належалі да маёнтку Хойнікі, гаспадаром якога быў малодшы сын Караля Прозара Уладзіслаў. Пасля двара ў Сігневічах, ад сярэдзіны XIX ст. карціна «Сям’я Прозараў», напісаная з ініцыятывы і на замову самога К. Прозара знакамітым мастаком Францішкам Смуглевічам у 1789 годзе, пэўны час знаходзілася ў Астраглядаўскім палацы пана Уладзіслава і яго нашчадкаў[42][Заўв 8][Заўв 9]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 356 жыхароў сяла Астраглядавічы абодвух полаў з’яўляліся прыхаджанамі Свята-Троіцкай царквы, 21 мужчына і 22 жанчыны з сяла, 10 мужчын і 9 жанчын з фальварка былі парафіянамі Астраглядавіцкага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[43].
18 верасня 1860 года Астрагляды наведаў праваслаўны архіепіскап мінскі і бабруйскі Міхаіл Галубовіч, запіс якога засведчыў, што ў палацы тады жыла сям’я рэчыцкага маршалка Мечыслава, сына Уладзіслава, Прозара: «Па абедзе я ад’ехаў у Астраглядавічы [з Хойнікаў]. Заспеў там толькі гаспадыню дома, жонку маршалка пані Прозараву, яе матку Аскеркаву, брата, глухога і барадатага, Эміля Аскерку, і валынскага Прозара. Вельмі гасцінна быў прыманы»[44].
У парэформенны перыяд сяло – у Мікуліцкай воласці. З 1864 года арганізавана народная вучэльня. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Троіцкай царквы названыя настаяцель а. Дамецій Ляляўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Іван Пігулеўскі, просфірня Дар’я Грыгаровіч. Да прыходу, акрамя сяла Астрагляды, належалі вёскі Вязок, Дуброўнае, Плоскае, Шчарбіны, Варацец (прозараўскі), Бакуны, Багушы[45]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 812 верных мужчынскага і 852 жаночага полу[46]. Паводле А. Ельскага, у 1885 годзе Астраглядаўскі маёнтак, калі ім валодаў Канстанцін, сын Мечыслава, Прозар, быў прададзены[47]. Каля 1895 года парафія Астраглядаўскага касцёла, якая абыймала вялікую тэрыторыю, налічвала 3230 верных[48]. Згодна з перапісам 1897 года, у сяле дзейнічалі царква, касцёл, капліца, народная вучэльня, хлебазапасны магазін, вятрак, карчма. Побач быў аднайменны фальварак. На 1904 год сярод зямельных уласьнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы ўладальнік маёнтку Астрагляды спадчынны дваранін Валерыян Рафаілавіч Рыбнікаў[49]. Уладальнікам 1 746 дзесяцін зямлі ў Астраглядах «Список землевладельцев Минской губернии 1911 г.» называе Аляксандра Іванавіча Цямніцкага[50]. У 1912 г. «па найвысачэйшаму дазволу» маёнтак Астрагляды набыў Альгерд Гардзялкоўскі, апошні іх прыватны ўладальнік[51].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
З 8 снежня 1926 года па 1987 год цэнтр Астраглядаўскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.
У 2-й палове 1920-х гадоў арганізаваны саўгас «Астрагляды», дзейнічалі пачатковая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя Варашылава, працавалі 2 гамарні, цыркулярка, вятрак (з 1928 года), сталярная майстэрня (з 1930 года).
Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны ў сярэдзіне ліпеня 1943 года разграмілі гаспадарчую базу акупантаў, якая месцавалася ў вёсцы. Карнікі забілі 23 жыхара. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 389 жыхароў вёскі, у памяць пра якіх у 1967 годзе ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск. У 1962 годзе да вёскі далучана суседняя вёска Двор Астрагляды, мястэчка Папаратнае. Была цэнтрам саўгаса «Астрагляды», месцаваліся сярэдняя школа, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячыя яслі.
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Астрагляды